З кім гутарым?
Давід Субеліяні – актывіст, адзін з кіраўнікоў руху White Noise, які выступае за дэкрыміналізацыю ўсіх наркотыкаў у Грузіі. Барацьба руху адбываецца ў паліцэйскіх пастарунках, офісах міністэрстваў і парламента і проста на плошчах і вуліцах.
Супраць чаго змагаюцца?
Хоць у Грузіі цяпер часткова дэкрыміналізавана ўжыванне канопляў, мясцовая наркапалітыка ўсё яшчэ застаецца адной з самых рэпрэсіўных у свеце. За апошнія сем год больш за 300 тысяч чалавек – амаль 10% насельніцтва Грузіі – прайшлі вулічнае тэставанне на ўжыванне наркотыкаў. Людзі атрымліваюць па 6-8 год зняволення за мізэрную колькасць рэчываў, якія паліцыя знаходзіць у лабараторыях пад мікраскопам.
– Давід, раскажы, з чаго пачалася ваша арганізацыя?
– Фармальна «Белы шум» – гэта не арганізацыя, а гарызантальна кіруемая група людзей, якія вераць, што трэба рабіць усё магчымае, каб змяніць нечалавечую наркапалітыку ў краіне. Усё пачалося ў 2013 годзе з гісторыі аднаго хлопца – мастака Бекі Цікарышвілі. Паліцыя злавіла яго з 65 грамамі марыхуаны, за што яму пагражала 6-8 гадоў турмы. На падставе яго гісторыі нейкім чынам узнікла зусім іншая інфармацыйная кампанія, чым былі дагэтуль. Яна праходзіла пад слоганам «Бека не злачынец!» і проста расказвала пра жыццё хлопца і яго сям’ю. Тыповае стаўленне да наркаспажыўца якое? Што гэта нейкі джанкі, скончаны чалавек – у людзей няшмат спагады і салідарнасці да такога. Гэты выпадак быў чымсьці зусім іншым. Стала відавочна – нешта не так з наркапалітыкай, якая ёсць у краіне. Людзі пачалі казаць пра гэта. Кампанія ішла некалькі месяцаў, яе вялі сябры Бекі, вельмі энергічныя людзі, пратэставалі зусім інакш: ствараючы інфармацыйны шум па горадзе і па краіне. Кейс атрымаў шырокую публічную ўвагу. Паліцыя і дзяржава адступілі – і ў выніку яго не пасадзілі, адклалі справу на паліцу.
А потым здарылася нешта сапраўды цікавае. Мы падалі апеляцыю ў канстытуцыйны суд пра неканстытуцыйнасць прысуду, які пагражаў Беку. Суддзі разглядалі яе некалькі месяцаў, і мы выйгралі справу! Гэта стала велізарнай перамогай. Не толькі таму, што Бека пазбег турмы, але таму, што сотні зняволеных па такім жа абвінавачанні былі неадкладна вызваленыя. Гэта надало новую энергію і новыя сілы ў змаганні, стала велізарным імпульсам для шырэйшага руху – і ў снежні 2015-га мы запусцілі кампанію «Белы шум». Яе канцэпт палягае ў тым, каб рабіць у грамадстве шмат шуміхі, якая будзе некамфортнай для ўладаў. За тры з паловай гады «Белы шум» стаў сапраўдным брэндам у Грузіі.
«Тыповае стаўленне да наркаспажыўца якое? Што гэта нейкі джанкі, скончаны чалавек»
Многія арганізацыі кажуць, што трэба дазволіць дзяржаве праводзіць паступовыя змены. Але няма часу на паступовыя змены, мы павінны цалкам памяняць палітыку ў гэтай галіне непасрэдна цяпер. Мы выступаем за неабходнасць прыняць грамадскае пагадненне, што наркаспажыўцы – не злачынцы. Наша просьба – пагадзіцца па гэтым пытанні, а пасля можна абмяркоўваць дэталі. Гэта наша мэта, нашае бачанне.
