Што глядзець на «Лістападзе-2017»?

 

На Ханеке, Азона, Каўрысмякі і Агнешку Холанд ты пойдзеш і без нас. У гэтым жа гайдзе прадстаўляем больш за тузін фільмаў, якія дакладна вартыя ўвагі ідэальнага чытача 34mag. Іра Гарбачова знялася не ва ўсіх, але не Ірай адзінаю. Многія фільмы ў пракаце ты потым не ўбачыш, таму карыстайся магчымасцю зганяць на фестывальны паказ зараз. Квіткі пакуль яшчэ ёсць у продажы.

 

«Арытмiя»

рэж. Барыс Хлебнікаў

 

Гісторыя пра лекара хуткай дапамогі і яго жонку, якая падае на развод, настолькі ўжо захваленая экспертамі, што некаторым даводзіцца дзеля арыгінальнасці ківаць на акрылавыя кардыганы, бальнічныя еўрарамонты і смешную песню Стрыкала. Кінааўтарытэт Антон Долін прытрымліваецца агульнай захопленай тэндэнцыі і кажа пра тэрапеўтычны эфект карціны, так што спажыць яе трэба неадкладна. Глядзіш, і выветрыцца з сэрца іншая гісторыя пра развод – там, дзе Кісялёў, спартыўны касцюм Bosco і суцэльная невылечная нелюбоў. Квіткоў на фільм адкрыцця ўжо няма, але затое глядзі карціну з 11 лістапада ў пракаце.

 Дзе і калі?   4 лістапада, 18:00, к/т «Цэнтральны», з 11 па 15 лістапада ў к/т «Мір»

 

 

«Турэцкае сядло»

рэж. Юсуп Разыкаў

 

Гэбэшнік на пенсіі жыве стабільным жыццём: кожная раніца пачынаецца з зарадкі і чатырох вараных яек. Адзіная забаўка – схаванае назіранне за людзьмі, цяпер ужо не па службе, а з чыстай цікаўнасці. Гісторыя ажыўляецца, калі адзін з аб'ектаў назірання раптам становіцца аб'ектам кахання... Карацей, пакармі сваю параною. Дарэчы, нядаўна мы пісалі пра тое, як супрацьстаяць надакучліваму паклонніку.

 Дзе і калі?   8 лістапада, 18:30, к/т «Цэнтральны»

 

 

«Мастацтва кахання. Гісторыя Міхаліны Віслоцкай»

рэж. Марыя Садоўска

 

Меладрама, камедыя і лёгкая эротыка пра рэальную жанчыну, якая давяла палякам, што сэкс – гэта мастацтва кахання. Аднайменную кнігу Міхаліны Віслоцкай празвалі «камасутрай сацыялізму», а яе імя залатымі літарамі ўпісалі ў гісторыю палавой асветы.

 Дзе і калі?   10 лістапада, 17:00, к/т «Цэнтральны»

 

 

«Восеньскі самурай»

рэж. Даніла Бечкавіч

 

Фільм закрыцця прапануе расслабіць мазгі і зацаніць іранічную гісторыю пра каратыста, які вымушаны пакінуць вялікі спорт і выкладаць дзецям. Аказваецца, нават скаціўшыся прыкладна да ўзроўню вясковага фізрука, у Сербіі можна займальна бавіць час: тусіць з бандытамі, удзельнічаць у баях без правілаў і ахмураць мамку вучня. Калі ты застаў(-ла) эпоху павышанага попыту на відэакасеты пра Ван Дама, табе спадабаецца такі амаж.

 Дзе і калі?   10 лістапада, 19:30, к/т «Масква», 10 лістапада, 19:30, к/т «Цэнтральны»

 

 

«Цесната»

рэж. Канцемір Балагаў

 

Круты рэжысёрскі дэбют, які гуляе на полі «чарнухі», але з ёй зусім не заігрывае. Галоўная гераіня «Цеснаты» – пацанка Ілана, якой пляваць на любыя абставіны: геаграфію (Нальчык), час (90-я) і кроў (яна з сям'і горскіх габрэяў). Але абставінам на Ілану таксама пляваць, таму яны завязваюцца ў такі вузел, што свабодалюбівай дзяўчыне трэба пагаджацца на шлюб па разліку.

 Дзе і калі?   5 лістапада, 16:00, к/т «Цэнтральны», 7 лістапада, 17:00, к/т «Піянер»

 

 

«Чамбра»

рэж. Ёнас Карпіньяна

 

Гісторыя пра выхаванне пачуццяў у асяроддзі італьянскіх рама. Піа становіцца пасрэднікам між крымінальнымі групоўкамі італьянцаў, афрыканцаў і рама. Піа ўсяго чатырнаццаць, так што пасталець яму прыйдзецца па паскоранай праграме.

 Дзе і калі?   7 лістапада, 16:30, к/т «Цэнтральны»

 

 

«Чарльстон»

рэж. Андрэй Крэцулеску

 

Можна было б сказаць, што «Чарльстон» – хіпстарскае кіно для тых, хто закаханы ў румынскі сінематограф і гатовы хадзіць на яго, не чытаючы анатацый. Але паколькі восенню 2017 года слова «хіпстарскі» відавочна па-за законам, проста скажам, што «Чарльстон» – гэта кіно для тых, хто закаханы ў румынскі сінематограф і гатовы хадзіць на яго, не чытаючы анатацый.

