Адэля Дубавец, перакладчыца кнігі Вітальда Шаблоўскага «Танец мядзведзяў», сустрэлася з аўтарам на львоўскім «Форуме выдаўцоў» і пагутарыла па душах – так, як можа пагутарыць толькі перакладчык з пісьменнікам. Інтэрв’ю атрымалася – не адарвацца!
Калі я перакладала на беларускую ягоны «Танец мядзведзяў», польскі рэпарцёр Вітальд Шаблоўскі не знайшоў чым дабрацца да вострава Тана (Вануату) у Ціхім акіяне. Ён зняў невялікі самалёт і прадаваў білеты для ахвотных пасажыраў, якія, дарэчы, адразу ж знайшліся. Калі на 34mag выйшаў пераклад ягонай кнігі, Шаблоўскі рабіў сэлфі з 94-гадовай бабуляй Барака Абамы на ганку ейнага дома ў вёсцы Когела (Кенія).
Сёння ў Вітальда чатыры кнігі і пятая на падыходзе. «Танец мядзведзяў» і тую, апошнюю, якая яшчэ ў працэсе, набыў Penguin Random House – адзін з самых прэстыжных выдавецкіх дамоў свету. Да Шаблоўскага ён друкаваў Агату Крысці, Хэмінгуэя ды Салмана Рушдзі.
Вітальд знайшоў свой спосаб ператварыць любоў да падарожжаў у спраўны бізнэс. На сустрэчу з Шаблоўскім у самым сэрцы Львова набіваецца поўны пакой прыгожых і маладых. Калі яны разбягаюцца, несучы свае аўтографы і фота ў мабілках, мы застаемся ўдваіх. Акурат пад намі грымяць праз Ратушную Плошчу вераснёвыя трамваі, зносячы ў адзін бок апошнюю на сёлета спёку.
Усе краіны, акрамя Беларусі
– У «Танцы мядзведзяў» ты апісаў вялікую колькасць краінаў. Ты ездзіў туды адмыслова для кнігі?
– Не, гэтыя рэпартажы я пісаў для «Газеты Выборчай», іх было нашмат больш. Я працую там ужо дзесяць гадоў. Калі адбываецца нешта цікавае, прыходжу і пераконваю рэдакцыю, што варта да гэтага прыгледзецца. Мяне высылаюць. І вось аднойчы да мяне дайшло, што ў вялікай колькасці паслякамуністычных краін адбываецца аднолькавы працэс. Надыходзіць момант стомы, людзей знясільваюць перамены. Перабудова пачынае іх мучыць. І я трымаў у галаве, што гэта неабходна неяк апісаць. Цяпер пра гэта ўжо напісана, але ў той момант, калі я пачаў пра гэта думаць, яшчэ ніхто пра тое не гаварыў, мы захапляліся пераменамі, якія ў нас гэтак цудоўна атрымаліся, мы цешыліся. А я ведаў, што ва ўсё большай колькасці месцаў на самых розных узроўнях гэтыя змены ўжо пачынаюць адгукацца нядобрым рэхам. Тады акурат я пачуў гісторыю пра мядзведзяў, якіх вучаць быць свабоднымі, а яны вучацца-вучацца-вучацца, але ў пэўны момант робяць крок назад. Ці два крокі назад, ці пяць – і проста вяртаюцца да танца. І я палічыў, што гэта ўсё пра нас, што варта гэта распавесці.
– Гісторыя з Эстоніі неяк выбіваецца. Мы бачым эстонскіх расейцаў, якія апынуліся ў вольнай еўрапейскай краіне і не хочуць да яе прыстасоўвацца.
– Не, тут мы бачым эстонцаў, якія сталі гаспадарамі гэтак моцна, што перасталі прызнаваць права іншых на тое, каб пачувацца як дома. Хаця тыя іншыя часцяком там жылі ўсё сваё жыццё. Прычым яны ўжо і расіянамі сябе не вельмі адчуваюць. Яны едуць «дадому», і там яны чужыя. Там ёсць гісторыя аднаго чувака, які паехаў у Расію да двух сваіх братоў. Яны выпілі крыху алкаголю, хацелі паехаць дакупіць яшчэ выпіўкі, а эстонскі брат паклаўся пад коламі і кажа, маўляў, вы п’яныя, вы не можаце кіраваць аўтамабілем. І расійскія браты хацелі яму ў лыч даць, бо ён перастаў быць сапраўдным рускім. З іншага боку, эстонцы таксама ім кажуць: вы ў нас не расслабляйцеся – тут вам не дом.
