Робаты і японскае кіно: інтэрв'ю з Кодзі Фукада
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 12.04.2018
- 20129
Японскі кінематограф лічыцца адным з флагманаў малабюджэтнага аўтарскага кіно, таму і вядомы ў нашых шыротах нашмат менш, чым ганконгскія баевікі і карэйскія хорары. Спытай радавога наведвальніка мультыплексаў – табе ў лепшым выпадку назавуць Міядзакі і Курасаву, у горшым – узгадаюць пару серый «Наруто» і той агляд Гобліна пра «трох тупых японскіх падлеткаў». Калі толькі ты не наткнешся на каго-небудзь з тых рабят, якія кожны год займаюць дзве траціны залы ў кінатэатры «Піянер», калі там праходзіць рэтраспектыва японскага кіно. Апошняя – у красавіку 2018-га – насіла загадкавую назву «Прыцемкі і прыгажосць», і там паказвалі карціны тытулаваных сучасных класікаў: Хіракадзу Корээды, Наомі Кавасэ і Кіёсі Курасавы. Сярод іх зачасаўся і адзін малады і дзёрзкі.
Кодзi Фукада – японскі Дэні Вільнёў. Да сваіх 38 гадоў ён зняў чатыры поўнаметражныя фільмы, моцна не прывязваючыся да аднаго пэўнага жанру: у фільмаграфіі рэжысёра ёсць камедыя, драма з налётам французскага артхаўсу і постапакаліптычная фантастыка з сапраўдным робатам у галоўнай ролі. Апошнюю яго працу, сямейную драму «Фісгармонія», якая пазірае ў бок нервовага трылера, можна лічыць цалкам сабе хітом: кіно ўзнагародзілі прызам журы «Асаблівага погляду» Канскага кінафестывалю, другой па важнасці праграмы на галоўным сусветным кінааглядзе, а яшчэ яна намінавалася на азіяцкі «Оскар». Ну і адзнак на «Кінапошуку» ў «Фісгармоніі» пабольш – цэлых 99 супраць 1-10 у папярэдніх работ Кодзі Фукада.
Адкрываць менскую рэтраспектыву і прадстаўляць беларусам сваё кіно Фукада прыехаў асабіста, і мы не змаглі страціць магчымасць пагаварыць з рэжысёрам пра яго працы, будучыню штучнага інтэлекту, любімыя баевікі і, куды ж без гэтага, палітыку.
Для паглыблення:
«Фісгармонія» выйшла ў 2016 годзе. Пра што кіно: гаспадар гаражнай майстэрні Тосіа кліча на працу і пасяляе ў доме старога прыяцеля Ясаку, які нядаўна адседзеў за забойства. Ветлівы госць нікому не перашкаджае, мые за сабой посуд, вучыць дачку Тосіа музыцы, а потым пачынае падлашчвацца да жонкі сябра, што нічым добрым не сканчаецца. Фільм ужо можна знайсці на большасці анлайн-рэсурсаў, легальных і не вельмі.
«Гасціннасць» – дэбютны поўны метр Фукада, выйшаў у 2010 годзе. Пра што кіно: у дом ціхага сем'яніна Мікіа Кабаяшы заяўляецца нейкі Кагава, сын банкіра, які неяк дапамог сям'і мужчыны, і просіць яго даць прытулак. Вельмі хутка хлопец пачне ператвараць манатоннае жыццё сям'і Мікіа ў сапраўдны балаган, запрашаючы ў дом дзіўных сяброў і ўпісваючыся ў нейкія сумнеўныя аферы.
«Бывай» – фільм Фукада 2015 года, дэпрэсіўны сай-фай, які складаецца з меланхалічных гутарак дзяўчыны і яе андроіда-пакаёўкі на фоне павольнага знішчэння ўсяго жывога ядзерным выкідам. Верагодна, першы выпадак у гісторыі кіно, калі паўнавартасную ролю выканаў сапраўдны робат без дадатковых спецэфектаў, графікі і анімацыі. Андроід з фільма грае яшчэ і ў пастаноўках «Трох сясцёр» Чэхава і «Ператварэння» Кафкі японскай тэатральнай групы Robot Theatre Project.
Ваш дэбютны поўны метр «Гасціннасць», як і «Фісгармонія», таксама распавядаў пра сям'ю, у дом якой заяўляецца няпрошаны госць і перакульвае жыццё з ног на галаву. Адкуль у вас цікавасць да падобных сюжэтаў?
