Karma Review: калабарацыя дзеля мастацтва
- 16.08.2018
- 8609
17 жніўня ў 20:00 у свежанькай майстэрні Lo-Fi Customs адкрыецца выстава сучаснага мастацтва Karma Review. Яна будзе доўжыцца да 27 жніўня, а на адкрыцці будуць і музыка ад лакальных артыстаў, і фуд-корт ад Vulitsa Ezha, і кава ад Kitchen Coffee Roasters, і напоi ад бара Karma. Мы зазірнулі ў майстэрню падчас устаноўкі інсталяцый і паразмаўлялі з Глебам Кавалёвым – ідэйным натхняльнікам праекта – пра тое, як і навошта аб'ядноўвацца дзеля мастацтва.
Арт-эканоміка
– За гэтае лета мы сутыкнуліся з тым, што ў Менску рэзка стала не тое што няма куды схадзіць, а наадварот: з'явілася занадта шмат мерапрыемстваў. Але прыняць удзел у многіх з іх – занадта дарагое задавальненне. Бармэнам складана дамовіцца аб умовах, арганізатарам цяжка знайсці пляцоўку. Нам жа хочацца ствараць нешта даступнае ўсім, але пры гэтым эканамічная мадэль павінна працаваць у плюс.
І вось мы вырашылі зрабіць выставу сучаснага мастацтва. Сам я не ўмею ствараць нічога творчага сваімі рукамі, але мне б хацелася дапамагаць мастакам з самарэалізацыяй. Да гэтага моманту я толькі збіраў іх працы ў сябе ў бары.
На адкрыццё Karma Review уваход будзе бясплатны, і гэтыя выдаткі пакрые наш піўны партнёр. З Lo-Fi Customs мы таксама дамовіліся аб партнёрскіх умовах. Працы мастакоў можна будзе купіць прама на месцы, і нам вельмі радасна ўсведамляць, што так мы зможам ім дапамагчы. Атрымліваецца, мы стварылі ўзаемавыгадныя ўмовы для ўсіх бакоў, а госці змогуць проста прыйсці і атрымаць асалоду ад мастацтва.
Вельмі кароткая экскурсія
– Усё гэтае мерапрыемства ладзіцца ў першую чаргу для таго, каб завесці новых сяброў. З таго часу, як мы анансавалі праект, спіс мастакоў павялічыўся ўдвая, прычым некаторыя з іх – новыя для мяне людзі. На выставе будуць паказаныя працы 16 чалавек.
Яна Талапіла з праекта If Only дапамагае мне з падборам артыстаў. Спачатку мы хацелі паказаць толькі жывапіс, але ў выніку будуць прадстаўлены розныя віды мастацтва.
Лера Лемяшэўская адправіла свае работы з Тбілісі – яна зараз жыве там, інтэрпрэтуе рэлігію і робіць гэта даволі смела для беларускага грамадства.
Ілюстратарка бела папера прыехала з Бельгіі. На днях яна прама ў майстэрні размалёўвала сваю ж ілюстрацыю са словамі: «Гэтая праца занадта адстойная, каб яе камусьці ў такім выглядзе паказваць». Гэта ж геніяльна!
Тое, што робіць Таша Капюшон, мяне вельмі ўзрушвае. Нават не спрабую зразумець пасыл, але адчуваю нейкі светлы сум, калі гляджу на яе працы.
Ну і яшчэ Marat RGB сказаў вельмі класную фразу: «Калі б у мастацтва існавала нейкая сіла, я б накіраваў яе на барацьбу з футболам». Я гатовы яго карміць, пакуль ён будзе гэта рабіць.
А яшчэ
– На адкрыцці будуць граць лакальныя музыкі. Магчыма, яны ніколі раней не працавалі разам. І мне прыемна ад таго, што яны збяруцца разам і прывядуць сваю тусоўку.
Мы заўсёды з задавальненнем клічам тых, хто робіць нешта лепш за нас. Таму за каву будзе адказваць Kitchen Coffee Roasters. За фуд-корт – Vulitsa Ezha. Будуць і напоi ад Karma. Месца – Lo-Fi Customs. З рабятамі адтуль мы таксама пазнаёміліся, каб пасябраваць.
На другі дзень выставы – у суботу, 18 жніўня, – мы ўсталюем мангалы на вуліцы і можна будзе ў нязмушанай атмасферы пагутарыць з мастакамі.
Уваход: 17 і 18 жніўня ўваход бясплатны. У астатнія дні – 4 BYN.
Даты: з 17 па 27 жніўня.
Адрас: вул. Кастрычніцкая, 16/3 (Lo-Fi Customs)
Фота – Таня Капітонава