У нас цяпер ідзе 3-4 канстытуцыйныя справы. Адна з іх тычыцца таго, што гадоўля наркатычных раслін не можа карацца турмой. Яшчэ адзін кейс: памер дозаў, якія лічацца некрымінальнымі. У Грузіі караюць нават за малюсенькія дозы «кракадзіла» [дэзамарфіну. – 34mag]. Канешне, не крута яго юзаць, але людзі юзаюць. Паліцыя ў лабараторыях пад мікраскопам знаходзіць малюсенькія дозы, якія засталіся ў іголках пасля ўжывання, і на гэтай падставе людзі атрымліваюць па 6-8 гадоў.
– Навіна, якая абляцела ўвесь свет у снежні пра частковую дэкрыміналізацыю наркотыкаў, – гэта ваша заслуга?
– Насамрэч навіновыя агенцтвы не зусім правільна інтэрпрэтавалі тое, што адбылося. У нас ёсць дзве канстытуцыйныя рэгуляцыі, якія тэхнічна яшчэ нават не працуюць: пра сухую марыхуану і пра мокрую. У іх гаворыцца, што захоўванне да 70 грамаў канопляў у сухім выглядзе ці да 200 грамаў у мокрым не можа разглядацца як крымінальнае злачынства, якое прыводзіць да пакарання турмой, – гэта супраць канстытуцыі. Такім чынам, цяпер калі цябе зловяць з такой вагой у першы раз, суд можа прызнаць цябе крымінальным злачынцам, але цябе не могуць пасадзіць. Таму гэта нельга назваць нават дэкрыміналізацыяй.
Пакуль што валоданне наркотыкам у Грузіі – гэта крымінальнае злачынства. Вельмі-вельмі маленькая колькасць можа лічыцца ўжыткам. З 270 наркотыкаў у спісе забароненых рэчываў дзве траціны не маюць гэтай градацыі (мінімальная колькасць / сярэдняя / буйная). Гэта дае шырокія магчымасці суду самому вырашаць, якую кару прызначыць: зняволенне або штраф. Напрыклад, у дэзамарфіну няма «нязначнай колькасці». Гэта значыць, што нават калі цябе зловяць з 0,000-чымсьці, гэта аўтаматычна ідзе як «асабліва буйныя» памеры, і табе даюць максімальную колькасць гадоў турэмнага зняволення. Новае пакаленне сінтэтычных наркотыкаў увогуле не падлягае адміністрацыйнаму рэгуляванню – толькі крымінальнаму. Незалежна ад таго, з чым цябе зловяць – з ужыткам ці захоўваннем, – гэта аўтаматычна робіцца справай крымінальнага суда. Закон зроблены так каструбавата, што большасць людзей, якія маюць справу з наркотыкамі, сканчаюць турмой ці штрафамі ў 30-40 тысяч лары (€ 12 000-15 000). З-за адной ночы ў клубе людзі прадаюць сваю маёмасць.
«Яны могуць проста падысці на вуліцы і сказаць: “Гэй, мне здаецца, ты на наркаце, ідзі за мной”»
Каб дэкрыміналізаваць усе віды рэчываў, мы прапануем вызначыць рэлевантную дазволеную колькасць захоўвання для кожнага з іх. Напрыклад, у Партугаліі гэта да 10 грам гераіну на 10 дзён. Праводзіліся экспертныя падлікі, і так вырашылі. Мы прапануем вызначыць трохдзённую дазволеную дозу для ўсіх рэчываў: канопляў, псіхаактыўных медыцынскіх рэчываў, цяжкіх і мяккіх наркотыкаў. Дзеля гэтага мы кансультаваліся з медыкамі, экспертамі. Каб былі ўведзеныя гэтыя рэгуляцыі, з якой колькасцю рэчываў цябе не могуць пасадзіць.
У нас 50 тысяч чалавек (больш за 1% насельніцтва) ужываюць цяжкія наркотыкі. І толькі 5 тысяч з іх можа скарыстацца замяшчальнай (метадонавай) тэрапіяй. А дзяржава выдаткуе ў 3-4 разоў больш грошай на пакаранне, на турэмнае ўтрыманне, вулічнае тэставанне.
