Кірыл Борахаў: вялікае інтэрв'ю
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 28.04.2018
- 19738
Кірыл Борахаў – вядомая і знакавая для Берасця асоба. У свой час ён адкрыў першы ў горадзе караоке-клуб «Сола», затым сацыяльны бар Korova, сямейную кавярню Mario, дастаўку ежы «Тук-тук», зараз займаецца фастфудам у Маскве і Менску. Мы распыталі рэстараннага магната пра тое, як упраўляцца з усімі праектамі разам, што рабіць, калі праект перастаў прыносіць прыбытак, і як мяняюцца спажывецкія звычкі ў Берасці.
Супы i Масква
– Распавядзі пра свой апошні праект EasySoup. Ты запусціў яго ў Маскве, цяпер адкрываецца кавярня ў Менску...
– Так, я доўга выношваў ідэю, але хутка рэалізоўваў. Канцэпт быў падгледжаны ў адной з кавярань Амстэрдама. Ён цалкам адпавядаў маім ідэалагічным перакананням, таму што я сам даўно прытрымліваюся здаровага ладу жыцця.
– У чым задумка EasySoup?
– Першапачаткова кавярня задумвалася як кропка хуткага і збалансаванага харчавання з супамі ў якасці монапрадукту, але мы крыху мадыфікавалі канцэпцыю і дапоўнілі дадатковымі прадуктамі – сэндвічамі і салатамі. Усё ж такі мы хацелі, каб чалавек мог задаволіць усе свае патрэбы ў ежы. Аднак сярод супоў будзе што выбраць – цяпер мы распрацавалі каля 50 відаў і да канца года давядзем выбар да 100 пазіцый.
У Маскве ў нас пакуль што адна кропка, адкрывалі другую, але вымушаныя былі закрыць з-за дапушчаных памылак. Усё ж такі ў Масквы свае законы, звычкі і менталітэт, і за паўгода працы там я толькі крыху стаў іх пазнаваць.
«Цяпер мы распрацавалі каля 50 відаў і да канца года давядзем выбар да 100 пазіцый»
– Што ты даведаўся пра Маскву за гэты час?
– Гэта цяпер адзін з самых прагрэсіўных гарадоў свету. Па дыгіталізацыі яна ўваходзіць у першую дзясятку. Крызіс, наадварот, нейкія моманты ўзмацніў і скансалідаваў грамадства. З усімі праблемамі і балячкамі, з якімі доўга не маглі справіцца, здаецца, пачынаюць спраўляцца. Узяліся за шэрыя падатковыя схемы, цяпер становіцца ўсё вельмі празрыста. Усе чакаюць ад дзяржавы правілаў, па якіх было б камфортна жыць, і дзяржава разумее, што можа іх выбудоўваць, у прыватнасці на падатках.
Масква вельмі канкурэнтная. Я правёў папярэдні аналіз рынку – падобных майму канцэптаў не было, а калі і былі, то не выразна прадстаўлены. Але заваяваць Маскву аказалася не так проста: на вельмі высокім узроўні знаходзіцца ўся галіна. Многія рэстараны ўжо ўваходзяць у лепшую сотню свету. Масква гістарычна баярская: людзі заўсёды любілі застоллі. Пры гэтым цяпер людзі праводзяць большую частку часу па-за домам, дома могуць толькі паснедаць, і тое не заўсёды. Вядома, гэтыя моманты нараджаюць магутныя прафесійныя кадры. У Маскве прадстаўлены кухні ўсіх краін былога Савецкага Саюза, пры гэтым не ў маскоўскай перапрацоўцы, а менавіта выхадцамі. Усе прадукты арыгінальныя: бакінскія памідоры, узбекская садавіна – усё гэта ёсць на маскоўскіх рынках. Пытанне толькі кошту.
– І такую супную ты плануеш адкрыць у Менску?
– Так, у ТРЦ Galleria. Кавярня будзе размяшчацца на фуд-корце з астраўной зонай. А да канца года мы плануем адкрыць яшчэ чатыры кропкі, усе – у гандлёвых цэнтрах.
– А ў Берасці?
– Паглядзім. Усё ж такі гэта прадукт для мегаполіса. Збалансаваная, свежая гарадская ежа для людзей, якія цэняць свой час і думаюць пра здароўе, якія хочуць харчавацца хутка, але і карысна.
Холдынг Борахава
– У свой час ты адкрываў караоке, грыль-бар, італьянскае сямейнае кафэ, дастаўку ежы. Як ты выбіраеш свае наступныя бізнэс-напрамкі?
