Кар’ера Аляксея ў якасці дыджэя пачалася ў 91-ым годзе, калі яму было ўсяго 14. Ён дэбютаваў на пляцоўцы ДК чыгуначнікаў. Потым Аляксей з сябрам скалаціў каманду і пачаў рабіць уласныя тусоўкі ў ДК «Юнацтва», што месціўся на Фабрыцыўса.
Галоўнае адрозненне сэтаў I.F.U. ад тыповых для таго часу акампаніятараў дыскатэк з больш-менш сучаснаю музыкай было ў тым, што падчас сваіх выступаў ён ніколі не ўжываў трэкаў з постсавецкай прасторы. Ягоная мэта была простая – пазнаёміць мясцовую публіку з замежнымі выканаўцамі ўжо развітай у Еўропе электроннай сцэны.
Касеты ён набываў падчас падарожжаў па Польшчы і ў тагачасным легендарным клубе меламанаў, тусоўцы аднадумцаў, што месцілася ў будынку кінатэатру «Вільнюс». Хутка сфармавалася калекцыя рэлізаў. Там быў і першы альбом The Prodigy, і падборка галандскага і бельгійскага тэхна, якую Аляксей прэзентаваў публіцы на старым прайгравальніку з убудаванаю самаробнаю прыладай для лепшага зводу трэкаў з касет.
Першая буйная вечарына з музыкаю без словаў і «медлякамі» адбылася на манежы «Дынама» ў ноч з 92-га на 93-ці год. Замест медыяў тады было сарафаннае радыё, дзякуючы якому на паці прываліла амаль сто чалавек.
Менскія кінатэатры бачылі зусім нязвыклыя карціны: дыскатэкі праходзілі і ў «Беларусі», і ў «Маскве», а «Мір» увогуле ператвараўся ў клуб з дзвюма танцпляцоўкамі.
У 93-ым годзе адчыніў свае дзверы «Альтэрнатыўны тэатр» на Крапоткіна. Тамсама размясціўся кінаклуб, дзе паказвалі найлепшыя кінапрацы веку. Для музычнай прагрэсіўнай тусоўкі таксама знайшлося месца ў тых сценах. У Менску пачала фармавацца гэтак званая «залатая моладзь». Яе складалі ўсе тыя, хто цікавіўся чымсьці новым, імкнуўся да музыкі, каму абрыдла абмежаванасць у інфармацыі ў часы СССР.
Попыт на музыку і вечарыны павялічваўся, пачалі стварацца прома-групы. Першую зарганізаваў дыджэй Клаўс. Гэта была беларуская версія расійскай «F*ck You (FU) Entertainment», у складзе якой не менш за чатыры музыкі.
Потым прома-групы ствараліся адна за адною. Некаторыя распадаліся, калі погляды ўдзельнікаў разыходзіліся. Але заўсёды знаходзіліся людзі, гатовыя падхапіць і прасоўваць клубную культуру далей.
Аляксей пасля «FU» разам з дыджэямі Міцем і Палёным аказаўся ў складзе Intensive Music Club. У іх досыць паспяхова атрымлівалася ладзіць тусы з 93-га да 95-га года, але потым хлопцы разышліся ў музычных поглядах. Кутузаў вырашыў разам з дыджэем Ярыкам зрабіць Switch Club: джыпсі-клуб, які перамяшчаўся з месца на месца, але заўсёды знаходзіў сваю аўдыторыю. Ініцыятыўныя суполкі прыцягвалі ўсё больш ідэйных галоваў, і развіццё сцэны стала незваротным працэсам.
Замест гарэлкі – «Бабл-гам», салодкі, як жуйка
Менавіта ў першую пяцігодку 90-ых эмбрыён сучаснай клубнай культуры пачаў рабіць гучныя штуршкі. Прома-групы рабілі ўсё, што маглі: дамаўляліся з уласнікамі памяшканняў, арандавалі гук, знаходзілі ў мясцовых майстраў святло з самаробнымі лазерамі, на ўваходзе ставілі сек’юрыці ды рабілі ўласны бар. Дарэчы, тады менскія кінатэатры бачылі зусім нязвыклыя карціны: дыскатэкі праходзілі і ў «Беларусі», і ў «Маскве», а «Мір» увогуле ператвараўся ў клуб з дзвюма танцпляцоўкамі.
«Тады мы пачалі прывучаць людзей піць кактэйлі, – прыгадвае Аляксей. – Дагэтуль яны былі толькі ў рэстаранах, якія пуставалі, бо там можна было пакінуць увесь свой месячны заробак. На дыскатэках ува ўсю ішла гарэлка ці гарэлка з сокам. Мой любімы кактэйль быў «Бабл-гам». Салодкі, як жуйка!».
За барнаю стойкай на рэйвах культуру выпіваць Менску прывіваў і цяперашні вядомы сталічны рэстаратар Сяргей Заблоцкі.
Па Сажы плыў цэлы карабель з музлом і складам 200–300 чалавек. Свіслач сабе такога дазволіць не магла.
Што датычыць наркотыкаў, якія заўсёды ішлі побач з развіццём сусветнай клубнай культуры, то тут яны таксама былі. У 90-ых пачынаўся трафік ящчэ невядомых уладам сінтэтычных экстазі і ЛСД, што таксама паспрыяла стварэнню асаблівага пласта аўдыторыі ў перманентным пошуку кайфу.
