Сёння, каб быць гараджанінам, не дастаткова жыць сярод шматпавярховікаў. Мы ўжо навучыліся любіць Менск, але ці маем мы права на горад? Разбіраемся ў сусвеце ўрбаністыкі з дапамогай дзесяці кніг – зацягвае не горш за кліпы Макса Каржа, але адпускае значна больш адукаванымі.
«Вобраз горада», Кэвін Лінч
Лінч – адна са знакавых постацяў у даследаваннях гарадской прасторы. Яго «Вобраз горада» вылучаецца сярод іншых прац наватарскім падыходам і ўвагай да візуальнага.
Лінч даводзіць: трэба не толькі адштурхоўвацца ад практычных патрэбаў людзей як нейкай прадказальнай супольнасці, але і разумець, што натоўп складаецца з асобаў. Асоба бачыць горад як сістэму арыенціраў, у якіх можна пачувацца камфортна ці не вельмі. Тут не паспрачаешся – трэба проста чытаць.
Колькасць старонак: 328
«Медыйны горад. Медыя, архітэктура і гарадская прастора», Скот Макуайр
У сваім даследаванні Скот Макуайр паказвае, што пра выгляд гарадоў з пункту гледжання медыя пачалі думаць даўно. Французскі архітэктар Ле Карбюзье спраўджваў уласныя ўяўленні пра горад на практыцы. Некаторыя проста пісалі кнігі і здымалі фільмы, дзе будавалі антыўтапічнае грамадства на фоне халодных, шчыльна забудаваных абсягаў.
Аднак урбанізацыя, лічбавы і тэхналагічны працэс ва ўсіх сферах прыводзяць да непрадказальных наступстваў. Калі ранейшыя пакаленні чакалі, што хутка гарады будуць выглядаць як зладжаныя канвееры, дзе паўсюль вялікія дысплэі, то сёння мы разумеем: не ўсё так проста. Новыя магчымасці чалавецтва спараджаюць новыя праблемы і патрэбы – і медыятызацыя гарадоў таксама працякае па-іншаму.
Колькасць старонак: 392
«Галодны горад. Як ежа вызначае наша жыццё», Кэралін Сціл
Гарады, гэтыя бетонныя левіяфаны, залежаць ад ежы, бо ад яе залежым мы. Можна колькі заўгодна аналізаваць візуальныя мэсэджы прасторы і глыбакадумна маляваць на паперцы футурыстычныя будыніны са сваіх сноў. Аднак варта не забывацца на зямное: у горадзе мусіць быць інфраструктура, якая дазваляе падсілкоўвацца, аб’ядацца і залівацца каваю па самую глотку.
Кэралін Сціл звяртаецца да гісторыі, культуралогіі, сацыялогіі, філасофіі і эканомікі, каб давесці, што ежа – гэта стрыжань, на якім усё трымаецца. Горад і вёска падзяляюцца не толькі па колькасці насельніцтва і аб’ядноўваюцца не адным сенам на асфальце – адказы на многія ўрбаністычныя пытанні можна знайсці ў нашых уласных страўніках.
Колькасць старонак: 456
«Гісторыя гарадоў будучыні», Дэніэл Брук
Мы ўжо амаль прызвычаіліся да таго, што ў Менску час ад часу нешта хочуць знесці – і нават зносяць. У кнізе Дэніэл Брук распавядае пра больш экстрэмальныя гарадскія трансфармацыі – кшталту перабудовы Бамбея, падчас якой было знішчана столькі дамоў, што не пералічыць.
У выніку ўсё скончылася цікава: індыйцы, якія жылі пад уладай Брытаніі, атрымалі шырокія вуліцы і асвоілі іх зусім не на карысць імперыялістычным амбіцыям чужынцаў.
Гэтую кнігу можна чытаць як вострасюжэтны раман і думаць: а што б здарылася, калі б у падзеленай Рэчы Паспалітай праклалі шырокія дарогі?
Колькасць старонак: 520
«Гарадскі канструктар. Ідэі і гарады», Вітальд Рыбчынскі
Прайшлі тыя часы, калі можна было пакласці сваё княскае цела на беларускую зямлю, убачыць у сне горад, пабудаваць яго і цешыцца. У нашыя часы зменаў, экалагічных жахаў і высокіх хуткасцяў нельга спланаваць горад раз і назаўсёды. Давядзецца ўлічыць процьму розных рэчаў: ад густаў міленіялаў да неабходнасці сартаваць смецце.
Горад – гэта канструктар, які людзі збіраюць штодзень. І нам усім цікава, якія кубікі лягуць побач з Кастрычніцкай і Зыбіцкай і што будзе далей. Спадар Рыбчынскі наўрад ці ведае дакладныя адказы, але можа падказаць, як гэта працуе.
