Марына Ермакова
- 17.11.2016
- 5168
У 2008 годзе Марына Ермакова стварыла дабрачыннае аб’яднанне «Funny Nose», каб прасоўваць смеха- і клоўнтэрапію ў беларускіх бальніцах. Суполка паспяхова існуе ўжо дзесяць гадоў – і гэта добры знак: значыцца, пазітыўныя змены ў сістэму аховы здароўя могуць прыходзіць не толькі «зверху».
Гераіня: Марына Ермакова, 31 год, псіхолаг, стваральніца і кіраўніца дабрачыннага грамадскага аб'яднанне бальнічных клоўнаў «Funny Nose», які дзейнічае ў Гомелі, Менску, Берасці і Гародні.
Чым займаецца: працуе з дзецьмі, якія знаходзяцца ў бальніцах, хоспісах, прытулках.
VK Больничные клоуны Funny Nose VK Клоун-студия Funny Nose FB
Арыгінальная дата публікацыі – 17.11.2016. Матэрыял выходзіць з невялікімі праўкамі, якія дазваляюць зразумець, як мянялася гераіня і яе актывізм праз гады.
Гісторыя Марыны
– У 2008 годзе я праходзіла стажыроўку ў Італіі – была валанцёрам у аддзяленні дзіцячай педыятрыі. Там я ўбачыла людзей, якія апранаюць чырвоныя насы і бадзёра курсуюць па бальнічных палатах. Для мяне гэта было цікава і па-новаму: я стала актыўна знаёміцца з імі, распытваць пра тое, што яны робяць. Так у нас завязалася сяброўства, якое і ўдыхнула ў мяне ідэю стварэння «Funny Nose» у Беларусі.
Калі я вярнулася ў Гомель, то не ведала, з чаго пачаць: у мяне быў толькі чырвоны нос і ўражанні ад паездкі. Я адразу прыдумала касцюм, узяла мужа, і мы накіраваліся ў аддзяленне гематалогіі. Мы не ведалі, што будзем рабіць, як гэта будзе праходзіць, – усё было так інтуітыўна. Дапамагла адукацыя псіхолага, бо я хоць ведала, як усталёўваць кантакт з дзеткамі. У сферах клаўнады, жанглявання я была поўны нуль. Калі мяне тую, з 2008 года, паказаць цяперашнім «Funny Nose», то яны б ухахаталіся проста.
«Шмат часу прайшло, пакуль медыкі прызналі той факт, што ад нас ёсць толк»
З лекарамі аддзялення гематалогіі мы ўжо былі знаёмыя. Ва ўніверсітэце ў нас быў валанцёрскі атрад, і мы часцяком прыходзілі да дзетак: гулялі, ляпілі, малявалі і проста дурэлі. А вось з іншымі аддзяленнямі была складанасць у тым, каб заваяваць аўтарытэт. І шмат часу прайшло, пакуль медыкі прызналі той факт, што ад нас ёсць толк.
Першая каманда набралася з маіх блізкіх сяброў. І да гэтага часу яны з намі. Нашы італьянскія сябры вельмі нам дапамагалі: штогод яны прыязджалі з навучальнымі семінарамі. Пасля кожнага новага занятку наша чырвананосая сям’я станавілася ўсё больш і больш. У каманду мы бярэм амаль усіх жадаючых – ад 21 да 121 года.
Заўважаю, як разам са мной расце і ўзрост маёй каманды: калі я пачынала, то камандзе было ў сярэднім 21. Цяпер прыкладна такі ж, як мой. Калі браць вопыт Італіі, то ў іх сярэдні ўзрост клоўнаў – 50 гадоў. Спадзяюся, што і мы да такога дарасцем.
«Акцэнт ідзе не столькі на псіхалогію, колькі на акцёрства: чым вальней чалавек сябе адчувае, тым прасцей дзецям будзе яго ўспрымаць»
Як, хто, для каго
– Кожны год мы праводзім навучальны курс бальнічнага клоўна. Як правіла, гэта 5-дзённы інтэнсіў. Першыя 3 дні – асновы, якія трэба запомніць. Потым мы даем пачаткоўцам паспрабаваць свае сілы – ідзем у бальніцу. Самыя смелыя могуць надзець нос і пагуляць з дзеткамі ў суправаджэнні вопытных клоўнаў. Хто пакуль адчувае сябе няўпэўнена – можа паглядзець, пафатаграфаваць, проста пабыць у гэтай атмасферы. І толькі пасля таго, як кожны пабываў у бальніцы, мы пачынаем гуляць у клоўнаў: з’яўляюцца чырвоны нос, акцёрская гульня, рэпрызы, імправізацыя, разбіраем частыя памылкі.
