«Інтэракцыя» – адна з буйнейшых некамерцыйных арганізацый Беларусі, чые праекты карыстаюцца моцнай фінансавай падтрымкай ЕС. Легенды пра праектны менеджмент і тое, як «піляць» грошы Еўрасаюза, – любімыя працоўныя байкі каманды фонду. Мы сустрэліся з яго праектнымі менеджарамі Антонам Раднянковым, Ірынай Івановай і Святланай Паддубнай і даведаліся, як атрымаць мільёны еўра на сваю ініцыятыву, чаму «Інтэракцыя» падтрымала «неэкалагічны» праект Е-40 і што прыводзіць да менеджарскага аргазму.




Легенды «Інтэракцыі»
– Да 2011 года «Інтэракцыі» як такой не было, быў «Германа-беларускі дом». Чаму менавіта тады ўсё рэзка змянілася, а фонд стаў тым, чым ён ёсць цяпер?
Антон: Кожная арганізацыя залежыць ад людзей, таму я б звязаў гэты пераварот з амаль поўнай зменай каманды. Каб не схлусіць, скажу, што ў той момант, калі я далучыўся да дзейнасці фонду, тут было тры чалавекі, улічваючы бухгалтара і дырэктара. А цяпер нас ужо дзясяцера. Тады ж з’явіліся і назва, і форма – фонд «Інтэракцыя». У той час неяк адначасова падтрымалі даволі шмат нашых праектаў, што таксама змусіла да такіх кардынальных перамен.
Ірына: Літаральна ад былой каманды застаўся толькі наш сённяшні дырэктар Іван Шчадранок і яго намесніца Марына Барысава. Яны мелі больш-менш супольны погляд на далейшае развіццё, так і панеслася.
– Вакол фондаў заўсёды хадзіла шмат легендаў, маўляў, зручная форма для любога кшталту схемаў. Што скажаце на гэты конт?
Ірына: Фонд, у прыватнасці «Інтэракцыя», – гэта перш за ўсё некамерцыйная арганізацыя. З аднаго боку, мы нешта накшталт грамадскага аб’яднання, аднак пры гэтым можам атрымліваць грошы звонку на нашу статутную дзейнасць (сюды ўваходзяць і заробкі, і грошы на арэнду памяшкання, і канцылярскія дробязі). То-бок мы ўсё ж такі маем больш прасторы для манеўру.
– Як бы вы сфармулявалі некалькі асноўных напрамкаў, якія цікавыя «Інтэракцыі»?
Антон: Я б сказаў, што наша асноўная цікавасць – гэта рэгіёны і іх развіццё. Мы іх вельмі любім.
Ірына: Я б сфармулявала па-іншаму. Мы бяром усе існуючыя цікавыя методыкі працы (з той жа Заходняй Еўропы) і спрабуем прымусіць іх працаваць тут, у Беларусі. І такія адаптаваныя методыкі мы спрабуем прыладзіць да рашэння мясцовых праблем: напрыклад, інклюзіўнага турызму ў Валожыне ці назірання за станам рэк у басейне Дзісны.
«Ад моманту з’яўлення ідэі да адабрэння заяўкі і пачатку праекта праходзіць самае меншае два гады»
Антон: Складанасць такой працы: часам методыкі не так проста ўкараніць, каб яны па-сапраўднаму запрацавалі. Неабходна даводзіць пра ўсе пазітыўныя бакі і мясцовым уладам, і гараджанам, якія часцяком ставяцца з недаверам да такіх ініцыятыў, спроба знайсці агульны кансэнсус і рэалізаваць праект менавіта супольна – адна з найвялікшых складанасцей.


