Гоў сёння ў «ЦЭХ». Там адкрываецца выстава віцебскага мастака Кірыла Дзёмчава «Каранцін». Выкарыстоўваючы мноства тэхнік і матэрыялаў, ён паказвае праект пра памяць і самаадчуванне, праводзіць аналогію чалавечых перажыванняў з вулічнымі аб’ектамі. Напярэдадні адкрыцця 34mag нырнуў у прастору і падчас устаноўкі інсталяцый распытаў мастака і куратарак пра тое, што ёсць каранцін у сучасным мастацтве.
Раім табе прыйсці на выставу ў дзень адкрыцця. Не столькі праз халяўны газаваны напой і канапэ, а больш праз магчымасць асобна сустрэцца з Кірылам, чалавекам, які ў дваццаць чатыры гады адкрывае чацвёртую ці пятую асабістую выставу. Тым больш, дзе ты яшчэ паглядзіш на чувака, якія малюе як рукамі, так і нагамі, і задасі набалелыя пытанні пра сучаснае беларускае мастацтва?
На «Каранціне» будуць прадстаўлены карціны, інсталяцыя з крэслаў, дзённікі Кірыла, графічныя аб’екты і відэазапісы працэсу стварэння работ. Праект не мае прамога сацыяльнага падтэксту: «Каранцін» – гэта пра памяць і суб’ектыўнае «я», самаадчуванне.
Інспірацыяй для выставы паслужылі фасады дамоў, пакрытыя тынкоўкай і фарбамі, якія з часам відазмяняюцца. Мастак кажа, што яны так перамяшаныя, што мы не заўсёды можам іх адрозніць і знайсці ўзаемасувязь. Тое ж самае і з людзьмі: чалавек – гэта не вынік, а працэс. Мы не бываем застылай кропкай. Мы шматслаёвыя, як тыя самыя фасады дамоў. Нашыя ўспаміны, уражанні, падзеі, сустрэчы ўвесь час перакрываюць адно аднаго, змешваюцца. Яны і ёсць фарбы, і карціны Кірыла якраз пра гэта.
Дзёмчаў пастаянна эксперыментуе з матэрыяламі – у некаторых працах выкарыстоўвае нават соевы соус і сланечнікавы алей.
Канкрэтна ў «Каранціне» ён звяртаўся да хуткасохлых матэрыялаў, таму што для яго вельмі важна не выключацца з працы. Як толькі адцягнуўся – стан згублены.
Карціны створаны з дапамогай гіпсу – ён высыхае літаральна за пяць хвілін, і гэта дае мастаку магчымасць не адцягвацца. У выніку атрымаліся працы, якія пастаянна трансфармуюцца і жывуць самі па сабе, як партрэт Дарыяна Грэя.
Кірыл Дзёмчаў:
У нейкі момант я зразумеў, што не атрымліваю аддачы ад простага алею і акрылу. І прыйшоў да таго, што хачу ажывіць карціны і назіраць за працэсам іх зменаў. У карцінах «Каранціну» ёсць мноства слаёў, якія пастаянна абсыпаюцца, – зірнуўшы на іх праз тыдзень, ты ўбачыш нешта новае. Рана ці позна настане момант, калі яны абрынуцца цалкам. Першыя пласты больш каляровыя, чым тыя, што на паверхні. Атрымліваецца, што ў канцы, калі большасць слаёў спадзе, іх чакае happy end. Мае працы могуць здацца змрочнымі, але насамрэч я вельмі люблю жыццё.
Антаніна Серакова (куратарка выставы):
Цікавая сама тэхніка, у якой працуе Кірыл. Напісанне карціны падобна да вырабу скульптуры. Ён працуе не з прасторай, а з аб’ёмам, наносячы пласт за пластом і затым назіраючы за самаразбурэннем сваіх твораў, якія сыходзяць у нябыт. Трэба выдаткаваць некалькі гадзін, каб заўважыць, як мяняюцца працы, – гэта нагадвае медытацыю, псіхатэрапеўтычную практыку. У такой далікатнасці ёсць нешта вельмі чалавечае і зразумелае кожнай жывой істоце, таму што мы ўсе канчатковыя. У «Каранціне» ёсць і іншы полюс – працэс стварэння. Ён даволі агрэсіўны і нагадвае абсалютна свабодны танец цела. Кірыл працуе дынамічна, актыўна, хутка. Гэтая супярэчнасць будзе паказана на выставе – акрамя карцін і інсталяцый будуць прадстаўлены відэа аб працэсе стварэння работ, каб глядач адчуў нейкае напружанне.
