Усе вакол такое digital. Інтэрв'ю з Кацяй Саковіч
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 04.09.2018
- 11139
29-гадовая Каця Саковіч даволі хутка зрабіла нядрэнную кар'еру ў беларускай рэкламнай індустрыі, за некалькі гадоў даслужыўшыся да дырэктаркі крэатыўнага агенцтва getbob (агенцтва аддае перавагу сваёй назве з маленькай літары. – 34mag). Акрамя асноўнай працы, шмат займалася ўласнымі праектамі – арганізавала кніжны клуб, ладзіла хатнія swap-вечарынкі, чытала лекцыі і актыўна ўдзельнічала, здаецца, у любым прыстойным менскім варушняку. Але гэтым летам ашаламіла сваіх сяброў на Facebook паведамленнем пра ад'езд у Сан-Францыска, куды паступіла вучыцца на спецыяльнасць Innovation and Entrepreneurship.
Літаральна за дзень да ад'езду мы сустрэліся з Кацяй у Менску, каб падрабязна пагаварыць пра новыя выклікі, цягу да ведаў і ўсё тое, дзеля чаго варта мяняць утульны менскі лад жыцця на невядомасць «блакітнага акіяна».
Кар'ерны рост
– Калі б перад табой стаяў абсалютна не знаёмы з тваёй дзейнасцю чалавек, як бы ты прадставілася?
– Мне падабаецца слова creativepreneur – склейка з creative і entrepreneur. Праграма, па якой я з'ехала вучыцца, якраз з гэтым і звязана – Innovation and Entrepreneurship. Плюс я працавала ў дыджытале – таксама крэатыўнай сферы. Пераходзячы ў працы на этап менеджменту і кіравання, не хочацца губляць гэты крэатыўны складнік.
Займаючыся ў сваім жыцці рознымі праектамі, я доўга думала, у чым мой моцны бок, бо менеджмент – гэта расплывістае паняцце. Дызайнер або праграміст – тут зразумела, хто чым займаецца. Калі ты менеджар, ты быццам бы нічога канкрэтнага і не робіш. Я доўга думала: можа быць, мне трэба перавучыцца, пайсці, напрыклад, на фларыста? Але, мне здаецца, многім праектам не хапае арганізацыі – чалавека, які зможа з ідэі рэалізаваць канкрэтны прадукт. У гэтым я і бачу каштоўнасць сваёй працы. Таму мне цікавы якраз стык крэатыўнай сферы і прадпрымальніцтва.
– У getbob ты з SMM-шчыцы дарасла да дырэктаркі. Прычым даволі хутка. Як так атрымалася?
– Наогул getbob утварылася з іншага агенцтва, у якім я ў той час працавала рэдактарам рэсурсу для брэнда. Цяпер бы мы маю пазіцыю назвалі smm-менеджар, але тады сацсеткі не былі распаўсюджаныя: я пісала розныя тэксты пра моду, мы размаўлялі з падпісантамі на форуме, ладзілі нейкія конкурсы.
У новае агенцтва мне прапанавалі перайсці на пасаду SMM-менеджара – весці суполкі, пісаць капірайты і г.д.
Паступова з пазіцыі SMM-шчыка я дарасла да group head. Потым перайшла на digital-праекты. Затым – на пазіцыю кіравання групай кліентаў, а апошнія два з паловай гады працавала дырэктарам агенцтва.
«Я доўга думала: можа быць, мне трэба перавучыцца, пайсці, напрыклад, на фларыста?»
– Як ты сама ставілася да такога хуткага росту?
– Мне здаецца, калі ты ўцягнуты ў працэс, пастаянна ўсім цікавішся, вельмі настойліва ў штосьці «б'еш», ты дакладна станеш экспертам, і адсутнасць ступені MBA або рэлевантнага ўзросту не перашкаджае.
