Ты ўжо напэўна здагадваешся, што беларускае сучаснае кіно – гэта не толькі «Мы браты» і расійскія серыялы ў менскіх дэкарацыях, і з ім можна пазнаёміцца не на адным толькі «Лістападзе». Не так даўно мы распавядалі табе пра стужку AHAHA, а сёння надышоў час фільма, на які мы вырашылі схадзіць перадусім праз назву. Чытай, што адчуваў наш аўтар, паглядзеўшы прэм’еру «Відэарэгістратара».
Па запыце «беларускае незалежнае кіно» гугл ляніва выплюнуў мне пару артыкулаў «Камсамолкі», старонку ў Вікіпедыі і некалькі інтэрв’ю Андрэя Курэйчыка. Асабліва не разгуляешся. І неяк крыўдна так адразу стала. Здаецца, і «Лістапады» кожны год ідуць, і конкурсы аматарскага кіно праводзяцца, а беларускіх Бломкампаў і Віндынг Рэфнаў пакуль яшчэ не бачна.
Вядома, зняць шэдэўр на мамчын тэлефон – задача не з простых. На дзяржпадтрымку, на жаль, разлічваць не прыходзіцца. Але наша публіка згаладалася па маленькіх аматарскіх кінастужках, і гэта вельмі прыкметна. І так як гэтае поле не паханае і не сеянае, прэм’ера любога беларускага DIY-фільма практычна гарантавана становіцца гучнай падзеяй сярод кінаманаў.
У сярэдзіне кастрычніка амаль у кожным буйным кінатэатры Менска як грыбы павырасталі вялікіх памераў рэкламныя стэнды фільма «Відэарэгістратар». Аматарская карціна ад беларускага рэжысёра, з гучным слоганам «Новая галіна беларускага кіно». Даволі прэтэнцыёзна. Прэм’ера ў найстарэйшым кінатэатры «Перамога», інфармацыйная падтрымка ад auto.TUT.by і «Анлайнера» – усё выглядала самавіта і па-даросламу. І хай трэйлеры з гукам, запісаным на знешні мікрафон камеры, і феерычныя 3 рублі збораў на Ulej.by не абяцалі нічога добрага, вельмі хацелася верыць, што гэтая «новая галіна» не апынецца зусім ужо тупіковай.
У прэм’ерны вечар людзей у «Перамозе» сабралася на здзіўленне нямала. Чэргаў ля касы, вядома, не было, але ля ўваходу ў кіназалу народ тоўпіўся яшчэ за паўгадзіны да пачатку.
– Два на «Відэарэгістратар», калі ласка.
– На што?
– Эээ ... На «Відэарэгістратар». У вас жа прэм’ера зараз.
– А, ну да, ну да, прабачце...
Шчырае здзіўленне касіркі трохі насцярожыла. Няўжо ўсе гледачы прыйшлі па запрашэннях і акрэдытацыях, а я адзіны, дурань, квіткі купіў? Спадзяюся, не, таму што зборы ў шэсць рублёў – відавочна не тое, на што спадзяваліся арганізатары. Ну, плюс яшчэ тыя тры рублі з «Улея».
Трывогі развеяліся, калі я ўбачыў публіку крыху бліжэй. Яна была досыць разнамасная, і далёка не кожны, хто прыйшоў на фільм, паходзіў на журналіста. Тут былі і сямейныя пары за сорак, і класічныя хіпстары. Натоўп дружна саграваўся бясплатнай гарбатай з цукеркамі і фоткаўся з тэматычнымі мадэлямі ў шлемах з відэарэгістратарамі на галовах. Мадэляў клікалі Міхаіл і Юліяна. Выглядалі яны досыць незвычайна, варта прызнаць. Адзін дзядок нават выказаў мне сваё здзіўленне наконт таго, што ўсе чамусьці фатаграфуюцца з «нейкімі будаўнікамі».
Бліжэй да пачатку сеанса палова крэслаў усё ж такі апынулася занятая – ужо нядрэнна.
Вечар пацяшальна-забаўляльных мерапрыемстваў працягнуўся розыгрышам відэарэгістратара, уручэннем прызоў пераможцам прома-конкурсу і кароткім стэндап-выступам.
З розыгрышам відэарэгістратара я праляцеў: з запаветнай жоўтай скрынкі рэжысёр Філіп Лагонда выцягнуў квіток нейкай дзяўчыны, якая сядзела на пару крэслаў лявей. Але я не асабліва знерваваўся. Што мне з ім рабіць, калі ў мяне і машыны няма? Хіба што кіно здымаць.
