Можна доўга прадзірацца праз мультымедыйнае пекла, каб нарэшце зразумець: фатаграфія – універсальная мова. У наступным выпуску Mediascape пытаемся ў беларускіх фатографаў і фатографак, наколькі візуальнае мастацтва здольнае змяніць свет (да лепшага, безумоўна).
Візуальны паварот перакуліў тэзіс «усё ёсць тэкст» на «ўсё ёсць вобраз». Мэсэдж не новы: фатаграфія – ужо мэйнстрым. Калі слова – гэта цвік, то фатаграфія – гэта такі малаток, які дапамагае данесці ідэю, зачапіць і дагрукацца. Візуал спажываецца і вырабляецца хутка, дамінуе ў медыя, транслюецца паўсюль у эпоху глабалізацыі.
Гісторыя ведае мноства прыкладаў, калі фатаграфія выбухала так, што скаланаўся ўвесь свет. Напрыклад, фотаздымак «Невядомага бунтара», зроблены Джэфам Уайднерам на плошчы Цяньаньмэнь у Кітаі, абляцеў увесь свет і быў ледзь не адзіным сапраўдным кадрам тых падзей на фоне тэлемантажу кітайскіх прапагандыстаў. Натуральна, не кожны фотаздымак мае такі выбуховы эфект, і гісторыя пераварочваецца рэдка. Аднак, калі ёсць грандыёзная ідэя, фатаграфія ператвараецца ў моцную зброю і для медыя, і для актывістаў.
Ніжэй – 8 беларускіх фатографаў і фатографак разважаюць пра тое, як іх праца змяняе рэальнасць і яе насельнікаў.
Матэрыял «“У 27 гадоў Арцём важыць як трохгадовае дзіця”. Чаму паўсотні сірот у менскім інтэрнаце не могуць набраць вагу?» з фотаздымкамі Аляксандра Васюковіча ў часопісе «Імёны» «падарваў» інтэрнэт. Гісторыя пра праблему ў доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця выплыла вонкі. Аказалася, што каля 50 дзяцей не маглі засвойваць звычайную ежу. Каб набіраць вагу, ім патрабавалася энтэральнае(лячэбнае) харчаванне. Усяго ўдалося сабраць 67 987 руб. Пасля публікацыі ўлады Менска таксама арганізавалі закупку харчавання за кошт бюджэту горада. Мы гутарылі з Аляксандрам і пра іншыя фотасерыі.
– У гэтай публікацыі фатаграфія грае вельмі важную ролю. На фотаздымках – тое, што звычайны чалавек проста не можа сабе ўявіць. Можна колькі заўгодна апісваць суадносіны масы цела, росту і ўзросту, але калі ты бачыш, як жахліва гэта выглядае ў рэчаіснасці, ты не можаш застацца абыякавым. Карцінка, як той казаў, вартая тысячы слоў.
Было шмат людзей, якія казалі, што нельга так паказваць людзей, таму што ў іх немагчыма спытаць дазволу. Але гэта той выпадак, калі трэба паказваць як ёсць, без прымяншэнняў.
Наогул людзі часта не хочуць бачыць тое, што ім не падабаецца, і любяць прыкрывацца мараллю, этыкай і падобнымі рэчамі. Але мая праца – зачапіць гледача за жывое, каб ён гэта адчуў і прапусціў праз сябе, пачаў абурацца той сітуацыяй, пра якую я расказваю. І вось у такіх выпадках, калі ты распавядаеш пра тое, што большасць не бачыла і, напэўна, не хацела б бачыць, фатаграфія або відэа – гэта лепшы сродак.
547 дзён – тэрмін у паўтара года, які абавязаны праслужыць у Беларусі кожны здаровы мужчына ва ўзросце да 27 гадоў. Ваенная служба ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца абавязковай. Некаторыя разглядаюць яе як марнаванне часу, іншыя – як грамадзянскі абавязак. Па сваім укладзе яна захавала тую форму, якая існавала ў савецкія часы. З 2009-га па 2011-ы Сяргей Гудзілін праходзіў тэрміновую ваенную службу і здымаў унутраны армейскі побыт і салдацкія будні. Гэта і пераўтварылася ў фотапраект «547 дзён».
