Як не сумаваць на пенсіі?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 29.02.2020
- 4600
Ура! Ты дажыў(-ла) да цудоўнага ўзросту, калі не трэба хадзіць на працу і клапаціцца пра малых (ці інфантыльных дарослых). Нарэшце можна прысвяціць сабе столькі часу, колькі хочацца, – 24/7. Пэўна, першы тыдзень праляціць за праглядам серыялаў у атачэнні любімых котак, але потым, які ні круці, нечым заняцца ды захочацца. 34 падгугліў, якія магчымасці прапануюць пенсіянерам у Беларусі.
Салодкая парачка з Нідэрландаў выйшла на пенсію і нарэшце здзейсніла сваю мару: пусцілася на цягніках з Амстэрдама ў Хабараўск, а потым яшчэ і завітала да сяброў у Аўстралію (гэта рэальная гісторыя!). А што ж нашы? Звычайна далей за лецішча не ездзяць. Пытанне тут найперш у грашах. Але не толькі: некаторыя не рызыкуюць заставацца ў адзіноце і ад’язджаць далёка ад дому, хвалюючыся пра стан свайго здароўя.
Каб быць упэўненым(-ай) у сабе і сваім здароўі ды каб кантраляваць усё, што будзе адбываецца з арганізмам далей, варта запісацца ў школу здароўя трэцяга ўзросту. Там раскажуць, на што трэба звярнуць дадатковую ўвагу і як надалей заставацца актыўным(-ай). Напрыклад, у Менску такая існуе на базе 5-й бальніцы. Заняткі праходзяць на базе кардыялагічнага аддзялення тры разы на тыдзень: пн/ср/пт, 15:00–15:30. У Горадні пенсіянераў навучаюць ЗЛЖ у паліклініцы № 6, у Гомелі – на базе абласнога клінічнага шпіталя інвалідаў Айчыннай вайны. Падгуглі свой горад.
Уладкавацца пенсіянеру(-цы) на новую працу складана. Але ж, калі ты ўсё жыццё марыў(-ла) стаць экскурсаводам, не трэба сабе адмаўляць. Будзеш вандраваць з унукамі па Беларусі і расказваць ім цікавыя гісторыі. Менскі ўніверсітэт трэцяга ўзросту прапануе курсы, дзе можна асвоіць новыя прафесіі – журналістыка, фатаграфія, пераклад, візаж, ландшафтны дызайн і іншыя; пракачаць веды ў экалогіі, праве; навучыцца шпацыраваць па-скандынаўску з палкамі ці ствараць дакументалкі. Заняткі праходзяць па 26 напрамках, але набор адбываецца, як і ў любы ўніверсітэт, адзін раз на год – у верасні. Прымаюць толькі студэнтаў 60+.
Калі ўсё жыццё было хобі, на якое даводзілася забіваць з-за працы, вось той момант, калі можна заняцца любімай справай усур’ёз і нават крыху зарабіць на гэтым. Некалькі гадоў таму стартаваў праект «Шкарпэткі ад бабулі», які паказаў, што замовы на ручныя вырабы цалкам рэальна знайсці ў любым узросце. А колькі цяпер хатніх тортаў, печыва, дызайнерскіх аксэсуараў – усё гэта можна рабіць дома і прасоўваць праз сацсеткі. Калі з сацсеткамі пакуль цяжкавата, а ўнукам прасоўваць бабуліна або дзядулева мастацтва лянота, можна запісацца на курсы камп’ютарнай пісьменнасці. Іх даволі часта арганізуюць сацыяльныя цэнтры.
Калі навыкаў для ўласнай справы крыху не хапае, можна рукадзельнічаць у кампаніі аднадумцаў – і заадно вучыцца новым прыёмам. Напрыклад, на базе сталічнай бібліятэкі № 20 рэгулярна збіраецца гурток вышыўкі і шытва, а па нядзелях а 12-й там рэжуцца ў шашкі. Знайсці «сваіх» можна праз інтэрнэт або сацыяльныя цэнтры.
Калі рукі чэшуцца зрабіць нешта карыснае для свету, ёсць выдатны варыянт – валанцёрства. Нявырашаных сацыяльных пытанняў у нас шмат, вольныя рукі патрэбныя заўсёды. Калі ёсць жаданне і сілы дапамагаць, табе будуць рады ў любой арганізацыі. Возьмеш ката на ператрымку – супер! Дапаможаш з перакладам сайта – выдатна! Любая дапамога карысная.
