Новы праект пра свядомую моду запрашае на варкшопы ў Варшаве і Тбілісі

  • 09.12.2024
  • 418

Улетку запусціўся праект Sviadomy Šyk, мэта якога – паказаць, што мода з клопатам аб планеце і яе насельніках(-цах) можа быць не менш стылёвай, чым масмаркетавая хуткая мода з паўсотняй мікрасезонаў на год. Наведаць мерапрыемствы «Свядомага шыку» можна ў розных гарадах, дзе жывуць беларускі і беларусы, а часам і завітаць на анлайн-стрым.

15 снежня ў Тбілісі Sviadomy Šyk ладзіць дзень варкшопаў з арт-маркетам і дыджэйскай вечарынай. На івэнце можна будзе ў коле аднадумцаў і аднадумак зрабіць упрыгожанні для дома і елкі з перапрацаванай паперы і перавыкарыстаных матэрыялаў, стварыць керамічныя карцінкі, сумкі і чахлы з пластыкавых пакетаў, а таксама набыць класныя вырабы майстроў і майстрынь.

21 снежня ў Варшаве па адрасе Jagiellońska, 54 Sviadomy Šyk возьме ўдзел у Фестывалі разумнага спажывання разам з іншымі ініцыятывамі і экспертамі ды эксперткамі. Ад каманды на фэсце будзе вязальны клуб-куток, дзе навучаць плесці шоперы з пражы, скручанай з сэканд-хэндаўскіх швэдраў.

Разам са стрыт-арт-тусоўкай Art Yard Community Sviadomy Šyk запусціў краўдфандынг, каб стварыць капсульную калекцыю экалагічнага адзення на стыку сучаснасці і традыцый. Калекцыю не проста пашые нейкі(-ая) дызайнер(-ка), а яна стане вынікам эка-фэшн-лабараторыі, у межах якой пройдуць даследаванні і эксперыменты, а таксама – шэраг публічных івэнтаў, напрыклад, swap’ы і варкшопы па натуральнай афарбоўцы тканіны. Каманда Sviadomy Šyk таксама плануе зрабіць дапаможнік, які будзе карысны ўсім, хто хоча ўкараняць экалагічныя прыёмы дома, у сваіх праектах ці бізнэсах.

  Падтрымаць ініцыятыву можна па спасылцы, а сачыць за яе дзейнасцю – у інстаграме