Апошнія 2–3 гады акцэнт ідзе не столькі на псіхалогію, колькі на акцёрства: чым вальней чалавек сябе адчувае, тым прасцей дзецям будзе яго ўспрымаць. Мы даем пачаткоўцу выпрабавальны тэрмін на працягу трох месяцаў: чалавек павінен праявіць сябе актыўна, а гэта значыць хадзіць у бальніцу, абавязкова наведваць навучальныя трэнінгі. Калі ўсё добра, то мы прымаем яго ў шэрагі чырвананосых.
У нас ёсць і свае графікі: як правіла, усе дзеляцца па двое і працуюць у парах. Кожны ходзіць у бальніцу 2 разы на месяц у вызначаныя дні.
Філасофія наша вельмі простая: у дзіцяці павінна быць дзяцінства. У аддзяленні гематалогіі ў дзетак вельмі дарослыя вочы. Яны ведаюць, што такое хіміятэрапія, лейкацыты і трамбацыты. А навошта? Пра гэта не трэба ведаць, пакуль ты дзіця. Вельмі хочацца паказаць бацькам і дзецям, наколькі важныя тыя пачуцці, што ёсць паміж імі.
Перамогі і супергерой
– Усмешка паляпшае якасць жыцця. Лекары дзеляцца з намі, што пасля прыходу клоўнаў у дзяцей павышаецца актыўнасць, прыкметна паляпшаецца настрой. Нам заўсёды ёсць куды расці, але цяпер мы здольныя дапамагчы і дзецям, і дактарам у працэдурным кабінеце: былі выпадкі, калі малышам ставілі кропельніцы, і яны гэтага страшна баяліся, – тады клоўн сядаў або клаўся побач, адцягваючы ад страху, болю і іголак.
«Смех не лечыць, але дакладна спрыяе лепшаму засваенню тэрапіі»
Памятаю, як хлопчык гадоў 3-х застаўся на суткі без маці і ніхто не мог яго накарміць. Лекары ўжо было страцілі надзею і збіраліся ўводзіць праз кропельніцу раствор глюкозы – бо дзіця занепадала. Але калі клоўны зладзілі гульню з талеркай супу, то хлопчык з’еў усё! Гэта вельмі класная перамога.
Аднойчы нашы клоўны трапілі якраз на момант, калі хлопчыку гадоў васьмі доктар прыйшоў памяняць на пальчыку бінт. Дзіця ў слёзы, але нашы рабяты пачалі свяціць на пальчык «чароўным лазерам» і прасіць падзяліцца юнага пацыента сваім «сакрэтам смеласці». Дзіця адцягнулася, а ад страху не засталося і следу. Паспяховую місію замацавалі, узяўшы ў «супергероя» аўтограф. Усе задаволеныя і здаровыя. У нас няма звышмэты выратаваць свет. Смех не лечыць, але дакладна спрыяе лепшаму засваенню тэрапіі.
Пра матывацыю ды развіццё
– Мы верым у тое, што робім. Матывы ў кожнага з нас свае. Але галоўнае, што ні ў каго няма мэты зарабіць – хаця б таму, што мы робім гэта бясплатна. Наогул у любой краіне свету, дзе ёсць бальнічныя клоўны, яны – гэта абавязкова штатная адзінка. Але пра што казаць, калі ў нас не ва ўсіх аддзяленнях ёсць псіхолагі. Зараз мы вядзем перамовы з кіраўнікамі ўстаноў аховы здароўя, каб зразумець, як нам можна развівацца далей.
У 2016 годзе мы атрымалі грант ад амбасады ЗША – выйгралі конкурс малых грантаў. Я напісала праект, мы падалі заяўку – і перамога была за намі. Яны забяспечылі нас фінансаваннем на год. А так мы заўсёды збіраемся «ўскладчыну» на шарыкі, цацкі, сродкі гігіены, флаеры ды іншыя штукі. Дзякуючы гранту мы змаглі пашыць касцюмы, купілі абутак, заплечнікі, абсталяванне першай неабходнасці (праектар, прынтар).
Мы паставілі спектакль «Клоўнскія сны пад Новы год», з якім гастралявалі па бальніцах і карэкцыйных цэнтрах. І правялі самы грандыёзны «Дзень чырвонага носа»: зрабілі шырмы, запрасілі музыкаў, зладзілі сапраўднае шоу. На працягу года да нас рэгулярна прыязджалі спецыялісты з Піцера, Масквы – праводзілі навучальныя трэнінгі для нашай каманды.