Калі шчыра, я ўжо сам дрэнна памятаю, адкуль у галаве паўстаў такі сюжэт, – першыя ідэі і накіды я рабіў 12 гадоў таму. Тады, у 2006-м, я напісаў сцэнар «Фісгармоніі», але потым паўсталі праблемы з бюджэтам. Ды і рэжысёрскага досведу ў мяне было мала, таму вырашыў зняць спачатку штосьці накшталт пробнага варыянту. Узяў нешта ад «Фісгармоніі», змяніў канцоўку – так і атрымалася «Гасціннасць».
Першапачатковая ідэя заключалася ў тым, каб зняць кіно пра гвалт. Але не абавязкова ў прамым сэнсе: я ўключаю ў гэтае паняцце не толькі чалавечы гвалт, але і стыхійныя бедствы, аварыі, штосьці раптоўнае і нематываванае, якое ў адзін момант змяняе ўсё.
Вось першая палова «Фісгармоніі» – звычайнае, штодзённае жыццё, якое перарываецца гвалтам. Другая палова – жыццё ўжо з наступствамі гэтага гвалту. Каб яго выказаць, я і прыдумаў такога героя, як Ясаку.
Наконт звычайнага жыцця. Не толькі ў «Фісгармонія», але і ў японскім кіно наогул шмат часу надаецца паўсядзённай руціне, накшталт абедаў і працы, якія многія гледачы вельмі не любяць. Чаму?
Для рэжысёра вельмі зручна праз паўсядзённыя эпізоды паказваць, як змяняюцца адносіны паміж героямі. Напрыклад, падчас абеду мы назіраем, як камунікуюць члены сям'і, як яны ставяцца адно да аднаго ў звычайным жыцці. Потым штосьці адбываецца, але жыццё ўсё роўна працягвае ісці сваім парадкам – вячэру яны прапускаць не могуць. І мы зноў назіраем за імі, за тым, як мяняюцца іх эмоцыі, выразы твараў, як яны паводзяць сябе ў тых жа самых умовах, калі быццам бы і ўсё змянілася, і ў той жа час нічога. Гэта вельмі зручна і цікава.
«Для рэжысёра вельмі зручна праз паўсядзённыя эпізоды паказваць, як змяняюцца адносіны паміж героямі»
А чаму дачка галоўных герояў грае менавіта на фісгармоніі?
Не памятаю, чаму я абраў менавіта гэты інструмент, – проста ў галаве паўстала карцінка, як дзяўчынка грае на фісгармоніі. Але прычыну можна і прыдумаць. Фісгармонія выклікае ў сэрцах японцаў настальгічныя пачуцці, я нават памятаю, як у маім школьным класе стаяў гэты інструмент. Яшчэ ён сімвалізуе традыцыйныя, старамодныя каштоўнасці, якія якраз і пераважаюць у японскіх сем'ях.
Вы казалі, што ў вашых фільмах героі пакутуюць, але ў выніку ў нейкай ступені становяцца шчаслівымі. Фінал «Фісгармоніі» для вас шчаслівы ці трагічны?
Усё залежыць ад гледача. Я лічу, што ў канцоўцы ёсць надзея. Бо фільм не толькі пра гвалт, ён яшчэ і пра адзіноту. У кожнага чалавека могуць быць сябры і блізкія, але ўсё роўна ён будзе па-свойму адзінокім. Вядома, гэта цяжка, таму ён заводзіць сям'ю або становіцца вернікам і такім чынам на нейкі час забывае пра сваю адзіноту. Муж і жонка могуць захоўваць цёплыя стасункі, але кожны з іх часам разумее, што ён насамрэч у гэтым свеце адзін. У «Фісгармоніі» жонка галоўнага героя – пратэстантка, яна на працягу дзвюх гадзін спрабуе забрацца ў розныя абалонкі, накшталт веры або сям'і, але ўсё роўна прыходзіць да такіх высноваў. А ў канцы мы бачым, што, нягледзячы на яе адзіноту, побач з ёй ёсць муж і дзіця, яны дапамагаюць адно аднаму. У гэтым і заключаецца надзея на тое, што ўсё будзе ў выніку добра.
