Дызайнерка Вольга Кардаш – пра «завадскі» праект і ад'езд з Беларусі
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 23.10.2020
- 6149
Жыццё ў нашай краіне за апошнія месяцы перакулілася з ног на галаву: таленавітыя людзі, замест таго каб уносіць свой уклад у развіццё беларускага грамадства, амаль кожны дзень апынаюцца за кратамі або вымушана пакідаюць краіну. У такой сітуацыі аказалася і дызайнерка адзення Вольга Кардаш: праз актыўную грамадзянскую пазіцыю ёй прыйшлося з'ехаць з Беларусі. Як гэта, калі ўчора ты лепшая з лепшых, хэдлайнерка тыдня моды і адна з самых запатрабаваных дызайнерак адзення ў краіне, а сёння пад цябе «капаюць»? Каб даведацца пра гэтую гісторыю з першых вуснаў, звязаліся з Воляй, якая цяпер знаходзіцца ў Варшаве.
Кропка незвароту
– Воля, прывет! Распавядзі, як ты?
– Быць цяпер у Беларусі і быць не ў Беларусі – гэта вельмі розныя рэчы. Толькі прыкладна праз тыдзень пасля ад'езду я зразумела, што ў бяспецы. Што ніхто не прыйдзе і не схопіць мяне. Параноя з нагоды паліцыі вакол працягвалася яшчэ нейкі час пасля пераезду. Але паліцыі тут мала, і ёй наогул на цябе пляваць. Толькі калі ты не станеш сапраўдным злачынцам.
– Давай тады вернемся ў самы пачатак тваёй гісторыі. Ты – запатрабаваная і папулярная беларуская дызайнерка адзення і заўсёды проста займалася любімай справай. У які момант з’явілася такая кропка незвароту, калі ты ўвайшла ў палітычны актывізм?
– Гэта здарылася дакладна ў адзін момант. У 2010-м я была студэнткай і выходзіла на Плошчу, але мне было страшна. Я крыху прайшлася і сышла. І наогул пасля выбараў у 2010-м я зразумела для сябе, што ў нашай краіне змагацца за нешта бясплённа, бо цябе проста паб’юць і пасадзяць. У 2015 годзе я ўжо свядома пазбягала тэмы выбараў. І нават спецыяльна з’ехала тады з Беларусі на адпачынак.
Сёлета я, калі шчыра, планавала зрабіць тое ж самае – ігнараваць усё гэта, як ігнаравала раней. Хоць я разумела, што адбываецца, бачыла, што ёсць класныя кандыдаты. Мы нават з мужам абмяркоўвалі выбары з надзеяй, што проста ўсё само сабой атрымаецца. Аказалася, што я ведаю многіх сябраў штабоў і палітычных актывістаў. Да прыкладу, я знаёмая з Эдуардам Бабрыкам. Мы некалькі гадоў былі суседзямі ў «Корпусе» і даволі шчыльна камунікавалі. Я ад Эдзіка была ў захапленні, бо мала ведала людзей настолькі разумных і начытаных. У яго заўсёды была нейкая вялікая бізнэс-мэта плюс заўсёды былі мэты займацца яшчэ і дабрачыннасцю.
«Мы зразумелі, што людзі, якія стаяць на вуліцы, – гэта ланцуг салідарнасці. Менавіта ў той момант мой свет перакуліўся»
Потым праз нейкі час я захапілася бегам. І так пазнаёмілася з Максам Знакам. Макс трыятлет, ён вельмі даўно займаецца спортам. Бегавая тусоўка ў Менску вельмі шчыльная, і калі ты займаешся бегам, знаходзішся ў нейкім клубе і ездзіш па міжнародных стартах, то рана ці позна пазнаёмішся з Максам.
Увогуле, калі я ўбачыла ў перадвыбарнай кампаніі імя Віктара Бабарыка, я падумала, што ўсё гэта вельмі цікава, бо нават я некаторых людзей з яго штаба ведаю. А значыць, гэта ўсё не фэйк. Але ніякай актыўнасці я сама на той момант не планавала.
