Чым заняцца ў 2019-м?

  • 14.01.2019
  • Аўтар: Rondo
  • 5845

Пры слове «хобі» ў галаве ўсплываюць заняткі каратэ, арыгамі і рыбалкай. Выпраўляем сітуацыю і распавядаем пра дзевяць актуальных актыўнасцей, здольных разнастаіць твой графік.

 

Бiтмэйкiнг

Хочаш слухаць класную музыку – навучыся рабіць яе самастойна. Урокі скрыпкі і акустычнай гітары табе не прапануем, а вось на курсы бітмэйкінгу раім звярнуць пільную ўвагу: пасля такой школы ты будзеш па-майстэрску апераваць штукамі тыпу сэмпліравання, слайсінгу і кампрэсара. У выніку зможаш тварыць музыку як на аналагавым абсталяванні, так і з дапамогай віртуальных прымочак, – выбар за табой.

 

 

Валанцёрства

Калі ты не ведаеш, куды накіраваць лішнюю энергію, падайся ў валанцёры: людзі, жывёлы, гарады і акіяны маюць патрэбу ў тваей дапамозе. Не думай, што валанцёрская праца застаецца неўзаемнай, – у якасці фідбэку ты атрымаеш магчымасць убачыць свет, а таксама вычышчаную карму і ўсведамленне таго, што змог (змагла) зрабіць чыёсьці жыццё лепшым.

 

 

Калiграфiя

Вымалёўваць плеяды сімвалаў, як Pokras Lampas, ты можаш у хатніх умовах: для гэтага спатрэбіцца мінімальны інструментар, парачка відэаўрокаў і любоў да мудрагелістасцяў і кручкоў. Такое хобі можна выкарыстоўваць не толькі ў рэфлексіі, але і ў практычным плане: ніхто не заміне табе размаляваць посуд, адзенне і сцены свайго дома.

 

 

Кастaмайзiнг

Калі выгляд твайго гардэроба выклікае прыступы смяротнай нуды, а скочвацца ў празмернае спажыванне не хочацца, ударся ў кастамайзінг: запырскай вопратку акрылавай фарбай, утыкай яе значкамі, разрэж і перашый. Дарэчы, кастамайзінгу падуладныя не толькі шмоткі: ты можаш мадыфікаваць усё, што захочаш, так што смела змяняй сваё жыллё, тэхніку і транспарт.

 

 

Бег

Пра бег кажуць усё, але ў рэчаіснасці дарожкі стадыёнаў топчуць толькі адзінкі. Раім узяць прыклад з ватыканскіх святароў і ўскочыць у бегавыя красоўкі: можаш адольваць марафоны, як Харукі Муракамі, а можаш узяцца за заваяванне стометровак, як Эльвіра Герман, – абы хуткаснае (і не вельмі) перабіранне нагамі заставалася ў кайф.

 

 

Падкастынг

Увесь свет робіць падкасты: людзі па той бок інтэрнэту размаўляюць пра музыку, філасофію і сэкс, а саму форму падкасту называюць «новым фарматам журналістыкі». Хочаш трансляваць свае думкі ў свет – наперад: для стварэння падкасту не трэба марнавацца на крутое абсталяванне і гугліць арэнду студыі, на пачатковым этапе табе хопіць і простага смартфона з уключаным дыктафонам.

 

 

Самвыдат

Дысідэнтам для стварэння самвыдату патрабавалася папяросная папера і поўная ананімнасць, а табе для стварэння ўласнага выдання трэба размясціцца перад маніторам і выбраць тэму, на якую ты будзеш пісаць. Можна весці панк-зін у духу Maximum Rocknroll, можна ствараць кантэнт у духу «Батенька, ды вы трансформер» – тут у цябе поўная свабода дзеянняў, і пры вялікім жаданні свой самвыдат ты можаш аформіць і ў выглядзе друкаванага часопіса – так і бабуля зразумее, што ты займаешся чымсьці сур'ёзным.

 

 

Тайскi бокс

Шырачэнныя кімано і рэзкія ўскрыкі пакінем шааліньскім манахам, а сабе возьмем муай-тай – баявое мастацтва Тайланда, вядомае як «бой васьмі канцавінаў». Мала тэорыі, шмат практыкі – тое, што трэба для кантактнага віду спорту. Не факт, што ты станеш прафесійным байцом, але дакладна палепшыш свой фізічны стан – у гэтым табе можа дапамагчы Віталь Гуркоў, які некалькі месяцаў таму адкрыў уласную залу.

 

 

Генеалогiя

Калі ведаў аб уласным сямейным дрэве кот наплакаў, а даведацца пра гісторыю свайго роду хочацца, займіся генеалогіяй – хто ведае, раптам у тваіх жылах цячэ кроў якога-небудзь знатнага роду? Дапамагчы табе з гэтым можа наш мануал, а калі капацца ў пыльных архівах часу няма, ідзі да рабят з праекта «VEHA» – яны зробяць усё за цябе.

 

 

Стварэнне мiксаў

Сваю разнамасную музычную бібліятэку можна аформіць у лаканічныя міксы – з дапамогай нашага гайда ты даведаешся, як зрабіць ідэальную падборку. Ты можаш ствараць тэматычныя міксы, а можаш генераваць запісы, заснаваныя на пэўным жанры, – у гэтым хобі мы прадстаўляем табе поўную свабоду дзеянняў.

 

 

Замежныя мовы

Банальна, але актуальна: упэўненае валоданне той жа англіскай мовай адкрывае для цябе кучу новых магчымасцяў, так што не варта спадзявацца на сваю школьную праграму – ты яе ўжо даўно забыўся(-лася). Чэкай відэаўрокі, запісвайся на курсы і выкарыстоўвай прылады для вывучэння замежных моў – часу гэта адымае прыстойна, але ў выніку зможаш глядзець лепшыя серыялы на «Нэтфліксе» ў арыгінале.

 

 

Актывізм

Калі хочаш унесці змены ў адукацыю, культуру, бізнэс або экалогію, але не ведаеш, з чаго пачаць, зацані наш раздзел «Актывісты» – там ты не толькі спаткаеш гісторыі людзей, якія змяняюць свет вакол сябе, але і абавязкова знойдзеш натхненне для ўласных метамарфоз.

 

Фото by palasatka