«Калі якія-небудзь рэчы не мяняюцца занадта доўга, заўсёды ўзнікаюць сумненні ў іх правільнасці»
У вас у фільме ўпершыню знялася вялікая, па мерках японскага кіно, зорка – Таданобу Асана (японскі акцёр, вядомы па фільмах «Маўчанне» Скарсэзэ і марвэлаўскай серыі «Тор». – 34mag). Як вы з ім пазнаёміліся і наколькі добра спрацаваліся?
Да здымак я з ім асабіста не быў знаёмы, але яшчэ калі я вучыўся ў інстытуце кінематаграфіі, ён ужо быў вялікі зоркай. Я проста запрасіў яго ў свой фільм, ён пагадзіўся – так і пазнаёміліся. Ён не прасіў падладжвацца пад яго, нічога такога. Наадварот, звычайна гэта я падладжваюся пад акцёраў, стараюся зрабіць так, каб у кадры адбывалася зліццё іх уласных асоб з вобразамі герояў. Але Таданобу прапаноўваў шмат ідэй: напрыклад, калі яго герой з'яўляецца ў чырвонай кашулі, хоць да гэтага заўсёды насіў белую, – гэта ён прыдумаў.
З кім з кіназорак не з Японіі вы б хацелі папрацаваць?
Я думаў пра кагосьці, але, на жаль, забыўся на ўсе імёны (смяецца). А, вось. Ізабэль Юпэр. Вельмі дасціпная жанчына, было б цікава з ёй папрацаваць.
Раскажыце пра свой наступны фільм «Хлопец з мора». Наколькі я ведаю, там падзеі звязаныя з паводкай у Інданезіі. Гэта таксама гісторыя пра стыхійны гвалт або нешта іншае?
Магу сказаць толькі, што ён вельмі моцна будзе адрознівацца ад «Фісгармоніі». Будзе больш лёгкім фільмам, так бы мовіць, эскізным. Гэта моладзевая любоўная гісторыя.
Зноў паедзеце з ім у Каны?
Не ведаю. Занадта доўга робяць англійскія субцітры. І да фестывалю, хутчэй за ўсё, не паспеюць, таму ўдзельнічаць сёлета не будзем.
Ваш фільм «Бывай» – першы выпадак у гісторыі кінафантастыкі, ды і кіно, напэўна, наогул, калі адну з галоўных роляў выканаў сапраўдны андроід. Адкуль узялася такая ідэя?
Наогул першапачаткова гэта быў спектакль, які ставіла вядомая ў Японіі тэатральная трупа Seinendan. Ён кароткі, усяго 15 хвілін ідзе. Калі я яго ўпершыню ўбачыў, то захацеў зняць на яго аснове фільм.
Перш за ўсё мне была цікавая тэма смерці і адзіноты. Андроід быў не тое што самым галоўным і неабходным інструментам у фільме, ды і не сказаў бы, што чымсьці новым і арыгінальным. На сцэне робат упершыню граў, так, але ў кіно яшчэ Фрыц Ланг паказаў чалавекападобных машын, у Спілберга ў «Сківіцах» была механічная акула. Я нават не чакаў настолькі бурнай рэакцыі гледачоў з нагоды гэтага андроіда.
Але падчас здымак эфект быў і праўда моцны: ты здымаеш, а ў цябе перад камерай адначасова і андроід, і жывы чалавек. Такім чынам можна даць людзям абдумаць некаторыя пытанні адносна таго, што значаць акцёрскія эмоцыі, ды і наогул, што робіць чалавека чалавекам.
Якія-небудзь тэхнічныя складанасці з андроідам узнікалі?
Калі я пачынаў здымаць фільм, спектакль ужо паказвалі ў Францыі, Германіі, ЗША. Там усюды працавалі інжынеры, у якіх велізарны досвед абыходжання з андроідамі, таму ніякіх праблем не ўзнікла. Андроід быў сапраўдным выдатнікам, не скардзіўся, што галодны ці хоча спаць. Прыемна ўвогуле было з ім працаваць (смяецца). Адзіны момант: калі б мы яго зламалі або проста падрапалі, то давялося б аддаць 150 тысяч долараў за рамонт, так што ўсе з яго парушынкі здзімалі. Жывога акцёра лячыць было б танней.
Цяпер робаты і нейрасеткі ўжо ўмеюць пісаць вершы, музыку, сцэнары. Ваш андроід наогул чытае Рэмбо і любуецца красаваннем бамбуку. Калі-небудзь штучны інтэлект сапраўды зможа адчуваць чалавечыя эмоцыі і ўспрымаць мастацтва?
