Што такое інтуітыўны футбол?
- 20.06.2018
- 3084
Расказваем пра не самы відавочны від спорту: інтуітыўны футбол, у які гуляюць невідушчыя людзі. Мы пагаварылі з Алегам Канстанцінавічам Кірылавым – трэнерам зборнай Беларусі па футболе для невідушчых, – які ўжо 10 гадоў дапамагае невідушчым людзям рэалізавацца ў спорце.
Інтуітыўны футбол: FAQ
Інтуітыўны футбол – футбол для невідушчых. Гульцы арыентуюцца ў прасторы на слых і з дапамогай відушчых трэнераў і брамнікаў. Першы чэмпіянат свету прайшоў у 1986 годзе, а ў 2004-м гэты від спорту ўключылі ў праграму Параалімпійскіх гульняў.
У катэгорыі B1 (скарачэнне ад слова blind, «сляпы») гуляюць невідушчыя людзі. Яны альбо нічога не бачаць, альбо могуць адчуваць святло, але не адрозніваць формаў – гэта называецца рэшткавы зрок.
У катэгорыі B2 гуляюць футбалісты, якія максімум могуць убачыць літары «Ш» і «Б» у афтальмалагічнай табліцы, то-бок толькі верхні радок.
У катэгорыі B3 выступаюць тыя, хто адрознівае два верхнія радкі згаданай табліцы.
У гэтым матэрыяле мы зробім акцэнт на катэгорыі B1 – футболе, у які гуляюць невідушчыя людзі.
Асаблівасці міні-футболу сярод невідушчых
Усе гульцы гуляюць у ахоўных масках, зробленых альбо з каўчуку, альбо з гумы, альбо з трывалай тканіны.
Вочы заляпляюць спецыяльным пластырам. Гэта трэба для абароны вачэй і для стварэння роўных умоў.
Для гульні выкарыстоўваюць мяч, унутры якога знаходзяцца металічныя шарыкі, таму пры руху ён выдае шум. Так невідушчыя гульцы разумеюць, дзе той знаходзіцца.
Мяч важыць паўкіло.
Гульцы гучна і часта прамаўляюць слова «бой». Гэта дапамагае ім нечакана не сутыкацца.
Кожнай камандзе дапамагаюць тры відушчыя чалавекі: трэнер за брамай чужой каманды, трэнер на лаве запасных і брамнік. Яны дапамагаюць гульцам зарыентавацца ў прасторы, але адначасова ім нельга размаўляць.
Таксама на поле ёсць барты, якія дапамагаюць мячу не вылятаць за межы гульнявой пляцоўкі.
Сітуацыя ў Беларусі
У чэмпіянаце Беларусі ўдзельнічаюць 6 каманд для невідушчых і 6 каманд для людзей са слабым зрокам.
Зборная каманда Рэспублікі Беларусь сярод людзей са слабым зрокам (трэнер – Усенка Анатоль Іванавіч) пяцікратна станавілася чэмпіёнам свету. Для параўнання: звычайная зборная па міні-футболе ні разу не была адабраная нават на чэмпіянат Еўропы.
Пакуль у Іспаніі і Бразіліі інтуітыўны футбол з'яўляецца нацыянальным відам спорту, у зборных каманд Беларусі сярод невідушчых і людзей са слабым зрокам няма асаблівых магчымасцяў заявіць пра сябе: Міністэрства спорту ўжо каля пяці гадоў не адпраўляе іх на міжнародныя турніры.
Па сутнасці, цяпер яны трэніруюцца і гуляюць проста дзеля свайго задавальнення.
Маштабны турнір для невідушчых і людзей са слабым зрокам адбыўся 4-5 жніўня 2018 года ў Менску дзякуючы Volkswagen. У кожнай камандзе сярод невідушчых гуляў відушчы валанцёр, так што гэты турнір быў яшчэ і інклюзіўным.
«Першы турнір паміж татальна невідушчымі футбалістамі і футбалістамі са слабым зрокам прайшоў 4-5 жніўня 2018 года ў Менску дзякуючы Volkswagen»
Галоўны трэнер
У Алега Канстанцінавіча былі глухія бацькі: яны страцілі слых у ваенны час. Таму з дзяцінства ён быў знаёмы са спецыфічнымі праблемамі людзей з інваліднасцю.
