Маша Непарадкіна – пра тое, навошта ехаць сотні кіламетраў да старой сцяны
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 26.03.2019
- 6879
Як знайсці «гісторыка-культурную каштоўнасць» у лесе, чаму кансерваваць лепш, чым рэканструяваць, і навошта вадзіць экскурсіі па закідках? Распыталі пра гэта Машу Непарадкіну, радыёдыджэйку, якая вядзе тэлеграм-канал #заброшеннаябеларусь пра сядзібы і маёнткі, да якіх ты наўрад ці дабіраў(-ла-)ся.
Калі адрэналін ад «забаронкі» ператвараецца ў цікавасць да гісторыі
– У чым твой асабісты кайф ад сталкінгу?
– Спачатку быў адрэналін ад таго, што пранікаеш туды, куды нельга, дзе напісана «аварыйна», «не ўваходзіць», «уваход забаронены». Ты пераадольваеш цяжкасці – і рызыкуеш. Але калі ты ясі любімую ежу на працягу года, то разумееш: ды не такая яна і смачная. І я зразумела, што мяне гэта больш не заводзіць. Мяне заводзіць пафантазіраваць, як гэта было раней, і чым старэйшы аб'ект, тым цікавей. Вось гэты момант, калі ты заходзіш унутр і разумееш: чорт, гэтай сцяне ўжо тры стагоддзі ці яшчэ больш! Я мару, што турызм дойдзе да таго, каб мы маглі надзець акуляры дадатковай рэальнасці і ўбачыць, як было раней. Гэта быў бы космас.
– Калі ўспрыманне змянілася?
Калі я пачала капаць гісторыю. Я ж не з патрыятычных мэтаў пачала ездзіць, я не фанат гісторыі Беларусі. Мне было проста прышпільна: драйв, адрэналін, класныя карцінкі. А потым я пачала цікавіцца аб'ектамі: чаго проста так вешаць фотачкі, трэба пра іх нешта распавядаць. Я стала шукаць гістарычныя факты: калі пабудавалі, пры якім паўстанні разбурылі, чаму быў пажар... Ты пачынаеш паглыбляцца ў гістарычныя факты – і па-іншаму гэтыя закідкі адчуваць. Цяпер ты прыязджаеш і разумееш: гэта наша гісторыя.
Як шукаць, знайсці і не згубіцца самой
– Людзі, якія займаюцца сталкерствам, не «здаюць» свае аб'екты. У цябе такое ёсць?
– Так! З аднаго боку, калі падарожнічаеш у адзіночку, табе хочацца дзяліцца з кімсьці эмоцыямі, а ты не можаш. Тады ты вешаеш фоткі ў Facebook, Instagram. З іншага боку, табе шкада: гэта ж маё, не буду ні з кім дзяліцца, а то вы ўсе туды зараз паедзеце! Але я «палю» лакацыі, асабліва не затлумляючыся. Усё роўна застаецца адчуванне: гэта знайшла я.
– Як ты шукаеш новыя кропкі, куды хочаш паехаць?
– Напрыклад, рабяты вывесілі фота аднаго аб'екта і распавядаюць: «Дарэчы, ёсць яшчэ вось такія аб'екты ў гэтым пункце, вось у гэтым і вось у гэтым». Тут ужо пачынаеш капаць інфармацыю самастойна. Былі выпадкі, калі я ведала толькі вобласць, у якой можа знаходзіцца мой аб'ект, і больш нічога – нават яго назвы.
Часам я заязджаю ў такія глыбінкі, што мне страшна: як мяне туды навігатар прывёз? Яндэкс.Карты наогул не бачаць такія месцы, MAPS.ME хоць і не заўсёды вызначае дамы, але хаця б паказвае, што ёсць дарога, і гэта адзіная карта з усіх, якая адлюстроўвае нават незарэгістраваныя аб'екты, аб'екты, якія не лічацца гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі.
І далей, рассоўваючы карту ўручную, я знаходжу патрэбныя месцы. Гэта як глядзець цікавы серыял. Ты не ведаеш, колькі часу, ты цалкам у карце. Ты рассунула карту ў патрэбным месцы і нарэшце ўбачыла кропку – гэта кайф. Вось гэты момант, дзеля якога ты сядзела да дзвюх гадзін ночы.
