6 арт-праектаў Надзі Саяпінай

  • 11.09.2020
  • Аўтар: 34mag
  • 5608

Раніцай 7 верасня ў кватэру да мастачкі Надзеі Саяпінай прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. У той жа дзень яна апынулася ў ізалятары на Акрэсціна. 8 верасня суд вырашыў, што «за ўдзел у несанкцыяваных масавых мерапрыемствах» Надзея павінна заставацца ў няволі 15 сутак. Нагода сумная, але чаму б не ўзгадаць цудоўныя арт-праекты, якія Надзея Саяпіна стварыла для Беларусі.

 

«Достояние»

1 ліпеня 2020 года ў галерэі «Арт-Беларусь» адбыўся гэты, прыдуманы Надзяй, перформанс. Больш за 20 мастакоў, куратараў і іншых прадстаўнікоў арт-супольнасці Беларусі ўсталі насупраць пустых рам, дзе раней віселі карціны, якія спачатку вярнуў у краіну «Белгазпрамбанк», а потым КДК у рамках справы гэтага самага банка звёз з галерэі. На спінах удзельнікаў былі замацаваны выявы тых самых карцін. Па словах Надзеі, гэты перформанс «аб тым, што любое мастацтва можа быць адначасова здабыткам, мішэнню, сімвалам, мэсэджам, рэчыўным і нематэрыяльным, прысутным і адсутным».

 

 

 

 

«Па жывому»

2 траўня 2014 года ў Адэсе ў выніку сутыкненняў прыхільнікаў і апанентаў Еўрамайдана і пажару ў Доме прафсаюзаў загінулі 48 чалавек. Нават праз пяць гадоў, у 2019-м, калі Надзея ажыццявіла перформанс «Па жывому», трагічная падзея кардынальна процілегла трактавалася двума бакамі. Твар мастачкі стаў палатном для агрэсіўных, антыгуманных тэгаў, каб нагадаць пра тое, як важна памятаць факты, а не сэнсы, якія наверх гэтых фактаў хтосьці накручвае.

 

 

 

«Музыка пэндзля»

З 2016 года Надзя вяла праект «Музыка пэндзля», сэнс якога ў тым, што музыкі граюць, а мастачка малюе, фіксуе іх музыку ў фарбах. Надзя лічыць гэтую працу асаблівай формай медытацыі, у якой удзельнічае таксама і глядач. Яна агучвала пэндзлем музыку Shaman Jungle, Deftones, The Glitchhh і шмат каго яшчэ.

 

 

 

«Кантэкст»

Праект вырас з «Музыкі пэндзля», калі Надзя пазнаёмілася з Яўгенам Зыковічам (Electric Poets, The Glitchhh, Afrococoa). Тут ужо музыка і жывапіс сталі раўнаважнымі, а арт-дуэт засяроджваўся на тым, каб апісаць гукам і фарбай нейкую прастору: бар, заводскі цэх, музей скульптуры. Летась рабяты зладзілі справаздачу «Кантэксту» ў НЦСМ, і мы пагутарылі з імі пра тое, куды праект будзе рухацца далей.

 

 

 

«Лица шума»

Надзя пагутарыла з людзьмі музыкі пра тое, як яны ўспрымаюць навакольны шум: на канцэртах, вечарынках, інтэрв'ю падчас фестываляў. І намалявала партрэты суразмоўцаў з улікам іх рэфлексіі. У праекце ўзялі ўдзел Shuma, Ілля Чарапко, Пафнуцій Кузюкян, Людміла Пагодзіна ды іншыя. Цікава, што персаналіі «накіроўвалі» мастачку ў тэхніках і колерах. «Калі б не першапачатковы падтэкст, я б наўрад ці прымусіла сябе пісаць такія працы сама», – распавядала Надзя ў інтэрв’ю 34mag.net.

 

 

 

«Надзень свае комплексы»

Зусім свежы праект Надзі Саяпінай і фатографкі Тані Капітонавай прысвечаны супярэчлівым адносінам жанчыны з яе фізічным абліччам. Аўтаркі спыталі 70 жанчын пра тое, чаго яны саромеюцца ў сваім целе і якімі словамі блізкія цэтлікавалі іх знешнасць. З гэтых рэплік каліграфісткі стварылі «бялізну» на голым целе мастачкі. Калі разглядаеш фотапраект, хутка ловіш сябе на думцы: нават калі ты скінула з сябе ўсю адзежу, ты ўсё роўна быццам адзетая ў нешта больш непрабіўное нават за ватоўнік ці бронекамізэльку – ва ўласныя комплексы і пагарду да сябе.

 

 

Набыць Надзін жывапіс можна на сайце Artcenter.by. Таксама прапануем падпісацца на інстаграм мастачкі.

 

Міжнародная мастацкая супольнасць апублікавала адкрыты ліст з патрабаваннем спыніць пераслед работнікаў і работніц культуры за мастацкія выказванні і грамадзянскую пазіцыю.

 

 Падпісаць ліст 

Фота: Таня Капітонава