«Мы жартуем, што часам нам трэба ўсяго 10 хвілін, каб дастаць чалавека з пастарунка»
– Што за вулічныя тэставанні на ўжыванне? Як яны адбываюцца?
– У нашай краіне ёсць унікальны падыход, калі людзей бяруць проста з вуліцы на тэставанне. Актыўна, без прычын, без якіх-небудзь наводак. І толькі ў 30 адсоткаў з іх будуць выяўлены нейкія сляды ўжывання наркотыкаў. Мы праводзілі працяглую кампанію супраць вулічнага тэставання і шмат чаго дамагліся: колькасць людзей, якіх бяруць у паліцэйскія лабараторыі, значна зменшылася, як мінімум на 50 адсоткаў. Але паліцыя ўвесь час спрабуе знайсці ўсё новыя спосабы пакараць людзей.
Яны могуць проста падысці на вуліцы і сказаць: «Гэй, мне здаецца, ты на наркаце, ідзі за мной». Але ёсць канстытуцыйныя нормы, якія дазваляюць супрацівіцца. Ты можаш сказаць, што не будзеш даваць мачу, таму што гэта можа быць скарыстана супраць цябе. Пасля нашай інфармацыйнай кампаніі людзі адмаўляліся здаваць мачу ў паліцыі. Але паліцыя цісне на іх, пагражае сям’і. Для іх гэта адзін са спосабаў зрабіць статыстыку, напоўніць суды.
Цяпер людзей амаль не забіраюць на вулічныя тэставанні. Па-першае, таму што мы стварылі прэцэдэнт у канстытуцыйным судзе. Па-другое, людзі робяцца дасведчанымі наконт сваіх правоў, ведаюць, што могуць адмовіцца. Па-трэцяе, мы аператыўна рэагуем на месцы. Калі нам тэлефануюць сябры ці сваякі людзей, якіх схапіла паліцыя, мы неадкладна туды едзем, прыцягваем увагу прэсы, ствараем шмат шуму. Мы жартуем, што часам нам трэба ўсяго 10 хвілін, каб дастаць чалавека з пастарунка. Гэта гучыць па-вар’яцку, калі падумаць.
Як у многіх іншых краінах, дзе праводзіцца жорсткая наркапалітыка, ад яе больш за ўсё пакутуюць найбяднейшыя. Тбілісі, цэнтральныя рэгіёны яшчэ неяк адаптуюцца, людзі знаходзяць грошы, спрабуюць бараніцца. Але ў рэгіёнах людзі без прыбытку, без маёмасці праводзяць гады за кратамі.
Гэта нагадвае баявыя дзеянні, поле бітвы. І ўжо былі трагічныя выпадкі. 50-гадовы Ляван Абзіянідзэ ўвечары ішоў дахаты, стомлены і бедны. Паліцыя спыніла яго, папрасіла зрабіць тэст, ён адмовіўся, яго забралі ў пастарунак, дзе ён правёў пару гадзін. Ён не мог памачыцца, таму што ў яго былі праблемы з ціскам. Яны далі яму мачагонныя таблеткі, якія ўплываюць на артэрыяльны ціск, узялі мачу і неўзабаве адпусцілі. А па дарозе дахаты ён сканаў проста на вуліцы. Было працяглае расследаванне. Мы настойвалі на тым, што дзяржава забіла гэтага чалавека. Надоечы нам прыйшоў адказ дзяржавы, што гэтыя таблеткі не маглі прывесці да яго смерці. Але мы сумняемся ў экспертызе. Ды і пытанне, зрэшты, ужо не ў гэтым.
