
Святлана Шэвелева, дызайнерка інтэр'ераў:
– Я атрымала гістарычную адукацыю, але ніколі не працавала па спецыяльнасці. Мне заўсёды хацелася ствараць прадукт, які быў бы адчувальны. І я пачала вывучаць дызайн інтэр'ераў: вучылася на курсах у Менску, Маскве і ў Брытанскай вышэйшай школе дызайну. Ужо 12 гадоў працую ў гэтым асяроддзі. Неабавязкова прысвячаць сваё жыццё той сферы, у якой ВНУ дала табе дазвол развівацца.
Я дакладна ведаю, што ў нашым грамадстве моцна засела думка: калі ў цябе ёсць праблемы са здароўем – ты нікому не патрэбен(-на). Я з гэтым не згодная. Так, інваліднасць прыносіць абмежаванні, але яны ёсць і ў знешне здаровых людзей – толькі ў іншым выглядзе. Можна расціць у сабе крыўду, а можна – навыкі. Усё маё жыццё – гэта барацьба са стэрэатыпамі, і, верагодна, таму я хачу дапамагчы людзям, у якіх ёсць якая-небудзь інваліднасць.

25-я школа
7 гадоў таму сын Святланы пайшоў у 25-ю школу, якая адрозніваецца ад большасці астатніх тым, што яна зусім не змрочная: наадварот, сцены пафарбаваныя ў яркія колеры, на некаторых намаляваныя фрэскі. Яшчэ адна асаблівасць 25-й школы ў тым, што ў ёй практыкуюць інтэграванае навучанне: разам са «звычайнымі» дзецьмі вучацца дзеці з ДЦП, сіндромам Даўна.
«Для мяне гэта было дзіўна: людзі з інваліднасцю падаваліся даволі ізаляванай часткай грамадства. Дырэкцыя школы выдаткавала шмат часу на барацьбу са стэрэатыпамі, і, калі я прыйшла ў гэтую школу, мяне ўразілі гонкі на вазках: у іх прымалі ўдзел усе школьнікі! У дзяцей з ДЦП выдатна развіты інтэлект, проста ў іх ёсць асаблівыя патрэбы», – кажа дызайнерка.
«Калі я прыйшла ў гэтую школу, мяне ўразілі гонкі на вазках: у іх прымалі ўдзел усе школьнікі!»
З часам Святлана стала часта ўдзельнічаць у школьных мерапрыемствах, і аднойчы ёй прапанавалі перарабіць дызайн некалькіх кабінетаў. Школа дзяржаўная, але ініцыятыва па пераўтварэнні прасторы ішла менавіта з боку кіраўніцтва.






Кабінет настаўніка-дэфектолага
Частку заняткаў дзеці з ДЦП праходзяць нароўні з усімі, але часам іх трэба «падцягваць»: напрыклад, развіваць дробную маторыку рук. Яшчэ ў іх ёсць асаблівасць: затарможанае эмацыйнае ўспрыманне. І калі «звычайных» дзяцей пасля перамены трэба супакоіць, то дзяцей з ДЦП, наадварот, трэба «раскатурхаць». Таму патрабавалася стварыць такі дызайн, каб у дзяцей адразу на ўваходзе ў клас узнікала мноства пазітыўных эмоцый.
Святлана вырашыла разбіць прастору па блоках: для працы з лагапедам, для развіцця дробнай маторыкі, для адпачынку. Праблема была толькі ў тым, што кабінет папрасілі аформіць у «марскім» стылі. Але першае, што дызайнеры інтэр'еру адмаўляюцца рабіць, і ёсць «марскі» стыль: тэма настолькі збітая, што ўжо не хочацца да яе звяртацца. Прыйшлося абыгрываць ідэю з дапамогай рэферэнсаў: асноўная задумка была ў тым, што вучні знаходзяцца на марскім дне. Настаўнікі ўбачылі, як усё атрымліваецца, і самі пачалі прыносіць усялякія пацеры, кавалачкі керамікі, пясок, камяні. А дырэктарка нават прывезла з дачы старадаўні куфар.
«Першае, што дызайнеры інтэр'еру адмаўляюцца рабіць, і ёсць “марскі” стыль: тэма настолькі збітая, што ўжо не хочацца да яе звяртацца»
Пярэдні пакой – гэта велізарны пузаты кіт, праз які дзеці пранікаюць у памяшканне, адначасова трапляючы пад «рэлаксоўны» дождж з мяккіх фігурак рыб. Кіт зроблены з ільну і фанеры, таму што ў школах існуюць строгія правілы па выкарыстанні матэрыялаў: яны павінны быць найменш таксічнымі і не лёгкаўзгаральны. А яшчэ адразу з уваходу можна скокнуць у басейн з шарыкамі!
Нізкі стол з прадметамі для развіцця патрэбны для ўдасканалення дробнай маторыкі. Люстэрка каля акна – для працы з лагапедам, бо для гэтага неабходна натуральнае асвятленне. Яшчэ тут ёсць «выратавальны куток», у якім дзеці могуць схавацца і адпачыць ад усіх.
«Дзеці кажуць, што адчуваюць сябе ў казцы. А яшчэ яны адразу расслабляюцца, таму што трапляюць у камфортнае асяроддзе. Цікава і тое, што ў гэты кабінет сталі прыходзіць і звычайныя дзеці – пагасціць, пагуляць. Таму дзеткі з інваліднасцю тут адчуваюць сябе гаспадарамі, становяцца больш разняволенымі і лягчэй заводзяць новыя адносіны», – кажа Святлана. Часам яна камунікуе з выкладчыкамі і атрымлівае такую зваротную сувязь.


