Мастак Аляксандр Некрашэвіч: «Тое, што адбываецца ў нас, – трансфармацыя»
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 22.01.2021
- 7328
У галерэі «Арт-Беларусь» праходзіць персанальная выстава Аляксандра Некрашэвіча «Фата-маргана». Мы палічылі, што няма лепшай нагоды, каб сустрэцца з дасведчаным беларускім мастаком, які мае смеласць ператвараць князёў Радзівілаў у Чужых з хорару, і пагаварыць з ім пра ўсё: пра яго скрупулёзны арт, пра кіеўскія галерэі, пра замовы ад нафтавых магнатаў, пратэснае мастацтва і знакі лёсу.
Пра крытэры поспеху
– У чым паспяховасць мастака?
– Паспяховасць мастака – гэта ў першую чаргу грошы, іншага крытэра поспеху чалавецтва, на жаль, не прыдумала. Нават калі ў мастака ёсць прызнанне прафесійнай супольнасці, калег, мастацтвазнаўцаў, усё роўна ў канчатковым выніку паспяховасць выяўляецца ў фінансавых дасягненнях.
– Ці павінен мастак умець прадаваць свае працы або гэта задача іншага чалавека?
– Мастак павінен умець прадаваць свае працы. Неабавязкова самому займацца маркетынгам: ёсць галерысты, ёсць арт-дылеры, пасярэднікі ў асобе архітэктараў, дызайнераў, якія прадаюць мастацтва, але задача мастака – наладзіць кантакт з гэтымі людзьмі.
Яшчэ адзін немалаважны складнік – удача. Удача – сустрэць патрэбнага арт-дылера, галерыста, знайсці калекцыянера. Які б ні быў таленавіты мастак, самастойна ён за мільён даляраў сваю працу не прадасць.
«Які б ні быў таленавіты мастак, самастойна ён за мільён даляраў сваю працу не прадасць»
Там свая цэнавая столь – дваццаць тысяч, а далей продажы ажыццяўляюцца праз дылера. Ёсць схема з удзелам на другасным арт-рынку, калі калекцыянер выстаўляе творы аўтара на аўкцыён і кошт расце, адпаведна ўзрастае цана на астатнія працы мастака. Схема нагадвае фінансавую піраміду: калі калекцыянеры купляюць працы мастака за 5 рублёў, а выстаўляюць па 100. Скупляюць усё, і тады калекцыя можа ўзрасці ў кошце ў дзясяткі і сотні разоў.
– Працуеце з арт-дылерамі?
– А я не лічу сябе паспяховым мастаком. Так, я прадаюся па еўрапейскіх цэнах, супрацоўнічаю з міжнароднымі галерэямі, але ў мяне няма арт-дылера, які працуе на буйных пляцоўках, як Art Basel або Frieze.
Быць арт-дылерам у маштабе гэтых выстаў – рэдкая праца, якая патрабуе асаблівага прафесіяналізму. Гэта мафія. Уклініцца сюды вельмі складана. Арт-дылеры ўтрымліваюць манаполію на тых мастакоў, якіх яны скупілі і прасоўваюць. Гэта словы швейцарскай галерысткі, якая спрабавала трапіць у гэтае асяроддзе і падзялілася паднаготнай.
– У гэтым асяроддзі круцяцца вялікія грошы.
– Каласальныя! Ніводны банк такіх працэнтаў не дасць, колькі можна зарабіць на мастацтве. Калі чалавек купляе за капейкі, а прадае за мільёны.
«Я проста гуляю, як і ўсе мастакі, стараюся не сталець»
Пра маскоўскія замовы і новую выставу
– Раскажыце пра вашу выставу «Фата-маргана» ў галерэі «Арт-Беларусь».
– Назву выставы не я прыдумаў, яе прапанаваў куратар [Аляксандр Зіменка, куратар карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка. – заўв. 34]. З пяцідзесяці маіх работ адабралі трыццаць: яны адпавядаюць назве, спалучаюцца канцэптуальна, стылістычна і пластычна. Што прыемна – гэта мая самая маштабная выстава ў Менску.