«Ён справіўся са сваёй хваробай і выявіў жаданне далучыцца да нас. Такія цуды не могуць не радаваць»
Студыя для клоўнаў
– У 2016-м мы адкрылі клоўн-студыю. Гэта нешта новае – свайго роду пляцоўка для ўсіх жадаючых пагуляць, пабыць клоўнам, адчуць сябе ў гэтай ролі. Тут няма адказнасці ў тым, каб на выхадзе абавязкова далучыцца да нашай каманды. Чалавек можа проста займацца для сябе, а потым ужо вырашыць, ці хоча ён стаць адным з нас.
Клаўнада – гэта спосаб творчай рэалізацыі сябе. Калі апрануць самую маленькую маску – нос, – пачынаецца зусім іншая гульня, якая дае людзям магчымасць паспрабаваць нешта новае.
У групе працуюць нашы «бальнічныя» трэнеры – гэта тыя людзі, што рэгулярна праводзяць навучанне для нашай каманды, і кожны глядзіць на блазнаванне са свайго пункту гледжання. Наш галоўны трэнер – Іна Адарчанка. Яна лепшая ў сваёй справе і ёй ёсць чым падзяліцца [зараз Іна Адарчанка – мастацкі кіраўнік аб’яднання, вядзе курсы «Клаўнада – свабода самавыяўлення» за мяжой – заўв. 34].
«Філасофія наша вельмі простая: у дзіцяці павінна быць дзяцінства»
Раней у нашых шэрагах было шмат псіхолагаў. Цяпер у нас прафесійная разнастайнасць: індывідуальныя прадпрымальнікі, дактары, інжынеры, акцёры, настаўнікі-прадметнікі, музыканты. Часцей за ўсё гэта жанчыны, таму што заняткі і выхады ў бальніцы займаюць шмат часу, у які мужчына лепш заробіць грошы. Дарэчы, адзін з трох мужчын у гомельскай камандзе – пацыент, да якога мы хадзілі ў аддзяленні гематалогіі. Ён справіўся са сваёй хваробай і выявіў жаданне далучыцца да нас. Такія цуды не могуць не радаваць.
Бацькам хачу пажадаць верыць і змагацца. Не трэба вешаць на дзіця груз дарослых праблем, яно і так усё бачыць і чуе. Дзіця павінна заставацца дзіцём, а бацькі павінны яго любіць, верыць у лепшае, не падаць духам і абавязкова змагацца.
Гэта гутарка з Марынай адбылася яшчэ ў 2016 годзе. Каб даведацца, як у «вясёлых насоў» справы зараз, мы вышлі на сувязь з кіраўніцай праекта ў кастрычніку 2018-а. І былі радыя даведацца, што суполка «Funny Nose» толькі расце.
– У цяперашні час актыўна пашыраем геаграфію праекта. Калі раней асноўная дзейнасць праходзіла ў Гомелі, Менску, Берасці, то зараз мы ствараем каманды ва ўсіх абласных цэнтрах краіны. Так, у траўні мы пры падтрымцы італьянскай арганізацыі VIP Itali стварылі невялічкую каманду бальнічных клоўнаў у Гародні.
Зараз курсы бальнічнага клоўна для падтрымання дзеючых груп праходзяць у Гомелі, Гародні, Берасці, а на пачатку 2019-га плануем правясці такія курсы ў Менску, Віцебску і Магілёве.
Мы зноў выйгралі грант і зусім хутка атрымаем фінансавую падтрымку праграмы малых грантаў пасольства ЗША ў Рэспубліцы Беларусь як раз на развіццё бальнічнай клаўнады ў Рэспубліцы Беларусь.
Таксама мы запусцілі праект «Сацыяльны цырк» для дзяцей у школе-інтэрнаце і для сямейных дзяцей, якія выязджаюць на аздараўленне ў Італію. Мы верым, што цыркавыя навыкі і клаўнада спрыяюць набыццю станоўчых якасцяў: усвядомленасці, упэўненасці ў сабе, незалежнасці, настойлівасці, дысцыплінаванасці, крэатыўнасці ды многіх іншых.
Цяпер «Funny Nose» не проста грамадске аб'яднанне. Для нас гэта пляцоўка, дзе мы можам рэалізаваць ідэі праз любімую справу. Бальнічная клаўнада – гэта лад жыцця, лад мыслення. «Funny Nose» – гэта пра дабрыню і чысціню.
Я жыву і дыхаю тым, што раблю, і я ў гэта веру.
Тэкст і фота by Настасся Давыдзенка