Потым сталася так, што будучы муж вясной зрабіў мне прапанову, але мы не прызначылі дату вяселля. Плюс у яго ўжо даўно быў план пераехаць. Але я сама разумела, што да пераезду ніколі не буду гатовая. І якраз у гэты час у краіне пачала адбывацца «жэсць», так што мы падумалі, што трэба ўсё ж такі рыхтавацца да пераезду, пакуль не пачаліся выбары. І вырашылі пайсці распісацца. Я памятаю гэты момант: мы выходзім з ЗАГСа, ідзём па Менску – і не разумеем, што адбываецца. І мая сястра, якая была з намі, кажа: «Пасадзілі Віктара і Эдуарда Бабарыкаў». Мы афігелі. І зразумелі, што людзі, якія стаяць на вуліцы, – гэта ланцуг салідарнасці. Вось менавіта ў той момант мой свет перакуліўся. Я зразумела, што хачу змагацца за справядлівасць, за сумленнасць, за свабоду. І мы адразу ж пасля ЗАГСа таксама сталі ў ланцуг салідарнасці. Пасля гэтага я не прапусціла ўжо ніводнага пратэсту. Як і мой муж. Вось так усё адбылося.
12 жніўня, пасля таго як мы схадзілі з мужам на ўсе гэтыя баявыя ночы, ён з'ехаў у Варшаву. У яго была карта паляка, і ён вырашыў, што трэба тэрмінова ехаць і рыхтаваць усё для майго ад'езду таксама. А я засталася ў Менску і спрабавала рабіць усё, што магу. Тады мне і прыйшла ў галаву думка зрабіць дабрачынную акцыю з футболкамі з лагатыпамі заводаў. Спачатку я зрабіла адну футболку для сябе – «МАЗ» – і пайшла ў ёй на нядзельны марш. Там я атрымала тысячу кампліментаў. А калі прыйшла ў гэтай футболцы на Камароўку, усе ў мяне пыталіся, маўляў, як там справы на заводзе? І я казала: «Ну, бастуем!»
«Мы спынілі праект вельмі хутка, па першым патрабаванні заводаў, як і належыць па законе»
«Мяне апавясцілі, што пад мяне капаюць»
– Раскажы падрабязней пра дабрачынны праект з футболкамі з лога заводаў. Як доўга ты змагла выпускаць гэтыя майкі – і чаму ўсё згарнулася?
– Усё атрымалася горш, чым я думала. Я першапачаткова разумела ўсю адказнасць: па законе, каб выпускаць гэтыя футболкі, я павінна была спачатку запытаць дазвол на выкарыстанне лагатыпа, і толькі пасля гэтага выкарыстоўваць яго. Але я пракансультавалася з адвакатам, і мы высветлілі, што раз гэта не камерцыйны, а дабрачынны праект, то вялікіх праблем паўстаць не павінна – максімум адміністрацыйнае спагнанне. І тое трэба будзе даказаць, што я ў мяне быў камерцыйны інтарэс. Гэта значыць, я першапачаткова разумела, што я рызыкую і што, магчыма, мне дадуць штраф. Але ўсё роўна вырашыла рабіць.
Мы зрабілі серыю: сем маек з лога розных заводаў. Выбраць заводы насамрэч было вельмі складана. Многія, напрыклад, былі незадаволеныя, што ў серыі няма «Гродна Азоту». Але тут такі момант, што ў некаторых заводаў лагатыпы, скажам так, у не вельмі добрым стане. Іх трэба было дапрацоўваць. Таму мы і самі крыху мянялі нешта ў лагатыпах. Гэта было незаўважна, але выглядала лепш. А «Гродна Азот» прыйшлося вельмі моцна перамалёўваць, і часу проста не хапала. Я не паспявала.
Дык вось, мы выпусцілі зусім няшмат футболак. І ў нас іх пачалі з ходу вельмі актыўна заказваць, а на наступны дзень наш сайт лёг. Прыйшлося запісваць перадзамовы проста на аловак. Але за тры дні працы мы сабралі такую колькасць перадзамоў, што нават іх было ўжо цяжка зрабіць фізічна.
