Што трэба ведаць пра доўгатэрміновую арэнду?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 13.02.2020
- 7469
Пакапаліся ў артыкулах Жыллёвага кодэксу РБ, каб ты мог(магла) наняць або здаць кватэру без дурных наступстваў. Якія паперкі трэба запоўніць? Што з неабавязковага там варта прапісаць? Як зэканоміць на падаходным налозе і хто ад яго вызваляецца наогул?
Беларускі закон дазваляе здаць/наняць жылы дом, кватэру, жылы пакой або частку жылога пакоя ў інтэрнаце. Калі табе спрабуюць уцюхаць «квадраты» ў будынку, які ідзе пад знос або ў якім павінны рабіць капітальны рамонт з перабудовай і (або) перапланіроўкай, у склепе або сутарэнні, то гэта абсалютна не законна. Бяжы ад такога арэндадаўцы і не рабі так сам(-а).
Калі ты чалавек з інваліднасцю і табе прапануюць інтэрнат, ведай, што маеш права прэтэндаваць на жыллё, якое знаходзіцца не вышэй за трэці паверх. І так, гэтае жытло павінна быць прыстасаванае для тваіх адмысловых патрэб.
Наймадаўца (арэндадаўца) прадастаўляе жытло за плату наймальніку (кватаранту).
Наймадаўцам можа быць толькі ўласнік маёмасці. Але! Ад імя людзей, якім яшчэ няма 18 год, а таксама грамадзян, прызнаных недзеяздольнымі або абмежаваных у дзеяздольнасці, дамову заключаюць іх законныя прадстаўнікі.
Калі ты хочаш здаць пакой у кватэры, дзе жыве некалькі ўласнікаў, ты мусіш атрымаць пісьмовую згоду ад кожнага жыльца. Выключэнне: дамова, што заключаецца ад імя грамадзян, прызнаных недзеяздольнымі або абмежаванымі ў дзеяздольнасці.
Вось тут знойдзеш шаблон дамовы.
У ім абавязкова прапісваецца:
1) прадмет дамовы;
2) тэрмін яе дзеяння;
3) памер платы (ніякіх баксаў, толькі ў беларускіх рублях!);
4) тэрмін унясення платы;
5) тэрмін унясення платы за камуналку і святло;
6) унесеныя заклады і перадаплата;
7) члены сям'і наймальніка, якія маюць права карыстання памяшканнем.
Увага: калі кватаранты часова адсутнічаюць, яны ўсё роўна захоўваюць правы і абавязкі ў адпаведнасці з дамовай найму. Напрыклад, калі падчас сесіі студэнты з'язджаюць да бацькоў, то ніхто не можа ў гэты час засяляць у пустую кватэру іншых жыльцоў. І так, калі цябе не было ў кватэры нейкі час, ты ўсё роўна мусіш аплачваць і арэнду, і камуналку.
Тут жа варта прапісаць:
– умовы, якія дазволяць табе разарваць дамову датэрмінова;
– правілы пражывання;
Напрыклад, ты не жадаеш, каб у тваёй блаславёнай кватэры палілі або гадавалі кацейку.
– пытанні рамонту;
Напрыклад, кватаранты гатовыя паставіць прыстойныя вокны ў кошт арэнды за пэўныя месяцы ці дамаўляюцца з уласнікам(-цай), што ён(яна) прыкруціць новы змешвальнік у ваннай за свой кошт.
Але! Па дэфолце пашкоджанні і паломкі, якія з'яўляюцца не па віне наймальніка(-цы) жылога памяшкання, выпраўляюцца наймадаўцам за яго кошт. За свой кошт наймальнік(-ца) ліквідуе пашкоджанні, якія ўзніклі па яго правіне або з-за іншых грамадзян, якія ў яго тусілі.
– наяўнасць мэблі, бытавой тэхнікі і іх стан;
Гэты пункт уратуе, калі прыйдзецца даказваць, што пральная машына была парадкам раздзяўбаная першапачаткова. Ці наадварот: была навюткая аж блішчэла, а кватаранты – існыя вандалы.
– прызначэнне арэнднага памяшкання.
Гэта перастрахоўка на выпадак, калі хваткі арандатар арганізуе ў кватэры салон прыгажосці, сталярную майстэрню або майнінгавую ферму.
Важна: уласнікі(-цы) кватэры не могуць прыходзіць да цябе без папярэджання і тым больш адчыняць дзверы сваім ключом (гутарка не пра форс-мажор, канешне). Час, калі яны могуць да цябе завітаць, прапісваецца ў дамове або абмяркоўваецца вусна.