Аляксей падкрэслівае: «Мы рабілі вечарыны не для наркаманаў, нашаю галоўнаю мэтай было зарганізаваць усё максімальна якасна і добра. Я ведаў, што хтосьці за вуглом нешта курыць ці колецца, але ён не рабіў гэтага на танцпляцоўцы. Наркаспажыўцы прыходзілі, напэўна, таму, што музыка быццам бы спрыяла адлёту ў іхны «космас».
Усё праходзіла максімальна андэграўндна, але са смелым упартым духам. Гэта былі тусы, на якія чарговы гопнік ніколі б не прыйшоў: яму было б нецікава і дорага. Ён, хутчэй, ішоў на папсовую дыскатэку, каб падчас сутычак паміж раёнамі атрымаць па твары.
Дарэчы, усе тагачасныя супрацьстаянні абышлі клубную тусоўку. Гэта была яркая, стылёвая, зацікаўленая моладзь заходніх поглядаў, якой не трэба было штосьці камусьці даводзіць.
Асаблівасць беларускай публікі ў тым, што яна досыць маладая. У Берліне ўзрост тусоўшчыка ад 25 да 50 гадоў, яны могуць сабе гэта дазволіць.
Як «дэпешмодаўцы» з Харкава адзявалі палову Менску
У скарбонцы Кутузава ёсць цікавая гісторыя пра тое, як фармаваліся погляды моладзі. Тады на шопінг-ўікэнды ў Вільню ніхто не ганяў, цікавыя рэчы шукалі ў сэканд-хэндах. Падчас сустрэчаў у клубе меламанаў Аляксей пазнаёміўся з двума «дэпешмодаўцамі» з Харкава, якія часцяком ганялі ў Менск. Яны распавялі, што маюць доступ да складу сэканд-хэнд джынсаў вельмі крутых брэндаў і ёсць магчымасць прывезці іх ў Беларусь.
«Я даў ім месца ў зале сваёй кватэры. Атрымаўся цэлы склад самых розных джынсаў: ружовых, чырвоных, чорных, рваных, вараных, фірмовых… Падаецца, мы ў іх палову Менску адзелі», – распавядае Аляксей.
Пасля, калі рэйвы пачалі выходзіць з ценю і абзавяліся флаерамі ды афішамі, «прыглосы» раздавалі паводле прынцыпу «сустракаюць па адзенні».
Няправільна было б вырашыць, што беларускі рэйв быў абмежаваны толькі сценамі клубаў і сталіцаю. Выязны фестываль і першы оўпэн-эйр «Раве на траве» прайшоў чатыры разы. Хвалю падхапілі абласныя гарады. Першым адгукнуўся Гомель у 1996 годзе: па Сажы плыў цэлы карабель з музлом і складам 200–300 чалавек. Свіслач сабе такога дазволіць не магла.
Новае стагоддзе клубная Беларусь сустрэла ўжо падрыхтаванай, адкрытай скрыняй для інвестыцыяў і злівання заробленых грошай. Прома-групы пачалі фармавацца ўсё хутчэй, з’явілася сур’ёзная канкурэнцыя, публіка перанасыцілася. Старую тусоўку змяняла новая. Хтосьці памёр. Хтосьці перакінуўся ўбіраць у сябе аўтарскую музыку маладых выканаўцаў. Хтосьці наляпіў ярлыкі дарослага жыцця і адышоў у бок.
«Асаблівасць беларускай публікі ў тым, што яна досыць маладая. Пераважна гэта моладзь да 25 гадоў, якая тусіць на бацькоўскія грошы. Потым у іх пачынаецца самастойнае жыццё, сям’я, клопаты і жаданне пайсці ў рэстаран, а не ў клуб «да гэтых малалетак». У Берліне ўзрост тусоўшчыка ад 25 да 50 гадоў, яны могуць сабе гэта дазволіць», – разважае Кутузаў.
Што б ні здарылася, буйная камерцыялізацыя ніколі не адменіць андэграўндных плыняў, якія падтрымліваюць біццё сэрца гораду. У 2000-ых Менск ужо скалыналі гукі драм-н-бэйсу і брэйк-біту, а сталоўка заводу Вавілава на Макаёнка шчыра дазваляла зрабіць трохтанцпольную «Эўтаназію». Але гэта ўжо новая старонка ў гісторыі, якую мы абавязкова перагарнем, але крыху пазней.
Вялікі інтэрактыўны гід па галоўных еўрапейскіх музычных фестывалях гэтага сезону. Выбірай свой фэст!
Жнівень 13-га. Сустракаемся з менскім ugly-татуіроўшчыкам Ромам Жукоўскім, каб даведацца пра новы трэнд ugly tattoo.
Пачка подсказок для начинающих музыкантов.
У наступны чацвер у Менску сузаснавальнік украінскага анлайн-радыё «Арыстакраты» Яраслаў Ладыгін раскажа, як стварыць незалежнае, разумнае і фінансава паспяховае basement-медыя ў смутны час.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (4)
Хорошая статья! А как связаться с автором?
Как изговнять и ничего не написать о, казалось бы, одной из самых интересных субкультурных тем в Беларуси. Позорный материал без даже попытки раскрыть тему
вось гэта я разумею! вось час якi неверагодны!ж
дзякуй хулiгану, чакаем суботу.
неяк слаба напісана, усе ж такі чувак легенда