Як мастак Ло Сі затрымаўся ў Беларусі, а потым выставіўся ў галерэі

Мастак Ло Сі (Luo Xi), кітаец па пашпарце і пецярбуржац па месцы творчасці, з-за пандэмічнай чахарды з межамі завіс у Беларусі. Вынікам самаізаляцыі ў нашай глыбінцы сталі 29 графічных работ, якія можна пабачыць у галерэі «Арт-Беларусь».

 

2020 год стаў дзіўным для ўсіх, але для Ло Сі ён атрымаўся зусім вар'яцкім. Пандэмію COVID-19 дваццацішасцігадовы мастак, выпускнік Акадэміі мастацтваў імя І.А. Рэпіна, сустрэў у арт-рэзідэнцыі на Кіпры, затым перамясціўся ў Швейцарыю, потым – у Аўстрыю, а далей апынуўся ў Беларусі – у сяброў сяброў, якія жывуць у беларускай вёсцы. Тут мастак паставіў сабе мэту – пісаць па працы ў дзень, а пазней яны склаліся ў серыю пад назвай «Брожение» – у гонар віна з дзьмухаўцоў і сітуацыі, калі ты непрыкаянна рухаешся туды-сюды. Нам падалося цікавым пагаварыць з Ло Сі, каб зафіксаваць мудрагелісты час і лёс мастака ў ім.

 

 

 Цягнік Пекін – Санкт-Пецярбург 

– Я пераехаў у Пецярбург у 1999 годзе з Таньшаня з бацькамі. Мне было пяць з паловай, і я ўпершыню ехаў з Пекіна ў Піцер – тыдзень на цягніку. Бацькі – мастакі з адукацыі: тата – каліграф, мама – настаўніца малявання. Мяне аддалі ў сярэднюю мастацкую школу Іагансона пры мастацкай акадэміі Рэпіна. Акрамя малявання, мне было цяжка рабіць усё. Да гэтага часу лянота займацца тым, што не звязана з творчасцю.

– Тваё дзяцінства ў Расіі прыйшлося на пачатак нулявых. Табе і тваім бацькам складана было адаптавацца?

– Складана з-за рознасці менталітэту. Першы год было цяжка. Не ведаў мовы, хадзіў у звычайны дзіцячы сад. Дзеці жорсткія ў адносінах да тых, хто да іх не падобны. У пачатковай школе ўжо было лепей, у мяне нават сябры з'явіліся, а калі ў сярэднюю мастацкую школу паступіў, адчуў – вось ён, рай. Усе ветлівыя, вучні ў асноўным з сем'яў творчай інтэлігенцыі, і відаць, што гэтая тусоўка сабралася з адной мэтай – памаляваць. У мастацкай школе выхоўваюць сцены, нават калі цябе не выхавалі да гэтага. Удзячны гэтаму месцу, яно дало веды, без якіх я б не паступіў у акадэмію.

Цяжэй за ўсё прыйшлося бацькам – у Піцеры яны вырашылі заняцца бізнэсам. Бацька казаў: «Памятаеш, дзядзька з В'етнама прыходзіў да нас вячэраць? Яго забілі ўчора». Аднойчы мы вярталіся вечарам дадому ў інтэрнат. Каля інтэрната ў снезе, скурчыўшыся, ляжаў чалавек, афрыканец. Назаўсёды запомніліся карціна і колеры: белае, чорнае, чырвонае. Бацька пацягнуў яго на сабе ў інтэрнат, і высветлілася, што ў гэтага афрыканца нават сяброў у Піцеры няма. Жудасныя гісторыі, але потым усё стала нармальна.

«У мастацкай школе выхоўваюць сцены, нават калі цябе не выхавалі да гэтага»

– Ці ёсць выпускнікі школы, якія сталі суперкрутымі мастакамі?

– Крутых вельмі шмат. Напрыклад, Лёша Рэзвы, архітэктар з Беларусі, вучыўся на курс ці два старэй. Браў удзел у Венецыянскай біенале.

– Цяпер у тваім жыцці шмат чаго адбываецца. Былі моманты, калі ты не ведаў, дзе апынешся новым днём?

– Падобнага досведу ў плане падзей і падарожжаў не было, але досвед трывогі і безграшоўя быў. Момант, калі я быў на Кіпры і не ведаў, калі траплю Расію, востры і трывожны. Але я наогул не засмуціўся, што так усё закруцілася.