– Калі ты варышся ў бізнэсе, то ў цябе нараджаюцца пэўныя ідэі, а твой прадпрымальніцкі дух – гэта матор, які прымушае цябе пастаянна рухацца, нягледзячы на няўдачы і крызіс. Звычайна я ствараю каманду і затым пераключаюся на іншы праект. Без гэтага ў мяне няма магчымасці далей развівацца. Толькі калі я ўпэўнены, што каманда больш-менш сабраная, я пачынаю займацца чымсьці новым.
За пяць гадоў рэстараннага досведу я паступова сфармаваў такія каманды, якія, у прынцыпе, растуць унутры сябе ж. Многія прыйшлі практычна з нуля і зараз займаюць у кампаніі ключавыя месцы. На гэтых людзей я абапіраюся, яны касцяк каманды. Я ім давяраю, і яны мне дазваляюць рухацца далей.
– Якое агульнае крэда ва ўсіх тваіх устаноў?
– Я лічу, што яны самыя модныя. Я шмат падарожнічаю, сам актыўна наведваю рэстараны і, як сярэднявечны купец, убачыўшы што-небудзь цікавае і бліскучае, спрабую прывезці гэта на радзіму.
«Прадпрымальніцкі дух – гэта матор, які прымушае цябе пастаянна рухацца, нягледзячы на няўдачы і крызіс»
– Усе твае ўстановы існуюць незалежна адзін ад аднаго або ўваходзяць у нейкі агульны холдынг?
– Пэўная самастойнасць ва ўсіх іх прысутнічае, таму што ты не павінен рабіць за людзей іх працу. Ты павінен падабраць персанал такім чынам, каб яны самастойна маглі, паводле ўсталяванай стратэгіі і стандартаў, рухаць бізнэс далей. Так, гэта незалежныя юніты, але, тым не менш, існуе адзіны цэнтр, які разумее, што адбываецца.
– Ці ўсе твае ўстановы рэнтабельныя?
– Па-рознаму. У нас таксама бываюць памылкі: няправільна пралічваем рынак, няправільна прымаем рашэнне, няправільную падбіраем каманду, стратэгію. Напрыклад, доўгі час «Тук-тук», наша дастаўка, была ў мінусе. Мы вырашылі зрабіць прыгожа: накупілі мотаролераў, набралі кучу персаналу – а аб'ёму няма.
– І як вы выходзілі з гэтай сітуацыі?
– Як звычайна: скарачэнне пад нуль усіх выдаткаў і перазапуск праекта.
«Мы вырашылі зрабіць прыгожа: накупілі мотаролераў, набралі кучу персаналу – а аб'ёму няма»
Берасцейскiя звычкi
– Як Берасце змянілася за апошнія пяць гадоў?
– Берасце – няпросты рэгіён. Трэба разумець, што гэта маленькі горад. Адпаведна, тут іншыя звычкі спажывання ежы: берасцейцы ядуць дома. Наведванне рэстарана для іх – гэта больш падзейнае мерапрыемства: вяселлі, дні нараджэння, сябры прыехалі, сукенку новую трэба выгуляць.
Цягам доўгага часу ў Берасці стабільна працавала чатыры-пяць рэстаранаў. Напрыклад, з нашым караоке мы на працягу трох гадоў былі манапалістамі на рынку. Потым пачалі адчыняцца новыя лакальныя гісторыі, у тым ліку Korova. А за апошнія паўгода ў Берасце прыходзяць транснацыянальныя гульцы: Domino's Pizza, KFC, Sbarro, Burger King. У наступным годзе, па-мойму, зойдзе McDonald's. З такімі гульцамі ты павінен бегчы ў два разы хутчэй, каб дамагчыся вынікаў.
– Ці змяніліся звычкі спажывання берасцейцаў за гэтыя гады?
– Складана сказаць. Калі глядзець глабальна, то, напэўна, не: крызіс усё гэта трохі сячэ. Мы разумеем, што мы з наведвальнікамі ў адной лодцы, а грамадскае харчаванне – гэта карысць для горада і месца, дзе можна сацыялізавацца.
У Берасце адна з асноўных праблем – гэта зносіны. Ты можаш убачыць свайго аднакласніка, якога не бачыў 10-15 гадоў, і спытаць: «Прывітанне! А ты дзе?» І ён табе адкажа: «А я тут». І гэта тыповая сітуацыя для берасцейцаў. Таму кавярня для мяне – гэта такая пляцоўка, дзе людзі могуць камунікаваць.
Акумулятaрны завод
– Апошнія месяцы Берасце шуміць пратэстамі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Як ты ацэньваеш гэтую сітуацыю?