Іншы чалавек, юнак, скончыў жыццё самагубствам, пасля таго як яго пераследаваў афіцэр паліцыі. Хлопец пакінуў ліст сваёй маці, дзе ўсё падрабязна апісаў, усе пераследы, пагрозы. Вельмі змрочная, брудная гісторыя. Мы прыехалі ў гэты горад, правялі мітынг перад паліцэйскім пастарункам. У нас здарылася сутычка з паліцыянтамі, мы напісалі на машыне гэтага паліцыянта, што ён забойца. Пасля таго як мы выехалі з горада, паліцыя пачала арыштоўваць нашых паплечнікаў. Мы развярнулі аўтобус, вярнуліся ў горад і з дапамогай медыя вызвалілі ўсіх затрыманых.
– Якім чынам «Белы шум» даводзіць свае патрабаванні да ўладаў? Якія вашы метады, акрамя інфармацыйных кампаній і вулічных пратэстаў?
– Апошнія паўтара года – вельмі істотны час для нашага руху. Апроч медыйных, вулічных кампаній, мы шмат працуем з экспертамі, НДА, дзяржаўнымі прадстаўнікамі. Мы працавалі над чарнавіком законапраекта з прапановай, якім чынам трэба праводзіць наркапалітыку ў краіне: папярэджанне злоўжывання наркотыкамі, замена турэмнага зняволення, спыненне вулічнага тэставання. Мы моцна абапіраемся на досвед Партугаліі ў дэкрыміналізацыі наркотыкаў, які арыентаваны на сістэму сацыяльнай дапамогі, скіраванай на наркаспажыўцоў. Чакаем змен у красавіку-траўні.
Акрамя таго, мы патрабуем змяніць законы, якія забараняюць наркаспажыўцам працаваць кіроўцамі, таму што ў рэгіёнах няма іншай працы, апроч як вадзіць трактар ці грузавік. Калі ты лічыш, што наркаспажыванне – гэта хвароба, але не даеш ніякага лячэння і не даеш працаваць, чаго ты чакаеш ад гэтых людзей? Вядома, яны будуць ужываць яшчэ больш і будуць прадаваць тэлевізары, каб купіць дозу.
«Мы добра супрацоўнічаем з парламенцкім камітэтам па справах аховы здароўя і сацыяльнай абароны. Гэта лепшыя людзі ў парламенце»
Цяпер мы вядзем перамовы з амбудсменам, каб размясціць аб’явы ў паліцэйскіх пастарунках. Ён мае законнае права змяшчаць усё, што хоча, у кожнай грамадскай інстытуцыі, у тым ліку паліцыі. Уяўляеш, якое гэта будзе вар’яцтва!
Часам вельмі стамляешся, хочаш пабавіць час з сям’ёй і дзецьмі, у мяне трое дзяцей. Але, калі бачыш такую салідарнасць, гэта не дае табе спаць спакойна. Цяпер мы адчуваем персанальны ціск на сябе перад гэтай фінальнай бітвай. Для іх лагічны ход – паказаць, што нехта з нас удзельны ў чымсьці вельмі дрэнным, у распаўсюдзе і гэтак далей. Таму мы імкнемся быць акуратнымі. Але палітычная сітуацыя ў Грузіі цяпер змяняецца вельмі хутка. Кажуць, можа быць, палітычны крызіс, прэм’ер-міністр можа пайсці. Калі тое адбудзецца, то для нас гэта будзе вельмі кепска. Калі цяперашняя сістэма пачне змяняцца, дык ім будзе не да нашых рэформаў. Так што для нас гэта крыху трагічная сітуацыя.
Як і чаму пратэстуюць за мяжой – румынскі рэжысёр і актывіст Андрэй Даскалеску распавядае пра лютаўскія пратэсты 2017-га, на якія выйшла 600 тыс. чалавек.
Тлумачым, што рабіць, калі тваіх блізкіх затрымалі падчас акцыі пратэсту.
Палітычны актывіст і музыка Мухамед Абу Хаджар – пра пратэсты ў Сірыі і пра музыку як форму актывізму.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (2)
У Грузіі такая сістэма створана, што ўсё тое, што яны робяць магчыма. Дэмакратыя называецца.
Крутыя чувакі. У нас усе такія рухі душацца на карню, нават самім навакольным грамадствам. Я маю на ўвазе гісторыю з арганізацыяй мам наркаспажыўцоў.