«Хто гэтая дзяўчына? Я думаю гэтаксама, як яна». Як улаштаваны беларускі фемстэндап?
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 24.10.2023
- 3449
Ужо дзясяты месяц існуе «Стэндап-клуб імя Зоські Верас», які ўзнік у Вільні, але на тое, каб трапляць на канцэрт кожную пятніцу ў якім-небудзь «Павільёнасе», разлічваць не даводзіцца. Івэнты гэтага стэндап-клуба ўзнікаюць у розных пунктах на мапе без прывязак да календара – то тут, то там. І заўсёды праходзяць з аншлагам. Мы пагутарылі са стваральніцай клуба Марні Вішнеўскай пра тое, як працуе такі pop-up фемінісцкага гумару і якое кам’юніці вакол яго збіраецца.
Як з’явіўся клуб імя Зоські Верас
– Пачнём з пачатку. Марні, ты стэндаперка – пажартуй.
– Зайшла я аднойчы ў краму, купіла капялюш, а ён мне якраз.
– Ну цяпер сур’ёзна: чым займаешся па жыцці і як прыйшла ў стэндап?
– Я фемактывістка, проджэкт-менеджарка, каардынатарка розных ініцыятыў. Займаюся івэнт-менеджментам. Мерапрыемствы, якія я ствараю, могуць быць любымі. Курсы, лекцыі, кінапрагляды. Калі я жыла ў Менску, то рабіла і панк-канцэрты. Галоўны крытэр: павінна, каб мне гэта асабіста падабалася.
У 2020 годзе адбыўся першы фемстэндап у Беларусі. Я прыйшла на яго як удзельніца. Вельмі моцна напілася, таму што хвалявалася, гаварыла суперпавольна, на хаду пачала прыдумляць яшчэ нейкі неадэкват. Пасля гэтага я вырашыла не піць перад выступамі, бо калі пішаш жарты цвярозай, то трэба і расказваць іх цвярозай.
– А ты спрабавала п'яная расказваць п'яныя жарты?
– Калі ты п'яная, то сядзіш з сябрамі і думаеш: вось гэта афігенны будзе жарт. Потым пераглядаеш – а там «дупа» напісана на аркушы. Гэта не працуе. Дык вось, да таго выступу я не вельмі цікавілася стэндапам у Менску. Гэта быў не мой стэндап. Прыходзяць мужчыны, жартуюць пра былых дзяўчат, пра піські, пра тое, як яны схадзілі ў спартзалу.
«Калі пішаш жарты цвярозай, то трэба расказваць іх цвярозай»
– То-бок ты сабе гэта так уяўляеш?
– Так. А недзе ў 2019-м мы ладзілі кінапаказ, і вядучая прапанавала паказаць стэндап-канцэрт Майка Бірбілья [Mike Birbiglia – амерыканскі комік, акцёр, сторытэлер. – заўв. 34.]. І я такая: гэта можа быць стэндапам? Ён паўтары гадзіны расказвае адну гісторыю, пры гэтым жартуе і нікога не абражае. Гэта вялікая сцэнарная праца. Я зразумела, што стэндап можа быць такім.
Калі я ўжо пераехала ў Вільню, то пайшла на лабараторыю імпакт-стэндапа «Говорить нельзя молчать» расійскай ініцыятывы Artivism&Solidarity. Імпакт-стэндап – гэта стэндап, які спрабуе ўплываць на рэчы, якія супольнасцю могуць не ўхваляцца. Любы «нармальны» комік лічыць, што крута пажартаваць пра Грэту Тунберг: яна дзяўчына, у яе РАС, яна экаактывістка. А вось імпакт-стэндап працуе наадварот. Мы разважалі пра цэнзуру, былі людзі, якія лічылі, што можна жартаваць пра згвалтаванне, іншыя – не.
«Любы “нармальны” комік лічыць, што крута пажартаваць пра Грэту Тунберг»
Цалкам досвед лабараторыі мне спадабаўся. І я захацела зрабіць менавіта клуб фемстэндапа, каб людзі не проста прыйшлі-сышлі, а каб у нас было кам'юніці. Мы пачалі з лабараторыі з Туянай Хоравіц [камікеса, базуецца ў Санкт-Пецярбургу. – заўв. 34.], і потым у снежні мінулага года зрабілі першы стэндап.
Чым фемстэндап адрозніваецца ад «звычайнага»
– Колькі ўжо было канцэртаў агулам?
