Размовы пра крэатыўныя індустрыі ўзнікаюць то тут, то там – гэтак жа, як і самі крэатыўныя індустрыі. Звычайна кажуць пра эканамічныя дывідэнды, якія прыносяць юркія стартапы, заснаваныя на творчым мысленні. Мы ж пагаворым пра здольнасць крэатыўнага мыслення змяняць гарадскую прастору, ператвараць яе ў агромністую гульнявую пляцоўку. Сёння на старонках 34mag – музычная прамоўтарка, дырэктарка шоукейс-фестывалю Tallinn Music Week Хелен Сілдна.
Хелен Сілдна, 39 гадоў.
Працуе ў музычнай індустрыі з 2000 года. У 2009-м стварыла ўласную кампанію Musiccase, якая арганізоўвала канцэрты Морысі, Паці Сміт, Air, Sigur Ros. У тым жа 2009-м Хелен заснавала шоукейс-фестываль Tallinn Music Week, які стаў адным з самых буйных гарадскіх фестываляў у Паўночна-Балтыйскім рэгіёне. Чалец «мазгавога цэнтру» былога прэзідэнта Эстоніі Тоамаса Хендрыка Ілвеса. У 2015-м Хелен атрымала званне «Грамадзянка года» Эстоніі, а ў 2016-м была ўзнагароджана ордэнам Белай Зоркі IV класа за ўклад у развіццё эстонскай музыкі і грамадзянскай супольнасці. Цяпер разам з камандай рыхтуе дзявятую эдыцыю Tallinn Music Week 2017.
Хелен, на якім этапе падрыхтоўкі зараз знаходзіцца фестываль? І якія новыя класныя фішкі можна чакаць на TMW у 2017 годзе?
Якраз у мінулы чацвер мы правялі афіцыйную імпрэзу, на якой анансавалі 237 бэндаў, артыстаў і музычных ансамбляў, што выступяць на TMW у 2017-м. Гэта быў першы вялікі дэдлайн, калі мы завяршылі гіганцкую працу па ўзгадненні ўсіх дэталей музычнай праграмы, а таксама дамовіліся з асноўнымі пляцоўкамі і партнёрамі. Цяпер мы безупынна працуем над канферэнцыяй і лекцыйнай часткай, над канцэптам нашай фестывальнай прасторы, камунікуем з міжнароднымі гасцямі і прэсай, займаемся маркетынгам. Многае яшчэ трэба зрабіць.
Сам фестываль – гэта тыднёвае святкаванне мастацтва і творчасці, якое ахоплівае ўвесь Талін і таму ўключае ў сябе шмат дэталей і праграмных частак. На фэсце прадстаўлены ўсе музычныя жанры: ад сучаснай класікі і этнікі да джазу, хіп-хопу і авангарду. Сёлета мы рыхтуем сапраўдную сенсацыю: 24-гадзінны рэйв у павільёне савецкай чыгуначнай станцыі. Пляцоўкі сапраўды разнастайныя: ад старых прыгожых тэатраў да ўтульных кавярань, падвальных бараў, дызайнерскіх крам, прамысловых будынкаў і нават закінутых гаражоў – студэнты-дызайнеры ператварылі іх у часовыя бары з жывой музыкай.
Акрамя музыкі, наведнікаў чакае двухдзённая канферэнцыя Creative Impact, на якой будуць абмяркоўвацца тэмы ад штучнага інтэлекту да індустрый будучыні; рэстаранная праграма са стравамі ад самых таленавітых кухараў Таліна і хатнімі абедамі; вялікая праграма арту і дызайну, урбаністычныя праекты і адкрытыя сцэны ў парках і ўнутраных дворыках. Сёлета фестываль размесціцца амаль на 100 лакацыях і адкрытых пляцоўках, якія з кожным годам прымаюць усё больш гасцей. Летась яго наведала 35 тыс. чалавек.