Ганна Карпенка (куратарка выставы):
Выпадкова ў студзені мы прыехалі ў Віцебск, зайшлі ў майстэрню да Кірыла, убачылі яго за працай і, не змаўляючыся, вырашылі прывезці яго з выставай у Менск. Улічваючы малады ўзрост мастака і глыбіню ягоных выказванняў, нам захацелася паказаць праект «Каранцін». Суб’екта фармуе не толькі ягоная мыслечная актыўнасць, але ў тым ліку і прастора, у якой ён жыве. Шмат хто з нас акружаны каменным гета новабудоўляў, з якога бывае складана выбрацца ў культурныя кластары, – гэта таксама свайго роду каранцін. Але мы хацелі паказаць, што ізаляцыя можа быць прадуктыўнай: калі мастак аддаляецца і сыходзяць усе шумы, усё знешняе становіцца ўнутраным. Гэта карысна для любога чалавека, які шукае сябе.
Кірыл не рабіў эскізаў для «Каранціну» – усё атрымлівалася стыхійна, даволі хутка і хаатычна. Гэта інтуітыўная праца, дзе вынік не так важны, як працэс. Часта бывае, што спачатку Дзёмчаў стварае карціну, а толькі потым разумее яе сэнс. Яму сумна рабіць тое, што ён ужо змог усвядоміць.
«Каранцін» падобны да плямаў Роршаха – гэта эмоцыі, якія не заўсёды могуць знайсці выйсце. Мастацтва таксама можа працаваць па такой методыцы: зыходзячы са свайго асабістага досведу, творца робіць нешта, што сугучна і іншым людзям. Мы бачым штосьці, чаму не можам адразу даць дакладнае вызначэнне, але наш індывідуальны досвед падказвае варыянты.
Карціны
Створаны з хуткасохлых матэрыялаў. Работы пастаянна відазмяняюцца. Прыходзь на пачатку і напрыканцы выставы, каб пабачыць, як яны трансфармуюцца.
Звязак крэслаў
Крэслы з інсталяцыі знойдзены на памыйніцах. Тут вельмі шмат вяровак – Кірыл любіць іх за нейкую моц. Кожны можа ўбачыць нешта сваё, мастак не хоча нікога звязваць сваім бачаннем.
Аўтапартрэт
Дзёмчаў маляваў аўтапартрэт, гледзячы ў люстэрка і адчуваючы стан трывогі – адзін з ягоных любімых. Стараўся выказаць не падабенства, а пачуванні.
Бокс
Для каранціну прынцыпова важная фізічная дыстанцыя, таму на выставе прадстаўлена інсталяцыя, якая паўтарае мінімальныя памеры інфекцыйнага бокса для аднаго чалавека: 2 на 2 метры.
Чаравікі
Так звычайна выглядаюць чаравікі Кірыла пасля працы, таму што мастак стварае работы рукамі, нагамі, рухамі цела.
Дзённікі
Асабісты пласт экспазіцыі – дзённікі Кірыла. Іх нельга гартаць – яны будуць адкрытыя на адным развароце і будуць ураўнаважваць назіранне за актыўным стварэннем карцін пасіўным медытатыўным глядзеннем.
Фота – Таня Капітонава
Заходні свет фатаграфіі ўжо колькі гадоў калоціць ад «архіўнай ліхаманкі». Навошта варушыць старыя здымкі – чытай у нашым даследаванні трэнду.
Творчасць, вечарыны, праблемы з паліцыяй і дух свабоды – у новым выпуску рубрыкі «Візуал».
Сем маладых беларускіх фатографаў, якія бамбяць свае кадры на мабілку і робяць з гэтага мастацтва.
Заліпаем на здымкі з дронаў і даведваемся, чым дыхае свет квадракоптаршчыкаў.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (1)
Быу на выставе у Арт-прасторы на Талстога у Вицебску. Змрочна, але крута! Black-metal у выяуленчым мастацтве!