Мастак Павел Булва: «Гэтаму свету чужое ўсё, што мне важна»
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 27.04.2021
- 3939
Нядаўна ў Менску прайшлі дзве выставы Паўла Булвы. На персанальнай «Рэтраспектыве» ў РТБД мастак упершыню прадставіў гледачу 75 карцін, напісаныя за 10 гадоў працы. У НЦСМ на Някрасава Павел выставіў сваю графіку ў рамках праекта «Альтэрнатыва» – у ім удзельнічалі некалькі мастакоў і куратараў.
У сваіх творах Павел Булва, які раней выступаў пад псеўданімам Control Terminus, зараз – Momordica Charantia, часта абапіраецца на рэлігійныя і міфалагічныя сюжэты, але ніколі не ілюструе іх літаральна. Святыя тэксты, Біблія – гэта сыравіна, з дапамогай якой мастак стварае патрэбныя вобразы і транслюе сваё філасофскае выказванне ў канцэнтраванай форме. Пры гэтым Павел упэўнены, што з такой сыравіны з'яўляюцца творы, здольныя расказаць важнае пра сучаснага чалавека – калі той, вядома, захоча гэта пачуць. Кантрыб'ютарка 34mag Яўгенія Барысевіч сустрэлася з Паўлам у яго майстэрні, каб пагаварыць пра мову твораў, жывапіс у цэлым, сацыяльнае мастацтва. І мімалётам пафатаграфаваць яго на стужку.
Пра тое, чаму не выстаўляўся раней
– Цяжка выставіцца. Калі гэта галерэя, то яна арыентаваная на рэалізацыю, а я не хацеў прадаваць працы. Мне проста хацелася іх паказаць. Потым я ўжо і на продаж быў гатовы, але, мабыць, мае работы нейкія «змрочныя» – звычайна так кажуць.
Я на працягу дзесяці гадоў падаваў заяўкі ўсюды, але нікому гэта не было цікава. Напрыклад, на «Восеньскім салоне» ў Палацы мастацтва ўжо выставілі ўсіх, з кім я вучыўся, і нават тых, хто наогул ніякага дачынення да мастацтва не мае. Але вось у мяне неяк не складвалася, і я перастаў гэтым займацца.
Выстава на Крапоткіна – ініцыятыва майго сябра. А ў НЦСМ я падаваў заяўку яшчэ два гады таму. Тады мне хацелася гаварыць з гледачом і даносіць нейкія думкі і ідэі. Цяпер дэманстрацыя работ мне больш не важная.
«Калі суаднесці міф з рэальнасцю, тое, што адбываецца цяпер, і гісторыю чалавека як віду – усё гэта ўжо адбывалася»
Пра мову работ
– Я спрабую гаварыць з гледачом на мове архетыпаў, якая будзе зразумелая і праз 200 гадоў. Старажытныя сюжэты ўвесь час актуальныя, але сучасны глядач адразае сябе ад сваёй культурнай матрыцы, ад усяго, што вы назавяце архетыпам. Ён лічыць, што да яго гэта ўсё не мае дачынення: «З'явіўся новы смартфон, а Тэсей мяне не тычыцца». А я акрамя таго, што кажу, што тычыцца, дык яшчэ і спрабую гэтую фабулу агучыць інакш. Не памятаю, каб такія сюжэты з гэтага боку вырашаліся.
Я спрабую бачыць гэты паўтаральны цыкл і гаварыць пра яго. Калі паразважаць, суаднесці адно з адным, міф з рэальнасцю, тое, што адбываецца цяпер, і гісторыю чалавека як віду, – усё гэта ўжо адбывалася. Можа, варта вынесці з гэтага нейкія ўрокі, не паўтараць адно і тое ж? На сваіх памылках толькі дурні вучацца.
Тое, што агучваецца ў апошні час як праблемы, – гэта ўжо больш, чым абмеркаванне корму або ануч, але ёсць значна больш сур'ёзныя пытанні для кожнага з нас як для асобы, якая мае душу.
«Маляваць бчб-сцяг стане модным у 2020 годзе, а да гэтага на выставах будуць вісець рамонкі і бярозкі»
Пра тое, што будзе, калі ўсюды прымалёўваць бчб
«У працы мяне заўсёды цікавілі толькі архетыпы, зборныя вобразы герояў і фабула монаміфа, а не ілюстраванне празаічных або рытуальных тэкстаў або рэакцыя на палітычныя і сацыяльныя здарэнні» [з маніфесту да выставы «Seul contre tous»].
– Палітычнае здарэнне вузейшае за архетып. Напрыклад, «Герніка» Пікаса – гэта не ілюстраванне гістарычнай падзеі. Гэтая карціна не пра бамбаванне іспанскага горада, у якім Пікаса нават ніколі не быў. Яна – пра любую вайну, пра гвалт сам па сабе. Я ў гэтым магу бачыць Крым або Афганістан – увогуле тое, што не павінна адбывацца.