Як працаваць з праектамі
– Амаль усе праекты «Інтэракцыі» патрабуюць ад менеджара праекта добрай падрыхтоўкі. Трэба мець веды і ў экалагічнай, і ў тэхнічнай сферы. Як вы спраўляецеся з гэтым?
Антон: Казаць у нашым выпадку пра адпаведную кваліфікацыю ці падрыхтоўку не выпадае. Я, напрыклад, займаўся праектам пра гарадскую мабільнасць. Якая тут можа быць адукацыя? Аўтатрактарны факультэт БНТУ? Тут, на мой погляд, найбольш значнае – адкрытасць чалавека да новых ведаў у прынцыпе, яго здольнасць вучыцца і спасцігаць новае. Любую тэматыку можна добра падвучыць у інтэрнэце, пагадзіцеся.
– За апошнія некалькі гадоў «Інтэракцыя» курыравала добрую долю праектаў, якія фінансава падтрымліваюцца ЕС. Якім чынам так атрымалася? Апішыце «для імбрыкаў», як завалодаць такім праектам.
Антон: Абсалютна ўсе праекты, якія вяла «Інтэракцыя», мы атрымалі шляхам падачы заявак на адкрытыя конкурсы. Іх аб’яўляе ці Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі, ці якія-небудзь іншыя арганізацыі.
Святлана: Такія конкурсы праводзяцца перыядычна, на сайтах вывешваюць усе патрабаванні адносна мэтаў, задач праекта, а таксама патрабаванняў да асобы, якае будзе яго выконваць. Так і з нашымі праектамі: усё, што мы рабілі, – гэта том папер на кожны конкурс, які мы распрацоўваем самі ад пачатку і да канца. Анкета ўключае шмат складнікаў: мэты, задачы, усе мерапрыемствы праекта, паказнікі і індыкатары, якіх плануеш дасягнуць, карацей, звычайна выходзіць старонак 60-80 пісаніны.
«Першы этап Е-40 – гэта толькі спроба падумаць на гэты конт»
Але гэта не працуе кшталту: «Мы ўбачылі конкурс – оў, крута, падаёмся!» У нас ёсць досвед назірання і разумення, чаго менавіта не хапае рэгіёнам, якія праблемы ў іх існуюць. І калі мы бачым, што нейкі конкурс нам падыходзіць для вырашэння гэтых праблем, дык толькі тады будзем нешта пісаць і спрабаваць.
Ірына: Пры такім фармаце працы ад моманту з’яўлення ідэі да адабрэння заяўкі і пачатку праекта праходзіць самае меншае два гады.



– Што адбываецца пасля таго, як вашу заяўку на пэўны праект адбіраюць?
Антон: Усе нашы праекты мы звычайна рэалізоўваем пры дапамозе мясцовых органаў улады, і, як я казаў, супраца з імі – часцей за ўсё, самы складаны пункт. І справа нават не ў нейкіх бюракратычных пытаннях, а хутчэй у тым, што хочацца хоць крыху змяніць іх светапогляд і каштоўнасныя арыенціры. З насельніцтвам узнікаюць падобныя праблемы, калі існуе вялікі недавер, і толькі праз супольныя актыўнасці і мерапрыемствы, праз агульны пазітыўны вопыт атрымліваецца яго разбурыць. Еўрапейскі саюз тут выступае як назіральнік збоку, так скажам. З ім мы камунікуем на ўзроўні абавязковых справаздач.
– Вы згадалі пра тое, што прававая форма «Інтэракцыі» дазваляе вам атрымліваць грошы на ўнутрыстатутную дзейнасць. Адсюль фармуюцца вашы заробкі?
Антон: Так, у кожны праект мы закладваем у тым ліку заробкі супрацоўнікаў, утрыманне офіса ды іншае. Умоўную суму мы фармуем самастойна ў сваёй заяўцы, але тут таксама трэба разумець: мы не можам напісаць сабе заробак у 10 тысяч еўра.
Ірына: Кожная сума павінна быць абгрунтаванай, суадносіцца з сярэднім заробкам у краіне і ў галіне нашай дзейнасці.
Антон: З той жа мэтай дадатковага кантролю пасля здачы кожнага праекта мы праходзім абавязковы знешні аўдыт, які пацвярджае, што мы выдаткоўвалі грошы адпаведна плану, які рабілі загадзя. Таксама мы падсправаздачныя Прадстаўніцтву ЕС і Міністэрству эканомікі. Усе паперы робяцца як па беларускіх, так і па еўрапейскіх стандартах, каб быць цалкам легальнымі і адпавядаць законам аб атрыманні замежнай тэхнічнай дапамогі. Таму, паверце, «шэрых» схем мы не маем.