Зручна, што цэнтр Таліна займае невялікую плошчу, таму фестывальныя кропкі знаходзяцца паміж сабой у крокавай даступнасці. Тысячы шчаслівых людзей, якія перасоўваюцца па горадзе, ствараюць насамрэч асаблівую атмасферу. Сустрэць старых ці новых сяброў з усяго свету на рагу вуліцы і высветліць разам, што рабіць далей, – такое адчуванне, быццам на адзін доўгі ўік-энд увесь горад пераўтвараецца ў агромністую гульнявую пляцоўку. І неўзабаве мы не заўважаем, як самі пачынаем рабіць глупствы, ператвараючы праз арт-праекты і інсталяцыі закінутыя будынкі і пустыя часткі горада ў вясёлыя фестывальныя пляцоўкі. Вяртаючы горад грамадзянам, пачуваешся ў ім добра.
«Сёлета мы рыхтуем сапраўдную сенсацыю: 24-гадзінны рэйв у павільёне савецкай чыгуначнай станцыі»
Акрамя фану, мы таксама любім абмяркоўваць сур’ёзныя і важныя тэмы. Мы разумеем, што фестываль становіцца карысным камунікацыйным інструментам, таму ўсё болей і болей задумваемся, якімі каштоўнасцямі мы дзелімся. Разнастайнасць, роўнасць і свабода самавыяўлення заўжды былі часткай нашых дыскусій, сёлета мы вырашылі сур’ёзна ўзяцца за тэмы, звязаныя з устойлівым развіццём: дасведчанасць аб адказным спажыванні і пашырэнне магчымасцей для большай колькасці людзей. Мы сапраўды думаем, як уздзейнічаем на крэатыўную супольнасць і нашу аўдыторыю.
Якія тэмы сёлета будуць абмяркоўвацца на TMW Conference?
Нашая новая прэзідэнтка Керсці Кальюлайд адкрые канферэнцыю 31 сакавіка. На ёй мы абмяркуем тэмы «Постпраўда», «Высокая якасць is the new cool», «Пачатак канца эры рок-музыкі», што непазбежна прывядзе да абмеркавання ролі тэхналогій у зменах структуры нашай працы і да спекуляцый пра штучны інтэлект, які стане галоўным музычным хітмэйкерам будучыні. Таксама можна будзе паслухаць гісторыі пра гнуткасць і крэатыўную вынаходлівасць чалавека і наведаць прэзентацыі шакуючых навуковых адкрыццяў і мастацкіх выказванняў. Паколькі Эстонія прыме старшынства ў Савеце Еўрапейскага звязу ў другой палове 2017-га, значная частка дыскусій будзе прысвечана тэмам будучыні Еўропы і Адзінага лічбавага рынку. Усе гэтыя тэмы будуць прадстаўлены як у межах канферэнцыі, так і на бясплатных сесіях TMW Talks, якія пройдуць ва ўтульных барах па ўсім горадзе.
Давайце паглыбімся ў горад. Што ўяўляў сабой Талін у сэнсе крэатыўных індустрый, пасля таго як Эстонія атрымала незалежнасць, і як крэатыўныя індустрыі развіваліся далей да нашага часу?
Эстонія – невялікая краіна, таму, калі мы кажам пра развіццё крэатыўных індустрый, мае сэнс глядзець на ўсю краіну, не толькі на Талін. У 1991 годзе, калі мы аднавілі незалежнасць, людзі апынуліся ў абсалютна новай палітычнай і эканамічнай сістэме, раптам яны атрымалі права ўласнасці і ўсё стала залежаць ад іх. Тады адбываліся буйныя працэсы прыватызацыі і ўсталявання прыватнай уласнасці. Погляды на рэчы і на тое, што значыць быць прадпрымальнікам ці актыўным грамадзянінам, змяніліся кардынальна. Тое ж самае можна сказаць і пра крэатыўны сектар. Праз тое, што сітуацыя зводзілася да супрацьстаяння дзяржаўнай культуры і незалежнага андэграўнду, такія ж рэформы неабходна было запусціць і ў культуры.
Новыя погляды ў крэатыўным сектары з’явіліся праз дзесяцігоддзе. Чаму мы кажам пра права на свабоду самавыяўлення для ўсіх? Бо прычына мае тую ж самую логіку: гэтае права не залежыць ад меркавання міністэрства культуры наконт таго, што важна, а што не. Нашая культурная і крэатыўная палітыка павінна быць скіравана на пашырэнне магчымасцей для кожнага.