А потым мне патэлефанавала дзяўчына, супрацоўніца TUT.by (там выходзіла навіна аб тым, што мы запусцілі гэтыя майкі з лагатыпамі), і сказала, што з імі звязаліся прадстаўнікі аднаго з заводаў і паведамілі, што збіраюцца падаваць на мяне ў суд, калі я не спыню выпуск футболак з іх лога. Я звязалася з адвакатам, які сказаў, што можна дачакацца афіцыйнай прэтэнзіі завода. Але я вырашыла не чакаць – і завяршыла праект. Далей я атрымала лісты ад усіх заводаў з патрабаваннем перастаць выкарыстоўваць іх лагатыпы ў камерцыйных мэтах. Я напісала ўсім зваротныя лісты, дзе патлумачыла, што праект у нас быў дабрачынны. Я выбачылася і паведаміла, што мы больш не прымаем заказы на футболкі. Гэта значыць, мы спынілі праект вельмі хутка, па першым патрабаванні заводаў, як і прызначана па законе.
Я думала, што ўсё, пытанняў да мяне больш не будзе. І вось літаральна на тым жа тыдні я спакойна сядзела, папівала каву – і раптам атрымала дзіўнае паведамленне ад чалавека, якога я наогул не ведаю.
– Гэта быў нехта з органаў?
– Так. Мне напісалі ў дырэкт на асабістай старонцы ў Instagram. Гэта была дзяўчына, яна не прадставілася і не казала, з якога канкрэтна яна аддзела. Проста сказала, што пад мяне рыхтуецца справа, і папрасіла напісаць ліст на імя гендырэктара МЗКЦ, таму што гэта быў адзіны завод, які не выставіў да мяне прэтэнзій. То-бок гэтая супрацоўніца органаў апавясціла мяне, што пад мяне капаюць. Яна сказала, што са свайго боку зробіць усё, што можа, каб дапамагчы мне. Я падумала: «Блін, я нават яшчэ нічога толкам не паспела зрабіць, а ўжо капаюць». Гэта было дзіўна, але я ўсё зрабіла, як мне рэкамендавала гэтая дзяўчына.
Раніцай я атрымала званок ад іншага чалавека, і мэсэдж быў у тым, што ёсць падстава меркаваць, быццам хутка я атрымаю крымінальны артыкул. Гэта была мая сяброўка, а інфармацыю ёй перадалі іншыя людзі – вельмі складаны ланцужок. Я падумала: «Што за глупства? Такога быць не можа». Дакладнай інфармацыі аб тым, за што артыкул, не было. Зноў жа, толькі падставы меркаваць, што за гісторыю з заводамі. Але я гэта сур'ёзна не ўспрыняла і падумала, што максімум, што мне свеціць – штраф або арышт на пару дзён. Увогуле я гэтую інфармацыю праігнаравала. І паехала на працу.
Але сяброўка, якая мне тэлефанавала, зразумела, што я несур'ёзна паставілася да яе перасцярогі, і прыехала да мяне на працу. І зноў расказала мне пра ўсю гэтую інфармацыю: ёй перадалі, што пад мяне капаюць. Вось тады мяне трохі затрэсла. Зразумела, што інфармацыя неправераная. Я спрабавала папрасіць дастаць хоць нейкую больш дакладную інфармацыю: сфатаграфаваць, магчыма, нейкае распараджэнне наконт мяне ці яшчэ штось. Але гэта было маламагчыма.
Тады я вырашыла не чакаць – і напісала Валерыю Цапкалу.
«Валерый Цапкала напісаў мне прамым тэкстам: проста едзьце на мяжу, растлумачце сітуацыю – вас прапусцяць»
– Вы былі з ім знаёмыя?
– Не, я проста ўзяла і напісала яму ў Instagram. Маўляў, добры дзень, я хачу ў вас спытаць, што мне рабіць з такой вось інфармацыяй. І пакуль я чакала адказ, мы з мужам думалі, куды б мне наогул можна было з'ехаць да высвятлення абставін. Я ўжо збіралася вылецець хоць бы ў Чарнагорыю – купальнік паклала ў чамадан. І тут бац – праз пару гадзін мне прыходзіць адказ ад Валерыя Цапкалы. Ён напісаў: «Не чакайце, калі ёсць магчымасць з'ехаць – едзьце». Ён распісаў варыянты, куды я магу з'ехаць. І напісаў прамым тэкстам: проста едзьце на мяжу, растлумачце сітуацыю – вас прапусцяць.
