Варшава мастацкая: адкрытая майстэрня і калераванне архіўных фота з Машай Мароз
- Рубрыка: УЛОЎ
- 12.08.2025
- 109
З 12 па 30 жніўня ў фундацыі «Краіна», якая будуе ў Варшаве супольнасць вакол моды, дызайну і мастацтва, пачынаецца рэзідэнцыя беларускай мастачкі і этнографкі Машы Мароз.
Расклад мерапрыемстваў:
12.08 / 18:00 – артыст-ток;
15.08 / 18:00 – майстар-клас па ручным калераванні архіўных фотаздымкаў;
18.08 / 18:00 – майстар-клас: фартух як аб’ектавая форма культуры;
24.08-26.08 / 15:00 – 18:00 – Pop Up і адкрытая майстэрня.
У межах рэзідэнцыі Маша працягвае ўласнае этнасеміятычнае даследаванне беларускай архаічнай культуры, факусуючыся на канцэптуальных кодах міфапаэтычнай карціны свету карэнных жыхароў Палесся – роднага для мастачкі рэгіёна.
«Разважаючы аб метадах пераасэнсавання і інтэграцыі традыцыйнай культуры ў штодзённасць як неад’емнага складніка антыкаланіяльных практык, я правяду два варкшопы. У іх межах мы прааналізуем выкарыстанне колеру як элемента сімвалічнае камунікацыі ў традыцыйным касцюме, а таксама разгледзім фартух як аб’ект семіятычнай культуры, – расказвае пра праграму Маша Мароз. – Напрыканцы рэзідэнцыі ў перфарматыўнай форме я прэзентую свой праект “РУНЬ” – капсульную калекцыю жаночай вопраткі, якая з’яўляецца вынікам шматгадовых даследаванняў беларускага этнічнага адзення і аб’ектаў сакральнай культуры Палесся. Фіналізую сваю актыўнасць у “Краіне” экспазіцыяй поп-апу, дзе можна будзе пазнаёміцца і набыць вырабы Masha Maroz Studio, а таксама прынты з лімітаваных тыражных серый маіх аналагавых здымкаў палескіх экспедыцый».
Па падрабязнасці – у інстаграм.