У 2008 годзе Алега запрасілі ў Маскву на навучальны семінар па інтуітыўным футболе, а па вяртанні яму прапанавалі стварыць першую футбольную каманду для невідушчых. Беларускае таварыства інвалідаў па зроку падтрымала гэтую ідэю і арганізавала вучэбна-трэніровачны збор, на які прыехала каля 40 чалавек з інваліднасцю з усёй краіны. Пасля збору стварылі каманду, прычым найбольш падрыхтаванымі аказаліся хлопцы з Віцебска, адкуль родам Алег.
«Калі я толькі пачынаў займацца з дзецьмі, у мяне сышло два гады на тое, каб навучыць іх арыентавацца ў прасторы на поле. Мы мацалі залу, стадыён, вучыліся ўзаемадзейнічаць з мячом», – кажа Алег.
«Мы вельмі мала ведаем пра невідушчых людзей, таму яны і жывуць адасоблена»
Алег Кірылаў – галоўны трэнер Нацыянальнай зборнай Рэспублікі Беларусь па футболе сярод невідушчых. З гульцамі сябруе сем'ямі, а для некаторых дзяцей гульцоў ён нават стаў хросным. Пра ўсіх кажа з вялікай цеплынёй.
Цяпер віцебская каманда – самая тытулаваная ў краіне. На чэмпіянатах Беларусі перамагала 6 разоў. Большасць гульцоў уваходзяць у склад зборнай Беларусі сярод невідушчых.
Здаровая інклюзія
Калі пра правы, патрэбы і амбіцыі вазочнікаў цяпер чуваць усё гучней, то пра невідушчых і людзей са слабым зрокам вядома не так шмат. Мы не надта разумеем, як яны жывуць і ўзаемадзейнічаюць са светам.
– Вялікая праблема ў недасведчанасці нашага грамадства. Мы мяркуем, што невідушчаму чалавеку патрэбная дапамога. Але яна заключаецца не зусім у тым, каб перавесці яго праз дарогу або пасадзіць у транспарт. Дапамога павінна быць больш глабальнай, больш сур'ёзнай. Трэба даць магчымасць чалавеку раскрыць сябе, дапамагчы яму з адукацыяй, даць магчымасць жыць насычана. Тады чалавек будзе рэабілітаваны і запатрабаваны ў грамадстве, – Алег кажа павольна, і здаецца, што гэтыя словы даюцца яму з болем.
«Жаль – самае непатрэбнае пачуццё ў адносінах да хоць каго»
Пад інклюзіяй Алег разумее тое, што людзі з інваліднасцю павінны мець магчымасць прыйсці ў грамадства і быць там на роўных. Падменай паняццяў лічыць сітуацыі, калі здаровыя людзі дапамагаюць людзям з абмежаванымі магчымасцямі, хоць гэта, безумоўна, таксама вельмі важна. Безбар'ернае асяроддзе і даступнасць усяго, у тым ліку навучання і працы, павінны быць па змоўчанні.
– Жаль – самае непатрэбнае пачуццё ў адносінах да хоць каго. Невідушчаму чалавеку не патрэбны жаль. Дасведчанасць – лепшая дапамога. Людзям трэба даць магчымасць сябе рэалізаваць, а падтрымліваць трэба дзеяннямі. Хоць бы выслухайце чалавека. Мы вельмі мала ведаем пра невідушчых людзей, таму яны і жывуць адасоблена, – тлумачыць Алег Канстанцінавіч.
Чаму футбол?
Алег Канстанцінавіч жыве ў Віцебску і працуе з мясцовай камандай. Кажа, што футбол для яе ўдзельнікаў – гэта не самамэта і не панацэя. Гэта платформа, на якую абапіраецца іх жыццё.
Віцебскія спартсмены займаюцца не толькі футболам, але і галболам (разнавіднасць гульні для невідушчых і людзей са слабым зрокам, якая ўзнікла пасля Другой сусветнай), лёгкай атлетыкай, шоудаўнам (настольная гульня для невідушчых, якая спалучае ў сабе элементы настольнага тэніса і аэрахакея), плаваннем, шахматамі, шашкамі.