– З праектам «547 дзён» я фактычна і прыйшоў у фотажурналістыку (да гэтага ў асноўным здымаў спорт): атрымаў гран-пры «Прэс-фота Беларусі-2011», пачаў працу ў «Нашай Ніве».
Якасны паказчык для фатографа – калі праекты працуюць на яго імя: яго заўважаюць рэдакцыі СМІ, куратары, крытыкі. Калі ідуць другасныя продажы здымкаў – гэта нармальны і лагічны працэс. Можна гучна казаць, што з гэтым праектам я зарабіў сабе імя, але тут шмат фактараў. Я паказаў тое, чаго не было бачна: вайсковы побыт, унутраны мікраклімат мужчынскага калектыву. Гэта быў такі прамы расповед. Класічная форма журналістыкі: расказваць адным пра тое, як жывуць іншыя. Пасля была сітуацыя з прызнаннем альбома «Прэс-фота Беларусі – 2011» экстрэмісцкім, і мой здымак, які быў на вокладцы, стаў нейкім сімвалам гэтага працэсу. З гэтым праектам атрымалася ўсё неяк натуральна і так, як павінна быць: ён быў апублікаваны, паказаны на выставах, паўплываў на мяне, на іншых людзей (прывітанне ашмянскай мытні!), а цяпер ідзе праца над яго кніжнай версіяй.
Фатаграфія – гэта іншы голас і свая мова камунікацыі. І яна размаўляе з гледачом эквівалентна тэксту, відэа ці музыцы. Проста яе медыум іншы. Што да праблем і рашэнняў, то тут варта разумець прынцыпы камунікацыі і спажывання інфармацыі ў сучасным свеце. У фота заўсёды ёсць аўтар – чалавек, які паказвае і гаворыць тое, што яму важна. І гэта асноўная моц фота – момант рэчаіснасці ці факт вачыма чалавека (пакінем, вядома, у дужках усё тое, што гэтым не з’яўляецца: фэйкі, прапаганда і фоташоп).
Максім Сарычаў рабіў фатаграфіі для рэпартажу «Медузы» «“Калі вернецеся, мы вас заб'ем” Ілля Азар – пра тое, як сотні чачэнцаў спрабуюць уцячы ў Еўропу праз Берасце». У матэрыяле распавядаецца пра сотні ўцекачоў з Паўночнага Каўказа, якія знаходзяцца ў Берасце і спрабуюць перабрацца ў Польшчу. У тэксце – маналогі людзей, якія сутыкнуліся з пераследамі з боку чачэнскіх уладаў. Дарэчы, на гэтым тыдні адчыняецца выстава Максіма «Сляпая зона» – праект, у якім ён даследуе гвалт як інструмент улады дзеля кантралявання сацыяльнага асяродку. Хайлі рэкамендэд!
– Фатаграфія, як і журналістыка, здольная нешта змяняць толькі пры існаванні здаровай грамадзянскай супольнасці, калі людзі ўсведамляюць сваю сілу і магчымасць уплываць на сацыяльнае і палітычнае асяроддзе. І ўсё роўна, якім чынам: калектыўным зборам грошай, акцыямі прамога дзеяння або праявай салідарнасці.
Рэдка калі атрымліваецца адным праектам нешта змяніць. Часцей для гэтага патрабуюцца час і намаганні многіх людзей. Так цяпер развіваецца гісторыя з міграцыйным крызісам на мяжы Беларусі і Польшчы. Праваабаронцы, актывісты і журналісты прымусілі Польшчу змяніць працэдуру прыёму заявак на палітычны прытулак. На гэта сышло паўгода. Складана прадказаць, ці дапаможа гэта ўцекачам. Але відавочна, што прыцягненне ўвагі да тэмы вымусіла ўлады Польшчы праявіць павагу да тых, у каго няма шэнгенскай візы, і перастаць ігнараваць праблему.