Тым больш digital – вельмі рухомая сфера. Тут важна быць на вастрыі, ведаць, напрыклад, якія блогеры папулярныя, апошнія трэнды ў дызайне – гэта ўсё дапамагае выпускаць больш якасны прадукт. Аўдыторыя, з якой мы працуем, – гэта людзі нашага ўзросту, каля 30 гадоў і нават маладзейшыя. Шмат брыфаў прыходзіць на працу з маладымі людзьмі. І тут ты не можаш быць алдскульным рэкламшчыкам і сядзець, слоганы прыдумляць. Табе трэба разумець, што адбываецца на YouTube, а не пра што пішуць у газетах.
– Ці часта даводзіцца ўгаворваць кліентаў на эксперыменты?
– Можа быць, гады 3-4 таму такая гісторыя была. Але зараз бывае так, што кліенты нас угаворваюць паспрабаваць нешта эксперыментальнае, а мы такія: «А можа, усё-такі больш праверанае рашэнне?»
Змянілася пакаленне людзей, якія выступаюць на баку кліентаў. Усюды працуюць людзі майго ўзросту, ладу мыслення і культурнага кантэксту. Так што вы і так прыкладна на адным разуменні таго, што крута, а што не.
«Неабавязкова ўсё чытаць, але глядзець карцінкі – гэта must»
Інвестыцыі ў сябе
– Ты ўвесь час вучышся: спачатку БДУ, потым ЕГУ, цяпер вось – Сан-Францыска. Навошта?
– Па-першае, мне падабаецца вучыцца. У дзяцінстве маім любімым часам года быў тыдзень да 1 верасня, калі ты рыхтуешся да школы. Гэта чаканне: сядзець за партай і нешта пісаць. Мне падабаецца сам працэс навучання.
Калі ж думаць рацыянальна, то гэта магчымасць пайсці далей па кар'еры, атрымаць патрэбны вопыт, нэтворкінг. У мяне велізарныя чаканні з нагоды будучай вучобы, таму што гэта зусім іншая краіна, зусім іншы кантэкст. У мяне цяпер аднагрупнікі з Аўстраліі, Тайланда, Індыі, Калумбіі, Нарвегіі, Іспаніі – гэта неверагодны досвед міжкультурных зносін. Цікава навучыцца працаваць з людзьмі з такім розным менталітэтам, бо зараз ёсць вялікі трэнд на выдаленыя каманды.
– Зараз ты вучышся ва Універсітэце Сан-Францыска па праграме Innovation and Entrepreneurship. Раскажы, чаму менавіта гэтая праграма?
– Самым складаным было выбраць, куды паступаць. Раней я не чула пра гэтую спецыяльнасць. Першапачаткова я глядзела digital, маркетынг – штосьці бліжэй да майго цяперашняга досведу. Але потым убачыла некалькі артыкулаў на Forbes аб тым, што ва ўніверсітэтах з'яўляюцца новыя праграмы, якія заточаныя пад індустрыю стартапаў. Не толькі стартапаў як асобных кампаній, а як падраздзяленняў унутры карпарацый. Усе хочуць быць на вастрыі, таму вялікія кампаніі ствараюць маленькія кампаніі ўнутры сябе, адказныя за інавацыі, якія распрацоўваюць эксперыментальныя прадукты.
Я глядзела варыянты ў розных гарадах, вывучала праграмы, правярала патрабаванні для паступлення. Сан-Францыска – гэта горад, які мне вельмі падабаецца. Я была там двойчы і адчувала, што гэта месца, дзе хацелася б нейкі час пажыць. Па сукупнасці фактараў абрала менавіта яго.
Гэта вельмі канкурэнтная і запатрабаваная праграма. Стыпендыі і гранты звычайна даюць на нейкіх больш сацыяльных спецыяльнасцях. За сваю вучобу я плачу сама, гэта мае інвестыцыі ў саму сябе, але ёсць шмат магчымасцяў ужо на месцы атрымаць стыпендыю на падставе добрых вынікаў.
– Цяжка было вырашыцца пакінуць пасаду дырэктара і паехаць вучыцца на іншы край свету?