Са з'яўленнем фотаапарата неабходнасць дакладнай фіксацыі адпала. Калі вы будзеце дамалёўваць бел-чырвона-белы сцяг да кожнага вобраза на палатне, ад гэтага карціна лепшай не стане. Аўтару трэба паспрабаваць усё, што ён з гэтай нагоды адчувае і хоча сказаць, заключыць у працу на якіх хочаце узроўнях: эмацыйных, містычных. А размалёўваць усё бел-чырвона-белай палоскай – жывапіс не пра гэта. Магчыма, пра гэта дызайн, плакат, стрыт-арт, нейкія прыкладныя рэчы.
Серыя работ з выставы на Някрасава была зробленая 10 гадоў таму. Яна актуальная цяпер, магчыма, будзе актуальная заўсёды, але для мяне гэты вопыт перажыты. Тады ў палітычным і сацыяльным аспекце адбывалася ўсё тое ж самае. Нічога не памянялася. Але маляваць бчб-сцяг стане модным у 2020 годзе, а да гэтага на выставах будуць вісець рамонкі і бярозкі.
Мастак павінен гаварыць: «Рабяты, нешта не тое адбываецца», – калі гэта адбываецца, а не праз 20 гадоў.
Пра тое, навошта патрэбны жывапіс…
– Калі я прыходжу на менскія выставы, у мяне адчуванне, што мы з аўтарамі жывём у паралельных сусветах. Як быццам я бачу адзін горад, адных людзей, у мяне адны навіны ў тэлефоне, а ў гэтых мастакоў зусім іншыя навіновыя стужкі, іншыя людзі, іншы горад. Я не магу пранікнуць у іх працы, наогул не разумею, чаму я павінен пайсці і паглядзець.
Дэкаратыўна-салонны жывапіс да мастацтва дачынення не мае. Да мастацтва мае дачыненне выказванне філасофскае, хай нават зробленае няўмела, але шчыра.
Жывапіс павінен даваць вам нейкі выключны вопыт. Вы падыходзіце да карціны, і тое, што вы там бачыце, не падобнае ні да чаго больш. Напісаная кветачка, але, гледзячы на яе, вы адчуваеце тое, што ад жывой не адчувалі ніколі.
У чым сэнс? У маляўнічай паверхні, яе фактуры, тактыльнасці. У добрага жывапісу маляўнічая паверхня абстрактная. Зблізку гэта абсалютнае месіва фарбы, але здалёк гэта можа ператварацца і ў фотарэалізм. Як Веласкес: вы глядзіце на адлегласці – ну гэта проста фатаграфія. А падыходзіце – там нічога няма, гэта проста каша. У гэтым сэнс: мастак бярэ пэндзаль, адным рухам трапляе ў патрэбны колер, патрэбны тон, у адзін рух – і нараджаецца вобраз. Ён не сядзеў і не гладзіў, не будаваў, не змалёўваў. Бо гэтае прасаванне мёртвае. Рэч у гэтай дакладнасці, у гэтай грубасці.
…і пра тое, як жывапіс разумець
– Любая праца аналізуецца і ацэньваецца на некалькіх узроўнях. Самы даступны – эмацыйны ўзровень. Захапленне гэта ці не? Адчуваеце вы штось ці не?
Рацыянальны-прафесійны. Напрыклад, праца мяне не чапляе, яна пустая, але выкананая прафесійна майстрам-жывапісцам. Напрыклад, працы Рубенса. Яны ўвесь час на міфалагічныя ці рэлігійныя сюжэты, але гэта ніколі не філасофія. Гэта такі «порнахаб» таго часу. У Рубенса проста высокі клас жывапісу, але шукаць там глыбінныя сэнсы – глупства.
Візуальна-вобразны ўзровень: ці стварае мастак вобразы? І наогул ці можа ён стварыць вобраз, што гэта за вобраз, што наогул такое «вобраз»? Малюючы партрэт жонкі, мастак адлюстроўвае толькі сваю жонку ці кожны зможа ўбачыць у гэтым сваю жонку?
Параўнальны: паказаная ў карціне тэма вырашалася кімсьці яшчэ? Ці вырашалася яна ў гэтым пакаленні, у гэтым горадзе, у гэтай краіне, за апошнія 100, 150, 1000 гадоў, за ўсю гісторыю? Калі так, то ці дадае аўтар нешта да ўжо сказанага або пераасэнсоўвае?
Гэта яшчэ не ўсе ўзроўні. Але на кожным з іх вам трэба ўсё больш і больш прафесійных ведаў. Аналізуючы, вы можаце прыйсці да таго, што менавіта вам паказваюць.
«Я пішу не дзякуючы грамадскім запытам, але насуперак – і гэта таксама інструмент»
Пра кантэкст і пакліканне
– Я хачу дасягнуць таго, каб кантэкст не быў важны, каб вам не трэба было разумець, што гэта на персанажа надзетае, чаго ён так сядзіць. Хацелася б эмацыйнай сінергічнасці, каб вы ўключаліся нават без бэкграўнду.