«Я думаю, што людзі наогул пачалі слухаць музыку па-іншаму, чым рабілі гэта раней»
У 2009 годзе стала вядома, што ў 2011-м Талін абвяшчаецца Культурнай сталіцай Еўропы, гэта быў таксама год, калі мы заснавалі Tallinn Music Week. Крэатыўны сектар тады атрымаў моцны стымул. Пачаць інвеставаць у развіццё крэатыўнай індустрыі было мудрым прынцыповым рашэннем – музычны, дызайнерскі, мастацкі, кінематаграфічны, архітэктурны сектары атрымалі шмат новых ведаў і магчымасцей праз гэта.
Вялізная творчая праграма Tallinn Music Week існуе дзякуючы гэтаму крэатыўнаму абуджэнню ва ўсіх сферах. Фестываль можа паказваць таленты, якія развіваюцца і падтрымліваюцца, ён можа даваць ім новыя інструменты, большыя магчымасці і рабіць іх больш бачнымі.
З чым і з кім вы пачалі працаваць тады ў 2009-м?
Фактычна першым нас падтрымаў Фонд Культурнай сталіцы. Будучы цалкам новай ініцыятывай у Эстоніі, яны мелі магчымасць выбіраць, з кім працаваць. І яны свядома вырашылі падтрымаць інавацыі ў крэатыўным сектары, а не вялізныя дзяржаўныя інстытуты, такія як опера, аркестры ці дзяржаўныя тэатры. З гэтай дапамогай да 2011 года мы змаглі стартаваць. Да таго часу мы якраз ужо былі ў стане прапаноўваць эстонскую музыку на экспарт.
Я лічу, што мы сыгралі пэўную ролю ва ўмацаванні веры музыкаў і грамадзян у магчымасць змяняць сваю кар’еру і будучыню. Гэта моцны ментальны зрух: ад чакання, што хтосьці табе што-небудзь прапануе, да актыўнай працы над уласнымі будучыняй, жыццём і кар’ерай. Для мяне гэта сэнс ліберальнай дэмакратыі: кожны мае права вызначаць сваю будучыню. Я веру, што нам удалося распаўсюдзіць гэтую думку сярод эстонскага крэатыўнага сектара. Смеласць марыць пра вялікае і дзейнічаць. Кожны горад у свеце можа трансфармавацца, калі яго грамадзяне адчуюць сілу змяняць абставіны. Ключ знаходзіцца ў светапоглядзе. Самая цяжкая задача, якая стаіць перад намі, – змяніць мадэлі мыслення людзей.
У іншых інтэрв’ю вы казалі, што дзяржава пакрывае 35% выдаткаў фестывалю. Як гэта ўплывае на вашую дзейнасць? Чаму ўвогуле дзяржава пачала падтрымліваць TMW?
Калі мы пачыналі, у нас не было шмат падтрымкі, фактычна, гэта была толькі Культурная сталіца, затым далучыліся талінскі офіс Skype, Nordic Hotel Forum і Рагнар Сііл з Міністэрства культуры. Гэтыя людзі і інстытуцыі заўсёды будуць вельмі важнымі для нас. Іх вера дапамагла нам зрушыцца са стартавай кропкі, калі мы яшчэ не паказвалі ніякіх рэзультатаў. Яны даверыліся нам, за што я заўжды ім буду ўдзячна. У 2011 годзе мы ўжо мелі пэўнае міжнароднае прызнанне і некаторыя фактычныя паказчыкі, таму нас немагчыма было ігнараваць. Нам удалося атрымаць падтрымку з боку Міністэрства культуры, Міністэрства эканомікі, Камітэта па турызме і інвестыцыйнай кампаніі Enterprise Estonia.
Калі я гляджу, як мы сёння працуем з міністэрствамі, Камітэтам па турызме ці з мэрыяй Таліна, я заўважаю, што мы прапануем пэўны тып паслуг кожнаму з іх, мы – інструмент для дасягнення пэўных мэт. Напрыклад, Міністэрству культуры мы прапануем больш магчымасцей для эстонскіх музыкаў, Enterprise Estonia (EAS) мы прапануем пашырэнне экспарту эстонскай музыкі, Камітэту па турызме – маркетынгавыя актыўнасці, якія праматыруюць Эстонію як прывабную турыстычную атракцыю, для горада мы робім не толькі прамоцыю, але і прапануем бясплатныя івэнты і інклюзію для гараджан. У цэлым мы бачым TMW як інструмент для пераўтварэнняў, як інструмент для пашырэння супрацоўніцтва, творчага мыслення і інтэрнацыяналізацыі.