«Бывай, Радзіма!» – фотапраект і, па сутнасці, даследаванне таго, як у афіцыйным дыскурсе канструюецца сучасная калектыўная памяць пра Другую сусветную вайну ў Беларусі.
– Я рабіў праект «Бывай, Радзіма!», каб самому сабе адказаць на пытанне, чаму я не разумею пафасу беларускіх святаў, звязаных з перамогай, і пафасу перамогі ў Другой сусветнай вайне. Гэта звязана з гісторыяй маёй сям’і і з вялікай колькасцю людзей, якія аказаліся ніяк не ўпісанымі ў гэтую велізарную, манументальную, афіцыйную гісторыю. Паводле яе, існуюць добрыя беларусы, на якіх напалі дрэнныя немцы, а пасля добрыя беларускія партызаны перамаглі: «Гэтыя напалі, гэтыя адступілі», «тут узарвалі, тут абрабавалі». Але ўсё не так проста. Нідзе няма голасу чалавека, які кажа: «Я страціў. Мне было цяжка. Я зрабіў такі выбар». Мой праект, як і працы незалежных гісторыкаў, стварае кантэкст для дыялогу ў грамадстве на гэтую тэму, якога раней не існавала ў Беларусі.
Наогул мастацтва выконвае мноства розных функцый. Яно можа быць і пратэстным, і крытычным. Пры гэтым трэба зыходзіць не ад нейкага тэарэтычнага, неіснуючага мастацтва, а ад канкрэтнага чалавека, які хоча нешта змяніць і для гэтага выкарыстоўвае фатаграфію як прыкладны інструмент. Фотажурналістыка выкарыстоўвае выяву канкрэтнага чалавека, канкрэтнай праблемы альбо канкрэтнай краіны ці рэгіёна. У фотажурналістыцы фатаграфія можа дапамагаць канкрэтным людзям: змяняць іх лёсы, вырашаць пытанні гуманітарнай дапамогі або прыцягваць увагу пэўнага грамадства, якое дапаможа вырашыць гэтую праблему. Памятайце пра гэта!
«Mobile Lifestyle» – фотапраект творчага дуэта Яўгена Канаплёва і Юлі Лейдзік пра актыўных і модных пенсіянераў. Праект заняў першае месца ў міжнародным конкурсе Golden Belarus, які арганізоўвае «Альфа-банк». Галоўныя героі фотасэту – 80-гадовы Андрэй Паўлавіч Караленка і 76-гадовая Маргарыта Цімафееўна Машкатова.
– Адна з галоўных праблем у сучасным свеце – гэта недахоп увагі да чалавека. У Еўропе цяпер бум на старых людзей, адсутнічае ўзроставая мяжа, а ў нашым медыяполі – толькі маленькія крупінкі ўвагі да старых людзей. Праблема ў тым, што людзі ва ўзросце часта пакутуюць ад дэпрэсіі, многія ставяць на сабе крыж, сумуюць ад таго, што раз'ехаліся дзеці, і не ведаюць, што рабіць далей.
Маргарыта Цімафееўна ўсё жыццё імкнулася да таго, каб стаць зоркай, і нарэшце цяпер з ёй гэта адбылося. Нашых мадэляў пачалі запрашаць зняцца ў рэкламе, у іх з'явіўся заробак. Андрэй Паўлавіч змог аплаціць слыхавы апарат, які каштуе як тры пенсіі.
Гэты праект – як яскравая ўспышка, калі можна зірнуць на жыццё з іншага боку і акунуцца ў новыя жыццёвыя прыгоды. Для людзей сталага ўзросту гэта вельмі класна. І нават для будучага пакалення гэта нагода трошкі шырэй паглядзець на свет. Цяпер нам прыходзяць лісты ад многіх людзей рознага ўзросту, дзе гаворыцца пра тое, што гэты праект для іх – матыватар: натхняе на жыццё і ратуе ад дэпрэсіі.