А гаворачы пра кантэкст, у якім жыве аўтар, я не думаю, што яго можна пазбегнуць. Колькі б я ні казаў вам, што мне напляваць на палітычныя дэвіяцыі сучаснасці, гэта ўсё роўна на мяне ўплывае. Напэўна, калі я буду маляваць галінку або пялёстачкі, то баюся, што дзесьці ўнутры гэтай галінкі або пялёстачкаў усё роўна будуць павешаныя.
Жывапіс – гэта пакліканне. Я нават не ўяўляю, як можна інакш. Нягледзячы на тое, што колькасць сіл і выдаткаванай энергіі неадэкватная фідбэку. Але адкуль браць энергію? Павінна быць нейкая матывацыя, а сучасны свет мяне дакладна не матывуе.
Атрымліваецца, што я пішу не дзякуючы грамадскім запытам, але насуперак – і гэта таксама інструмент. Магло быць і дзякуючы, але хто ведае, якое б яно тады было. Можа, наогул не было б.
Пра чужы свет
– Маім выхаваннем займаўся мой дзед – ён быццам рыхтаваў мяне для свету, які знік яшчэ да таго, як я з'явіўся. Гэтаму свету чужое ўсё, што мне важна.
У цэнтры нашай культуры цяпер эга – сам чалавек і яго праблемы. Гэтая сітуацыя склалася і пагоршылася на працягу апошніх 200 гадоў. Да гэтага грамадства было тэацэнтрычнае, стрыжнем такога грамадства было сакральнае жыццё.
Вазьміце якую-небудзь вялікую традыцыю, вялікую культуру мінулага. Яна выказвае канцэнтрацыю сваіх філасофскіх і рэлігійных пошукаў і заключае яе ў нейкую новую выключную, характэрную толькі для яе форму. Маё пакаленне нічога не фармулюе. Я гляджу на гэта ўсё: і гэта адрыжка пенай – як у маленькага дзіцяці, у якога кішэчнік яшчэ не сфармаваўся. Гэта нават не ваніты, таму што ваніты – гэта ўжо нешта: неперастрававаная ежа, але ежа.
Ніхто ні пра што не кажа. Стаўленне да ведаў – пагардлівае. Кожны чуе толькі самога сябе і, здаецца, ужо не здольны бачыць у іншым чалавека. Я рады, што хоць нейкі дыскурс апошнім часам з'явіўся. Гэта ўжо важней за асабістыя праблемы. Людзі хоць бы ўжо па баках паглядзелі, што ёсць асяроддзе, нешта адбываецца. Але я баюся, што прычына ў гэтым усё роўна эгаістычная. Калі ўсё скончыцца, як усім здаецца – у лепшы бок, праз 10-20 гадоў усё апусціцца яшчэ ніжэй.
«Маё пакаленне нічога не фармулюе. Я гляджу на гэта ўсё – і гэта адрыжка пенай»
Пра любоў да людзей і мастака, які ўмеў любіць
– Я з апошніх сіл спрабую любіць людзей, але мне вельмі цяжка. Мастак павінен быць абсалютным міратворцам, павінен аб'ядноўваць людзей. Раз'яднанасці, на мой погляд, дастаткова.
Напрыклад, Ізраіль Басаў. Калі б я мог, то каву б яму па раніцах варыў і фарбы размешваў. Наогул не ўяўляю, якога маштабу яго асоба. У працах Басава, асабліва апошніх, такое святло, такое супакаенне. Абсалютна дзярмовае жыццё: хутка памрэш, пару дзён табе, напэўна, засталося, у цябе наогул нічога не атрымалася, адны няўдачы. Але якія светлыя твае апошнія працы. Ты такой любоўю да людзей напоўнены. Да людзей, якія цябе не прымалі, усяляк табе шкодзілі і зрабілі, напэўна, усё, каб «цябе ніколі тут не было». Але ты не стаў цынікам, не стаў людзей ненавідзець, а, наадварот, ачысціўся цалкам і сцвярджаеш гэтую дабрыню.
Басаў не проста змог палюбіць людзей, а пранёс гэта праз жыццё. А жыццё ў яго было відавочна складанейшае за маё. Мне яшчэ 30 няма, а мне ўжо цяжка любіць людзей, мне ўжо цяжка ім служыць. А Басаў здолеў.
Пра шчырасць
– Я вельмі шчыра стараюся з вамі гаварыць, падбіраю словы, каб вы мяне зразумелі. Але я ўсё роўна быццам бы прыхлушваю, абдумваю, тыя ці гэта словы, ці мае гэта словы або я гэта прачытаў дзесьці, можа, я хачу здавацца больш разумным, чым ёсць насамрэч.
З малюнкам не так. Вы бераце аловак – і ён заўсёды паказвае вас: як вы яго трымалі, як націснулі, наколькі моцна ці наадварот слаба, які ў вас быў настрой. Ён усё запісвае, фіксуе, дакументуе. Вы ніколі схлусіць не можаце – гэта ўсё вашы рухі, тое, як вы дакрануліся. Словы недакладныя і занадта неіндывідуальныя, малявання павінна быць дастаткова.
Фота: Яўгенія Барысевіч