Для людзей з інваліднасцю вельмі важна весці актыўны лад жыцця. А яшчэ для невідушчых няма асаблівай розніцы, якім відам спорту займацца.
«Больш складана перавучыць чалавека гуляць у футбол, чым навучыць гуляць з нуля»
Гульцы віцебскай каманды па-рознаму прыйшлі ў гэты від спорту. Хтосьці займаўся футболам заўсёды, хтосьці пачаў ужо ў сталым узросце.
У траўні 2018 года зборная каманда Беларусі сярод невідушчых змагла прыняць удзел у Кубку Еўропы ў Кракаве, таму што яе падтрымаў Volkswagen. Там каманда заняла чацвёртае месца, а капітан Юрый Ардынаў быў прызнаны лепшым гульцом. У будучыні гэта дасць магчымасць удзельнічаць у адборы на Чэмпіянат Еўропы і ў Параалімпійскіх гульнях.
Дзіма Халадовіч
абаронца
Дзіма страціў зрок у дзяцінстве, практычна ніколі не бачыў навакольны свет і не ведаў, што такое футбол. Усё жыццё навучаўся дома. Свет ён успрымаў праз бацькоў і тых настаўнікаў, якія да яго прыходзілі. У Дзімы вельмі добры слых, і па гуку ён нават можа вызначыць від рухавіка ў машыне, якая праязджае міма.
Аднойчы ён трапіў на турзлёт, які арганізавала Беларускае таварыства інвалідаў па зроку (БелТІЗ). Пасля гэтага ён даведаўся, што ёсць плаванне, футбол, лёгкая атлетыка. Стаў азартным, пачаў атрымліваць кайф ад жыцця. Да гэтага ён баяўся вады і не ведаў адчуванняў ад плавання. Цяпер у яго ў басейне свая дарожка, ён плавае па паўтара кіламетра.
Цяпер Дзіма шмат падарожнічае. Атрымаў вышэйшую адукацыю, працуе ў рэабілітацыйным цэнтры і дапамагае такім жа невідушчым. Вядзе майстар-класы, выступае з лекцыямі.
Алег Канстанцінавіч кажа, што Дзіма вельмі запатрабаваны, кожны яго дзень распісаны па хвілінах, ён забяспечвае сябе, робіць поспехі ў спорце, ды і наогул жыве вельмі насычана.
«Мы пабойваемся, што ён знойдзе жонку-іншаземку і з'едзе ад нас», – смяецца Алег.
Юра Ардынаў
капітан зборнай, нападнік
Страціў зрок 8 гадоў таму, перажыў шмат аперацый. Юра скончыў тэатральны каледж, граў на сцэне. Але нават цяпер ён працягвае ставіць спектаклі, весці розныя мерапрыемствы, пісаць музыку, спяваць у хоры. Кажа, што, будзь ён відушчым, і паловы гэтага не было б.
Яшчэ Юра з пяці гадоў прафесійна займаўся футболам, таму ведае ўсе тонкасці. Але Алег Канстанцінавіч кажа, што больш складана перавучыць чалавека гуляць у футбол, чым навучыць гуляць з нуля.
Юра жанаты, у яго ёсць сын Мацвей.
Уладзімір Ліцвінаў
абаронца
Цалкам страціў зрок у падлеткавым узросце, да гэтага быў з паслабленым зрокам. Уладзімір – чалавек прагматычны і практычны, не любіць публічнасці. У камандзе займаецца яшчэ і лагістыкай, за што Алег Канстанцінавіч, усміхаючыся, называе яго начальнікам.
Таксама Уладзімір – чэмпіён Беларусі па настольным тэнісе (дарэчы, Юрый Ардынаў таксама). Раней займаўся яшчэ і лёгкай атлетыкай.
У дадатак працуе на заводзе «Элект» – гэта спецыялізаванае прадпрыемства для інвалідаў па зроку. Ён адзіны невідушчы чалавек у краіне, які працуе ў ліцейным цэху.
Жанаты, ёсць сын Паша.
Слава Корзун
защитник
Па міжнародных спартовых патрабаваннях ён невідушчы, а па беларускіх – мае рэшткавы зрок. Справа ў тым, што ва ўсіх краінах розныя патрабаванні і спосабы вызначэння групы інваліднасці.