– Не цяжка. Тут цябе акружае камфорт: ты жывеш у цэнтры, у цябе добрая праца, ёсць магчымасць падарожнічаць. Але гэтая зона камфорту цябе трошкі запавольвае ў развіцці. Каб атрымаць зарад для развіцця, мне трэба пагрузіцца ў невядомасць. Мая задача і была ў тым, каб знайсці такую невядомасць і сябе туды запхнуць, пакуль я канчаткова не абрасла гэтай зонай камфорту.
«Уся вучоба вельмі арыентаваная на практыку – у канцы года ты павінен запусціць свой праект»
– Чаго чакаеш ад вучобы?
– Ёсць некалькі прадметаў, якія мне асабліва цікавыя, – фінансы і права. Індустрыя венчурных фондаў – гэта для мяне «блакітны акіян», у якім незразумела, як і што наогул уладкавана. Усе мае веды ў гэтай галіне заканчваюцца на серыяле «Крамянёвая даліна».
І вядома – знаёмства і кантакты. Тут усё менавіта на гэта скіравана – вучоба пачалася з дыскусійнай панэлі, дзе трэба пітчыць сябе і свой будучы праект. Уся вучоба вельмі арыентаваная на практыку – у канцы года ты павінен запусціць свой праект.
– Ці трэба наогул якая-небудзь адукацыя, каб працаваць у digital?
– Любая адукацыя пампуе тваю мышцу сістэмнага мыслення. У ЕГУ ў мяне была спецыяльнасць «Візуальныя і культурныя даследаванні». Здаецца, што гэта гуманітарная спецыяльнасць, дзе ты чытаеш кучу філосафаў, і яна ніяк не ўжываецца на практыцы. Але калі ты пішаш сваю магістарскую работу, ты аналізуеш, праводзіш даследаванні. Практыка якасных даследаванняў вельмі дапамагае ў працы, калі ты павінен правільна інтэрпрэтаваць вынікі фокус-групы, правесці UX-даследаванне. Вышэйшая адукацыя ў любым выпадку дапамагае, і не важна, інжынерная яна або гуманітарная.
Тое, што неабходна для працы ў digital, – гэта трэніроўка свайго візуальнага ўспрымання. Неабходна пастаянна глядзець кейсы, трэндавыя сайты. Digital – гэта пра візуал, таму, не гледзячы пастаянна карцінкі, вельмі складана прымаць потым рашэнні, што класна, а што не. Неабавязкова ўсё чытаць, але глядзець карцінкі – гэта must.
– Якія планы пасля вучобы? Вернешся ў Менск?
– Я дакладна ведаю, што хачу заставацца ў крэатыўных індустрыях, а не сыходзіць з галавой, скажам, у IT. Ёсць пару ідэй сваіх праектаў, якія патрабуюць агранкі ўжо на месцы. Хочацца атрымаць вопыт у амерыканскіх агенцтвах, які потым можна прыўнесці ў працу дома. Магчыма, нейкае кросгранічнае супрацоўніцтва, якое злучае каманду ў Менску з кліентамі, якія ёсць на Захадзе.
Дабрыня і памяркоўнасць
– Што трэба, каб кіраваць крэатыўным агенцтвам?
– У нашай сферы 90% поспеху – гэта каманда. Таму трэба быць чалавекам, які можа сабраць вакол сябе неабыякавых людзей і зарадзіць іх сваёй любоўю і ўцягнутасцю ў працэс. Але на адным захапленні, вядома, усё не трымаецца. Яшчэ важна ўмець арганізаваць людзей для сумеснай працы. Крэатыўныя людзі – няпростыя. Адзін марыць стаць касманаўтам, другі – рэжысёрам, а ў выніку мы ўсе працуем у рэкламе, бо рэклама якраз дае баланс паміж творчасцю і неабходным для жыцця прыбыткам.
Калі справа тычыцца творчага прадукту, часта здараюцца канфлікты. І гэта нармальна. «Пажаніць» абсалютна розных людзей: дызайнераў, капірайтараў і менеджараў – гэта, я думаю, і ёсць асноўны сакрэт паспяховай работы агенцтва.
– Ці моцна змяніліся крэатыўныя індустрыі Менска за апошнія пяць гадоў?