Праект Е-40
– Окей, тут зразумела, адыдзем ад бюракратыі. Апошні праект «Інтэракцыі», які ва ўсіх на слыху, – гэта праект Е-40, пра які мы ўжо падрабязна распавядалі. Усё ж такі назваць яго «экалагічным» язык не паварочваецца, дык чаму ж звычайна эка-фрэндлі «Інтэракцыя» займаецца ім?
Ірына: Гэта сапраўды даволі спецыфічны і шматвектарны праект. І мы вельмі радыя як мінімум той шырокай увазе, якую надаюць яму СМІ і актывісты. Задума праекта грандыёзная – умоўнае аднаўленне шляху «з варагаў у грэкі», таму тут сапраўды патрэбны як мага больш шырокі ўдзел грамадскасці.
Антон: «Інтэракцыя» ў Е-40 – партнёр-каардынатар, мы дапамагалі Дняпроўска-Бугскаму воднаму шляху ажыццяўляць менеджмент і камунікацыю паміж рознымі бакамі, а таксама ўдзельнічаем у дзейнасці Трансгранічнай камісіі па пытаннях аднаўлення воднага спалучэння Е-40. Туды ўключана шмат арганізацый з усіх зацікаўленых бакоў – Украіна, Польшча, Беларусь. Мы заўсёды за тое, каб да праекта і дзейнасці Камісіі далучалася як мага больш СМІ, эколагаў, актывістаў, арганізацый, каб зрабіць прыняцце гэтага рашэння больш маштабным і грамадскім.
Ірына: Этап праекта, які зараз скончыўся, – гэта пакуль што толькі распрацоўка тэхніка-тэхналагічнага абгрунтавання. Напрыканцы гэтага этапу мы ладзілі вялікі форум для экалагічнай супольнасці, куды запрашалі ўсіх зацікаўленых, каб пазнаёміць з рэзультатамі і наступствамі, а таксама выпрацаваць агульнае стаўленне да праекта аднаўлення воднага шляху. Як вынік – ва ўсіх дакументах і планах дзейнасці камісіі ёсць планы аб правядзенні паўнавартаснай ацэнкі ўздзеяння Е-40 на навакольнае асяроддзе з улікам міжнародных правілаў. «Інтэракцыя», як сябра камісіі, сочыць за тым, каб гэтыя патрабаванні выконваліся.
Антон: Е-40 – гэта сапраўды грандыёзны праект, каласальная праца на некалькі дзясяткаў гадоў. Праблемы існуюць ува ўсіх трох краінах-удзельніцах. Падкрэслю, што першы этап – гэта толькі спроба падумаць на гэты конт. Не будзе так, што ўжо заўтра Прыпяць пачнуць руйнаваць. Такога, натуральна, не адбудзецца. Усе тры бакі павінны рашыць, што ім гэта дакладна трэба і што гэта будзе выгадна. Мы вельмі радыя, што СМІ і эколагі даносяць да людзей інфармацыю пра праект, а таксама сочаць за тым, каб прыродзе нічога не пагражала, мэта ж «Інтэракцыі» – зрабіць працэс прыняцця гэтага рашэння найбольш публічным і адкрытым, спрыяць таму, каб да галасоў эколагаў прыслухоўваліся.



Унутраныя рухавікі
– Праца ў фондзе – вялікая частка вашага жыцця. Што самае дарагое і прыемнае для вас тут?
Антон: Мне ўсё падабаецца, люблю сваю працу.
Ірына: Я таксама. У першыя гады працы на ўсіх сяброўскіх вечарынах я казала, што я самая крутая, бо ў мяне праца мары. Больш за ўсё я люблю тут працэс непарыўнай самаадукацыі. Гэта клёвае пачуццё.
Яшчэ ў мяне ёсць рэцэпт менеджарскага аргазму: у любым райвыканкаме трэба знайсці чалавека, які нічога не ведае пра твой праект, але вельмі хоча дапамагаць і супрацоўнічаць. Тады ўсё будзе!
«У любым райвыканкаме трэба знайсці чалавека, які нічога не ведае пра твой праект, але вельмі хоча дапамагаць і супрацоўнічаць. Тады ўсё будзе!»
– «Інтэракцыя» штогод публікуе справаздачы пра сваю дзейнасць, але якое ваша самае памятнае дасягненне, дзякуючы якому вы б сказалі, што зрабілі жыццё беларусаў крыху лепей?
Ірына: Мой першы праект быў пра маніторынг малых рэк, падчас якога мы стварылі ў вёсцы Германавічы, у школцы, пункт назірання за рэкамі. І людзі там так натхніліся, што самі пачалі ўдзельнічаць у пошуку грантаў і фінансавання і працягваюць развіваць гэтую ініцыятыву. Вось гэтым я ганаруся.
Антон: Мая асабістая матывацыя – гэта спроба хоць крышку зрабіць жыццё ў гэтай краіне лепей. Асаблівы стымул – калі ты яшчэ і кагосьці вось так натхняеш. Часта мы нават не маглі думаць пра тое, што ў рэгіёнах столькі таленавітых і неабыякавых людзей, а там сапраўдныя зоры. І адчуванне, што ты крышку дапамог гэтым людзям, што зараз яны пойдуць далей самі і зробяць шмат крутога, – гэта самае важнае.
Дайв-рэпорт з птушынага раю, праз які плануюць пусціць шматтонныя баржы.
Дзе браць фільмы і грошы на фестываль кіно?
Агляд цікавостак, якія ўплываюць на наша жыццё.
Агляд цікавостак, якія ўплываюць на наша жыццё.
Заснавальнік Accidental Point прэзентуе альбом «Krope».
Калі гастраномія выходзіць за межы кухні.
КАМЕНТАРЫ (2)
А інтэрв'ю брала ж Віка Фаміна, мяркуючы па першай фотцы? ;)
псевдоним поиск гугл