 

 

«Ад трывогі ратавала тое, што я купіў у Менску тэчку з паперай і можна было маляваць, колькі захочаш»

 COVID-еўратрып 

– Раскажы, з якога моманту пачаліся прыгоды. Цябе запрасілі ў арт-рэзідэнцыю на Кіпры. Як ты там апынуўся і калі?

– У студзені. У мяне ёсць класная сяброўка – скульптарка з Казахстана. Яна працавала на Кіпры і прапанавала прывезці туды акадэмічную школу з Піцера, я стаў адным з удзельнікаў.

На Кіпры пабудавалі дзяржаўны цэнтр сучаснага мастацтва. У іх круты мецэнат, які будуе бальніцы, інстытуты, ён дзеяч і патрыёт сваёй краіны. Гэты мецэнат вырашыў развіваць яшчэ і культуру, прывозіць сучаснае мастацтва на востраў.

Мы жылі там дваццаць дзён. На дваццатага студзеня ў мяне быў квіток у Пецярбург, але мне прапанавалі затрымацца яшчэ на тры дні, каб застацца на адкрыццё выставы. Дваццатага раніцай мне патэлефанаваў бацька: «Ты разумееш, што ў цябе засталося восем гадзін, каб вярнуцца ў Піцер да закрыцця межаў?» Тады стала трывожна, я шукаў квіткі куды заўгодна, каб патрапіць у Расію. Не паспеў. Стаў думаць, куды ляцець пасля Кіпра. У мяне ёсць сябры з Парыжа, Цюрыха, Вероны, П'етрасанты. Стэлефанаваўся з усімі, сябар мой, швейцарац Эмрэ, угаварыў прыехаць да яго.

– Ты перажываў?

– Так, вядома, але адчуваў, што не хачу вяртацца ў Піцер, у мяне там свае праблемы, асабістыя, не хачу пра гэта. Трапіў у Цюрых, адразу пайшоў у музей, карціны Ходлера глядзець. У Цюрыху крутая калекцыя Ранняга Адраджэння, і яшчэ ў царкве былі вітражы Шагала. Бачыць такія рэчы – як суперзорку сустрэць. Крутыя пачуцці.

– Як табе ў Швейцарыі?

– Я ў дзень толькі на транспарт траціў 6000 рублёў [каля 85 $. – заўв. 34mag]. Даводзілася эканоміць на ежы. Часам Эмрэ клікаў мяне да сваёй сям'і на вячэру, а часам я еў адзін кебаб у суткі. Потым сяброўка з Вены, мастачка Дынара, паклікала да сябе праводзіць майстар-класы, у іх з мужам Філіпам прыватная студыя.

У Вене я планаваў правесці адзінаццаць дзён, пасля гэтага ляцець у Ізраіль, мяне паклікалі туды сябры, сям'я архітэктараў, рускія габрэі Алег і Наташа. Але рэйсы адмянілі. У мяне заканчваўся шэнген, рабяты з Вены тэлефанавалі па розных інстанцыях. Ведаеш, які там круты ўрад? Яны сказалі, што падчас пандэміі я магу застацца ў Аўстрыі нават з пратэрмінаванай візай, пакуль не адновяць рэйсы. Гэта было вельмі прыемна, і я там завіс на два месяцы. Мне пашанцавала: адна з вучаніц сказала, што я магу пажыць у кватэры яе дачкі. Падчас каранціну я ім увесь дом распісаў.

– Табе было дзе жыць, і ты зарабляў на майстар-класах, чаму тады з'ехаў з Вены?

– Рэйсы аднавілі, і мне трэба было з'язджаць, каб не выглядала, быццам я хачу нелегальна эміграваць з-за пандэміі. Доўга думаў, дзе з кітайскім пашпартам ёсць бязвізавы рэжым. Былі варыянты ў Мексіцы, у мяне там былая дзяўчына жыве, але туды нельга. Эквадор – у мяне там сябар, але ляцець яшчэ далей. Мог паляцець у Сербію, але яна да гэтага моманту таксама закрылася. Адзіны зручны варыянт – Беларусь. Думаў, што пажыву тут месяц, пакуль межы не адкрыюць. Як бачыш, да гэтага часу не адкрылі.

 

 

 Вёска, бойлер, самагон 

– Ты ведаў каго-небудзь у Беларусі?

– Былі толькі сябры сяброў.

– Як ты падтрымліваў даход? У цябе былі продажы ў Еўропе ці ты цяпер толькі траціш?

