7 восеньскіх забегаў па Беларусі
- 22.09.2023
- 2789
Трэйлавыя забегі праз лясы і балоты, найстарэйшы беларускі марафон і адна з найкруцейшых у рэгіёне гонак з перашкодамі – трымай бегавы восеньскі гайд ад тэлеграм-канала «Робім Ногі».
Гэтай восенню выбраць забег для сябе змогуць і прагныя да выпрабаванняў экстрэмальнымі ўмовамі, і аматары пабыць сам-насам з прыродай, і тыя, хто папросту хоча ўпершыню адчуць атмасферу бегавога свята і завесці прыемныя знаёмствы. Выбірай, што найбольш табе пасуе, і наперад!
Фота Вікторыі Іваненкі
23 верасня
«Ласіная сцежка» (Полацкі раён)
Дыстанцыі: 22 км / 11 км / 6 км
Для дзяцей: 3 км / 1,5 км / 300 м
Рэгістрацыя: на месцы – у дзень старту
Сайт
Гэты трэйл (забег па бездарожжы) будзе аднолькава цікавы як дасведчаным бегунам, так і пачаткоўцам. Трасы пройдуць паміж трыма маляўнічымі азёрамі паўз стромкія лагчыны, водныя перашкоды і бяспечныя ўчасткі балот (але важна не аддаляцца ад разметкі, бо можна ўсур'ёз захраснуць). Старт вельмі прыязны да ўдзельнікаў з сем'ямі: у праграме – тры дзіцячыя дыстанцыі ды садок для дашкалят і малодшых школьнікаў. Таксама ў межах «Ласінай сцежкі» пройдзе роварная крос-кантры гонка.
23 верасня
«Шляхам Якуба Коласа» (Стаўбцоўскі раён)
Дыстанцыі: 46,2 км / 29,7 км / 14,8 км / 7,2 км
Сямейны забег: 2 км
Рэгістрацыя – па спасылцы альбо на месцы ў дзень старту
Зноўку трэйл – і зноўку ў маляўнічых краявідах: у коласаўскіх мясцінах, уздоўж бацькі-Нёмана. Забег будзе праходзіць праз засценак Акінчыцы (тут нарадзіўся будучы пясняр), леснічоўку Альбуць (тут жыў у юнацтве), мястэчка Мікалаеўшчыну (тут атрымліваў першую навуку, а пазней – удзельнічаў у нелегальным з'ездзе настаўнікаў), леснічоўку Смольню (тут выкладаў у школцы). На шляху трэйл-ранераў сустрэнуцца тры музеі Якуба Коласа, так што можна будзе правесці карысны дзень не толькі для цела, але і для душы.
Фота: Bizon Race
1 кастрычніка
Bison Race Nesvizh Castle (Нясвіж)
Дыстанцыі: 5 км і 20 перашкод для дарослых / 2 км і 8 перашкод для дзяцей
Рэгістрацыя – тут
Гэта OCR-гонка – экстрэмальны бег з перашкодамі. Тут табе спатрэбіцца не толькі бегавая вынослівасць, але і сілавая падрыхтоўка – давядзецца адольваць няпростыя перашкоды. Пачаткоўцам рэкамендуецца камандны забег (у камандзе мусіць быць 4 чалавекі і абавязкова не менш за адну жанчыну), дзе ўдзельнікі могуць дапамагаць адно аднаму ў пераадоленні перашкод. Гонка ў трэці раз пройдзе побач з Нясвіжскім палацам, так што адпаведны антураж масавага спартыўнага свята забяспечаны.
7 кастрычніка
Маларыцкі марафон (Маларыта)
Дыстанцыі: 42,195 км і 10 км для дарослых
Для дзяцей: 2 км / 1 км / 500 м / 300 м
Рэгістрацыя: на месцы – у дзень старту
Інфармацыя пра забег з'явіцца тут
Тыя, хто не здолелі выйграць слот у Берлін ці Нью-Ёрк, маюць альтэрнатыўны беларускі марафон. Сёлета ён юбілейны, саракавы. Удзельнікаў чакае звыклая сардэчная маларыцкая гасціннасць: заночыць можна будзе ў мясцовым інтэрнаце, сняданак і абед – таксама за кошт арганізатараў. У праграме, дарэчы, вялікая колькасць дзіцячых забегаў.
Фота: palasatka
7 кастрычніка
Belarus Museum Run (Мінскі раён)
Дыстанцыі: 21 км / 10 км / 5 км
Для дзяцей: 1 км
Рэгістрацыя – па спасылцы
Начны забег на тэрыторыі музея архітэктуры і побыту – гэта мусіць быць чароўна. Сялянскія сядзібы, драўляныя млыны і цэрквы – аўтэнтычныя пабудовы ў Азярцо звозілі з усёй Беларусі, і цяжка прыдумаць лепшую лакацыю для забегу. Трасы будуць праходзіць паўз вясковыя вулачкі, яры, балоты, і ўсё гэта ў абсалютнай цемры, таму не забудзься на ліхтарык!
21 кастрычніка
«Бабуліны казкі» (Гродзенскі раён)
Дыстанцыі: 21 км / 10 км / 5 км
Для дзяцей: 1,2 км / 400 м / 100 м
Рэгістрацыя – па спасылцы
Яшчэ адзін трэйл, гэтым разам – у ваколіцах Горадні. Хваёвыя лясы, стромкія яры, ручаіны, пад’ёмы і спускі – усё, што любяць аматары бегу на вольным паветры. Арганізатары абяцаюць прыгожы медаль і шчодры стартавы пакет з карысным мерчам – кожнаму ўдзельніку старту.
Лістапад
Жук-трэйл «Лагойск» (Лагойскі раён)
Дыстанцыі: 42 км / 21 км / 10 км / 5 км
Для дзяцей: 1 км
Рэгістрацыя – па спасылцы (з’явіцца пазней)
Гэты старт – для тых, хто не баіцца выпрабаванняў. Арганізатары небеспадстаўна называюць яго «самым крутым» у Беларусі: ён амаль цалкам складаецца з рэзкіх пад'ёмаў і спускаў. Набор вышыні тут – 500 метраў на кожныя 10 кіламетраў. Апроч бегавых дысцыплін, у праграме 50-кіламетровая велагонка.
Фота на галоўнай: palasatka