У кастрычніку ў Валожынскім раёне стартаваў маштабны трохгадовы праект «Валожын без бар’ераў» (мы яго згадвалі на мінулым тыдні тут). Мэта – прапампаваць турыстычную інфраструктуру горада і яго ваколіцы і прыстасаваць яе для людзей з інваліднасцю. Распавядаем пра праект і славутасці, якія Валожынскі раён можа намазаць на хлеб турыста.
Перадгісторыя
У Валожынскім раёне пражывае каля 2100 людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Пандусамі абсталяваныя толькі 5 аб'ектаў: дзве школы, аўтакасы, паліклініка і медычная амбулаторыя. Вучыцца, лячыцца ці з’ехаць – вось і ўсё кола дзейнасці.
У самім Валожыне адкрыты цэнтр дзённага знаходжання для людзей з інваліднасцю, дзе яны могуць займацца рамёствамі і атрымліваць працоўныя навыкі. Аднак у будынку цэнтра ніколі не было капітальнага рамонту з моманту яго будаўніцтва ў 1937 годзе.
Да таго ж у некаторыя населеныя пункты не прыязджае аўтобус, таму многія нават не ведаюць, што знаходзіцца вунь за тым узгоркам. Карацей, відавочна, што патрэбам гэтай сацыяльнай групы надаецца недастатковая ўвага. Зрэшты, як і ва ўсёй Беларусі.
Праект «Валожын без бар’ераў» стартаваў у кастрычніку мінулага года, а зараз пераходзіць у актыўную фазу. Цікава, што за справу ўзяліся чатыры інстытуцыі, прычым рознага кшталту: Валожынскі райвыканкам, некамерцыйны фонд «Інтэракцыя», грамадскае аб’яднанне «Беларускае таварыства інвалідаў» і аб’яднанне «Адпачынак у вёсцы». Улада, арганізацыя з рэсурсамі, суполка з апантанымі і турыстычны базіс – праект абяцае быць цікавым. Тым больш што ў яго Еўразвяз інвестуе больш за мільён еўра.
Што плануецца зрабіць?
Летась праект ажыццяўляў падрыхтоўчую стадыю: маніторыў грамадскія будынкі, якім кроў з носу патрэбны безбар’ерныя апгрэйды. Цяпер – час актыўных дзеянняў.
Што зменіцца? Каманда праекту выбрала 30 будынкаў – школы, паліклінікі, бібліятэкі, дамы культуры, крамы, кавярні, – якія абсталююць неабходнымі для даступнасці элементамі.
У Налібоцкай пушчы пракладуць экалагічную сцежку, адаптаваную для людзей з парушэннем апорна-рухальнага апарату. Уздоўж яе ты зможаш адпачыць у адмысловых альтанках пашыранай даступнасці.
У Валожыне адкрыюць турыстычны цэнтр з інклюзіўным падыходам да працы. Тут жа запрацуе хостэл на 20 месцаў з канферэнц-залай і інфармацыйным пунктам.
Пройдуць спаборніцтвы паміж аграсядзібамі раёна за міні-гранты, на якія можна адаптаваць свае паслугі для адпачынку людзей з інваліднасцю. Для іх жа купяць аўтобус, які будзе вазіць экскурсіі па раёне і да экасцежкі ў Налібоцкай пушчы.
«Наша галоўная мэта – сфармаваць правільнае стаўленне да інклюзіі, – кажа Аня Ражанцова, піяршчыца фонду «Інтэракцыя». – Не толькі развіць турыстычны патэнцыял раёна, але і ўключыць у праект тыя сацыяльныя групы, якія ў нас часцей за ўсё лічаць эканамічна несамастойнымі, няздольнымі працаваць альбо якія проста ігнаруюць».
«“Валожын без бар'ераў” – першы праект у Беларусі, які аб'ядноўвае мясцовыя ўлады, грамадскія арганізацыі і мясцовых жыхароў вакол інклюзіўнага турыстычнага прадукту. Ён не толькі пра будаўніцтва інфраструктуры, але і таксама пра звычайных людзей, якія жывуць у Валожынскім раёне.У іх сілах зрабіць сваё жыццё і жыццё раёна лепшым і больш камфортным. Мне падаецца, гэта самая галоўная каштоўнасць – мець дачыненне да пераменаў, што адбываюцца ў тваёй супольнасці», – каментуе Ірына Іванова, каардынатарка праекту.
Што варта паглядзець у Валожынскім раёне?