Зрэшты, цяпер гэта змянілася. Калі я пісаў гэтую кніжку, з рускаю мовай сапраўды было праблематычна. Апошні раз я быў у Эстоніі летась. Ехаў, думаючы, чорт, я не размаўляю па-эстонску, можа, буду дамаўляцца па-англійску. Але калі жанчына ў краме не зразумела англійскай, а я загаварыў па-руску, яна сказала: «Што вы, гаварыце, пажалуста, мы не любім, кагда маскалі гаварат. Но вы такой сімпацічный мужчына...»
«Для мяне Беларусь – гэта краіна-парадокс»
Гэта аповесць пра такі перабудоўны рэгрэс. Бо перабудова вучыць нас свабодзе, а свабода мае розныя абліччы. Часам мы пачынаем гэтак моцна атаясамліваць сябе з пэўнаю групай, што для ўсіх іншых папросту перастаем бачыць месца побач з сабою.
Рэдактар Penguin Random House напісаў мне, як моцна шкадуе, што не можа зараз жа выдаць гэтую кнігу ў Штатах, бо сёння яна вельмі актуальная для амерыканцаў. Я ж думаў, што пішу штосьці пра Цэнтральную і Усходнюю Еўропу, а ён пераконвае, што тое ж самае цяпер адбываецца ў Амерыцы. Людзі чакаюць дрэсавальніка, трэнера, кагосьці, хто пацягне іх за колца ў носе і дасць ім гатовы рэцэпт. Людзі пачуваюцца няўпэўненымі, таму збіраюцца галасаваць за Трампа – чалавека, які дае гатовыя адказы.
– Тады найбольш дзіўна, чаму ў тваёй кнізе пра дзівосы перабудовы няма рэпартажу з Беларусі – суседкі Польшчы, якая не тое што робіць крок назад, а якая ўсё ніяк не выйдзе з зачараванага танца за цукерку.
– Бачыш, я ж не адмыслова абіраў такі спіс краінаў, які ёсць. У Беларусі я быў чатыры разы, апошні раз – два гады таму наведаў Белавежскую пушчу. Для мяне гэта краіна-парадокс. З аднаго боку, пры ўсёй павазе да прэзідэнта Лукашэнкі, гэта дзіўна, каб прэзідэнтам зрабіўся дырэктар калгаса і працягваў кіраваць цэлаю краінай так, быццам ён застаецца дырэктарам калгаса. У яго тыя ж механізмы ўлады і яе захавання, а самае дзіўнае, што гэта неяк працуе. З іншага боку, калі я гляджу на іншыя краіны, якія выйшлі з Савецкага Саюза, я бачу, што можа быць і нашмат горш. Не выпадкова ва Украіне 70% рэспандэнтаў на просьбу назваць свайго ўлюбёнага замежнага кіраўніка называюць менавіта Лукашэнку. Яны б, думаю, хацелі, каб прыйшоў такі Лукашэнка і забраў у іх крыху свабоды, але даў ежу, жытло, працу. Пачуццё бяспекі. Вельмі шмат людзей, якія не жадаюць станавіцца героямі. Гэта людзі, якія проста хочуць спакойна пражыць жыццё і спакойна легчы ў труну. Яны з ахвотаю аддадуць свабоду ўзамен за пачуццё бяспекі. У гэтым, магчыма, сакрэтная сіла Лукашэнкі.
– Дык калі ты напішаш пра Беларусь?
– Ёсць такія краіны, у якія я пакуль проста езджу. Ва Украіну, напрыклад, я проста ездзіў цягам васямнаццаці год, і толькі апошнія два гады пісаў пра яе кнігу. Што тычыцца Беларусі, я яшчэ папросту не знайшоў сваёй тэмы.
«Баяўся ехаць, каб у морду не далі»
У момант, калі я пішу гэтыя літары, апошняя, толькі што прэзентаваная кніга Шаблоўскага пра Валынскую разню трапляе ў ТОП-10 бэстсэлераў найбуйнейшай у Польшчы сеткі кнігарняў. Кніга пра этнічныя чысткі змагаецца за першае месца з «Х**вай хатняй гаспадыняй», «Гары Потэрам» і Катажынаю Бондай (папулярнай аўтаркай дэтэктываў, дарэчы, беларускай паводле паходжання). «Калі апярэджу Потэра, запрашу на гарэлку ўвесь фэйсбук! Кожнага!» – у фэйсбуку ж рэагуе Шаблоўскі.