Вы часта згадваеце канцэпт «музычнай дэмакратыі». Не маглі б вы болей распавесці пра яго?
Мы цвёрда верым у тое, што ўсе музычныя жанры – аднолькава каштоўныя формы мастацкага самавыяўлення. Цэннасць у музыцы не варта разглядаць толькі праз прызму акадэмічнай музычнай адукацыі. Вядома, мы павінны беражліва ставіцца да віртуознасці, але гэта толькі адна грань мастацкай формы. TMW унікальным чынам уключае ў сваю праграму абсалютна ўсе музычныя жанры: ад тэхна, хіп-хопу, металу і панку да джазавых, фальклорных і класічных напрамкаў. Свабодная ад забабонаў публіка заўжды знойдзе цікавасць у разнастайнасці. І гэтае меркаванне пацвярджаецца зноў і зноў. Розныя артысты знаходзяць зусім іншую аўдыторыю, фальклорныя музыкі атрымліваюць запрашэнні на рок-фэсты, джазавыя – на фестывалі класічнай музыкі, кампазітары заключаюць дамовы з індзі-выдаўцамі і г.д. Я думаю, што людзі наогул пачалі слухаць музыку па-іншаму, чым рабілі гэта раней: цяпер гэта не столькі пра 10 тваіх любімых артыстаў, колькі пра разнастайны выбар, які прапануюць стрымінгавыя сэрвісы кшталту Spotify, Deezer ці Apple Music. У той час як звычкі слухачоў мяняюцца, павінны змяняцца і музычныя фестывалі. Умелае куратарства ніколі не выйдзе з моды. Па сутнасці, яго трэба яшчэ больш.
Ці здольныя творчыя індустрыі вырашаць сацыяльныя і эканамічныя праблемы?
Летась мы арганізоўвалі асобны форум Creativity for Change, сёлета ўся канферэнцыя носіць назву Creative Impact. Яе тэмы тычацца двух выразных аспектаў: першы звязаны з пытаннямі развіцця самой музычнай індустрыі, другі аналізуе наш уплыў у грамадстве. Як фестываль мы бачым сябе нейкім інструментам камунікацыі з soft power рысамі. Мы можам дзяліцца сваім бачаннем і каштоўнасцямі. Перш за ўсё мы адназначна дапамагаем прамоўціць краіну і горад на міжнародным узроўні праз нашыя крэатыўныя брэнды. У выпадку Эстоніі, напрыклад, мы бачым, што ў Талін ужо прыязджаюць не толькі пары сярэдняга ўзросту, каб паглядзець сярэднявечны стары горад, але і ўсё больш моладзі ў пошуках бараў, музычных клубаў, лакальнай ежы і дызайнерскіх крам. Мы становімся цікавымі праз крэатыўны кантэнт, які ствараем і распаўсюджваем. У больш шырокім сэнсе – мы прапаноўваем адкрыты падыход да інтэрнацыяналізацыі, адкрыты дыялог і супрацоўніцтва. Змены ў паводзінах людзей, у іх здольнасці наладжваць сувязі, іх упэўненасць – гэтыя звычайныя чалавечыя фактары аказваюцца нашмат больш значнымі, чым мы сабе ўяўляем. У канчатковым выніку яны будуць граць вялікую ролю, калі мы сапраўды хочам прыцягнуць міжнародную цікавасць і працаваць на сусветным рынку.
«У Талін ужо прыязджаюць не толькі пары сярэдняга ўзросту, каб паглядзець сярэднявечны стары горад, але і ўсё больш моладзі»
Летась прыкладна 250 гуртоў выступалі на TMW і ператварылі вопыт слухача ў выпадковы трып па фестывалі. Ці плануецца сёлета павялічваць памеры фэсту?