Прыкладна так я і зрабіла. Я ўпершыню ў жыцці села за руль і паехала не па справах у Менску, а выехала на трасу, каб гнаць на мяжу з Польшчай.
– Гэта значыць, ад званка сяброўкі да твайго ад'езду не мінула і дня?
– Сяброўка патэлефанавала раніцай, Цапкала адказаў ноччу – і на наступную раніцу я ўжо паехала. Я ехала проста на свой страх і рызыку.
Беларускую мяжу прайшла хутка, там як быццам былі шчаслівыя, што я з'язджаю. Наогул нікога не было. І пагранічнікі ўсё нейкія зусім юныя. Нават машыну маю не глядзелі, як яны звычайна глядзяць. Проста выправадзілі і ўсё.
Калі я набліжалася да польскай мяжы, то тут ужо разумела, што зусім не факт, што мяне прапусцяць. Я, яшчэ калі ехала па Беларусі, заехала ў Валожын і раздрукавала ўсякія дакументы, каб паказаць польскім пагранічнікам: карту паляка мужа, ліст-даручальніцтва, якое для мяне напісаў наш сябар-паляк, што, маўляў, ён мяне прыме і будзе ўтрымліваць. Прыклала выпіску, што ў мяне ёсць грошы.
І вось я пад'ехала, распавядаю ўсё гэта польскаму пагранічніку, а ён наогул не ў курсе спраў, ён стаіць і афігевае ад таго, што ў нас у краіне адбываецца. Таму я адразу папрасіла паклікаць іх начальніка – сказала, што ў мяне асаблівы выпадак праходжання мяжы. Начальніка паклікалі, ён пачаў пытацца, што наогул адбываецца ў Менску. І я дастала тэлефон і пачала паказваць ім фота і відэа з АМАПам, з пабоішчамі гэтымі, з маршаў. Яны афігелі.
Потым яны забралі ўсе мае дакументы, у тым ліку пашпарт, і сказалі чакаць у машыне. Так я праседзела тры гадзіны. Дарэчы, самае галоўнае – я адразу ім сказала, што не хачу статус бежанца. У мяне ж віза была дзейная ў пашпарце. Статусу бежанца лепш пазбягаць у прынцыпе – ты можаш апынуцца ў выніку таксама закладнікам сітуацыі: без працы і наогул правоў. На такое лепш падавацца толькі ў самых бязвыхадных сітуацыях. Таму я ўсяляк спрабавала пераканаць пагранічнікаў упусціць мяне без статусу бежанца.
– Ты расказала ім, хто ты па прафесіі? Што ты паспяховы чалавек у Беларусі?
– Так, распавяла, яны і самі пыталіся. У выніку іх начальнік, мабыць, яшчэ раіўся з кімсьці. Таму што, каб прапусціць мяне, ім трэба было яшчэ і зрабіць гуманітарны калідор. Пасля маіх трох гадзін чакання да мяне падышоў гэты галоўны пагранічнік, аддаў пашпарт, пажадаў поспеху і сказаў: «Праязджайце». І я паехала.
Пра асабістыя пачуцці і адчуванні на фоне таго, што адбываецца
– Калі адкруціць трохі назад, то атрымліваецца, што табой зацікавіліся толькі тады, калі здарылася гісторыя з гэтымі «заводскімі» майкамі. Але ж твая актыўная дзейнасць пачалася яшчэ да выбараў. У цябе такая вялікая аўдыторыя ў Instagram, і ты рабіла там палітычныя пасты. Пасля падзей 9–11 жніўня ты запосціла на сваёй старонцы вельмі эмацыйны і катэгарычны відэазварот, дзе выказала сваю пазіцыю і паведаміла, што брэнд прыпыняе дзейнасць. Калі ты выкладвала гэты зварот, у цябе не было адчування, што пасля яго могуць пачацца нейкія праблемы?