Кажа Ірына Іванова: «У Налібоцкай пушчы мне давялося пабываць два гады таму, калі там урачыста адкрывалі турыстычны маршрут “Валожынскiя гасцiнцы”. Я яшчэ вельмі здзівілася, што так блізка ад Менска ёсць такое прыгожае месца, у якім я ніколі не была. Варыянтаў адпачынку процьма: пакатацца на ровары па пушчы, парыбачыць з сябрамі, адправіцца на экскурсію па раёне ці проста выпіць гарачага глінтвейну, седзячы ва ўтульнай альтанцы на беразе Іслачы і назіраючы за жоўтым восеньскім лесам. У хуткім часе не трэба будзе думаць, як размясціць людзей, якія дрэнна бачаць ці ў каго няшмат грошай, у каго ёсць маленькія дзеці і тых, хто перасоўваецца на вазку».
Валожын можа таксама стаць сапраўдным месцам паломніцтва для габрэяў. У 1803 годзе тут была адкрытая першая ва Усходняй Еўропе навучальная ўстанова для падрыхтоўкі равінаў – Валожынская іешыва. Сюды з’язджаліся вучыць Талмуд нават з Афрыкі і Японіі, сярод знакамітых выпускнікоў – першы галоўны равін Ізраіля Рэбхай Кук. Цяпер будынак знаходзіцца на рэстаўрацыі з ганаровай таблічкай на фасадзе. А ў 2010 годзе Нацбанк нават адчаканіў памятную манету з выявай Валожынскай іешывы.
На паўночна-ўсходнім ускрайку раёна туліцца вёска Багданава. Тут нарадзіўся, жыў і памёр вядомы мастак-пейзажыст Фердынанд Рушчыц. Яго карціны пакупаюць за дзясяткі тысяч даляраў у Польшчы, у Беларусі ж да нядаўняга часу ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея захоўвалася адна праца «Ля касцёла», пакуль у 2015 годзе «Белгазпрамбанк» не набыў яшчэ дзве. Нядаўна ў вёсцы адкрылася музейная экспазіцыя з копіямі твораў мастака.
На 10 км углыб ад Багданава ляжыць Вішнева – малая Радзіма нядаўна памерлага Шымона Пэрэса, былога прэм’ера і прэзідэнта Ізраіля. Спадар Пэрэс быў палітычным цяжкавагавіком, аддаўшы справам Ізраілю звыш 50 гадоў свайго жыцця, – зрэшты, Нобелеўскі камітэт некалі аддзячыў яму, надаўшы Прэмію міру. Таксама мясцовасць звязаная з актывістам-рэфарматарам Сымонам Будным. Гэты прапаведнік стаяў ля вытокаў навуковай крытыкі Бібліі, да таго ж актыўна публікаваўся (прыгадаем беларускамоўны «Катэхізіс» XVI ст.) у Рэчы Паспалітай, за што каталікі жадалі яму месца ў пекле. Ды невядома, куды ён сышоў, калі памёр у Вішнева ў 1593 годзе. Сёння варта заехаць паглядзець на мураваны касцёл XVIІ стагоддзя ды старыя габрэйскія могілкі.
А на поўдзень ад Вішнева, сярод крыху падтопленых лясоў стаіць вёска Бакшты. Дзякуючы вялікай колькасці чыстай і халоднай вады кропка на ўскрайку зялёнага масіву Налібоцкай пушчы сталася месцам прыцягнення аматараў чысцюткай, як сляза нявесты, самагонкі. Як ні стараліся начальнікі – ад Наполеона да калгаснікаў, − прыпыніць лясную індустрыю не атрымоўваецца: промысел жыве і пераўтвараецца ў сапраўдны мясцовы брэнд.
Аматарам фатаграфіі варта наведацца ва ўрочышча Вялае, дзе ў ХІХ стагоддзі Бенедыкт Тышкевіч пабудаваў сабе «палац паляўнічых». Граф быў заўзятым падарожнікам і таленавітым фатографам, таму існуе версія, што ў сядзібным доме была прыватная фотастудыя. Цяпер адбіткі Тышкевіча, выкананыя амаль дзве сотні гадоў таму, вельмі лёгка знайсці ў гугле – і ўбачыць быт мясцовых сялян, выгляд дзяцей графа-фатографа і ягоныя падарожжы ў Новы Свет. Пазней унук Тышкевіча, таксама Бенедыкт, пабудаваў побач з урочышчам Вялае першы на тэрыторыі Беларусі звярынец плошчай у 400 га. На жаль, дзве сусветныя вайны і мясцовыя браканьеры пакінулі ад былога палацавага комплексу толькі рамантычную руіну ды прыгожыя гісторыі.
Калі і ты фотааматар(-ка), то ў Налібоцкай пушчы ёсць «дом глушца» − месца для побыту і назірання за птушкамі. Калі пашчасціць, можна распачаць тут уласную кар’еру бёрдўотчэра.
Фота by Таня Капiтонава
Местный фонд содействия развитию международного диалога и сотрудничества «Интеракция», УНП 194902593
Усё пачнецца з чароўных Фарэраў.
«Сияние» вновь накрыло Октябрьскую.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.