«Я не фанат гісторыі Беларусі. Мне было проста прышпільна: драйв, адрэналін, класныя карцінкі»
– Як на цябе рэагуюць мясцовыя?
– Я часта падыходжу да мясцовым жыхароў і пытаюся: а што гэта ў вас? Ці яны бачаць, што бадзяецца нейкая дзяўчынка вакол іх касцёла, – і самі падыходзяць. Некаторыя на цябе глядзяць як на ненармальную, думаюць, што ты трошкі «таго»: навошта ты праехала 200 кіламетраў для таго, каб сфоткаць кавалак сцяны? Яны не разумеюць яе каштоўнасць. Для іх гэта проста разваліны.
Часам мясцовыя самі распавядаюць штосьці цікавае. Яны ж там стагоддзямі жылі і з пакалення ў пакаленне складалі легенды. Шмат аднолькавых легенд: ці тут было закапанае золата Напалеона, ці ёсць падземны ход, які пачынаецца ў замку і вядзе да пахавальні. Часта распавядаюць нешта звязанае з праклёнамі, маўляў, хтосьці закапаў пад гэтым ганкам грошы для аднаўлення аб'екта ў будучыні, іх хтосьці адкапаў, выдаткаваў – і памёр, таму што не па прызначэнні выдаткаваў.
Асаблівасці нацыянальная рэстаўрацыі
– Часта трапляюцца закідкі, дзе нешта аднаўляецца?
– Бывае, у кагосьці шмат грошай, і ён думае: гэта ж мая малая радзіма, аднаўлю аб'ект. Часта самі рэстаўруюць, але і мясцовыя жыхары таксама падцягваюцца. Хтосьці дапамагае фінансава, хтосьці рукамі – падбівае-падшпатлёўвае. Каб нешта аднавіць, патрэбныя вельмі вялікія грошы. Таму часта нешта пачынаюць, а потым разумеюць, што не цягнуць. Але жаданне нешта захаваць ёсць, і гэта выдатна.
Аднойчы я ездзіла ў Бягомль, там разваленая каменная цэркаўка стаіць, не вельмі старая, пачатку XX стагоддзя. І побач з ёй зусім новая маленькая сучасная драўляная – такая, як церамок. Падыходжу спытаць, што тут. Думала, там будаўнікі, а гэта гаспадар. Кладзе тратуарную плітку і кажа: «Мы старую царкву аднавіць не можам, дык я побач маленькую паставіў, каб людзі маглі прыходзіць – святая зямля». Ён пабудаваў яе сам за свае грошы.
«Табе шкада: гэта ж маё, не буду ні з кім дзяліцца, а то вы ўсё туды зараз паедзеце!»
– Як думаеш, што лепш: пакідаць як ёсць, кансерваваць, рэканструяваць, рэстаўраваць?
– У мяне няма канкрэтнага адказу. Калі я заходжу ў «адноўлены» будынак, я не адчуваю таго, што адчуваю, калі заходжу ў разваліны. У руінах гэта дух, эпоха, я адчуваю скурай, што гэта рэальна арыгінальная сцяна. А калі я заходжу ў Мірскі замак і бачу пластык, то разумею, што гэта ўсё несапраўднае. Таму я не магу адказаць на пытанне: як лепш? Калі пакінуць руіны, яны знікнуць. Трэба хаця б кансерваваць, каб яно не руйнавалася да канца.
Палац Манюшкі-Ваньковічаў у Смілавічах, напрыклад, выкупіў і ўжо шмат гадоў рэстаўруе прыватны прадпрымальнік. Я ездзіла туды з фатаграфіяй старога будынка і глядзела, ці правільна ён там усё выбудоўвае. Глядзела праз плот: франтоны тыя ці не тыя, форма вокнаў такая ці не. І ўсё было вельмі падобнае, я парадавалася. З іншага боку, я разумею: яны яго адрэстаўруюць, і гэта будзе не музей. Прыватнік стане зарабляць тут грошы: будзе альбо гатэль, альбо рэстаран, альбо яшчэ нейкая забаўляльная штука.