– Вы падыходзіце да стварэння сваіх карцін вельмі скрупулёзна.
– Скрупулёзнасць звязаная з уласцівасцю псіхікі: надыходзіць унутраны камфорт, калі раблю скрупулёзную працу. Гэта гульнявы момант, калі я разбіваю творы класічнага еўрапейскага жывапісу, выбудоўваю з іх свае структуры, напластоўваю выявы розных аўтараў, наляпляю іх як у фаташопе. Я паэксперыментаваў з працамі нямецкіх і іспанскіх мастакоў, прыбраў фон, і як атрымалася, так і нанёс. Мудрагелісты барочны пірог атрымаўся. Я проста гуляю, як і ўсе мастакі, стараюся не сталець.
– Мне здаецца, што любы наведнік гэтай выставы зразумее адну важную рэч: вам страшна падабаецца жывапіс.
– Так і ёсць. Я марыў быць мастаком. Калі вучыўся ў школе-інтэрнаце, гэта быў рэжымны аб'ект і ў дзевяць вечара ўсіх выганялі з майстэрняў. Я прачынаўся а шостай раніцы, хадзіў у майстэрню і пісаў, пакуль усе спалі.
Пасля вучобы і працы ў акадэміі [Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. – заўв. 34] у мяне быў перыяд абсалютнага безграшоўя. У акадэміі нас вучылі ствараць, тварыць, але не вучылі рэалізоўваць свае працы. Выйшаўшы за межы акадэміі, я сутыкнуўся з тым, што за маімі карцінамі ў чаргу ніхто не вышнуроўваўся, а да таго часу ўжо з'явілася сям'я, дзеці, трэба было зарабляць грошы. Я з'ехаў у Маскву, займаўся роспісам сцен, аэраграфіяй.
– Там было прасцей?
– Масква была перыядам выпрабаванняў. Я чатыры месяцы працаваў у Падмаскоўі, у населеным пункце Мячкава на аэрадроме. Мы жылі ў бараку, было вельмі холадна і псіхалагічна складана. У мяне не было сувязі з сям'ёй, зусім не было грошай, амаль не кармілі. Як быццам у няволі знаходзіўся. Але я падпісаўся на роспіс самалёта. І здаў заказ. Пасля гэтага зразумеў, што магу зрабіць хоць кіламетр роспісу, і зрабіць гэта якасна.
– Гэта быў прыватны самалёт?
– Так, належаў нафтаваму магнату, ён з'явіўся ўсяго раз. Тройчы я перафарбоўваў гэты самалёт: роспіс быў у хваставой частцы, але сам самалёт паліравалі да люстранога бляску.
Пра вяртанне і пратэснае мастацтва
– Ніколі не распавядаў пра гэта публічна, але ў 29 гадоў [сёння Аляксандру 46. – заўв. 34] я пачаў дрэнна сябе адчуваць, пайшоў абследавацца, і мне паставілі дыягназ: гепатыт С. Ну ўсё, думаю, фініш, прыехалі, так і не рэалізаваў сябе як мастак, не стаў тым, кім марыў. Я прыняў рашэнне вярнуцца ў Менск, нягледзячы на тое, што ў Маскве мог бы нябедна існаваць. Прыйшлося адмовіцца ад усяго. Я зразумеў, што, колькі б работ ні зрабіў за сваё жыццё, я хачу, каб мне не было сорамна перад маімі дзецьмі.
— У Менску вы вярнуліся да жывапісу?
– Так, гэта быў 2005 год, у мяне з'явілася майстэрня ў падвальчыку на Антонаўскай, пісаў там працы для сябе, нават не плануючы прадаваць. І потым я зноў вырашыў схадзіць да лекараў. Прыходжу, кажуць: у вас у крыві няма ніводнага антыцела, у вас няма гепатыту, ідзіце і не дурыце галавы ні сабе, ні лекарам. Дыягназ адмянілі.