– І Менск, і Беларусь у цэлым моцна змяніліся. Раней было складана знайсці партнёра, каб зрабіць праект, – усё было неяк маргіналізавана. Зараз бізнэс пачаў весці дыялог і ўкладаць у крэатыўныя індустрыі: кампаніі часта спансуюць самыя розныя мерапрыемствы, пачынаючы ад паказаў адзення і заканчваючы ўрбаністычнымі ініцыятывамі. З'явіліся грошы, каб нешта рабіць, таму што без грошай, як бы ты ні гарэў і ні хацеў, круты праект не атрымаецца. Плюс крэатыўныя праекты атрымліваюць больш шырокае асвятленне: медыя сталі звяртаць увагу і пісаць пра іх.
– Чаго, на тваю думку, не хапае крэатыўным індустрыям Менска, каб выйсці на наступны ўзровень?
– Не магу сказаць, што на Захадзе ёсць нешта такое, чаго мы тут не зможам зрабіць. Нядаўна мы былі ў Канах, дзе нам шмат распавядалі пра разнастайныя калабарацыі. Пра тое, як брэнды падтрымліваюць маладых фатографаў, рэжысёраў, як арганізоўваюць лекцыі і іншыя мерапрыемствы. І ўзровень праектаў і мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў нас, нічым не горшы за той, што нам паказвалі там.
Чаго не хапае – дык гэта пазітыўнага супрацоўніцтва. Ёсць нейкая лакальная ці то рэўнасць, ці то боязь. Пачынаеш працаваць над праектам і раптам аказваецца, што адны будуць працаваць, толькі калі не будзе іншых, і гэтак далей. Гэта хвалюе. Хацелася б, каб усе сталі крыху дабрэйшымі і памяркоўнейшымі.
«Адзін марыць стаць касманаўтам, другі – рэжысёрам, а ў выніку мы ўсе працуем у рэкламе»
– Якія цяпер ёсць трэнды ў рэкламнай індустрыі, што да нас яшчэ не дайшлі, але будуць тут ужо зусім хутка?
– Вялікі трэнд – гэта праца з рознымі мікракам'юніці, з менш прадстаўленымі ў медыя групамі. Усе топ-блогеры і селебрыці ўжо адпрацавалі сябе – у людзей часта выклікае абурэнне, калі адзін і той жа чалавек рэкламуе ўсё запар. Таму важна шукаць менш раскручаных цікавых герояў.
Яшчэ адзін важны трэнд – diversity. І ён вельмі цесна звязаны з мінулым. Бо праз мікраблогераў можна развіваць ідэі разнастайнасці. Калі брэнд выступае інвестарам такога чалавека, укладваючы ў рэкламу ў яго, – гэта пазітыўна адбіваецца на іміджы самога брэнда.
Напрыклад, калі YouTube стварае асобны паток і аказвае спонсарскую дапамогу ў рамках праекта #YouTubeBlackCreators.
– А для беларускіх брэндаў наогул важная сацыяльная адказнасць? Або ў асноўным усе хочуць рэкламу, якая прадае?
– Розныя брэнды знаходзяцца на розным узроўні развіцця. Ёсць тыя, у каго ўзровень лаяльнасці і пазнавальнасці даволі высокі, – яны могуць дазволіць сабе перайсці на наступны этап. Ёсць кампаніі, якія не адпрацавалі свае першасныя патрэбы. Ім трэба спачатку, каб пра іх даведаліся.
Мне здаецца, многія беларускія кампаніі займаюцца дабрачыннасцю, проста гэта не тое, што ўвесь час павінна афішавацца. Калі ж кампаніі трэба проста сказаць, што ў іх зніжкі або новыя прадукты, – гэта таксама нармальна. Проста цяпер гэта іх задача.
Што слухаць і чытаць, каб прапампавацца ў дыджытале?
Парады ад Каці Саковіч.
Пaдкасты
Гутарыў Улад Кавалеўскі, фота – nata sokolowska i з архіва Каці Саковіч.