– Шэсць. Не толькі ў Вільні, а яшчэ ў Польшчы і Нямеччыне. У Берліне, дарэчы, штотыдзень нейкія канцэрты, але гэта не наш варыянт. У нас няма вялікай каманды. Раблю я, і на кожны канцэрт далучаюцца людзі, якія хочуць дапамагчы.
Наша мэта – каб прыйшлі новыя людзі і дзяліліся сваімі болямі. Многія адчуваюць дачыненне да фемінізму, але іх экспертнае меркаванне ніхто не пытае, пытаюць мужыкоў у пінжаках. Ты можаш прыйсці на стэндап і нешта распавесці. Не абавязкова кожную хвіліну рабіць панчлайн, гэта пляцоўка, дзе ў цябе можа з'явіцца голас, цябе паслухаюць, падтрымаюць. Пасля стэндапаў нам пішуць: «Хто гэтая дзяўчына? Я думаю гэтаксама, як яна».
«Гэта пляцоўка, дзе ў цябе можа з'явіцца голас, цябе паслухаюць, падтрымаюць»
– Раскажы пра адукацыйную частку. Што было пасля лабараторыі з Туянай?
– У нас прайшлі дзве сустрэчы тыпу artist talk. Мы запрашалі Сашу Кападзю [камікеса, якая базуецца ў Таліне, раней была вядомая як Аляксандр Даўгаполаў. – заўв. 34.]. У нас была сустрэча анлайн з «Квірфем стэндапам» з Пецярбурга (цяпер яны ў Кыргызстане). Яшчэ быў інтэнсіў з Оляй Арыставай, дзе яна распавядала пра даследаванні, якія яшчэ ў 90-х паказалі, як звязаныя гумар і гвалт. А нядаўна ў нас распачаўся курс імпакт-стэндапу на 11 заняткаў.
– Пра што часцей жартуюць у клубе Зоські Верас?
– Жартуюць пра што заўгодна. Пра адносіны з людзьмі, пра тое, што баліць, пра свае зацікаўленасці. Кожны раз вельмі розныя тэмы. Але ў кожнай камікесы ці коміка ёсць хаця б адзін жарт пра эміграцыю.
Фота: @oolgierdd
– Ці адчувае аўдыторыя розніцу з «класічным» стэндапам?
– Гэта рэальна іншы свет. Калі мы рабілі канцэрт у Варшаве, да мяне падышоў арганізатар беларуска-ўкраінскага стэндапа ў Варшаве і спытаў: «Чаму ў вас людзі смяюцца? У вас, мусіць, нейкая цікавая аўдыторыя?» А гэта проста людзі смяюцца, хоць тут адкрыты мікрафон і шмат хто жартуе са сцэны ўпершыню. І мы нават не ў бары праводзілі, дзе аўдыторыя звычайна больш расслабленая, з півам, у нас прыйшлі, сядзяць, слухаюць. Думаю, людзі проста стаміліся слухаць жарты пра піські-піпіські і пра цешчаў.
У Берліне да нас прыйшло каля 60 чалавек, поўная зала, усе падтрымлівалі. Праз дзень я прыйшла паглядзець адкрыты інтэрнацыянальны мікрафон, і ў зале была цішыня. Выходзілі цысгендарныя белыя мужчыны і распавядалі, як яны кончылі. А потым выйшлі дзяўчаты, якія выступалі на фемстэндапе, – і аўдыторыя смяялася. На фэмстэндапе таксама жартуюць пра адносіны, але жарт не ў тым, які твой былы мудак.
– Забароненых тэм у вас няма?
– Мы не цэнзуруем жарты. Але калі людзі бачаць апісанне, што гэта фемстэндап, што ў нас ёсць свае каштоўнасці, што мы за этычны гумар, то яны самі сябе чэкаюць і пачынаюць думаць, які жарт зойдзе ў залу. У нас не 100% safe space ад нейкіх сэксісцкіх жартаў, бо ў кожнага сваё разуменне фемінізму, сэксізму і гэтак далей. Але калі я пачую, што нехта на мікрафоне пачынае казаць жэсць, я выйду і скажу: «Прабачце, але гэта жэсць».
У Берліне на інтэрнацыянальным мікрафоне быў Лёша з «АЧС» [комік Аляксей Шуплякоў з ютуб-шоу «А что случилось?» – заўв. 34.], і ён жартаваў-жартаваў, а потым сказаў: «Зараз будзе новы жарт, і ён такі, ну, на мяжы. Я пажартую, а вы адрэагуйце. Калі не ок, то я яго прыбяру». Ён пажартаваў і такі: «Ок, зразумеў». Але звычайна людзі жартуюць крынж, зала маўчыць, а людзі яшчэ больш крынжу накідваюць.