На сённяшні момант мы пацвердзілі 237 артыстаў з 33 краін, могуць быць некаторыя дапаўненні, але павялічваць колькасць выступоўцаў – дакладна не нашая мэта. Тым не менш мы пастаянна думаем, як яшчэ можна працаваць з горадам як з фестывальнай пляцоўкай. Летась мы адважыліся вынесці частку кропак на адкрытае паветра – і гэта спрацавала. Так, талінскае надвор’е ў сакавіку даволі падманлівае, але з маляўнічымі шалікамі і шапкамі, цёплым супам і гарачым шакаладам любое надвор’е становіцца прыемным. Таму гэтым разам мы паглыбімся ў вывучэнне горада як мае быць. Мы плануем з дапамогай візуалу, святла і інсталяцый удыхнуць новае жыццё ў Талінскую чыгуначную станцыю і яе наваколле. Паглядзім, якія сцэны зможам пабудаваць у закінутых гаражах і схаваных частках горада. Нам падабаецца ідэя, што горад належыць нам і мы пастаянна можам яго змяняць і надаваць яму новы сэнс.
Таксама летась было шмат этнічных гуртоў: Аруа Салех з сірыйскай лютняй, ізраільскі гурт Fula Express з афрыканскай перкусіяй. Як, на ваш погляд, пазбегнуць сітуацый, калі такія гурты ператвараюцца ў экзатычную рэч, якая добра прадаецца музычнай індустрыяй?
Мы любім разнастайнасць культур і формы іх самавыяўлення. У кантэксце TMW мы разглядаем іх не як музейныя аб’екты ці нацыянальныя рэлікты, а як жывыя культурныя ўвасабленні. Нам падабаецца, калі ў артыста атрымліваецца зрабіць культурную спадчыну часткай сваёй індывідуальнай мастацкай формы. Такія эстонскія музыкі, як Маар’я Нуут і Trad.Attack!, – выдатныя прыклады, калі эстонская музычная традыцыя выкарыстоўваецца ў арыгінальнай сучаснай музыцы. Мы не ўспрымаем артыстаў як экзатычную дэкарацыю, а ўсхваляем іх унікальнасць і паважаем культурныя традыцыі. Але нічога не павінна кансервавацца, традыцыі нам неабходныя, каб мы маглі іх песціць, рэміксаваць і выдумляць нанова.
«Кожны горад у свеце можа трансфармавацца, калі яго грамадзяне адчуюць сілу змяняць абставіны. Ключ знаходзіцца ў светапоглядзе»
Якой павінна быць каманда арганізатараў, каб пакрываць такое шырокае кола музычных густаў?
У камандзе, што займаецца музычнай праграмай, каля 40 музычных прамоўтараў, прадстаўнікоў фестываляў і спецыялістаў у сваіх жанрах. Мы працуем практычна з усімі музычнымі арганізацыямі. Так, вы маеце рацыю, няма такога чалавека, які б ведаў кожную сцэну звышдасканала і мог сабраць гэтую разнастайнасць разам. Таму мы карыстаемся ўсімі даступнымі ў Эстоніі ведамі і вопытам і нават супрацоўнічаем з замежнымі партнёрамі: латышскім фэстам Positivus Festival, фінскім металёвым Tuska Festival, брытанскім лэйблам Nonclassical і іншымі. У каманду таксама ўваходзяць арганізатары EDM-фестывалю Weekend Festival і самага старога і найбольш паважанага джазавага фестывалю Балтыкі Jazzkaar. Мы вельмі ганарымся такой камандай і дзякуем ім за ўнёсак у арганізацыю.
Што тычыцца асноўнай каманды, першыя сем год фестываль арганізоўваўся на валанцёрскай аснове, на восьмы нарэшце ўтварыўся касцяк з сямі цудоўных людзей, якія працуюць над фэстам увесь год. Акрамя TMW, мы арганізоўваем канцэрты, невялікія фестывалі і імпрэзы. Падчас TMW нашая каманда, вядома, значна павялічваецца. Прыкладна 70 чалавек займаюцца музычнай праграмай і лагістыкай, таксама мы абрастаем некалькімі сотнямі валанцёраў. Атрымліваецца вялікае сумеснае мерапрыемства аднадумцаў. Такое магчыма толькі тады, калі разам супрацоўнічаюць шматлікія партнёры, кампаніі ды іншыя зацікаўленыя бакі.