У цэлым атмасфера была досыць прыязнай, а аўдыторыя ў зале даволі дарослай. Пераважаў тыпаж мужчын сярэдніх гадоў, на якіх, мабыць, магічным чынам паўплывала назва фільма. Як сказаў адзін мой сябар, ад слова «відэарэгістратар» адразу вее нейкай асаблівай «шынамантажнай» эстэтыкай. Гэта іх і прыцягвала, мяркуючы па ўсім.
Сюжэт цалкам адпавядаў апісанню на флаеры. Галоўнага героя клічуць Алег. Ён тыповы лузер гадоў сарака з агіднай працай, праблемамі ў сям’і і адсутнасцю ўсялякіх перспектыў. Раптам Алег вырашае купіць відэарэгістратар, каб паўдзельнічаць у конкурсе auto.TUT.by (продакт-плэйсмэнт).
У краме яго, канешне, абдурылі (ну бо лох ён, што тут зробіш) і прадалі нейкую таямнічую мадэль, якую вярталі ўсе папярэднія пакупнікі. Кажуць, што яна прыносіць няўдачы сваім уладальнікам, і яны часцей трапляюць у аварыі. Але на нашага героя гэтая «відэарэгістратарная магія» дзейнічае адваротным чынам. Яго відэарэгістратар выпадкова запісвае здраду жонкі, выпадкова становіцца сведкам збіцця свайго ўладальніка начальнікам і выпадкова правакуе чароўнае пераўтварэнне Алега са звычайнага мямлі ў альфа-самца вышэйшага гатунку. Вынік – жонка вяртаецца, цешча нечакана з’язджае, а падла-начальнік, пад страхам «апынуцца ў інтэрнэце», падымае зарплату і дае герою павышэнне. Хэпі-энд! Мара любога мужыка з крызісам сярэдняга ўзросту – усе праблемы вырашыліся раптоўна і амаль самі сабой.
Вялікім адкрыццём фільм, вядома, не стаў. Многія сюжэтныя лініі былі банальнымі, а відэарэгістратар удзельнічаў у здымцы больш у якасці персанажа, чым камеры. Збольшага фільм здымаўся на Blackmagic Cinema – не самы танны прафесійны апарат. Так што нейкага артхаўснага трэшу і ўгару з дрыжачай карцінкай таксама не было. Але моцна лаяць карціну не хочацца.
Перадусім гэта адзін з нешматлікіх беларускіх аматарскіх фільмаў, якія асобна пракацілі ў кінатэатры. Гэта ўжо з’ява. І дзякуй велізарны Філіпу Лагонду за тое, што ён даказаў: адсутнасць вялікага бюджэту і прафесійнай адукацыі можна кампенсаваць моцным жаданнем і настойлівасцю.
А па-другое, фільм «Відэарэгістратар» варта палюбіць хаця б за асобныя яго сцэны. Напрыклад, сэкс галоўнага героя з прастытуткай і ўключаным на фоне мульцікам «Ну, пачакай!» – як мінімум «Залаты Глобус». Мне ніколі не забыць цяпер гэтыя «Заяц! Воўк! Заяц! Воўк!». І такіх момантаў там дастаткова. Магчыма, некаторыя з іх не былі задуманы як камедыйныя, але, тым не менш, – да слёз.
Вось што сам рэжысёр расказаў нам пра сваю працу:
«Гэта мой першы вопыт вялікага праекту, да гэтага былі кліпы значна меншай працягласці, на іх я і вучыўся. Ну і ў першыя здымачныя дні таксама. Тэхнічна ў гэтым нічога складанага не было, але самая вялікая складанасць – пасля трох гадзін здымак, калі маральна і фізічна ты выціснуты як лімон, прымусіць сябе ў гэты ж дзень змантаваць тое, што зняў. Гэта не заўсёды ўдавалася.
Мяне запытваюць, як атрымаць пракатнае пасведчанне. Вельмі проста – даслаць матэрыял у мінкульт і чакаць.
Рэакцыяй гледачоў я задаволены. Яна дала стымул рухацца наперад і займацца новымі праектамі. А “Відэарэгістратар” хутка паедзе ў рэгіёны».
На хвалях нашага «радыё настальжы» – рэпартаж-калаж з канцэрта аркестра «Ляпіс-98»
«Privacy няма» і яшчэ 14 ісцін ад рэдакцыі 34mag, якія дапамогуць табе прыгожа справіцца з новай медыйнай рэальнасцю.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.