Што рабіць на «Кіламетры грамадскай актыўнасці»?

1 чэрвеня з 13:00 да 20:00 на тэрыторыі «Ок16» раскінецца «Кіламетр грамадскай актыўнасці». Гэта суперцікавы фэст для ўсіх, хто на канапе не залежваецца: тут ты пазнаёмішся з процьмай годных ініцыятыў і з вартымі людзьмі гэтай краіны. З любоўю і клопатам пра цябе 34mag зрабіў невялічкі мануал па карыстанні «Кіламетрам».

 

 

Разбарахліцца.

Падчас фэсту будзе працаваць Free Market. Гэта, калі ты ведаў(-ла), рэальная магчымасць атрымаць нешта табе патрэбнае за 0 BYN. І ашчаслівіць кагосьці рэчамі, якімі не карыстаешся сам(-а).

 

 

Даведацца больш па вострых тэмах.

На «Кіламетры грамадскай актыўнасці» будуць лекцыі па тэмах экалогіі, гендару, смяротнага пакарання, правоў чалавека, мовы і культуры (усё, як бачыш, very hot). Асабіста мы абавязкова зарулім на лекцыю Таццяны Алексы з «Цэнтра гарадскіх ініцыятыў», каб паслухаць пра тое, як ствараецца гарадская культура, і на выступ Марыі Сума пра пластык.

 

 

Пераняць каштоўны досвед.

У «Ок16» падрыхтуюць ажно дзве пляцоўкі з майстар-класамі – хоць ты разарвіся. Калі ты студэнт(-ка), рэкамендуем паслухаць пра Erasmus+ і зазірнуць да «СтудРады» на майстар-клас «Актуальныя праблемы абароны правоў студэнта». Усім, хто працуе са словам, варта не прапускаць «Страшылкі пра hate speech» ад Насты Лойкі з Human Constanta.

 

 

Горача паспрачацца.

На дыскусійнай пляцоўцы абяцае быць горача: градус тэм падвышаны максімальна. Тут і пра ўзаемадзеянне з уладамі, і пра кадравую палітыку, і пра тое, няўжо дзёрзкі мікраблогінг пахавае класічныя НДА. Наш персанальны топчык – гэта дыскусія «Менск і рэгіёны: дзве розныя грамадзянскія супольнасці?». Вельмі хочацца пашукаць дакладны адказ на гэтае не рытарычнае пытанне.

 

 

Разабрацца са сваімі стэрэатыпамі.

Без «Жывой Бібліятэкі» фэст для людзей, якія адкрытыя іншаму-новаму, не быў бы паўнавартасным. Нагадваем, што «кнігамі» на «ЖБ» завуць прадстаўнікоў і прадстаўніц уразлівых груп: тут можаш сустрэць, напрыклад, БДСМшчыка, былога наркамана, чайлдфры, асэксуала, чалавека з ВІЧ. Не ўпусці шанец зазірнуць у твар сваім фобіям: яны не страшныя.

 

 

Пашпацыраваць па тэматычным маршруце.

Разамні ножанькі і мазгі падчас тэматычных экскурсій. Гуляць прапануюць па шляхах правоў чалавека, па зялёных прасторах, але наш фаварыт, канешне, шпацыр «Кастрычніцкая: ад станка да фалафеля». На экскурсіі трэба запісацца загадзя.

 

 

У чарговы раз кайфануць пад Akute.

Пераслухай апошні альбом магілёўскіх рокераў – і пагналі на «Кіламетр грамадскай актыўнасці».

 

 ПОЎНАЯ ПРАГРАМА