Мабыць, так і павінна было здарыцца. Рытм быў закладзены, і я пачаў актыўна займацца менавіта сваімі працамі. У 2006-м у мяне ўжо адкрылася першая персаналка ў Менску, потым кіеўская галерэя прапанавала зрабіць выставу ў 2007-м.
— У вас склаліся добрыя адносіны з украінскім арт-асяроддзем.
– У мяне быў ледзь не эксклюзіў з галерэяй «Калекцыя». Былі продажы, былі персанальныя выставы штогод, былі ўдзелы ў калектыўных праектах, друкавалі каталогі з 2007 па 2012 гады. Усё складвалася нядрэнна, пакуль не закрылася галерэя.
– А ці адчуваеце вы розніцу паміж беларускім і ўкраінскім арт-рынкам? Ці можна параўноўваць краіны па галерэях, продажах, па патрабаванасці людзей у мастацтве?
– Пачнём з таго, што галерэй у Кіеве колькасна больш, чым у нас, ёсць культура калекцыянавання. У іх там з'явіўся Віктар Пінчук, які пачаў сваю калекцыю, адкрыў галерэю сучаснага мастацтва, задаў тон, і многія заможныя людзі пачалі на яго арыентавацца. Ён купляў працы Дэміена Хёрста, Джэфа Кунса і іншых топавых мастакоў. І ў той жа час упісваў украінскіх аўтараў у кантэкст агульнаеўрапейскага і агульнасусветнага мастацтва: Чычкана, Кадыраву, Ройтбурда, Гніліцкага, Кадана.
«"Чужыя" герб, гімн, сцяг – яны штучна прыдуманыя, гэта спадчына Савецкага Саюза»
– Цяпер вы жывяце ў Беларусі?
– Так.
– Цяпер вельмі шмат аўтараў робяць працы на актуальную пратэсную тэматыку – работы выстрэльваюць і сыходзяць у Еўропу. Як вы ставіцеся да гэтага і пратэстнага мастацтва ў цэлым?
– Я лічу, што рэагаваць важна, калі гэта не даніна модзе ці жаданне згуляць на моманце. Сябе ж я ў гэтым пакуль не бачу, хоць на тэму падзей апошняга года выказаўся дзесяць гадоў таму ў праекце «Чужыя», дзе адлюстраваў вайну менталітэтаў, вайну Усходу і Захаду, трансфармацыю, якая адбываецца з беларусамі сёння.
За аснову я ўзяў працу Яна Матэйкі «Грунвальдская бітва». Тое, што адбываецца ў нас апошнія некалькі дзясяткаў гадоў – калі беларускамоўныя школы зачыняюцца, калі ўжо некалькі пакаленняў гавораць на «чужой» мове, – трансфармацыя. «Чужыя» герб, гімн, сцяг – яны штучна прыдуманыя, гэта спадчына Савецкага Саюза.
І я выкарыстаў персанажа з фільмаў Рыдлі Скота: Чужы ўсяляецца ў жывога чалавека, у таго б'ецца сэрца, але па сутнасці гэты чалавек – кармавая база для іншага арганізма. Гэтай трансфармацыі і прысвечаны праект «Чужыя», пытанне нацыянальнай ідэнтыфікацыі тут ключавое.
– Серыя была напісаная ў 2011-м, а праца «Чужая» [глядзі на тытульным фота. – заўв. 34], прадстаўленая на выставе, 2020 года. Паўтор?
– Так, гэта новая версія працы. У 2012 годзе скралі карціну. Усяго знікла 12 маіх работ, прычым разам з галерэяй. Тады я шмат чаго страціў. Без усялякага сораму пакідаю за сабой права аўтарскага паўтору толькі ў двух выпадках: калі дару карціны і калі іх у мяне крадуць, таму серыю з Чужымі паўтарыў амаль цалкам.