Слава больш за 10 гадоў займаецца футболам, за гэты час паспеў моцна прапампавацца. Прычым пачынаў ён як валанцёр – дапамагаў аднаму гульцу дабрацца да трэніровак. А потым і сам стаў актыўна займацца спортам.
Быў пацешны выпадак, калі знаёмы Славы – таксама с паслабленым зрокам – рыхтаваўся да спаборніцтваў па гіравым спорце, і Корзуну прапанавалі паўдзельнічаць за кампанію. Не рыхтуючыся, ён заняў першае месца.
Грае ў тэатры.
Андрэй Кавалёў
нападающий
У Андрэя заўсёды быў паслаблены зрок, а цяпер адно вока зусім не бачыць, а другое мае рэшткавы зрок.
Андрэй мае вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «псіхалогія». Навучае дзяцей з інваліднасцю і сіндромам Даўна, з дапамогай тэатра і розных напрацовак дапамагае ім рэабілітавацца. Праводзіць майстар-класы, патроху становіцца публічным чалавекам.
Жанаты, ёсць двое сыноў.
Антон Шмялёў
абаронца
Антон страціў зрок нядаўна: амаль тры гады таму. За гэты час хутка і бязбольна перажыў псіхалагічную траўму, не спіўся, не зламаўся, за месяц асвоіў шрыфт Брайля.
Цяпер ён чэмпіён Беларусі па футболе сярод невідушчых. Чэмпіён Беларусі па тэнісе ў каманднай гульні. Антон за два гады зрабіў тое, на што ў іншых сышло гадоў па восем.
Алег Канстанцінавіч кажа, што Антон – зусім унікальны выпадак.
Дзяніс Усачоў і Дзяніс Паўлаў
брамнікі
Дзяніс Усачоў – заатэхнік. Дзяніс Паўлаў працуе ў будаўнічай сферы. Абодва – відушчыя валанцёры.
Заканадаўства
У 2015 годзе Беларусь стала адной з апошніх краін у Еўропе, якая падпісала Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю. І толькі нядаўна Міністэрства аховы здароўя дазволіла інвалідам першай групы займацца спортам – раней гэта было забаронена на заканадаўчым узроўні.
«За апошнія 10 гадоў дзяржава шмат чаго зрабіла. Але грамадства яшчэ не гатовае да поўнага прыняцця невідушчых людзей», – кажа напрыканцы Алег Канстанцінавіч.
Як можна дапамагчы?
Самае складанае – сабраць гульцоў на трэніроўку. Ты вельмі падтрымаеш справу, калі проста дапаможаш ім дабрацца да месца заняткаў, а потым развязеш па хатах.
Можна дапамагчы з перамяшчэннем у грамадскім транспарце.
Стаць брамнікам (нагадаем, што брамнікі відушчыя).
Падаваць мячы.
Прыйсці на матч і падтрымаць каманду.
Расказаць сябрам пра тое, што існуе інтуітыўны футбол, тым самым дапамагчы з папулярызацыяй гэтага віду спорту.
Арганізаваць фестываль, у якім змогуць прыняць удзел усе жадаючыя: відушчыя, невідушчыя і слабавідушчыя футбалісты.
Набыць спецыяльны інвентар: накаленнікі, шчыткі, ахоўныя маскі, агучаныя мячы, спецыяльны абутак.
Купіць спецыяльныя барты для правядзення спаборніцтваў. Па перыметры поля павінны стаяць асаблівыя барты для невідушчых.
Купіць мікрааўтобус для каманды, каб яна магла ездзіць на міжнародныя спаборніцтвы ў іншыя краіны.
Volkswagen CUP
Брэнд Volkswagen у 2018 годзе стаў афіцыйным партнёрам УЕФА і пачаў актыўна дапамагаць развіццю футбола ў Беларусі, у тым ліку жаночым камандам, юніёрам і камандам сярод невідушчых і людзей са слабым зрокам.
Самая маштабная і важная падзея ў беларускім інтуітыўным футболе – турнір Volkswagen CUP, які 4-5 жніўня ўпершыню сабраў разам каманды сярод татальна невідушчых і футбалістаў са слабым зрокам.
Фота – Канстанцiн Пухаў, Ягор Дуброўскі, Юрый Федарэнка
ООО "Литл Мо" УНП 192755080