– Не. Самае цікавае, што, калі я знаходзілася ў Менску, я наогул не думала пра небяспеку. Хоць мы ведалі, да прыкладу, што назіральнікаў затрымліваюць [Вольга таксама была назіральніцай на выбарах. – заўв. 34mag].
Мы, дарэчы, вывезлі з Беларусі ўсе доказы фальсіфікацый на выбарах, якія сабралі пры назіранні. Таму што калі мы знаходзіліся ў Менску, то наогул не разумелі, дзе гэта захоўваць і куды хаваць. Да каго дакладна не прыйдуць? У Беларусі няма бяспечнага месца. Мы адразу пасля выбараў, як толькі прарываўся інтэрнэт, скідвалі ўсю інфармацыю сябрам з іншых краін і прасілі гэта захоўваць.
Я наогул лічу, што дзявятага жніўня зрабілі дзявятым жніўня ў тым ліку і старшыні камісій. Я памятаю, як сама з раніцы, перад пачаткам выбараў, заклікала да іх сумлення, казала, што ад іх залежыць будучыня краіны. Але яны нас падманулі. А цяпер у нас ёсць загінулыя. І я пра гэта не хачу забываць. Таму я рада, што ўсе доказы па нашых участках нам з мужам удалося вывезці ў іншую краіну. І калі будзе сумленны суд, мы гэта ўсё апублікуем.
Я ніколі б не хацела аказацца ў сітуацыі, калі мне страшна вярнуцца ў Беларусь. Колькі часу, намаганняў і грошай я аддала таму, каб развівацца тут у сваёй прафесіі. Калі ты столькі аддаеш сваёй справе, ты хочаш і атрымліваць у адказ вынік. А ў Беларусі гэта вельмі складана. Ты суткамі батрачыш, а верагоднасць атрымаць нейкі поспех мінімальная. Яна, вядома, і ў свеце маленькая – я не маю ілюзій, што ты прыедзеш кудысьці і будзеш камусьці патрэбны. Не. Але ўсё залежыць ад тваіх амбіцый і жадання працаваць. У Беларусі ты прыкладаеш максімальна намаганняў, а шанцаў для развіцця ў цябе пры гэтым значна менш, чым у іншых краінах у такіх жа варунках.
«Да каго дакладна не прыйдуць? У Беларусі няма бяспечнага месца»
– Але ты ж усё роўна ў сваёй сферы ў Беларусі вельмі паспяховая: ты адна з лепшых дызайнерак адзення тут. І што ты адчувала ў той момант, калі зразумела, што, умоўна, учора ты хэдлайнерка на ўсіх тыднях моды – а сёння ты даведаешся, што на цябе справу шыюць?
–Я вельмі была разбітая. Вялікі дзякуй маім блізкім людзям. Муж мяне вельмі падтрымлівае, таму што я перыядычна то злуюся, то рыдаю. Цяпер я ўжо разумею, што з такой падтрымкай пачаць усё з пачатку не так страшна. А ў самым пачатку мне наогул было ўсё незразумела.
Не хочацца верыць, што ўся гэтая сітуацыя ў Беларусі зацягнецца на вельмі доўга. Цяпер кожны робіць тое, што можа. Я магла сабе дазволіць быць назіральнікам – я ім стала. Хоць з-за актыўнай пазіцыі я страціла магчымасць знаходзіцца ў Беларусі.
Цяпер яшчэ важна нікога не асуджаць. Спачатку я і сама была вельмі злая. Пасля ўсіх баявых дзеянняў, якія мы перажылі, я была вельмі злая на людзей, якія рабілі выгляд, што нічога не адбылося – посцілі фота з кавярняў і ўсё такое. Я нават напісала злое паведамленне адной знаёмай, аб чым цяпер вельмі шкадую. Але тады не магла наогул сябе ў гэтым сэнсе кантраляваць – пачуццё несправядлівасці вельмі захліснула.
– А што ты адчуваеш цяпер, пасля пераезду?