– З-за раз'ездаў я мала паглыблены ў гэтую тэму, але, з другога боку, займаю сваю грамадзянскую пазіцыю і выступаю супраць будаўніцтва завода. Прынамсі, пры тых умовах, пры якіх яно пачалося. Трэба спыніць яго, разабрацца, ці адпавядае завод тым заяўленым умовам, якія былі апублікаваныя. Узнікае шмат пытанняў, якія грамадзянскія актывісты расследуюць, а гэта выклікае яшчэ больш пытанняў. Гэта не палітычная акцыя, а грамадзянская пазіцыя людзей, якія жывуць у гэтым горадзе. Яны павінны мець магчымасць выказацца і прымаць актыўны ўдзел у жыцці горада. А ім гэтага не даюць.
– Ці сталі людзі пасля гэтага больш самаарганізоўвацца?
– Наколькі я бачу, гэты працэс нараджаецца. Гэта кансалідуе людзей, пры гэтым зусім рознага сацыяльнага ўзроўню, розных прафесій і ўзростаў. І гэта добра, таму што мы ж хочам, каб і краіна была лепш, і горад быў лепш. Павінны быць агульныя для ўсіх правілы, інакш будзе нейкая анархія.
«Павінны быць агульныя для ўсіх правілы, інакш будзе нейкая анархія»
Улада i бiзнэс
– Як пабудаваны ўзаемаадносіны ўлады і бізнэсу ў Берасці?
– Калі я пачынаў рэстаранны бізнэс, я думаў, што будзе нашмат горш. Я думаў, што тут шмат карупцыі: да цябе будуць пастаянна прыходзіць пажарнікі, санэпідэмстанцыя. Але мы першапачаткова выбудоўвалі бізнэс згодна з нормамі, хоць, вядома, некаторыя законы ў нас напісаны так, што іх немагчыма не парушыць.
Мы працуем паводле тых правілаў, якія ўсталявала дзяржава. Калі ёсць нейкія пытанні, мы прыходзім і размаўляем: дыялог атрымліваецца, мы заўсёды можам задаваць пытанні і атрымліваць на іх адказы.
Вядома, улада не заўсёды разумее бізнэс, і тут патрэбныя арганізацыі, якія дапамагалі б прадстаўляць інтарэсы бізнэсу і даносіць яго ідэі. У нашай краіне бізнэс доўгі час не лічыўся чымсьці сур'ёзным, бізнэсмена ўспрымалі як злодзея, які на табе нажываецца. Але ва ўсім свеце прадпрымальніцтва – гэта рух наперад. Я лічу, што атрыманне прыбытку – адзін з самых актыўных рухавікоў, і ў гэтым няма нічога ганебнага. Той жа ПВТ паказаў, што з бізнэсу можна атрымліваць падаткі. Але ёсць і іншыя кірункі: грузавыя перавозкі, рэстаранны бізнэс, турыстычны. Усё гэта дазваляе плаціць больш падаткаў, інвеставаць іх у інфраструктуру і рабіць яе больш камфортнай.
***
– Чым, акрамя бізнэсу, ты яшчэ захапляешся?
– Здаровы лад жыцця складана назваць хобі, таму што гэта хутчэй шлях кантролю, самаабмежавання і дысцыпліны. Хочацца жыць актыўна і даўжэй. Я нарадзіўся ў 1974 годзе, а зараз 2018-ы – я быў і ў тым стагоддзі, і ў гэтым. Мы жывем у вельмі займальны час, у якім за 10 гадоў адбываецца столькі змен, што ты часам думаеш, што жывеш у нейкай будучыні. Таму хочацца пры гэтым быць здаровым і шчаслівым.
Я актыўна займаюся ёгай і бегам (з кантролем свайго пульсу). Люблю падарожнічаць: для мяне гэта свабодныя эмоцыі і новыя ідэі. Цяпер, вядома, з'ядае ўвесь час бізнэс, і хацелася б прысвяціць час чамусьці іншаму, абнуліцца і з'ехаць куды-небудзь на некалькі месяцаў. Але апошнім часам столькі праектаў, якія трэба запусціць, што ты не можаш безадказна ўзяць і з'ехаць. Спадзяюся, гэты момант наступіць.
– Ці плануеш яшчэ нейкія новыя праекты?
– Я разумею, што трэба, напэўна, спыніцца, хоць мне складана ўседзець на адным месцы. Гэта здарыцца, калі я знайду бізнэс, які мяне настолькі ўцягне, што будзе цалкам задавальняць. І гэта не абавязкова звязана з грашыма. Калі ты становішся старэйшым, ты разумееш, што ўсё адносна.
Фота by palasatka
Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з праектам #ЕСдляБеларусі. Еўрасаюз не нясе адказнасці за матэрыялы, падрыхтаваныя партнёрамі праекту.