На Freaky Summer Party было неверагодна крута! Фестываль успрымаўся як аазіс ідэй і аднадумцаў пасярод горада. Мне спадабаліся дызайн, праграма і як было ўсё прадумана. Уся фестывальная прастора была распланавана з дбаннем пра дэталі. У гэты ўік-энд быў цікавы кантраст: Менск падаваўся зусім пустым з вялікімі плошчамі і невялікім рухам на праспектах, пасля чаго фестывальная пляцоўка FSP станавілася яшчэ больш утульнай і прыязнай. Я сустрэла ўжо столькі цудоўных людзей з Беларусі і паслухала столькі цудоўнай музыкі адсюль! Super Besse, вядома, – частка гэтай вялікай гісторыі поспеху. Я лічу, што Беларусь мае вялікі творчы патэнцыял, вельмі важна, каб крэатыўная супольнасць аб’ядноўвалася, супрацоўнічала больш і больш і падтрымлівала ініцыятывы адно аднаго. Гэтае агульнае пачуццё рэчаў, якое стане магчымым, калі вы аб’яднаеце свае сілы, можа выклікаць значныя перамены да лепшага.
«Нам падабаецца ідэя, што горад належыць нам і мы пастаянна можам яго змяняць і надаваць яму новы сэнс»
Вы працуеце ў прамоўтарскім бізнэсе больш за 15 гадоў і ў TMW 9 гадоў. Як гэта паўплывала на вас як на асобу і як на прафесіянала?
Я пачала працаваць у музычнай індустрыі ў 2000 годзе, таму так, агулам ужо 17 гадоў у справе. Я лічу, што ў любым бізнэсе, у любой індустрыі неабходна пастаянна нанава вынаходзіць сябе, каб мець выдатную кар’еру: пастаянна быць карысным і ўвесь час рэалізаваным.
Цяпер праца – нешта значна большае для мяне: яна не толькі пра музычную індустрыю як такую, а больш пра тое, як выкарыстоўваць музыку і творчасць у якасці інструмента і дамагацца перамен ва ўсёй краіне і грамадстве. Таму, хоць я і працавала ў музычнай індустрыі фактычна ўсё маё дарослае жыццё, гэта ніколі не была адна і тая ж праца. Сутнасць і ўплыў работы значна змянілася.
Калі кіруеш такім міжнародным івэнтам, як TMW, то неабходна працаваць з самымі кампетэнтнымі людзьмі і брэндамі ў краіне: напрыклад, з Telia ці Nordea Bank, або распрацоўваць стратэгію і тактыку на дзяржаўным узроўні. Гэта праца лабіста, эксперта па камунікацыі, дэвелапера брэнда і антыкрызіснага менеджара ў адным флаконе. Засумаваць на такой працы літаральна немагчыма, паколькі яна развіваецца з той жа хуткасцю і магнітудай, з якой развіваешся ты як індывідуальнасць.
У вас ёсць цудоўны сабака па мянушцы Піпар, які нават мае персанальны e-mail на карпаратыўнай пошце фестывальнага сайта. Якія ў яго абавязкі?
Галоўны абавязак – быць нашым коўчам па рэлаксацыі. Важныя задачы на працягу дня – вадзіць мяне на доўгія шпацыры. Такім чынам, Піпар і псіхолаг, і трэнер, і коўч. Нямала для трохгодкі.
Шоукейс-фестываль Tallinn Music Week у аб’ектыве нашай арт-дырэктаркі Palasatka.
У новым эпізодзе Minsk Music Sessions электронны музыка Awlnight выдае сапраўдны вулічны саўнд ля чыгуначнага моста над Свіслаччу. Знята на VHS!
Залятаем у эфір з новым выпускам Minsk Music Sessions. Легенды беларускага даўнтэмпа CherryVata граюць лайвам новую песню і збіраюць стыхійны канцэрт у Сцяпянцы на трэніроўцы жаночай каманды па рэгбі.
Сем музычных гуртоў, якія сталі вядомымі дзякуючы выступам на Tallinn Music Week.
«Каб больш уважліва ставіцца да навакольнага асяроддзя».
Псіхадэлічная музыка з глыбокай лірыкай.
Паменшыць шкоду, падвысіць карысць.
Тэматычныя медыя і першыя лэйблы.