«Асяроддзе пражывання: у цемры» – дакументальны фотапраект пра жыццё невідушчых людзей у Беларусі. Гісторыі Сашы Еўдакімава, Даніка і Сашы Жыдовіча, рэальнае жыццё якіх часта застаецца ў цяні. У Беларусі людзі з інваліднасцю па зроку сапраўды дагэтуль застаюцца адной з самых неабароненых груп насельніцтва.
– Рэакцыі на фатаграфіі з серыі «Асяроддзе пражывання: у цемры» былі вельмі розныя: ад слёз і рэальнай матэрыяльнай дапамогі героям да пытанняў у духу: «А навошта гэта глядзець? А якая твая выгада ад гэтых фатаграфій?» Калі я стала здымаць невідушчых, то не ведала, чым жывуць гэтыя людзі, як праходзіць іх дзень, дзе яны працуюць. У нейкі момант прыйшло разуменне, што адказ на гэтыя пытанні не ведае вялікая колькасць людзей і, хутчэй за ўсё, і не даведаецца, калі пра гэта не раскажуць.
Некаторы час я думала, што ўсе мае героі няшчасныя праз сваю інваліднасць, а я раблю вялікую справу, паказваючы несправядлівасць, якая чакае іх на кожным кроку. Але калі адздымалі n-ую катушку стужкі, прыйшло ўсведамленне, што гэта ні ў якім разе не чарговая серыя аб няшчасных людзях з інваліднасцю. Гэта гісторыі пра незламаную сілу волі, дабрыню і любоў, якую мы прывыклі бачыць у іншых формах і абліччах. Не ведаю, ці дапамагаюць мае фатаграфіі «выйсці на свет невідушчым беларусам», але я шчыра веру, што мае фатаграфіі нагадаюць тым, хто на іх глядзіць, што права на шчасце і самарэалізацыю мае кожны. Незалежна ад таго, бачыць чалавек узыход сонца або толькі адчувае яго цеплыню на сваім твары.
«Партрэт з гісторыяй» – гэта серыя партрэтаў людзей, якія распавялі Аляксандру «звычайна-чароўна-дзіўную» гісторыю. Фатограф хацеў пабачыць людзей, з якімі нешта здаралася.
– Я не ўпэўнены, што праект «Партрэт з гісторыяй» моцна памяняў свет. Ён памяняў у першую чаргу нешта ўва мне. Калі я частка свету, то ўсё атрымалася. У гэтым праекце не было хвацка закручанай ідэі і канцэпцыі. Як гэта банальна: я проста рабіў тое, што мне цікава, і раптам гэта стала важна не мне аднаму. Зімой, калі было холадна і па вуліцах не пагуляеш, а моладзь сядзіць па хатах, я пачаў здымаць праект «Партрэт з гісторыяй». У сацыяльных сетках я прапанаваў людзям рабіць іх партрэты ў абмен на рэальныя гісторыі з іх жыцця. Ідэя, вядома, не новая. Я падгледзеў яе ў The New York Times – там публікуецца праект «Адзін з 8 мільёнаў».
Я не думаў, што мой праект будзе дзесьці надрукаваны. Я пражыў з ім год без пагоні за выставай або публікацыяй. Напэўна, так сябе адчувае сёрфер: ён стаіць на хвалі, і яна нясе яго наперад. Я думаў, што далей ЖЖ гэта ўсё не пойдзе, але потым гэтыя карткі трапілі на выставу ў Краcнадар у фінал конкурсу The Face. З'явілася інтэрв'ю для Znyata, хтосьці раіў зрабіць выставу ў Менску. Наперадзе яшчэ было некалькі гісторый, але хваля знікла.
Але не гэта галоўнае: я думаў, што ў мяне няма гісторыі, і з усімі людзьмі нешта здараецца, але ніяк не са мной. А да канца 2011 года я напісаў сваю гісторыю. Так, і водгукаў на гэты праект было больш за ўсё.
