Бярлога пустэльнiка
«Спальнік» у раёне Аэрадромнай проста створаны для пустэльніцкай бярлогі: мясцовую цішыню тут парушаюць толькі каты, якія мяўкаць нядружным хорам, ды бабулькі, якія іх падкормліваюць. Прабіраемся праз дваровую ідылію ў стандартны хрушчоўскі пад’езд, патрэбная кватэра – на апошнім паверсе. Званок працуе нармальна, а дзвярная ручка не пакрытая пылам – значыць, сюды ўсё-такі хтосьці ходзіць. Але хто? Паштальёны? Сведкі Іеговы? Ваенкамат? Варыянты скончыліся, а дзверы адкрыліся – адкрыў іх наш пустэльнік Саша, ускалмачаны, сур'ёзны і відавочна чымсьці незадаволены.
– Прывітанне. Ты спазніўся, але на першы раз даруецца. Заходзь.
Зайшоў і выраніў сківіцу на падлогу: у кватэры хлопца, які не выходзіць на вуліцу цэлы год, панавала нейкая жудасная чысціня: ніякага пылу, пустых кардонак з-пад піцы ды іншага шлаку, які, здавалася б, проста абавязаны тут вадзіцца. Не кватэра, а музей, дзе галоўныя экспанаты – кілаграмы кніг, дзясяткі кветак а-ля «шчупаковы хвост» і сам хлопец, які жыве сярод гэтай разнастайнасці.
– Колькі ты ўжо не выходзіш з кватэры?
– Трынаццаць месяцаў з капейкамі. А калі быць максімальна дакладным, то 13 месяцаў, 18 дзён і 43 хвіліны. – Саша кінуў позірк у бок гадзінніка: – Ужо 44.
– А-акей. А з чаго наогул пачалося тваё пустэльніцтва? Ці быў нейкі зыходны пункт, пасля якога табе стала моташна пераступаць парог кватэры?
– Калі ў чалавека здараецца штука, пасля якой ён не можа выходзіць на вуліцу, – гэта клініка. У мяне ж усё значна прасцей: мне ніколі не было камфортна сярод іншых людзей. Мне не «рвала» дах у натоўпе, не кідала ў дрыжыкі, не абсыпала гусінай скурай, але і прыемных адчуванняў было нуль. На вуліцы я сябе адчуваю селядцом на шакаладным торце – вельмі прыкметным і не вельмі патрэбным.
Насамрэч гэта чымсьці нагадвае зубны боль: спачатку ты гэты боль проста ігнаруеш, потым спрабуеш уціхамірыць сваімі сіламі, але ў выніку шуруеш да стаматолага, бо карыес содай і попелам не вылечыць. Тут такая ж тэма: у дзяцінстве мне было ўсё роўна на іншых дзяцей, потым я стараўся «ўліцца» ў калектыў, скачучы па ўласным горле, а ў выніку апынуўся тут, у сваёй кватэры, – супакоены і шчаслівы.
«На вуліцы я сябе адчуваю селядцом на шакаладным торце»
Скончыў каледж, забраў атэстат, атрымаў ваенны білет, пачуў «так» на сумоўі – і зачыніў дзверы ў кватэру знутры. Ці задаволены я сваім ладам жыцця? Цалкам. Хочацца мне нешта змяніць? Ніколькі.
Туторыял пустэльнiка
– А як наогул выглядае працэс «ізаляцыі»? Можаш падзяліцца з намі базавым «туторыялам пустэльніка»?
– Лёгка. Для пачатку табе трэба кватэра, у якой ты будзеш пустэльнічаць (пакой у доме бацькоў не падыдзе). Таксама табе спатрэбяцца грошы – шмат, вельмі шмат грошай: на камуналку, цана на якую будзе проста дзікай; на нармальную тэхніку, якую ты будзеш юзаць на поўную катушку; на ежу, вопратку і розныя прыемнасці, якія табе будзе прывозіць кур'ер таксама не за «проста так». Яшчэ патрэбна дадаць да гэтага спіса прыватнага лекара і цырульніка, калі ты не жадаеш ператварыцца ў зарослае кульгавае нешта. Таксама нядрэнна было б абзавесціся асабістым майстрам і сантэхнікам – вышэйзгаданая тэхніка любіць ламацца. Грошы проста так не з'яўляюцца, таму патрэбная праца. Я работаю тэсціроўшчыкам у адной IT-канторы, тэстую гульнявыя модулі, ПА: гэта мутарна, сумна і цяжка – якраз тое, што я люблю.
Дарэчы, існуе яшчэ такая штука, як армія. У мяне зрок -8, і пляц мне не пагражае: цяжка быць пустэльнікам у казарме.