– Ты не баішся падымаць настолькі балючыя і спрэчныя гістарычныя тэмы, як генацыд палякаў на Валыні? Тут жа ніколі няма адзінай рацыі.
– Зразумела, баюся. Я і сюды, у Львоў, баяўся ехаць, каб у морду не далі. Але нічога падобнага не адбываецца. Ёсць людзі, якія ўжо ўсё ведаюць, з імі не паразмаўляеш. Яны бачаць свет чорна-белым. Але мноства людзей – і палякаў, і ўкраінцаў – папросту разгубленыя. Яны не ведаюць, што дакладна адбылося на Валыні, і хацелі б даведацца. Да таго ж мая кніга напісаная з пункту гледжання дабра, тых людзей, якія знайшлі ў сабе моц некага ратаваць.
– Зараз ты пішаш нейкую смешную кнігу.
– Так, я пішу кнігу пра гатаванне ў самыя важныя гістарычныя моманты. Пра тое, што заўжды, калі сусветныя лідары сядаюць і змяняюць свет, робяць рэвалюцыі ці войны, усё роўна надыходзіць момант, калі ў іх бурчыць у жываце. У кожнага лідара бурчыць у жываце.
– Адкуль такая нечаканая ідэя?
– Аднойчы я размаўляў з музыкам, які граў у гурце Republika, ён распавядаў мне пра смерць Гжэгажа Цехоўскага, вакаліста гэтага гурта. Адбывалася гэта напярэдадні Божага нараджэння, Цехоўскаму рабілі аперацыю на сэрцы, а мой суразмоўца, чакаючы тэлефанавання з вынікамі аперацыі, ляпіў «вушкі» (польская традыцыйная страва, нагадвае пельмені з грыбамі; падаецца на Куццю разам з «пустым» баршчом – 34mag) да баршчу. Ён чакаў званка і ляпіў, ляпіў, ляпіў, ляпіў... Ажно раптам зразумеў, што на гадзінніку чацвёртая раніцы, а вушак у яго поўная ванна. Гэта быў ягоны адказ на стрэс, неспакой. І я падумаў, што гэта можа быць матэрыял для бліскучага рэпартажу. Рэпартаж плюс рэцэпт вушак напрыканцы. Памірае сябар (Цехоўскі тады памёр), а ты лепіш, як апантаны. Праз кухню можна шмат усяго паказаць, перадаць.
– Хто будзе героем гэтай кнігі? Хто ў ёй будзе есці?
– Нядаўна я быў у кухара Фідэля Кастра. Да яго было складана прарвацца, кожнага дня я прыходзіў, а ён адразаў «маньяна, маньяна» («заўтра» – 34mag). Урэшце я пайшоў да супрацоўнікаў польскай амбасады і ўзмаліўся, каб яны далі ці прадалі мне бутэльку польскай зуброўкі. Намесніца консула сапраўды мела такую бутэльку ў хаце, яна злітавалася і дала мне гэтую пляшку. Дык вось, калі кухар Фідэля ўбачыў зуброўку, ён змяніў сваё «маньяна» на «прыходзь сёння ўвечары». Калісьці і сам кубінскі лідар яе ўпадабаў. Гісторыя гэтага кухара, дарэчы, папросту захапляльная, ён пачынаў як юны рэвалюцыянер, а сёння трымае некалькі рэстаранаў на Кубе.
Насамрэч я толькі пачаў, спадзяюся, што таксама будзе Садам Хусэйн, спадзяюся з’ездзіць у Сталінград ці нейкае іншае важнае месца з Другой сусветнай вайны, каб паразмаўляць з кабетамі, якія гатавалі для салдатаў. Можа, будзе нехта з Варшаўскага паўстання. Можа, усплыве Свіднік пад Люблінам, з якога пачалася польская «Салідарнасць» – выбухнуў страйк, бо ў сталоўцы павысілі цэны на катлеты. Я хачу напісаць размову з кухаркамі, а ў канцы даць рэцэпт гэтых катлетаў.
«Калі сусветныя лідары сядаюць і змяняюць свет, робяць рэвалюцыі ці войны, усё роўна надыходзіць момант, калі ў іх бурчыць у жываце»
– Табе падабаецца яднаць некалькі зусім розных тэмаў?
– Мне падабаецца пісаць з невідавочнага пункту гледжання. Люблю гэтак распавядаць пра свет, каб здзіўляць. Як у маёй «візітнай» ужо гісторыі пра тое, што палітыкаў у Турцыі пазнаюць па вусах. Перадусім гэта прыцягвае ўвагу, чытач зацікаўлены.