Каб зверыць, ці ўсе крафтавыя дызайнерскія тумбачкі на месцы і ці не з'явіліся ў кватэры нейкія лішнія сцены.
Акт прыёму-перадачы складаецца наймальнікам і наймадаўцам у адвольнай пісьмовай форме ў двух экзэмплярах – па адным для кожнага боку.
Жылое памяшканне здаецца ўласніку(-цы) у тым стане, у якім яно было атрыманае, або ў стане, што распісаны ў дамове. Зразумела, натуральны знос тут улічваецца.
У акце прапісваюцца:
– звесткі пра бакі, паміж якімі падпісваецца дамова;
– адрас памяшкання;
– колькасць жылых пакояў, агульная плошча жылога памяшкання, іншыя
– характарыстыкі жылога памяшкання, якія бакі лічаць важнымі;
– звесткі пра стан жылога памяшкання на момант яго перадачы наймальніку;
– іншыя дадзеныя, што падаюцца табе прынцыповымі.
Дзе і як зарэгістраваць дамову арэнды?
Дамова падпісваецца ў разлікова-даведачным цэнтры (для прыватнага жыллёвага фонду) або ў мясцовым выканкаме (для дзяржаўнага). Прысутнічаць павінны абодва бакі.
Якія дакументы патрэбныя:
– заява ад уласніка кватэры, падпісаная прапісанымі ў ёй паўналетнімі членамі сям'і, а таксама грамадзянамі, якія маюць права на дадзеную жылплошчу (узор звычайна ёсць у РДЦ);
– дакументы – пасведчанне асобы бакоў (пашпарт, від на жыхарства);
– дакумент, які пацвярджае права ўласнасці на кватэру (пасведчанне аб рэгістрацыі, дагавор куплі-продажу, дамова абмены);
– тэхнічны пашпарт на кватэру;
– згода ўсіх уласнікаў жылога памяшкання;
– тры запоўненыя асобнікі дамовы.
Калі ты наймаеш жыллё, то твае целарухі з дакументамі на гэтым скончыліся. Калі ты здаеш, то табе на працягу пяці дзён трэба прыйсці ў падатковую інспекцыю па месцы жыхарства і заплаціць падатак на арэнду кватэры.
Што патрабуе падатковая?
Каб ты зарэгістраваўся(-лася) як падаткаплатнік(-ца). Прыходзіш вось з гэтымі дакументамі:
– пашпарт;
– адна з трох копій дамовы;
– копія тэхнічнага пашпарту;
– выпіска з асабістага рахунку пра ўсіх прапісаных на дадзенай жылой плошчы людзях (бярэцца ў ЖЭСе);
– згода ўсіх асоб, якія пражываюць з арэндадаўцам.
Гасіць падатак можна двума спосабамі:
1) Адзіным плацяжом за ўвесь каляндарны год. Аплаціць трэба не пазней за наступны працоўны дзень пасля таго, што прапісаны ў дамове дня здачы памяшкання. За кожны наступны каляндарны год аплата ажыццяўляецца не пазней за першы дзень года, за які ўносіцца падатак.
Тут крута, што калі падатак аплачваецца адразу за ўвесь перыяд, то табе не пагражае пераразлік з-за вагання ставак на працягу года. Можаш зэканоміць.
2) Штомесячны плацеж. Аплаціць трэба не пазней за наступны працоўны дзень пасля таго, што прапісаны ў дамове здачы памяшкання. Далей падатак аплачваецца штомесяц, не пазней за першы дзень месяца, за які плаціш.
У якім выпадку цябе вызваляць ад падатку?
Толькі два выключэнні:
памяшканне здаецца блізкім сваякам – ступень сваяцтва павінна быць пацверджаная адпаведнымі дакументамі;
памяшканне здаецца маладым спецыялістам – статус маладога спецыяліста пацвярджаецца копіяй працоўнай кніжкі і копіяй пасведчання аб накіраванні яго на працу.
Дзе шукаць хату і дзе яе прапанаваць?
Onliner – на вялікім партале пра ўсё ёсць вялікі раздзел па арэндзе.
Realt.by – сайт пра нерухомасць, зразумела, не можа не закрываць патрэбу ў жыллі.
Hata.by – папулярная дошка аб’яў, нічога лішняга.
Domovita – тут зможаш падабраць кватэру з улікам таго, калі ў яе заглядвае сонца і які від адкрываецца з вакна.
Агрэгатар Flatfy – збірае інфу амаль з усіх пляцовак.
Розныя групы ў ВК: напрыклад, па Менску вось, вось, вось і вось.