Цалкам магчыма, што праз дзясяткі гадоў робатаў амаль немагчыма будзе адрозніць ад людзей. Можа, яны нават змогуць паўнавартасна граць у кіно як акцёры. Але гэта будзе не хутка. Арыдза Хірата, аўтар і рэжысёр спектакля, таксама кажа, што жывыя акцёры пакуль яшчэ граюць нашмат дакладней і цікавей. Так што ў бліжэйшы час нічога такога нам не пагражае.
«Андроід быў сапраўдным выдатнікам, не скардзіўся, што галодны ці хоча спаць»
Ці варта чакаць ад вас новых эксперыментаў у фантастыцы?
Вось у фільме, які мы знялі ў Інданезіі (Кодзі мае на ўвазе «Хлопец з мора». – 34mag), таксама ёсць элементы фантастыкі, так што гэта можна лічыць новым эксперыментам. Але наогул у японскім кіно дазволіць сабе нейкія эксперыменты досыць складана – індустрыя патрабуе чагосьці больш папулярнага, таго, што добра прадаецца.
Возьмецеся за папкорнавы блокбастар, калі раптам прапануюць?
Я люблю розныя баевікі, таму калі тэма будзе цікавай, то чаму б і не.
Які ваш любімы баявік?
Мне вельмі падабаецца «Дзікая банда» Сэма Пекінпы 1969 года. Цікавае кіно, паглядзіце абавязкова.
А што параіце паглядзець, каб лепш разумець вашы фільмы? Можа, нешта падобнае па сюжэце ці чым вы натхняецеся?
Магу назваць французскага рэжысёра Эрыка Рамера. У яго погляд вельмі сучасны. У яго фільмах героі вельмі шмат кажуць, але тое, што ў іх на душы, усё роўна застаецца загадкай. Гэта не азначае, што яны хлусяць або нешта хаваюць, – проста тое, што ў чалавека ўнутры, да канца не зразумее ніхто і ніколі, нават ён сам. Чалавечая душа – прыцемкі, нешта ў гэтым духу. Адчуваецца нейкая такая філасофія ў яго фільмах. Вось кіно Рамера можна паглядзець. «Зялёны прамень», напрыклад. Іншых назваў, напэўна, не скажу, таму што памятаю толькі іх японскія адпаведнікі... Яшчэ апошнім часам я стаў часта пераглядаць фільмы Аляксандра Сакурава. У маім «Бывай» таксама моцна адчуваецца ўплыў гэтага рэжысёра.
«Тое, што ў чалавека ўнутры, да канца не зразумее ніхто і ніколі, нават ён сам»
Давайце яшчэ проста адзін фільм, з апошніх прагледжаных, які вас уразіў.
Нядаўні фільм Стывена Спілберга – той, у якім Мэрыл Стрып здымаецца (гаворка пра «Сакрэтнае дасье». – 34mag). Вельмі якасна зроблены фільм. У нас у Японіі цяпер такая сітуацыя, што ў кіруючай Ліберальна-дэмакратычнай партыі, па сутнасці, палітычная манаполія. Вялікая праблема ў тым, што ЛДП цісне на СМІ ці, напрыклад, патрабуе перапісаць якія-небудзь законы і афіцыйныя дакументы. Фільм Спілберга хоць і пра журналістаў, якія раскрылі сакрэтныя дакументы В'етнамскай вайны ў 1970-я гады, але ўсё роўна адчуваецца ў ім моцны антытрампаўскі пасыл. Для Японіі ён таксама вельмі актуальны, нягледзячы на тое што амерыканскі.
А самі б не хацелі зняць што-небудзь вострапалітычнае, калі вас сапраўды хвалюе гэтая тэма?
Так, хоць я і ніколі раней не здымаў палітыку, усё роўна лічу, што з гэтым звязана шмат розных дробных момантаў. У «Бывай» ёсць АЭС, на якой адбылася катастрофа, і ўсе ад гэтага пакутуюць – відавочная адсылка да «Фукусімы». У сям'і з «Фісгармоніі» бацька спачатку моцны і ўладны, але потым пачынаюць з'яўляцца сумневы з нагоды яго ўлады. Так і мы, японцы, пачынаем сумнявацца ў кіруючай партыі. Калі якія-небудзь рэчы не мяняюцца занадта доўга, заўсёды ўзнікаюць сумненні ў іх правільнасці.
Тэкст – Антон Каляга, фота – Ігар Чышчэня