Фота з асабістага архіва гераіні
Пра грошы і падтрымку
– У Берліне я купіла знаёмым дзяўчатам па кветачцы, уручала пасля выступаў і казала, якія яны малайцы. А вядучы такі: «Што адбываецца?» Людзям дзіўна, што можна кагосьці падтрымліваць.
Мне спадабалася, калі ў Варшаве да адной дзяўчыны прыйшлі сяброўкі, прынеслі кветкі, плакат «Насця, ты багіня». Людзі прыходзяць і паразмаўляць, і кампаніямі, і падтрымаць кагосьці. Мне падаецца, так і павінна быць. Зразумела, калі жарт не смешны – не смейся, але проста папляскай. Калі чалавек забыўся матэрыял, яму здаецца, што дзве секунды цягнуцца бы дзесяць хвілін. А калі людзі папляскалі, то не дэматывуешся. І мне падаецца, наша публіка гэта разумее.
Фота: @oolgierdd
«У Варшаве да адной дзяўчынкі сяброўкі прынеслі плакат “Насця, ты багіня”»
– Фемстэндап можа прыносіць грошы?
– Нас нядаўна клубам запрасілі на мерапрыемства. Гэта быў фестываль, дзе напрыканцы дня вырашылі паслухаць камікес. Я думаю, гэта поспех. Бо хто ўвогуле на свае фестывалі запрашае комікаў, а не музычны гурт? І ў нас там былі ганарары.
Наогул уваход на наш стэндап бясплатны, з магчымасцю данэйшана. Чалавек сам вырашае, якую суму ён пакідае і ці хоча ён нейкую суму пакідаць. Мы адразу пішам, на што пойдуць грошы. Спачатку ўсё аддавалі на дабрачыннасць – арганізацыям, якія працуюць з жанчынамі ў цяжкіх сітуацыях. Цяпер робім 50 на 50. Палову – на дабрачыннасць, а палову – сабе, каб можна было арандаваць залу, давезці апаратуру, купіць квіткі тым, хто едзе з іншага горада, а астатняе – ганарары. У Берліне атрымалася па 11 еўра на чалавека, і ўдзельніцы такія: «Што? Мы атрымалі грошы за адкрыты мікрафон?»
«У Берліне атрымалася па 11 еўра на чалавека»
– Якіх людзей і тэм не хапае клубу сёння?
– Бацькоў, таму што ў нас у аўдыторыі хапае людзей з дзецьмі. Хацелася б бачыць людзей з розных уразлівых груп, людзей з інваліднасцю. Хтосьці думае: у зале будзе няшмат такіх людзей, як я, і ніхто не зразумее мае жарты. Але насамрэч суперкарысна слухаць пра ўсё. Напрыклад, у многіх людзей ёсць страх страціць нейкую фізічную актыўнасць ці ментальную стабільнасць. Стэндап памяншае такія страхі.
– Гэта пра эмпатыю?
– Гэта пра пашырыць кругагляд. Яшчэ хацелася б больш жартаў пра актывізм, пра жыццё актывістак. Людзі думаюць, што нехта павінен дзевяць гадзін адпрацаваць на працы, а потым прыйсці і «адпачываць», займаючыся актывізмам, не атрымліваючы за гэта ні грошай, ні адабрэння. Мне падаецца, у беларускай супольнасці не ўсе разумеюць, чым займаюцца актывісткі. Было б крута пачуць гэта са сцэны. Таксама не хапае людзей, якія жартуюць на беларускай мове.
– Што рабіць людзям, якія хочуць, каб «Зоська» прыехала ў іх горад?
– Калі ў вас ёсць пляцоўка, мы можам дапамагчы з афішай, тэкстам, анонсамі. Не абавязкова чакаць, калі мы прыедзем да вас. Фемстэндап не манаполія, у нас ёсць клуб, дзесьці можа з'явіцца фемстэндап-ініцыятыва. Ці вы наогул адзін раз зберацеся ў сваім горадзе і разыдзецеся, а потым у наступным годзе захочаце яшчэ нешта зрабіць. Але можна і нас у госці паклікаць, абмяняцца досведам. Мы заўсёды толькі за.
Фота на галоўнай: Марына Серабракова