– На Кіпры я жыў і падарожнічаў бясплатна, нам сімвалічна далі пяцьсот даляраў, але я быў як на курорце: матэрыялаў для малявання заваліся, ты працуеш, жывеш і падарожнічаеш за кошт цэнтра сучасных мастацтваў. У Цюрыху я толькі траціў. Было пачуццё, быццам з'ядаў на вячэру салату з грошай. У Вене аднавіў даход і добра зарабіў на майстар-класах. У Беларусі прапанаваў знаёмым аплату за жыллё, але яны адмовіліся.

– Як ты апынуўся ў беларускай вёсцы?

– Я спісаўся са знаёмымі, і яны прапанавалі пажыць у іх у вёсцы. У Вене было плюс дваццаць, прыехаў у Беларусь, а тут холад. Волкасць, прыватны дом трэба пастаянна тапіць. Мне было дыскамфортна пару дзён чыста кліматычна. Рабяты па жыцці хіпі, жывуць у вёсцы пастаянна. Яны з Ульянаўска, прыехалі, закахаліся ў Беларусь і засталіся тут жыць.

Я табе пакажу кавалак з дзённіка пра першыя дні ў Беларусі, каб доўга не расказваць пра ўражанні. Вось: «Крама знаходзіцца ў мікрараёне пад назвай "Мікрараён" , і ў мікрараёне "Мікрараён" ёсць гандлёвы цэнтр пад назвай "Гандлёвы цэнтр", і ў гандлёвым цэнтры "Гандлёвы цэнтр" ёсць прадуктовы магазін. Каб дайсці да магаза, трэба перайсці кукурузнае поле, потым трэба перайсці праз чыгунку, потым праз лес. У мікрараёне "Мікрараён" <...> рабяты, маладыя крутыя хлопцы ў спартыўках "адыдас", замест моцікаў катаюцца на самаробных трактарах, але па гуку адно і тое ж, і відаць, што прама даглядаюць за імі, блішчаць, як добры моцік фірмы "Ямаха"».

«Як у турме: лічыш тыдзень палачкі і закрэсліваеш іх потым. Я таксама так рабіў: адна графіка – адзін дзень»

– Ты жыў у вёсцы без інтэрнэту месяц.

– Я купіў карту, толькі ў вёсцы не лавіла сетку. Дзесяціхвіліннае відэа грузілася сорак хвілін. Яшчэ там пастаянна выбівала пробкі: уключыш адначасова бойлер і чайнік – канец.

– Ты жыў у нязвыклай абстаноўцы, з людзьмі, якіх не ведаў, у доме без выгод, з адзінай крамай, да якой дабірацца паўгадзіны. Стрэсаваў?

– Мы з рабятамі пазнаёміліся ў Менску. Адразу зразумеў, што яны класныя, што пасябруем. Ад трывогі ратавала тое, што я купіў у Менску тэчку з паперай і можна было маляваць, колькі захочаш.

Знаходзіў станоўчыя моманты: да прыкладу, у вёсцы можна паліць вогнішча. Сябры не каштавалі кітайскую кухню, я гатаваў з падручных прадуктаў. Ёсць кітайскі дэсерт – садавіна ў карамелі, па прыколе зрабіў для іх бульбу ў карамелі. Спрабаваў займацца спортам па праграме праз апку, але гэта бздура ў параўнанні з тым, калі носіш дровы або косіш траву.

– І там нарадзілася серыя работ, якая цяпер прадстаўленая на выставе ў «Арт-Беларусі»?

– Так, усё напісаў там. Я зрабіў сабе рэжым. Як у турме: лічыш тыдзень палачкі і закрэсліваеш іх потым. Я таксама так рабіў: адна графіка – адзін дзень. У беларускай вёсцы немагчыма не адчуць асяроддзе. У рабят быў кот Кампот, які цягаў па хаце курыныя галовы. Сябры сказалі, што ён любіць мышэй прыносіць у ложак, калі спіш.

– Шмат работ прысвечана алкаголю. У вёсцы быў асаблівы вопыт?

– Там было дзіка холадна, пастаянна хацелася піць нешта саракаградуснае. У канцы месяца піў самагон як ваду.

 

 

«Яны сабралі дзьмухаўцы ў трохлітровы слоік і зверху надзелі пальчатку. Я ўбачыў гэта і зразумеў, што таксама "браджу" ў Беларусі»

 «Браджэнне» 

– А як атрымалася, што твае працы апынуліся ў галерэі? Гэта крутая магчымасць для маладога мастака – выставіцца побач з палотнамі Шагала, Суціна, Бакста і астатняй калекцыяй Белгазпрамбанка.