 Дзе і калі?   9 лістапада, 16:30, к/т «Цэнтральны», 10 лістапада, 19:00, к/т «Піянер»

 

 

«Дзіўныя няўдачнікі: іншы свет»

рэж. Арунас Матэліс

 

Калі табе заўсёды было цікава, які сэнс забіваць цягліцы, калі не прэтэндуеш ні на жоўтыя, ні на цыкламенавыя майкі, вось табе гісторыя пра андэрдогаў – удзельнікаў Джыра д'Італія. Гэтыя хлопцы – дзіўныя Санча Панса ў свеце веласпорту, без якіх вялікія «асабістыя» перамогі былі б немагчымыя.

 Дзе і калі?   8 лістапада, 21:00, к/т «Мір»

 

 

«Брат Якаб»

рэж. Элі Роланд Захс

 

Якаб прыняў іслам і больш не ходзіць у кабак з ранейшымі сябрамі. Яго брат здымае дакументальнае кіно не толькі для таго, каб зразумець нованавернутага немца-мусульманіна. Ён хоча пагутарыць з родным чалавекам і аднавіць страчаную братэрскую сувязь.

 Дзе і калі?   6 лістапада, 20:30, к/т «Мір»

 

 

«Нармальны аўтыстычны фільм»

рэж. Міраслаў Янак

 

Гэты док дазваляе зірнуць на аўтызм па-новаму. Не як на дыягназ, а як на альтэрнатыўны спосаб мыслення. «Незразумелае» не роўна «ненармальнае» – прыкладна такую думку даносяць пяць герояў фільма ў аб'ектыве Міраслава Янака.

 Дзе і калі?   7 лістапада, 17:00, к/т «Мір»

 

 

«Я вам не негр»

рэж. Рауль Пек

 

Па-за конкурсам пакажуць фільм вядомага дакументаліста Рауля Пека. Пра кіно ўсё зразумела ўжо з назвы, так што проста ідзі і глядзі.

 Дзе і калі?   7 лістапада, 21:10, к/т «Мір»

 

 

«Ленінапад»

рэж. Святлана Шымко

 

Іранічны док ад нашых паўднёвых суседзяў, якія актыўна развітваліся са сваімі Ільічамі ў 2013-2014 гадах. Падзеі ў народзе празвалі «ленінападам», а ў Вікіпедыі з'явілася цэлая старонка з мапай ліхаманкавай дэкамунізацыі.

 Дзе і калі?   5 лістапада, 18:00, к/т «Мір»

 

 

«Вакол Беларусі на роварах з маторами»

рэж. Барыс Нікалайчык

 

Пасля кругасветкі Рома Свечнікаў узяўся за чэлендж «любіць Беларусь нашу мілую» разам з сябрам Барысам Нікалайчыкам, які выступіў рэжысёрам і аператарам гэтага дока. Risky guys наматалі 3000 кіламетраў уздоўж беларускіх межаў і адздымалі 120 гадзін відэаматэрыялу. Ацаніць, што атрымалася, можна ў кінатэатры «Беларусь». Risky guys абяцалі быць.

 Дзе і калі?   8 лістапада, 19:15, к/т «Беларусь»

 

 

«Фанат»

рэж. Андрэй Кудзіненка

 

Васю Пешахода ведаюць усе тыфозі «Дынама-Брэст». Справа ў тым, што на выязныя матчы каманды Вася ходзіць пешшу: хоць у Лепель, хоць у Бабруйск, хоць у Віцебск. Ён прынцыпова не юзае аўтастоп і за 2016 год прайшоў 4470 кіламетраў. Вася частуецца малаком з падвор’яў, ночыць у лесе і кожны вечар тэлефануе маці, каб паведаміць, на якім кіламетры спыніўся.

 Дзе і калі?   7 лістапада, 16:00, к/т «Беларусь»

 

 

«Зніклая паэзія»

рэж. Ілля Бажко

 

Ілля Бажко і яго каманда клапатліва сабралі для цябе гісторыі пра людзей – красу нацыі, якія былі знішчаныя ў 1937-м. Падрыхтавацца да прагляду дапаможа гайд па «(Не)расстралянай паэзіі».

 Дзе і калі?   9 лістапада, 17:30, к/т «Беларусь»

 

 

 

Замест дэсерту – эксклюзіўны паказ трылера «Забойства свяшчэннага аленя» Йоргаса Ланцімоса. Фільм яшчэ не хутка выйдзе ў пракат, таму калі табе было добра на «Лобстары», то ўвечары 11 лістапада ты не можаш быць дзе-небудзь яшчэ, акрамя як у кінатэатры «Масква». Рэцэнзіі поўныя загадкавасці, але ў Канах ад «Забойства» пішчалі ўсё, і катарсіс абяцаюць безумоўна.

 

 

Яшчэ мы абавязкова пойдзем на фільмы ў нацыянальным конкурсе гульнявога кіно, таму што нам заўсёды цікава памацаць пульс у гэтага звярка. І дзе, як не на фестывальных паказах, можна шчыра спытаць у аўтараў(-ак): «Што гэта было?» Ці даць пяцюню гэтым самаадданым людзям.

 

  Поўную праграму фестывалю шукай на сайце «Лістапада»