7 маладых зорак беларускага спорту
- Рубрыка: ЗA KIM САЧЫЦЬ?
- 31.08.2018
- 8043
Беларускі спорт часцяком нагадвае ківач: сёння ты радуешся перамогам Домрачавай і Азаранкі, заўтра смуткуеш з-за 1:8 з піцерскім "Зенітам". І на фоне поспехаў Арыны Сабаленка самы час даведацца, хто яшчэ будзе руліць беларускім спортам у наступныя гады. Ведай, каго сапорціць!
Максім Швяцоў
20 гадоў
футбол
Калі быць шчырым, з'яўленню ў гэтым спісе цэнтральны абаронца мінскага «Дынама» абавязаны перш за ўсё папулярнасці футбола. Пакінуць спорт №1 без увагі нельга, але і пахваліцца дасягненнямі ў ім беларусам вельмі праблематычна. Тым не менш 20-гадовы хлопец, які вырас у суворай сталічнай Чыжоўцы, без перабольшання з'яўляецца променем святла ў цёмным царстве. Ён адзіны з аднагодкаў мае трывалае месца ў стартавым складзе вядучага беларускага клуба і ўжо выклікаўся ў нацыянальную каманду, пакуль спецыялісты прадказваюць яму хуткі ад'езд за мяжу.
Яна Шут
21 год
більярд
Вось такая нечаканачка. Снукер – гульня неверагодна папулярная ў Вялікабрытаніі і яе былых калоніях, а ў пул ужо даўно гуляе ці не ўвесь свет. Прызавыя тут вымяраюцца мільёнамі ў цвёрдай валюце, а канкурэнцыя папросту шалёная. Тым больш каштоўныя поспехі 21-гадовай Яны Шут. Мінчанка перамагла на першым турніры, калі ёй было 9 гадоў, а ў 2015-м стала чэмпіёнкай Еўропы па пуле сярод юніёраў. Акрамя таго, Яна паспела атрымаць тытул чэмпіёнкі свету ў снукерным «міксце». Але самы свежы і гучны поспех прыйшоў у гэтым сезоне – Яна Шут стала чэмпіёнкай Еўропы па «дзясятцы», адной з самых вядомых варыяцый пулу.
Максім Сушко
19 гадоў
хакей
Галоўнаму юніёру беларускага хакея ўсяго 19, але ён ужо даўно звяртае на сябе ўвагу вялікіх клубаў. Таленавіты нападаючы нарадзіўся ў Берасці, там жа і пачаў выходзіць на лёд разам са старэйшым братам. Абодва дараслі да статусу профі, але, здаецца, перспектыў на гульню ў НХЛ у малодшага трошкі болей. Летась Сушко набраў 55 ачкоў у 57 матчах за «Оўэн Саўнд Атак» у юніёрскай хакейнай лізе Антарыа, а днямі падпісаў кантракт пачаткоўца з «Філадэльфіяй Флаерз». Дарэчы, форвард паспеў згуляць і за нацыянальную зборную Беларусі на чэмпіянаце свету. Максім прызнаецца, што цалкам гатовы дэбютаваць у галоўнай лізе планеты.
Анастасія Шкурдай
15 гадоў
плаванне
Насця – самая маладая фігурантка спісу, ёй усяго 15 гадоў. Тым не менш Шкурдай ужо называюць новай залатой рыбкай беларускага плавання па аналогіі з тытулаванай Аляксандрай Герасіменяй. Юніёрка жыве і трэніруецца ў Берасці, а вось на спаборніцтвы ездзіць па ўсім свеце. У ізраільскай Нетаніі яна стала чэмпіёнкай Еўропы на дыстанцыі 50 метраў батэрфляем, а ў дацкім Капенгагене ў складзе дарослага квартэта заваявала еўрапейскае срэбра на кароткай вадзе ў комплекснай эстафеце 4×50 м. Варта адзначыць, што ўзыходзячая зорка яшчэ ў красавіку 2017-га стала самым маладым майстрам спорту міжнароднага класа ў гісторыі беларускага плавання.
Эльвіра Герман
21 год
бег
Некалькі тыдняў таму ў Берліне скончыўся чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы, медальныя надзеі мы ўскладалі на ўсімі любімую Аліну Талай, аднак пашкоджанне галёнкаступні (якое выявілася пераломам нагі) не дазволіла ёй напоўніцу паказаць сябе. Затое выдатны шанец атрымала 21-гадовая Эльвіра Герман. Таленавітая атлетка выйграла золата на дыстанцыі 100 метраў з бар'ерамі. Раней паляшучка з Пінска станавілася чэмпіёнкай свету і Еўропы, але сярод юніёраў, і вось цяпер прыйшоў першы вялікі поспех на дарослым узроўні. Дзяўчына хутка зрабілася фаварыткай публікі, прычым не толькі беларускай. Галоўнае не спыняцца і надалей, бо Эльвіра ў стане замахнуцца на сапраўды вялікі куш – Алімпійскія гульні ўжо зусім хутка.
Андрэй Юрынок
21 год
гандбол
Гулец лепшага гандбольнага клуба Беларусі ўжо даўно знаходзіцца ў сусветным топе на сваёй пазіцыі. Але чарговы сезон прынёс берасцейцу насамрэч ганаровае званне лепшага левага крайняга на планеце. Асабліва ўразіла гульня Андрэя на студзеньскім чэмпіянаце Еўропы ў Харватыі. Там ён зрабіў 24 дакладныя кідкі за 6 матчаў і стаў самым рэзультатыўным гульцом зборнай. Нягледзячы на маладосць і вялікую канкурэнцыю ў складзе «БГК», Юрынок на працягу года паўдзельнічаў у 55 гульнях, гэта больш чым у любога партнёра. Сам Андрэй кажа, што ўжо даўно не баіцца ў гандболе ні зорных супернікаў, ні перапоўненых трыбун, з задавальненнем удзельнічае ў піяр-дзвіжы берасцейскай каманды і называе гандбол «любімай працай».
Арына Сабаленка
20 гадоў
тэніс
З тэнісам у Беларусі ўсё стабільна нядрэнна – паглядзі хоць на маладую Веру Лапко, – але здаецца, Арына Сабаленка гатовая стаць вялікай зоркай ужо сёння. Дзеля яе ўсё і пісалася. 20-гадовая мінчанка некалькі дзён таму літаральна ўварвалася ў топ-20 WTA-тура пасля перамогі ў амерыканскім Нью-Хэйвене. Гэты тытул для беларускі стаў першым у прафесійнай кар'еры. Дагэтуль былі тры няўдалыя фіналы і неверагодны сезон у Кубку Федэрацый у складзе зборнай. Імклівы бег па прыступках сусветнага рэйтынгу многія спецыялісты звязваюць з новым трэнерам Арыны Дзмітрыем Турсунавым. Іх пацешныя дыялогі падчас матчаў ужо сталі мемамі, але галоўнае – расеец навучыў Сабаленка кантраляваць свае эмоцыі. Арына вылучаецца вельмі агрэсіўным стылем гульні, яна цісне суперніц магутнай падачай і шмат рызыкуе. Сама Сабаленка сціпла называе сябе «машынай для забойстваў» і проста цяпер намагаецца скарыць легендарны «US Open».
Фота: Pascal Ratthe i з уласных архiваў спартсменаў