Калі крыху сорамна тусавацца з моладдзю, варыянцікі ўсё адно ёсць. Пенсіянерка Вольга Пуцінцава некалькі гадоў таму заснавала ў Першамайскім раёне Менска праект «Пажылыя – старым». Тут дапамагаюць людзям, старэйшым за сябе, якія засталіся адны і без дапамогі не могуць справіцца з нейкімі бытавымі рэчамі. Валанцёры вучыліся на праграмах пры Беларускім таварыстве Чырвонага Крыжа, таму таксама могуць аказваць і медыцынскую дапамогу. Разам з падапечнымі яны ствараюць сваю суполку, арганізоўваць канцэрты, адкрытыя майстэрні, гурткі па інтарэсах.
Дарэчы, калі ты маеш нейкі талент, можаш звярнуцца ў цэнтр сацыяльнага абслугоўвання свайго раёна і прапанаваць весці гурток. Напрыклад, у Цэнтральным раёне сталіцы праводзяць заняткі па ўсходніх танцах і спевах. У абодвух выпадках кіруюць імі пенсіянеры. Калі проста хочаш добра правесці час, да іх можна далучыцца як удзельнік(-ца), а пры наяўнасці здольнасцей выступаць разам з творчымі калектывамі на канцэртах.
Пенсіі ні на што не хапае. Што рабіць?
Па-першае, як правіла, заняткі для людзей трэцяга ўзросту ў грамадскіх цэнтрах бясплатныя. Па-другое, калі ў цябе ёсць нейкія іншыя інтарэсы, даволі верагодна, на іх таксама знойдзецца бясплатны гурток. Маеш сваякоў ва Украіне? Здзіві іх валоданнем мовы: бясплатныя курсы ўкраінскай раз на тыдзень праходзяць пры Таварыстве беларускай мовы ў Менску.
Калі ўсё ж такі інтарэс дужа спецыфічны і ў Беларусі нічога падобнага не праводзяць, ідзі ў інтэрнэт. Шмат пляцовак, як рускамоўная lektorium.tv ці англамоўная coursera.org, прапануюць лекцыі па мастацтве, біялогіі, астраноміі, архітэктуры. Калі ты заўсёды хацеў(-ла) даведацца крыху больш пра зоркі ды іншыя планеты – гэта якраз твой варыянт. Зводзіш потым свайго дзеда на рамантычнае спатканне.
Дзе займацца спортам?
На пенсіі займацца спортам не толькі можна, але і нават трэба. На жаль, разам з узростам мускульная маса паступова сыходзіць, таму нагрузка дапамагае трымаць цела ў форме. Насамрэч, калі заглянуць у спартзалу а дзясятай раніцы, усе актыўныя бабулі і дзядулі будуць там, а не ў чарзе ў паліклініку. Гэта не так адчуваецца ў нейкай моднай трэнажорцы ў цэнтры, але ж у спальных раёнах на ранішнюю трэніроўку побач з домам сапраўды прыходзяць. Каб пачаць, спатрэбіцца кансультацыя трэнера і запіс на адпаведную праграму. Часам заняткі для тых, каму за, хаваюцца пад назвай «карэкцыйны фітнэс». Ён дапамагае падкарэктаваць узроставыя змены і трымаць сваё цела ў добрай форме.
У Беларусі, на жаль, няма спаборніцтваў для людзей ва ўзросце. Але ў свеце шмат мужчын і жанчын 50+, якія ўсур’ёз змагаюцца за медалі. Самае вядомае нацыянальнае спаборніцтва – Senior Olympics – праходзіць у ЗША. На наступны год ужо акрэдытавалася больш за 10 000 спартсменаў, якія будуць змагацца ў 20 відах спорту. Яшчэ ёсць Huntsman World Senior Games, і вось на гэтыя гульні можа падаць заяўку прадстаўнік(-ца) любой краіны. Так што пачынай рыхтавацца!
«Не хачу вучыцца, хачу танцаваць»
Пра дыскатэку ў Парку Чалюскінцаў ведаюць усё. Але адкрытая пляцоўка запрацуе толькі ў сярэдзіне красавіка. Ангажыраваць кавалера на танец можна і раней.
Дыскатэкі ў сталіцы, якія качаюць кожныя выходныя, ладзяць:
Лядовы Палац спорту (вул. Прытыцкага, 27) – пятніца, субота 20:00–00:00, нядзеля 17:00–21:00;
ДК МАЗ (пр. Партызанскі, 117А) – пятніца, субота 20:30–23:30;
Палац чыгуначнікаў (вул. Чкалава, 7) – нядзеля 19:00–22:30;
Палац культуры ветэранаў (вул. Я. Купалы, 21) – нядзеля 16:00;
ДК МТЗ (вул. Даўгабродская, 24) – субота, нядзеля 18:00.