Гэтая вясна выдалася надзвычай бурлівай на пратэсты. Беларусы імкліва выказвалі незадавальненне дэкрэтам №3. Румыны змагаліся супраць пракарупцыйных законаў. Сербы таксама выйшлі на вуліцы, каб выказаць незадаволенасць сфальсіфікаванымі выбарамі. Гучыць знаёма? Чытай і натхняйся прыкладам «братоў-славянаў».
З кім гутарым?
Люба Слаўковіч – актывістка ўрбаністычнай арганізацыі Ne da(vi)mo Beograd. Назва арганізацыі – гульня словаў: гэта адначасова і «Не аддамо Бялград», і «Не дамо патануць Бялграду». Арганізацыя адыграла ключавую ролю ў арганізацыі сербскіх пратэстаў у красавіку 2017 года.
За што змагаюцца?
Галоўная прычына, якая вымусіла выйсці на вуліцы больш за 30 тысяч чалавек, – абранне прэзідэнтам Сербіі Аляксандара Вучыча. Яго параўноўваюць са Слабаданам Мілошэвічам – сербскім дыктатарам 90-х гадоў і абвінавачваюць у фальсіфікацыі выбараў. Спачатку галоўнымі ўдзельнікамі пратэстаў былі студэнты ўніверсітэтаў, а пасля да іх далучыліся паліцэйскія, армія, таксісты, юрысты, работнікі паштовых аддзяленняў і іншыя прафсаюзы. Патрабавалі незалежнасці СМІ, справядлівых выбараў і перш за ўсё – сыходу Вучыча.
– Ваша арганізацыя даўно вядомая ў Сербіі. Вы адныя з тых, хто актыўна адстойвае права грамадзянаў на горад. З чаго ўсё пачыналася?
– Мы пачалі пратэставаць яшчэ ў 2014 годзе – адразу як абвясцілі праект Belgrade Waterfront. Гэта праект па рэнавацыі амфітэатру Савы – закінутага кавалку зямлі ў Бялградзе.
Мы выступалі супраць гэтага праекта, бо бачылі, што з намі, жыхарамі Бялграда, мала хто кансультаваўся. Узнікае рэзоннае пытанне: наколькі чэсным было пагадненне паміж выканаўцамі праекта і гарадскімі ўладамі?
Па выніку мы сабраліся, каб супрацьстаяць здзелкам паміж сербскім кіраўніцтвам і патэнцыйнымі інвестарамі. Тады мы арганізавалі некалькі пратэстаў (падчас некаторых на вуліцы выйшла ажно 30 тысяч чалавек), падрыхтавалі сотні зваротаў у адміністрацыі і публікацыі ў медыя.
«Мы змагаемся за доўгатэрміновыя змены, а не за дзень рэвалюцыі, пасля якога мы можам зноў прачнуцца збянтэжанымі»
Мы ладзілі дэбаты, публічныя абмеркаванні і мерапрыемствы, падтрымлівалі іншыя падобныя ініцыятывы ў Сербіі. Важна, што мы здолелі прыцягнуць увагу цэнзураваных сербскіх медыя, і яны асвятлялі сітуацыю не з ангажаванага боку.
Усё пачалося пасля таго, як у межах праекта знеслі вуліцу Hercegovačka: уначы 25 красавіка 2016 года суполка ўзброеных людзей у балаклавах сабралася на вуліцы і проста знесла яе частку. Мы адразу ж адрэагавалі пратэстамі і апублічваннем – каб ва ўрада не было магчымасцяў «замяць» справу. Вось гэтыя ўсе падзеі і сталі падмуркам для разгортвання вясновых пратэстаў.
– Упершыню з 90-х на вуліцы ў Сербіі выйшла такая вялікая колькасць людзей. Што стала прычынай гэтых пратэстаў?
– Як я прыгадала раней, пратэстная актыўнасць у Бялградзе была моцнай з-за праекта Belgrade Waterfront.
А гэтым разам падставай для пратэстаў стаў Аляксандар Вучыч – колішні прэм’ер-міністр, які перавыбіраўся на пасаду прэзідэнта.
Калісьці ён быў у камандзе Мілошэвіча. Тады ён выступаў як упарты нацыяналіст і падтрымліваў ваенныя канфлікты ў 90-х. Зараз жа афіцыйна перабег у праеўрапейскі лагер. Але наогул сама сітуацыя з Belgrade Waterfront – добрае адлюстраванне сутнасці ягонага рэжыму.
Канкрэтна ўвесну нас узрушыла сфальсіфікаваная перамога Вучыча. Увогуле ўся сістэма скарумпаваная. Але пры гэтым я б не рызыкнула праводзіць наўпроставыя паралелі Вучыча з Мілошэвічам: кантэксты і метады розныя. Штосьці застаецца нязменным: напрыклад, цэнзура ў медыя.