«Пярэдні пакой – гэта велізарны пузаты кіт, праз які дзеці пранікаюць у памяшканне, адначасова трапляючы пад “рэлаксоўны” дождж з мяккіх фігурак рыб»








Кабінет лагапеда
Гэты клас менш гульнявы: ён проста павінен быць прывабным, не тужлівым. З часам настаўнікі і вучні таксама сталі дадаваць у інтэр'ер свае элементы – яны самі захацелі тварыць, знаходзячыся ў такім маляўнічым памяшканні. Для сцен выкарыстана алейная фарба – яе пастаўляюць у школы ў прыстойных колькасцях. Але ж яна атрымалася ярчэй, чым хацелася б Святлане.







9-я школа
Калі ў 25-й школе працуюць дванаццаць настаўнікаў-дэфектолагаў, то ў 9-й толькі восем. Тут пакуль што не вучацца дзеці з іншымі асаблівымі патрэбамі.
А яшчэ адна тэма, якую дызайнеры не занадта любяць, – «поры года». Іранічна, але менавіта такі стыль захацела ўбачыць кіраўніцтва гэтай школы.
У «зімовай» частцы ёсць асобны закуток для індывідуальнай працы лагапеда з дзіцём і куток з намаляваным камінам – там выкладчыкі чаёўнічаюць падчас перапынкаў.
«“Вясной” можна схавацца ў дупле дрэва або паляжаць на падлозе – гэтую тэрыторыю дзеці асабліва любяць»
«Выдатна, што часам тут сустракаюцца настаўнікі розных спецыяльнасцяў – напрыклад, дэфектолаг і настаўнік рускай мовы – і разам прыдумляюць новыя праекты», – радуецца Святлана.
«Вясной» можна схавацца ў дупле дрэва або паляжаць на падлозе – гэтую тэрыторыю дзеці асабліва любяць. Настаўнікі ідуць насустрач і падчас урокаў літаратуры пускаюць дзетак туды. Змена становішча дазваляе асвяжыць галаву, перазагрузіцца. І дзеці, і настаўнікі любяць гэты клас, таму што тут усім лёгка самаарганізавацца, бо магчымасцяў для гэтага шмат.







Заснавальнік Альянсу «Грамадзянская Гарадзеншчына» распавядае, якім чынам можна аб’яднаць актывістаў свайго рэгіёна, каб вырашаць агульныя праблемы разам.
Заснавальніца і куратарка шоу «Горад» Надзея Ількевіч распавядае аб праектах, якія могуць зрабіць лепей месца, у якім жывеш.
Напярэдадні фіналу сёмага конкурсу Social Weekend мы пагутарылі з кіраўніком найбуйнейшага ў краіне спаборніцтва сацыяльных праектаў пра тое, чаму для добрых ідэй крызіс не перашкода.
Паэзія на мове цяжкіх гітарных рыфаў – дэбютны альбом The Glitchhh сёння на «Першаку»!
Музыка з беларускіх палёў для эстэцкай медытацыі.