За 20 гадоў свайго існавання екацярынбургская група «Сансара» ўпершыню выступіць у Менску. Канцэрт пройдзе 25 сакавіка ў рамках экалагічнай акцыі «Гадзіна Зямлі», калі людзі, арганізацыі і ўстановы па ўсім свеце выключаць святло на адну гадзіну, каб яшчэ раз звярнуць увагу чалавецтва на кліматычныя праблемы. Мы звязаліся з лідарам гурта Аляксандрам Гагарыным і даведаліся, як ён сам ставіцца да падобных ініцыятыў і чаму толькі зараз гурт дабярэцца да Беларусі.
– Мы са здзіўленнем даведаліся, што гурту «Сансара» ў гэтым годзе ўжо 20. Ці адчуваеце вы свой узрост?
– Гэта хутчэй умоўнасць. Назва «Сансара» з’явілася яшчэ да таго, як мы ўсе навучыліся граць на музычных інструментах. Так што гэтая дата сімвалізуе пачатак моманту, калі я вырашыў, што звяжу сябе з музыкай. А складу, які прыедзе ў Менск, усяго тры гады. Так што гурт малады. А я як не ўмеў граць на гітары, так і не ўмею. Ну хоць спяваць ледзь-ледзь часам атрымліваецца.
– Вы ж даволі папулярны гурт. Як так здарылася, што «Сансара» ні разу не даязджала да Менска?
– Сам не ведаю, як так атрымалася. Насамрэч мы даўно хацелі ў Менск. Нас клікалі на фестывалі летам, але то канцэрты былі, то нейкія ўмовы, непрыдатныя для нас. У выніку ў той момант, калі ўсе будуць выключаць святло, нам прыйдзецца граць.
«Цікава не проста граць музыку, а гуляць у музыку. Менавіта гуляцца, як дзеці»
– Дарэчы, ці блізкія табе асабіста і гурту такія акцыі, як «Гадзіна Зямлі»?
– Мне здаецца, гэта ў любым выпадку наводзіць людзей на думку пра тое, дзе яны жывуць, як яны жывуць і дзе яны будуць жыць у далейшым. Таму я не думаю, што гэта дрэнна.
– Якія ўвогуле чаканні і прадчуванні з нагоды канцэрта ў Менску?
– У Менск я хачу ўжо даўно. Знаёмыя музыканты, якія выступалі тут, кажуць, што Менск прыкольны. У мяне стаўленне простае да гарадоў. Я думаю, што яны – гэта людзі, якія іх складаюць. Нам, як правіла, шанцуе з людзьмі, паказваюць і распавядаюць шмат. Я думаю, што і ў Менску, як і ў іншых гарадах, будзе шмат цікавага.
– Ці лічыш ты Екацярынбург лепшым горадам для жыцця ў Расіі? Куды б ты перш за ўсё адправіў госця Ёбурга прасякнуцца гарадской атмасферай?
– Ён прыгажэе, так, становіцца лепш і лепш. Я цяпер жыву практычна на два гарады – Маскву і Екацярынбург. Атрымліваецца, што мне ёсць з чым параўнаць. Я б з задавальненнем склаў з вобразнага лега горад, у якім ёсць і асобныя раёны Екацярынбурга, разам з людзьмі, якія яго засяляюць, і Масква.
Напэўна, у кожным горадзе ёсць папулярныя турыстычныя сцежкі, але гэта не пра нас. Гасцям я б паказаў альтэрнатыўны горад, і досыць часта гэта раблю, незалежна ад часу сутак. Большасць месцаў сілы сканцэнтравана ў цэнтры, у нас наогул горад кампактны. Ёсць Гарадок чэкістаў, кінатэатр «Салют», у якім знаходзіцца дыхтоўны клуб LYNCH – там мы, дарэчы, паказвалі наш спектакль «Піянер». Ёсць плошча перад тэатрам драмы. Ёсць мноства brew-бараў.
– Вы шмат супрацоўнічаеце з іншымі артыстамі. Якія калабарацыі табе падаюцца самымі ўдалымі?
– Так, акурат на пачатку красавіка ў нас выйдзе сінгл, які мы зрабілі ў летнім фанкавым стылі разам з гуртам Pavel Petrovich. Яны выступілі ў якасці прадзюсараў.
Наогул шмат было саюзаў, так адразу і не ўспомніш. Гэта ад любові да музыкі. Бо слухаеш яе шмат рознай. І сваім складам мы можам граць шмат рознага. Гэта ад цікаўнасці. Бо цікава не проста граць музыку, а гуляць у музыку. Менавіта гуляцца, як дзеці: пакуль даеш ім новыя правілы гульні, ім цікава. А калі правілы не мяняюцца, то можа стаць сумна. Таму я стараюся сам ініцыяваць такія супрацоўніцтвы, і, як правіла, усе лёгка на іх ідуць.
– А з беларускай музыкай ты знаёмы?
– З беларускіх гуртоў я слухаў альбомы «Петли Пристрастия», яны мне вельмі імпануюць.
– У цябе дзве дачкі. Чым іх дзяцінства кардынальна адрозніваецца ад твайго ўласнага?
– У малодшай акурат яшчэ дзяцінства, а ў старэйшай ужо падлеткавы ўзрост. Атрымліваецца быць на адной хвалі і нешта разумець. Якраз на днях выходзіць кліп гурта «Обе две», нават не кліп, а сапраўдны 10-хвілінны фільм. Мая дачка Марго ўжо калісьці здымалася ў іх кліпе «Милый», а цяпер знялася вось у гэтым кіно. То-бок мы не ў розных сусветах з ёй.
– Наш рэдактар, калі даведаўся, што мы будзем рабіць з табой інтэрв’ю, успомніў, як даўным-даўно ў Кіеве выпіваў у кампаніі галоўрэда часопіса Playboy Улада Іваненкі, гутарка зайшла пра гурт «Сансара», Іваненка дастаў тэлефон і спрабаваў табе датэлефанавацца – на гадзінніку было за поўнач, страшна ўявіць, колькі было ў Екацярынбургу. Здаецца, ён нават датэлефанаваўся. Можаш успомніць сітуацыі, калі вядомасць табе замінала? Ці адчуваеш ты сябе папулярным?
– Не памятаю, датэлефанаваўся ён тады ці не. Але я не думаю, што ў нас такі ўзровень папулярнасці, калі твой занятак пабочнымі бакамі становіцца ў цяжар. Нават прыхільнікі гурта інтэлігентныя і ненадакучлівыя людзі. Ва ўсякім выпадку, мяне гэта не бянтэжыла ніколі.
Усё роўна мы самі сабе, я сам сабе, ствараем нейкі зразумелы свет, у якім усё спакойна.
«Усё роўна мы самі сабе, я сам сабе, ствараем нейкі зразумелы свет, у якім усё спакойна»
Плэйліст Сашы Гагарына на дзень
Чаму батлы перасталі збіраць прагляды і што будзе з імі далей?
Вялікае інтэрв’ю з экзістэнцыяльнымі маякамі рускамоўнага «репу» – гуртам «Макулатура».
Кіраўнік Vilnius Relax Кірыл Атаманчык – пра стартавы капітал у 500 еўра, маркетынг уражанняў і непапсовыя дэстынацыі.
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.