Запускаецца кінаклуб эксперыментальнага кіно
- Рубрыка: УЛОЎ
- 28.08.2023
- 2169
У верасні часопіс пра сучаснае беларускае мастацтва Chrysalis Mag і кінаклуб з Бішкека Punctum Point запускаюць анлайн-кінаклуб. Там будуць абмяркоўваць кіно і вучыцца «размаўляць з творам мастацтва на яго мове».
Далучыцца да кінаклуба можа хто заўгодна. Уваход – за donation ад 5 рублёў. Мова – руская.
Курыраваць кінаклуб будуць рэжысёры і мастакі Валерыя Лемяшэўская і Аляксандр Ламоўскіх. Пад іх чуйным доглядам можна будзе навучыцца разумець, на што ты ўвогуле глядзіш, а таксама выпрацаваць шыкоўны вакабуляр для абмеркавання мастацтва не толькі на ўзроўні «падабаецца / не падабаецца» (хоць і на гэтым узроўні, безумоўна, ёсць свае каштоўнасці).
Тут прапануюць авалодаць метадам фармальна-пластычнага аналізу і сфармаваць оптыку, праз якую будзе не толькі зручна глядзець на кіно, але і лепш разумець іншы арт, не разгубіцца ў любым музеі ці галерэі свету, ды і ўвогуле бачыць мастацтва ў штодзённасці.
Глядзець прапануюць эксперыментальнае кіно, якое транслюе ідэю праз чыстую форму. Каманда анлайн-кінаклуба тлумачыць падыход так: «Часцей за ўсё ў фільмах, якія мы глядзім, сутыкаемся з прыкладам "2 яблыкі + 2 яблыкі = 4 яблыкі". А вось у выпадку з эксперыментальным кіно ў нас ужо будзе "2 + 2 = 4" і ніякіх яблыкаў. Аўтар эксперыментальнага фільма можа разважаць, напрыклад, пра ракурс і ствараць фільм такім чынам, каб даследаваць гэты асобны інструмент кіно». Калі навучыцца працаваць з формулай «2 + 2 = 4», потым атрымаецца складаць хоць яблыкі, хоць персікі, хоць сабак, кажа куратарка Валерыя Лемяшэўская. Наведвальніцы і наведвальнікі кінаклуба асвояць, так бы мовіць, саму ідэю вылічэння.
З імёнаў, каб зарыентаваць у праграме кінаклуба, называюць Эндзі Уорхала, Маю Дэрэн, Біла Морысана, Райнэра Вернера Фасбіндэра, Віма Вэндэрса, Марсэля Карнэ.
«Мы вельмі шмат разоў заўважалі, што нашыя абмеркаванні на кінаклубах ператвараюцца ў асобны калектыўны твор мастацтва. Калі ты глядзіш і абмяркоўваеш фільм з іншымі людзьмі з розным бэкграўндам і поглядам на свет, ты становішся "болей". І гэты працэс сумеснага стварэння вельмі важны, асабліва ў такія часы, як цяпер», – кажуць куратары.
Першая сустрэча анлайн-кінаклуба адбудзецца 5 верасня з 20:00 да 22:00 па Менску. Для ўдзелу не патрэбныя «корачкі» знаўцы высокіх мастацтваў. Толькі рэгістрацыя і данат.