«На плакатах некаторых пратэстоўцаў было напісана: “Разбураем дыктатуру, а не горад”»
Мы здолелі выцягнуць на вуліцы ад 2 да 30 тысяч людзей. Пратэставалі не толькі ў Бялградзе, але і ў іншых гарадах. Прычым усе пратэстоўцы былі рознымі людзьмі розных прафесій з розным бэкграўндам. На плакатах некаторых пратэстоўцаў было напісана: «Разбураем дыктатуру, а не горад». На кожным кроку гучалі крычалкі: «Хто не скача, той Вучыч» («Ko ne skače, taj je Vučić»). Па сутнасці, іх вывела на вуліцы адно – імкненне да дэмакратыі і законнасці.
– Як часта падобныя пратэсты адбываюцца ў Сербіі? Гэта ўвогуле звыклая справа – выказваць сваю незадаволенасць на вуліцах?
– Пратэсты ў Сербіі былі частай справай у 90-х. Але пасля рэвалюцыі 5 кастрычніка 2000 года [«Бульдозерная рэвалюцыя», ці Адстаўка Слабадана Мілошэвіча. – 34mag] яны спыніліся. 10 гадоў няспыннай барацьбы далі надзею, што мы дамагліся таго, што так доўга чакалі.
Чым больш часу праходзіла, тым больш мы разумелі: не шмат чаго змянілася. Мы па-ранейшаму жывём у краіне, сістэма якой разбураная. І, напэўна, разбураецца з кожным днём усё больш.
«Права на горад – палітычнае права»
Зараз цяжка выцягнуць людзей на вуліцы, паказаць, што іх голас мае моц, даказаць, што гэтыя крокі недарэмныя. Бо яны расчараваныя тым, што нічога не змянілася за 20 гадоў. Таму мы ад пачатку былі здзіўленыя, што ёсць людзі, у якіх хапае энергіі выйсці на вуліцы зноў.
У любым выпадку цяпер, у гэтай новай барацьбе, мы змагаемся за доўгатэрміновыя змены, а не за дзень рэвалюцыі, пасля якога мы можам зноў прачнуцца збянтэжанымі. Таму наша ініцыятыва імкнецца не проста арганізаваць пратэст, але і спрабуе рабіць змены: як маленькія, так і вялікія.
– Як атрымалася вывесці людзей на вуліцы?
– Пра нас ужо чулі пасля змаганняў супраць Belgrade Waterfront. За гэтыя тры гады людзі пачалі ў нас верыць і бачыць, што мы змагаемся за справу. Трэба ўлічваць, што грамадзянская супольнасць у Сербіі вельмі маладая. Мы сталі першай непалітычнай арганізацыяй, якая ўцягнулася ў палітычную барацьбу. Таму што права на горад – палітычнае права.
«На кожным кроку гучалі крычалкі: “Хто не скача, той Вучыч”»
– Як пратэсты асвятляліся ў медыя?
– Цяпер медыя ў Сербіі пад цэнзурай. Але тым не менш яны не здолелі маўчаць, калі ішлі пратэсты. Я лічу гэта вялікім поспехам.
У Бялградзе і Сербіі ўвогуле ёсць некалькі незалежных медыя, якія асвятляюць кожны наш крок. Міжнародныя медыя таксама зацікаўленыя ў тым, што робіць ініцыятыва апошнія два гады.
– Якія вынікі пратэстаў?
– Ёсць меркаванне, што пратэсты праваліліся. Але я з ім нязгодная. Так, нашы патрабаванні не выкананыя цалкам, але той жа кейс са зносам вуліцы Hercegovačka стаў вядомы на гарадскім, нацыянальным і нават сусветным узроўні.
Тая барацьба, якую мы вядзем вось ужо тры гады, паказала: добра арганізаваныя лакальныя акцыі могуць мабілізаваць людзей і прывесці да зменаў. Не так істотна, наколькі абмежаваны іх фокус, гэта заўжды прыводзіць да больш грунтоўных змяненняў.
«Не трэба спадзявацца на нейкія партыі ды інстытуты: яны ўжо даказалі, што няздольныя абараніць нашы інтарэсы»
Праз прафесійны падыход да вырашэння праблемаў, прамое дзеянне, няўрадавы падыход, нефармальныя зносіны без іерархіі і паспяховую адмову ад супрацоўніцтва з карумпаванымі асобамі мы намагаемся вярнуць грамадзянам веру ў сэнс і эфектыўнасць удзелу ў палітыцы.
Не трэба спадзявацца на нейкія партыі ды інстытуты: яны ўжо даказалі, што няздольныя абараніць нашы інтарэсы. Трэба спадзявацца на арганізацыю і найперш самаарганізацыю.
Фота з афіцыйнай суполкі FB
Як і чаму пратэстуюць за мяжой – румынскі рэжысёр і актывіст Андрэй Даскалеску распавядае пра лютаўскія пратэсты 2017-га, на якія выйшла 600 тыс. чалавек.
Аглядная інфаграфіка: як і дзе праходзілі мітынгі супраць Дэкрэта нумар 3.
Як мясцовыя жыхары ў Кіеве ператварылі пустку ў месца для прагулак.
Заснавальніца руху Марта Лемпарт – пра тое, як польскія пратэсты супраць забароны абортаў сталі паспяховымі.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.