Прэмію Гедройца ўзяў Сяргей Дубавец
- Рубрыка: УЛОЎ
- 16.10.2020
- 4487
15 кастрычніка ў прасторы ZAL#2 Палаца мастацтва абвесцілі лаўрэатаў Прэміі Гедройца – 2020. Статус пераможцы і прыз у 15 тысяч рублёў атрымаў Сяргей Дубавец з раманам «Тантамарэскі».
Твор ацанілі «за філасофскае асэнсаванне і праўдзівы паказ супрацьстаяння чалавека і беларускай дзяржаўнай машыны на матэрыяле аднаго судовага працэсу». На ўрачыстай цырымоніі Сяргей Дубавец адзначыў, што прэмію разам з ім атрымаў і Алесь Юркойць – адзін з герояў дакументальнага рамана «Тантамарэскі». Цяпер Алесь знаходзіцца за кратамі па справе ашмянскіх мытнікаў, якой прысвечаны раман Дубаўца.
Другое месца – у Андрэя Адамовіча з кнігай «Песня пра Цімура» («за мужнасць у выпрабаванні трагічнага абсурду жыцця на сабе, сваіх героях і чытачах»). Пісьменніку падарылі творчы адпачынак у Балтыйскім цэнтры пісьменнікаў і перакладчыкаў на шведскім востраве Готланд.
Трэцяя прэмія адышла Зараславе Камінскай з кнігай «Калядны стол» («за ўдала знойдзены рэцэпт вяртання да цёплых успамінаў дзяцінства і сямейных каштоўнасцяў»). «Бронзавы» прыз – запіс кнігі ў аўдыяфармаце.
У кароткі спіс 9-га сезона прэміі Ежы Гедройца таксама патрапілі «Кэмэл-Трэвэл» Вольгі Гапеевай, «Рысы» Адама Глобуса і «Гасцініца “Бельгія”» Ганны Севярынец.
Арганізатары Прэміі Гедройца: Беларускі ПЭН-Цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Яе прысуджаюць з 2012 года. Намінуюць мастацкія і дакументальныя празаічныя выданні на беларускай мове. У розныя гады пераможцамі былі Павал Касцюкевіч, Уладзімір Някляеў, Ігар Бабкоў, Віктар Казько, Макс Шчур, Зміцер Бартосік, Уладзімір Арлоў і Ілля Сін.