Пра шанцаванне, нешанцаванне і адзіночныя шпацыры на могілках
– Што ты часцей за ўсё бачыш унутры закінутых будынкаў і як трапляеш унутр?
– Ёсць платы, але ў платах ёсць дзіркі: не я першая, не я апошняя. У асноўным вісяць надпісы «асцярожна», «уваход забаронены», «будынак знаходзіцца ў аварыйным стане». Але вакол нікога няма, дык чаму б не рызыкнуць.
Бывалі выпадкі, што ўсе вокны забітыя, наогул ніяк не прабрацца ўнутр. У Беніцы, недалёка ад Маладзечна, ёсць прыгожы касцёл з такімі ярка-зялёнымі купаламі. Ён увесь забіты, туды ніяк не падлезці. А потым нехта паехаў па маіх слядах і даслаў фоткі знутры: пашанцавала, выпадкова былі прыадчыненыя дзверы.
Калі ты трапляеш унутр – а часцей за ўсё ты трапляеш, – там болю яшчэ больш, чым звонку. Адтуль выносілі ўсё. Мясцовыя жыхары выдзіралі сабе дошкі, камяні, ляпніну. Такое адчуванне, што там узрывалі падлогу. Яшчэ дзесьці можна знайсці старыя каміны, абкладзеныя кафляй, таму што выдраць камін ужо складаней.
Закінутая сядзіба Катлумбаеў у Баранавіцкім раёне знаходзіцца на тэрыторыі дзейнага кадэцкага корпуса. Там КПП – я заходжу пад шлагбаум, іду, твар цаглінай. Мужчына падыходзіць: «А куды гэта вы?» Кажу, што хачу сядзібу паглядзець, пафатаграфаваць. І ён мяне пусціў без праблем, нават не пайшоў за мной сачыць, хоць КПП быў досыць далёка ад сядзібы.
«Калі я заходжу ў "адноўлены" будынак, я не адчуваю таго, што адчуваю, калі заходжу ў разваліны. У руінах – гэта дух, эпоха, я адчуваю скурай, што гэта рэальна арыгінальная сцяна»
– Бывае страшна?
– Бывае. Асабліва страшна, калі і само месца закінутае – не толькі аб'ект, але яшчэ і вёска. Я нядаўна была на закінутых могілках. Вельмі цікава дабіралася. Зусім глыбінка, але мне навігатар паказваў да яе вельмі роўную дарогу. І я проста еду, еду, еду і разумею, што мне засталося да аб'екта чатыры кіламетры. Але тут упіраюся ў бетонны плот і КПП. Навігатар мне прапануе праехаць праз вароты і далей па тэрыторыі. Я разумею, што такога быць не можа. Спыніла машыну, шукаю нейкія аб'язныя дарогі. Тут да мяне падыходзіць мужчына з пагонамі, стукаецца ў акно і кажа: «А што гэта вы тут робіце, паненка? У сэнсе, вам трэба праз нас праехаць?!» Я кажу, што мне патрэбныя Старыя Навасёлкі: «Бачыце, мне навігатар жа паказвае прамую дарогу, дык што мне рабіць?» Тлумачыць, як даехаць у аб'язную. І я пытаюся: «А што гэта ў вас такое?» А ён: «Не скажу». Чорт! Залезла ў карту паглядзець: ніяк не пазначана, наогул нічога. Цікава ж: можа, там база і яны іншапланетнікаў вывучаюць...
Калі прыехала на месца, то ўбачыла толькі тры перакасабочаныя дамы – мёртвую вёску. І могілкі з перакошанымі крыжамі. На тэрыторыі могілак – касцёл. Там амаль нічога не засталося, толькі часткова захаваліся сцены. Нават не пазначана яго назва, толькі вісіць шыльда, што гэта «каштоўнасць, руіны, касцёл XVIII стагоддзя». Я спрабавала нешта знайсці пра яго ў інтэрнэце – нічога.
Змярканне, вецер яшчэ падняўся. Ты разумееш, што знаходзішся на могілках, дзе магілы ўжо двухсотгадовай-трохсотгадовай даўніны. Там ужо ўсё парасло быльнікам, і ты спатыкаешся, таму што пад нагамі ўдзірванелыя пліты. Да мурашак.