Колькасць старонак: 250
«Мова шаблонаў», Крыстафер Аляксандэр
Гэтая падарожная кніжка па якім заўгодна горадзе не раскажа, дзе шукаць помнікі мінулага і самыя дзвіжовыя бары, але раскладзе прастору на элементы, нібы дзіцячы канструктар.
Горад – гэта сістэма досыць шаблонных месцаў, якія могуць мець розныя візуальныя ўвасабленні, але па сутнасці падобныя. Кніга грунтоўная і па аб’ёме, і па змесце, таму пачаць яе – гэта амаль як зрабіць урбаністыцы прапанову. Падумай, ці гатовы(-ая) ты да такой адказнасці!
Колькасць старонак: 1096
«Урокі Лас-Вегаса: забыты сімвалізм архітэктурнай формы», Роберт Вентуры,
Дэніз Скот Браўн, Стывен Айзенур
Можна доўга спрачацца пра тое, што больш безгустоўна: Лас-Вегас ці Дажынкі. А лепей пачытаць цікавы аповед пра трып студэнтаў Йеля ў горад казіно, фальшывых Элвісаў і спантанных шлюбаў.
У 60-я да архітэктурнай легкадумнасці ставіліся больш строга, і сказаць пра Лас-Вегас «а не так ужо і дрэнна» было смелым учынкам – асабліва калі ты студэнт Йеля. Але чувакі не спужаліся, выкарысталі постмадэрнісцкую оптыку, каб давесці: прыгажосць можа быць рознай. Эх, на Дажынкі б іх...
Колькасць старонак: 212
«Горад без межаў», Вячаслаў Глазычаў
Спадар Глазычаў піша не проста, але грунтоўна. Акадэмічныя тэрміны трошкі закалыхваюць, але ўпарты чытач будзе ўзнагароджаны ведамі пра тое, чаму ж нам усім так кепска пасярод шэрых прамавугольнікаў гарадской забудовы.
Каштоўна, што кантэкст, апісаны ў кнізе, вельмі блізкі да Беларусі. Сучасныя практыкі гарадскога планавання ўкаранёныя ў савецкія традыцыі – у гэтым сэнсе расійскія ўрбаністы разумеюць боль беларусак і беларусаў лепей за кагосьці іншага.
Кніга папярэджвае, што не варта сёння шмат камандаваць: горад – складаная сістэма, у якой цэнтральнае месца займае просты чалавек і яго патрэбы. Хітры ўрбаніст вядзе да таго, што гарадскія ўлады мусяць як мага больш раіцца з мясцовымі жыхарамі і з самімі ўрбаністамі!
Колькасць старонак: 400
«Gender and Planning: A Reader», Lisa J. Servon , Susan S. Finstein
Калі ты чытаеш па-англійску і ненавідзіш чортаў патрыярхат, то не палянуйся пашукаць гэтую кніжку. Аўтаркі прапануюць паглядзець на горад з новай кропкі і вызначыць, для каго ўсё-такі пабудаваныя гарады: для людзей, для мужчын ці для жанчын?
Не будзе спойлерам сказаць, што гарадское планаванне і на сённяшні дзень досыць далёкае ад інклюзіі: месцы, дзе людзі павінны жыць, працаваць і адпачываць, не аднолькава зручныя для ўсіх груп. Не рыхтуйся да аднаго толькі сумнага пераліку недахопаў: у кнізе ёсць цікавыя прапановы наконт таго, як зрабіць гарады менш мужчынскімі і больш чалавечымі.
Колькасць старонак: 320
«Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца», Артур Клінаў
Мы шмат ведаем пра тое, якія архітэктурныя страты Менску прынесла Другая сусветная вайна. Артур Клінаў вырашыў даследаваць іншы бок пасляваенных перажыванняў. У той час людзі не толькі пакутавалі на руінах Менска – яны разам з генсекам марылі пра ідэальны горад.
Кніга складаецца з фотаздымкаў і тэксту, прычым апошні змяшчае і архітэктурна-культурніцкі агляд, і біяграфічную прозу, і філасофскія развагі пра метафізіку прасторы, пабудаванай па лякалах сталінскіх фантазій. Выдатная ідэя для падарунка ўсім тым, хто мае дачыненне да гэтага горада.
Колькасць старонак: 128
Мы падрыхтавалі папяровую мапу культурнай аорты Менска – вуліцы Кастрычніцкай. Унутры – анлайн-версія.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
КАМЕНТАРЫ (2)
дадам Фрэнк Ллойд Райт «Исчезающий город» . Пра практычную архітэктуру гарадоў будучыні
Еще "Смерть и жизнь больших американских городов" Джейн Джекобс -
The Death and Life of Great American Cities - Jane Jacobs
Хоть и большая книга, но очень увлекательная и быстро читается. Советую прочесть даже первой, чтобы понять, почему городское планирование - это не просто красивые чертежи на бумаге.