«У інтэрнэце ёсць усё – ад масавай культуры да элітарных самародкаў»
Пра свабоду ў суседстве з кірмашамі мёду
– З надзённага: канцэпцыя пераважае над майстэрствам і тэхнікай?
– Для мяне ідэя першасная. Ёсць задумка, і я шукаю шляхі рэалізацыі гэтай ідэі.
– Гэта значыць, мастацтва не можа быць прадуктам масавай культуры?
– Тут важна не блытаць: ёсць поп-культура – гэта кітч, такая народная, аматарская культура, а ёсць поп-арт — які бярэ за аснову мову гэтага кітчу, але змяшчае яе ў сучасны кантэкст, робіць гэтай абалонцы канцэптуальнае напаўненне. І гэта ўжо элітарная культура, гэта прынцыповая розніца. І ў інтэрнэце ёсць усё – ад масавай культуры да элітарных самародкаў. Сёння ёсць месца любому кірунку і стылю. Гэта свабода, а свабода – гэта самае важнае.
— Мастацкая адукацыя дае гэтую свабоду?
– Мастацкая адукацыя таксама розная. Ёсць акадэміі, дзе выкладаюць традыцыйнае мастацтва, вывучаюць жывапіс алеем, пішуць з натуры. Узяць, да прыкладу, Фларэнтыйскую Акадэмію мастацтваў – абсалютна традыцыйная школа. А ёсць навучальныя ўстановы, дзе аддаецца прыярытэт свабодзе выбару стылістыкі, тэхналогій і крэатыўнага падыходу.
– Было б добра, каб мастакоў вучылі не толькі вырабляць працы, але і прадаваць іх?
– Я лічу, гэтаму павінны вучыць. Трэба ўвесці такі прадмет, як маркетынг, але хто яго будзе выкладаць? Мой аднакурснік Максім Вакульчык – паспяховы еўрапейскі мастак – прыязджаў чытаць лекцыю аб сучасным мастацтве і маркетынгу. У яго свая студыя, свае асістэнты, каля дзесяці чалавек: канвеер, індустрыя, вытворчасць. На жаль, на той лекцыі было вельмі мала маладых мастакоў, хоць ім карысна было б паслухаць.
– Праводзіце шмат часу ў майстэрні?
– З 9 раніцы да 9 вечара. Па дванаццаць гадзін у суткі, рэальна як на прадпрыемстве. Чорнарабочы мастацтва, як Малевіч казаў. У мяне шматдзельныя працы, іх хутка не зробіш.
– Ці былі ў вас перыяды выгарання?
– Быў перыяд, калі рабіў нялюбую працу: тупа зараблянне грошай. Ні розуму, ні сэрцу. Ні дзецям пакінуць, ні ганарыцца самому – нічога.
– Не бянтэжыць суседства вашай выставы з «кірмашом мёду» ў Палацы мастацтва?
– Чамусьці ўсе думаюць, што так толькі ў Беларусі! ЦДМ у Маскве кожны год праводзіць калядныя выставы, прадаюць футра, фотаапараты — проста, каб адбіць выдаткі. Выставачныя пляцоўкі ў іншых краінах таксама выжываюць такім чынам. Гэта нармальна.
– «Восеньскі Салон», «Арт-Мінск», да гэтага – «Шляхі нямецкага мастацтва», выставы Беларускага саюза мастакоў – толькі лянівы не закаціў вочы.
– Тое, што ў Палацы праходзяць выставы, звязаныя толькі з мастацтвам і ў такой колькасці, — гэта якраз паказчык, што ў Беларусі ёсць цікавасць да мастацтва.
Выстава «Фата-маргана» працягнецца да 14 лютага ў галерэі «Арт-Беларусь» на Казлова, 3. Паглядзець на працы можна ў любы дзень акрамя панядзелка з 11:00 да 20:00. Стандартны білет – 8 BYN, ільготны – 4 BYN.
Фота: 34mag.net