Насамрэч прадумаць трэба шмат чаго: куды падзець смецце, калі ты не выходзіш на вуліцу (маё выносіць прыязны сусед), дзе браць цыгарэты (я проста кінуў паліць), чым заняць сябе ў вольны час і навошта ўсё гэта наогул трэба. Калі адказ на апошняе пытанне не ўзнікае ў галаве аўтаматычна, не варта і спрабаваць.
– А табе бывае самотна? Калі я цябе правільна зразумеў, то тваё жыццё не на шмат адрозніваецца ад жыцця забытага светам палярніка...
– Няправільна ты мяне зразумеў. Так, я не выходжу з кватэры, але гэта не значыць, што іншыя сюды не могуць заходзіць. Цяпер да мяне прыйшоў ты, а праз некалькі гадзін сюды заскочуць мае сябры. Мы сячэмся ў прыстаўку, глядзім фільмы, серыялы, гаворым пра ўсё і ні пра што. Дарэчы, пасля таго як я перастаў выходзіць з хаты, мае адносіны з сябрамі толькі палепшыліся: ім цікава распавядаць, мне – слухаць. Баланс і ўсё такое. Дарэчы, у мяне і дзяўчына была. І калі б яна мне не дурыла галаву фразамі а-ля «давай пройдземся хоць да майго пад'езда», мы былі б разам і цяпер.
«Калі б яна мне не дурыла галаву фразамі “давай пройдземся хоць да майго пад'езда”, мы былі б разам і цяпер»
– З чаго пачынаецца звычайны дзень пустэльніка 21-га стагоддзя?
– З пад’ёму апоўдні: абуджэнне раней за 12 мяне забівае. Потым я чэкаю сацсетачкі і пошту, калі на яе прыходзяць нейкія заданні ад фірмы – выконваю іх. Праца займае гадзін шэсць-сем у дзень, што абсалютна цывільна: застаецца час і на фільмы, і на гульні. Таксама я імкнуся чытаць кожны дзень. Кнігі ў крамах прадаюць па шалёным прайсе, таму таварыш закупляе мне «абноўкі» ў букіністычнай краме і адтуль цягне ўсё: дэтэктывы, фэнтэзі, энцыклапедыі і п'есы. Часам я натыкаюся на поўны адстой, але часцей за ўсё трапляюцца сапраўды добрыя рэчы.
Яшчэ ў мяне ёсць бзік у плане раслін: з-за таго, што я не гуляю па вуліцы, я атрымліваю недастаткова кіслароду. Ну, мне так здаецца. Таму ў хаце ў мяне цэлы батанічны сад, які складаецца з сансеўер і фікусаў. Паліў, працёр, пакапаўся ў зямлі – можна спаць спакойна.
Ежа? Я ўвогуле не разумею, навошта людзі ходзяць у краму, калі ёсць дастаўка. Божа, барані «Еўраопт»!
Уцёкi з Шаўшэнка
– У самым пачатку нашай размовы ты згадваў «клініку». Цябе самога не лічаць псіхам?
– Лепш назаві мне тых, хто так не лічыць. Пасля таго як я перастаў выходзіць з дому, большая частка маіх знаёмых рэзка перакваліфікавалася ў псіхіятраў: яны пачалі ставіць мне дыягназы, спрабаваць вырашыць мае ўнутраныя «праблемы» і ў цэлым знайсці адказ на пытанне: «Што з ім не так?» Кожны спрабаваў даць вельмі мудры савет і знайсці прычыну майго пустэльніцтва, але ніхто нават не зрабіў ласку падумаць аб тым, што мне проста падабаецца сядзець дома. Я псіх? Акей. Хаця мне здаецца, што пустэльніцтва – менш клініка, чым штодзённыя сустрэчы з непатрэбнымі людзьмі, пустыя размовы і таўкатня ў метро.
«Пасля таго як я перастаў выходзіць з дому, большая частка маіх знаёмых рэзка перакваліфікавалася ў псіхіятраў»
– Ты ўвогуле плануеш выходзіць з дому?
– Я разумею, што калі-небудзь мне давядзецца гэта зрабіць. Але цяпер, пакуль я жыву так, як я хачу, я імкнуся адкладаць гэты момант на самую далёкую паліцу. Мне падабаецца жыць толькі з сабой і толькі для сябе, падабаецца адчуваць сябе вольным у гэтых сценах. Пакуль я не пачну адчуваць сябе як Брукс з «Уцёкаў з Шаўшэнка», з хаты ні нагой. Але гэта я цяпер так кажу. Можа быць, заўтра ўсё будзе інакш. Ты заходзь, калі што, – сам ведаеш, дзе мяне знайсці.
Што адбываецца ў прасторы .PUNKT і як туды трапіць – кароткі мануал па адукацыйнай актыўнасці 34 Media.
61-гадовая прыбіральшчыца менскіх рэйваў распавядае пра сваё бачанне моладзі і нагадвае аб правілах этыкету на вечарынках.
Атрымай грошы на хуткую рэалізацыю сваёй ідэі.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.