– Колькі часу ў цябе на кнігу?
– Я мушу здаць яе ў канцы наступнага года. Я пішу яе ад пачатку і да канца для амерыканцаў, для Penguin Random House.
Зорны час для рэпарцёраў
– Як лічыш, у рэпартажаў як кніжнага жанру цяпер зорны час?
– Ведаеш, што змянілася? Цягам доўгага часу гэтак званыя сур’ёзныя людзі, крытыкі не лічылі рэпартаж літаратурай. Тое, што рэпартаж толькі цяпер атрымаў Нобеля... Пяцьдзясят ці шэсцьдзесят гадоў мінула з таго часу, як Труман Капотэ выдаў «З халоднай крывёю», за гэты час з’явілася сапраўды шмат выбітных і не заўважаных кніг. Доўгі час рэпартаж быў літаратураю для пенсіянерак, па вызначэнні літаратураю класу «Б».
– Такія галасы былі чутныя і тады, калі Алексіевіч атрымала прэмію. Маўляў, проста перапрацоўвае рэчаіснасць, нічога не выдумляе.
– Мне якраз вельмі падабаецца, як яна перапрацоўвае. Часта людскія лёсы бываюць настолькі захапляльнымі, што гэтага папросту не прыдумаеш.
– Цяпер ты ўжо зорка і працуеш з фіксерамі. Як выглядала твая праца, калі ніхто для цябе нічога не рыхтаваў?
– Калі я пачаў працаваць з фіксерамі, я пачуваўся як чалавек, што перасеў з запарожца ў лімузін. Але калі рыхтаваліся рэпартажы з «Мядзведзяў», я яшчэ ездзіў адзін. Хіба што там, дзе не разумеў мовы, падарожнічаў з перакладчыкам. Ты проста прыязджаеш і мусіш знайсці чалавека, які будзе тваім першым правадніком. Я ніколі не цісну, калі чалавек адмаўляецца са мною размаўляць. Я б сам зусім не жадаў, каб пра маё жыццё напісалі кнігу або тэкст.
«Я б сам зусім не жадаў, каб пра маё жыццё напісалі кнігу»
– Сваіх герояў ты запісваеш на дыктафон?
– Не, я занатоўваю ўсё ў сшытак. Калі ж чалавек няёмчыцца, баіцца гэтых запісаў (часам гэтак здараецца са старымі людзьмі), я ўсё запамінаю. Калі запісаць размову неўзабаве пасля таго, як яна адбылася, атрымліваецца ўзнавіць усё, хоць і не слова ў слова, вядома.
– Ці бывае, што ты едзеш рабіць рэпартаж, а ўсё зусім не так, як мела быць?
– Што-небудзь заўжды будзе не так. Найбольшае пападалава адбылося аднойчы ў Брытаніі. Усе брытанскія газеты пісалі: «Паляк, герой Другой сусветнай памёр у сябе дома ў Глазга. Былы вязень канцлагера падавіўся квашанай капустай, а “хуткая” ехала гадзіну». Я паехаў у Глазга, каб напісаць гісторыю гэтага героя. Сустрэўся з дачкою, размаўляю з ёй, яна няшмат ведае пра лёс свайго бацькі, толькі што ён герой, прайшоў лагер. І яна кажа: «Зараз вам нешта пакажу, у мяне ёсць здымак таты з канцлагера». У мяне ў галаве ўжо чырвоная лямпачка: «Здымак? З лагера? Не памятаю, каб у Аўшвіцы ці Майданэку людзі фатаграфаваліся». Яна прыносіць здымак, а на ім чалавек у мундзіры Вермахта. Гэта быў лагер для палонных вайскоўцаў Вермахта. Дачка сама не разумела, што кажа, брытанскія газеты паўтарылі гэта за ёй, ніхто не спраўдзіў. Гэта быў адзіны раз, калі я вярнуўся з замежнай камандзіроўкі і сказаў: «Прабачце».
Малады беларускі рэжысёр Аляксей Палуян – пра тое, як уразіць знакамітага аператара, а вядомага актора прымусіць працаваць за ежу.
Про жертвенность искусства и науку выживания.
Як мастачка намагаецца наблізіцца да новага разумення жыцця.
Інтэрв'ю з дырэктарам «Віртуальных радасцяў»: «СМІ бываюць двух тыпаў: тыя, дзе купляеш ты, і тыя, дзе купляюць цябе».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Пра дом, пра памяць, пра боль, у якім усе роўныя.