– Цяпер я ўжо не шкадую, што з'ехала. Спачатку былі змешаныя пачуцці: мяне каўбасіла, мучыла сумленне. А цяпер я разумею, што магу зрабіць нешта большае, чым жыць у страху, што мяне могуць у любы дзень затрымаць. Вось цяпер я ўжо прыйшла ў сябе, хачу паспрабаваць неяк дапамагаць штабу, нешта рабіць.
«Беларусы не даруюць ніколі. Забыцца і разбачыць усё, што адбылося, немагчыма»
Пра будучыню
– Ты бачыш сваю будучыню ў Беларусі?
– Так. Я не змагу без Беларусі. Але цяпер мне нават прыязджаць да бацькоў сюды небяспечна. Мне ўжо прыйшоў ліст з нейкага міністэрства з патрабаваннем даць інфармацыю аб людзях, з якімі я працавала. Гэты ліст уручылі маім бацькам. Я ўдакладніла ў юрыста, што мне рабіць, таму што ў гэтым лісце мне пагражаюць судом. І мы афіцыйна цалкам прыпынілі дзейнасць майго ІП на тэрыторыі Беларусі, паведамілі ў падатковую і ў гэтае міністэрства, што я ў іншай краіне з палітычных меркаванняў і ніякай інфармацыі даць не магу. Гэта значыць, я зараз нават прыехаць не змагу без шкоды не толькі для сябе, але і для іншых людзей.
– А новыя калекцыі брэнда Kardash нам варта чакаць у будучыні?
– Я планую пачаць зараз займацца гэтым пытаннем больш актыўна. Але ў Беларусі пакуль дакладна не планую весці дзейнасць. Я не хачу падтрымліваць уладу сваімі падаткамі, хоць у мяне і не велізарная карпарацыя, але ўсё ж.
Цяпер я раблю ўсё, каб атрымаць від на жыхарства ў Польшчы. І далей буду займацца працай. Праз тое, што ў мужа ёсць карта паляка, ён можа адкрываць тут кампанію. Мы зробім інтэрнэт-краму на польскім дамене – і пачнём працаваць анлайн. Вядома, мне не хацелася б пераносіць вытворчасць з Беларусі, але пакуль па-іншаму не атрымаецца.
– Што ты б хацела сказаць цяпер усім беларусам?
– Нам усім трэба проста зразумець, што цяпер такі перыяд, калі кожнаму з нас галоўнае не з’ехаць з глузду. Кожнаму дапамагае сваё. Мне – шмат працаваць. Ці бегаць.
У мяне простыя бацькі: тата – кіроўца, мама – кухарка. Яны не могуць сабе дазволіць пайсці пасядзець у кафэ ў Менску – для іх гэта нават псіхалагічна цяжка. І мне здаецца, віной гэтаму сістэма, у якой яны жывуць з дзяцінства, – быццам чалавек не павінен атрымліваць асалоду ад жыцця. Я гляджу ў Варшаве, як людзі ўзросту маіх бацькоў атрымліваюць асалоду ад жыцця, і хачу такога ж для нашай краіны.
У людзей ужо так шмат назапасілася гэтага болю. Мы ж не сляпыя – мы бачылі ўсе гэтыя гады, як людзі жывуць. Навошта арыентавацца на горшае? Мы хочам арыентавацца на лепшае: для сябе, для сваіх дзяцей і бацькоў. Не думаць, у якую школу аддаць дзіця, каб там не было фальсіфікацый на выбарах і іншай брыды. Не думаць, што, калі ты адкрыеш бізнес, у любы момант да цябе могуць прыйсці і адабраць усё, што ў цябе ёсць. Так, нідзе не ідэальна, так, усюды ёсць свае правілы. Але калі шмат працаваць і імкнуцца, не важна, дзе ты знаходзішся, – у цябе павінна ўсё атрымлівацца.
Беларусы не даруюць ніколі. Забыцца і разбачыць усё, што адбылося, немагчыма. Свабода каштуе вельмі дорага. І мы ўсе гэта цяпер выдатна разумеем.
Фото из личного архива героини