Я не ведала, што будзе гэты касцёл невядомы і што ён будзе на гэтых жудасных могілках. Проста паставіла кропку на самай вёсцы. Я не ведала, дзеля чаго еду. А прыехала – і ачмурэла. А часам прыязджаеш і расчароўваешся.
– Як гэта бывае?
Аднойчы я шукала сядзібу. У мяне была карцінка, я ўяўляла, якая яна, а прыехала – яе няма. Кропка, куды мяне прывёў навігатар, – лес. Я хадзіла вакол, хадзіла праз поле, праз што я толькі не хадзіла – няма нічога, але карта ўпарта паказвае, што яна павінна быць тут. А потым я знаходжу ў кустах кавалак брамы. Відаць, што калісьці гэта быў уваход – уязная брама на тэрыторыю. Рассоўваю кусты далей – там рэшткі ніжняй часткі агароджы. І я разумею: так, чорт, калісьці сядзіба тут была, але, здаецца, гэта ўсё, што засталося. Бывае. Ты хочаш знайсці, едзеш па карце і адчуваеш: зараз ты ўбачыш тое, да чаго едзеш. А не бачыш нічога.
Навошта вадзіць цікаўных па закідках і як не варта гэта рабіць
– Ты неяк пісала, што хацела з'ездзіць у Прыпяць...
– Ужо не хачу. Гэта стала папсой з таго моманту, як у Прыпяці сталі праводзіць масавыя экскурсіі. Да таго ж цяпер там зачыненыя практычна ўсе аб'екты, таму што яны ў дзіка аварыйным стане. І цябе прывезлі, ты здалёк паглядзела на гэта, а мне б хацелася, напэўна, каб мяне не хтосьці вадзіў, а самой палазіць, паглядзець.
– Ты хочаш вадзіць свае бясплатныя экскурсіі па Беларусі. Раскажы пра гэта.
– Чаму наогул з'явілася ідэя: людзі прасілі мяне ўзяць іх з сабой. Нягледзячы на тое што я распісваю маршруты, камусьці ўсё роўна хочацца паехаць са мной, ім лянота шукаць.
Кайфова тады, калі людзей няма. Ці калі ты прыязджаеш сваёй кампашкай 2-3 чалавекі. Калі турысты ходзяць, гэта ўжо не цікава. Для такіх рэчаў, як закінутыя аб'екты, прыехаць натоўпам на аўтобусе – крыху дзіўна. Таму я пакуль не да канца разумею, як гэтую экскурсію зрабіць.
«Адтуль выносілі ўсё. Мясцовыя жыхары выдзіралі сабе дошкі, камяні, ляпніну. Такое адчуванне, што там узрывалі падлогу»
Многія думаюць, што я нейкі гісторык ці экскурсавод. Але экскурсія – гэта калі ты распавядзеш, чаму, калі, што і з якіх прычын. Калі ж у мяне спытаюць, што тут за франтон і чаму ён з якімі-небудзь вензелямі, гэта барока або неабарока, то дакладна адказаць я не змагу. Я ведаю нейкія рэчы, але я не гісторык, не архітэктар, не культуролаг. Гэта проста маё хобі.
– У што яно можа вырасці?
– Ёсць адна крутая жанчына, родам з Беларусі, Наталля Макавік, якая жыве цяпер у Ліхтэнштэйне. Дык вось яна пачынала з таго, што ездзіла глядзець закіды. А потым стала іх прадаваць. Цяпер у яе цэлае агенцтва па продажы закінутых замкаў у Еўропе. Да яе прыходзяць багатыя людзі, якія хочуць набыць сабе які-небудзь замак. Адрэстаўраваныя замкі каштуюць шалёных грошай, яна шукае ім закінутыя і нікому не патрэбныя. Для мяне гэта прыклад, калі хобі можна ператварыць у круты заробак.
Я на нейкі складаны ўзровень пераходзіць не хачу. Я кайфую ад таго, што я гэта раблю і што я раблю гэта самастойна. Але калі ўбачу крутыя перспектывы, круты вынік, які можа даць праект, я гатовая ісці далей і замуціць якую-небудзь калабарацыю.
Фота гераiнi, на галоўнай – by palasatka