– У мяне папера сканчалася, трэба было вяртацца ў Менск. Упісаўся ў Ганны-Караліны – рэжысёкі, яе таксама да гэтага не ведаў. Мы вырашылі схадзіць у Нацыянальны музей. Там было зачынена, і Ганна-Караліна сказала, што ёсць яшчэ галерэя «Арт-Беларусь», мы пайшлі туды. Там таксама было зачынена, панядзелак. А потым мы сустрэлі цябе і спыталі, дзе можна ў Менску выставіцца.

– Ад прыняцця рашэння зрабіць выставу да самой выставы прайшло шэсць-сем гадзін.

– Так, кітайская хуткасць. У Кітаі рэальна закрываюць раку на ноч і зранку ўжо мост гатовы стаіць.

– Прадаеш гэтыя працы?

– Так, і ў анлайне таксама.

– Чаму выстава называецца «Браджэнне»?

– Я прапанаваў назваць выставу так, як называецца адна з работ. Сябры распавялі, што з дзьмухаўцоў можна рабіць віно. Яны сабралі дзьмухаўцы ў трохлітровы слоік і зверху надзелі пальчатку. Я ўбачыў гэта і зразумеў, што таксама «браджу» ў Беларусі. Потым Аляксандр [Аляксандр Зіменка – куратар карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка. – заўв. 34mag] сказаў, што «бродить» – гэта яшчэ і хадзіць без мэты. І мы ўсё вырашылі: вось яно!

– Займаешся яшчэ чымсьці, акрамя мастацтва?

– Я ўдзельнічаю ў конкурсах, часам выйграю. Да юбілею Чукоўскага зрабіў ілюстрацыі да твораў, мне потым ягоны ўнук грошы даслаў у якасці прыза. Не саромеюся казаць пра грошы, але ў цэлым у мастакоў ўсё нестабільна, прадаеш шмат работ і доўгі час жывеш добра, а ў 2018 годзе я ў нейкі момант адчуў, што сяджу на шыі ў бацькоў. Наогул я выкладаю абітурыентам, рыхтую іх да акадэміі. Гэта падзяка месцу, дзе я вучыўся.

– Давай пройдземся па выставах, галерэях і аўтарах, якія пакінулі ў табе след.

– Старажытны Егіпет цаню, яго немагчыма не любіць з-за іх разумення смерці і яго культу. З Ранняга Адраджэння мой фаварыт Рогір ван дэр Вэйдан.

Мне цікавая Францыя, XX стагоддзе. Бальцюс, напрыклад, цудоўны. З архітэктараў – японскі мінімаліст Тадао Андо, яго працы трэба проста бачыць, пераказаць немагчыма. Калі яшчэ скульптуру ахапіць, назаву нарвежскага скульптара Густава Вігеланда.

Самае вялікае ўражанне ад карціны – ужывую бачыў «Зняцце з крыжа» ван дэр Вэйдана у Прада. Здаецца, гадзіну стаяў перад карцінай.

У «Арт-Беларусі» крута. Для мяне вельмі каштоўна выставіцца побач з суперзоркамі. З мастакоў Парыжскай школы любімы – Мадыльяні. Астатняе... можна не любіць, але вельмі паважаць, напрыклад...

–...Суціна.

– Так! І яшчэ Шагала. Але Цадкіна, дарэчы, вельмі люблю, нават у студэнцтве пісаў артыкул пра яго скульптуру. Далёка не ўсе павінны прызнаваць працы тых ці іншых аўтараў, заўсёды варта абапірацца на шчырыя пачуцці. Знутры.

 

Галерэя «Арт-Беларусь» перажывае смутныя часы. Але з 17 чэрвеня яна зноў адчыняе свае дзверы – на жаль, без шэдэўраў з калекцыі Белгразпрамбанка. Зніклага Хаіма Суціна, Марка Шагала, Восіпа Цадкіна і іншых беларускіх жывапісцаў можна паглядзець на праектары, а біяграфіі аўтараў і гісторыі палотнаў – вывучыць па QR-кодах у пустых рамах на чыстых сценах галерэі. Уваход вольны. Выстава Ло Сі там жа працягнецца да канца чэрвеня (як мінімум).

 

Фота: Таня Капітонава