«Вось ваш дакумент» – серыя фотаздымкаў-сканаў пацалункаў двух хлопцаў або двух дзяўчат: размытыя рысы твару, сплясканыя шчокі – гэта як спроба запіхнуць свае адносіны ў такую форму, каб іх убачыла халодная машына бюракратыі, зрабіць са сваіх стасункаў дакумент. Гэта сацыяльны праект, накіраваны на тое, каб прыцягнуць увагу да пытання легалізацыі аднаполых шлюбаў.
– Калі я стварала фотапраект «Вось ваш дакумент», то, вядома, не будавала ілюзій, што ён пераверне свет ці прывядзе да легалізацыі аднаполых шлюбаў у Беларусі ці Літве. Аднак праект у выніку атрымаў значна большыя распаўсюджванне і цікавасць, чым я чакала. Пра яго выйшлі дзве публікацыі на сайце праекта MAKEOUT і публікацыя ў фотачасопісе «Volume». Да таго ж была куча водгукаў ад удзельнікаў, якія падзяліліся публікацыяй. Калі казаць больш прыземлена, то часта потым пры знаёмстве (або проста людзі падыходзілі) мне казалі: «А, ты Аліна Мішына? Гэта твой праект са сканамі пацалункаў? Клас, малайчына! Працягвай рабіць тое, што робіш!»
Вядома, да легалізацыі шлюбаў гэта не прывяло, але людзі ўбачылі, ім спадабалася, яны запомнілі і нават крыху пагаварылі пра гэта. І буду думаць аптымістычна: гэта ўжо маленькі крок наперад.
Інга Ліндарэнка
даследчыца візуальнай культуры
– Праваабарончыя, дабрачынныя і сацыяльныя арганізацыі часта выкарыстоўваюць фатаграфію, каб прыцягнуць увагу да сваёй працы. Правільна выбранае візуальнае паведамленне – вельмі эфектыўны метад камунікацыі. Гэта звязана з тым, што фатаграфіі лёгка абмінаюць геаграфічныя, культурныя і інстытуцыйныя межы ў глабалізаваным свеце. Фатаграфію не трэба перакладаць з адной мовы на іншую.
Фатаграфія часта ўспрымаецца як абсалютна праўдзівы доказ існавання праблемы, да якой прыцягваецца ўвага. Тэкст у гэтым плане яўна слабейшы.
Таксама фатаграфія вырашае не толькі вузкую задачу канкрэтнага праекта, але і працягвае існаваць у медыяпрасторы і прасоўваць свае мэты. Малюнкі ў медыя нясуць пэўны ідэалагічны мэсэдж, які паведамляе пра «правільныя» або «сацыяльна адобраныя» паводзіны.
У той жа час сучасная крытыка ў галіне медыякамунікацый акцэнтуе ўвагу на тым, што ўразлівасць людзей дэпалітызуецца і ператвараецца ў тавар на медыярынку. Драматычныя фотасюжэты, якія выклікаюць суперажыванне, могуць выкарыстоўваюцца для стварэння відовішчных медыйных спектакляў. Аднак візуальныя сюжэты, якія «выбіваюць слязу», далёка не заўсёды вырашаюць прычыны пакут адлюстраваных суб'ектаў або вырашаюць праблемы кропкава, а не сістэмна.
Арганізацыі, якая выкарыстоўвае фатаграфію як інструмент у сваіх камунікацыях, варта ў першую чаргу памятаць пра мэты і задачы гэтай камунікацыі, але пры гэтым улічваць усе тонкасці, звязаныя з перадачай выяваў.
Фотарэпарцёр Аляксандр Васюковіч, аўтар нашумелых праектаў «Фота на памяць» і «Кожная трэцяя», распавядае гісторыю стварэння сваіх лепшых здымкаў.
Фотасправаздача з галоўнай фотавыставы сезону – World Press Photo, што адкрылася ў Менску ўчора. Ісці абавязкова!
У новай рубрыцы Mediascape разбіраемся, як напісаць першакласны прэс-рэліз, каб ад яго майточкі змакрэлі.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.