Як знайсці свае карані?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 23.03.2018
- 13049
Хочаш даведацца пра гісторыю сваёй сям'і, адшукаць далёкіх сваякоў або проста выявіць у сваіх жылах кроў якога-небудзь знатнага роду? Віншуем – з гэтым мануалам твае пошукі не расцягнуцца на доўгія дзесяцігоддзі.
Хтосьці вывучае ўласную гісторыю затым, каб праліць святло на цёмныя плямы сваёй біяграфіі, хтосьці спадзяецца знайсці зніклых сваякоў, а хтосьці займаецца генеалогіяй, каб выявіць шляхецкія карані, – падстаў для вывучэння ўласных каранёў вельмі і вельмі шмат.
У працэсе раскрываюцца факты, звязаныя не толькі з гісторыяй сям'і асобна ўзятага чалавека, але і з гісторыяй цэлай краіны – пасля паглыблення ў тэму шукальнік(-ца) інакш глядзіць на гістарычныя падзеі.
Для пачатку апытай крэўных сваякоў і складзі на кожнага з іх метрычную анкету.
Апытваючы кожнага члена сваёй сям'і, пастарайся запоўніць максімальную колькасць графаў анкеты. Пачынаць трэба з бацькоў, затым пераходзіць да бабуль і дзядуль, а пасля брацца за астатніх крэўных сваякоў.
Памятай пра тое, што вусныя гісторыі – гэта вельмі важная інфармацыя. Апытвай сваіх родных, здабывай як мага больш талковых звестак: пытай пра даты нараджэння і смерці сваіх продкаў, іх імёны і прозвішчы, месцы працы і пражывання.
Не саромейся задаваць наіўныя пытанні – дадзеныя пра любімае ўбранне тваёй прабабулі або гісторыі пра любоўныя прыгоды твайго прадзеда дапамогуць даведацца фрагменты вашай агульнай біяграфіі. І так, не забывай запісваць вусныя гісторыі на дыктафон!
Вывучай сямейны архіў. Збірай старыя фатаграфіі (асабліва каштоўнымі выявяцца падпісаныя асобнікі), дамавыя кнігі, лісты, пасведчанні аб шлюбах і разводах, нараджэнні і смерці. Не абдзяляй увагай старыя канверты, паштоўкі, квіткі і маркі – нягеглая паперка можа стаць важнай часткай тваёй гісторыі. Усе знойдзеныя дакументы лепш адсканаваць і сабраць у адной папцы – асцярожнасць не бывае залішняй.
Таксама не забывай структураваць атрыманую інфармацыю – складай табліцы ў Excel і Google Sheet, рабі нататкі ў тэлефоне, запісвай дадзеныя ў любімы нататнік – арганізуй усё такім чынам, каб знойдзеныя табой дадзеныя не адправіліся ў нябыт.
Помні, што патрэбныя дакументы могуць ляжаць не ў тваёй шафе, а на паддашку твайго лецішча, у пісьмовым стале твайго стрыечнага дзядзькі або ў найбліжэйшым ЗАГСе, – праверыць трэба.
З сабранай інфармацыяй можна падымаць больш сур'ёзныя дакументы, фатаграфіі і метрыкі – за гэтым трэба адпраўляцца ў архіў.
Калі ў тваіх продкаў няма каго-небудзь з роду Ягелонаў або Панятоўскіх, то пошукавы запыт у духу імя / прозвішча / імя па бацьку не дасць асаблівых вынікаў. Аднак ты можаш скарыстацца рознымі міжнароднымі сэрвісамі, створанымі для аднаўлення генеалагічнага дрэва.
Існуе мноства парталаў, якія дазваляюць знаходзіць сваякоў з дапамогай алічбаваных метрычных кніг, царкоўных запісаў, перапісаў насельніцтва і спісаў пахаванняў:
– скарыстайся сайтамі MyHeritage.com i Familyspace.ru – там ты зможаш стварыць сваё генеалагічнае дрэва, выбудаваць радавыя галіны і знайсці супадзенні з дрэвамі іншых карыстальнікаў;
– калі ў пачатку ХХ стагоддзя твае сваякі адправіліся на заробкі ў ЗША, паспрабуй адшукаць звесткі пра іх дзейнасць на Ancestry.com;
– на прасторах FamilySearch.org ты зможаш адшукаць звесткі з метрычных кніг, якія клапатлівыя мармоны вывудзілі з беларускіх цэркваў і касцёлаў;
– у Google Books таксама можна адшукаць сканы дакументаў, у якіх могуць згадвацца твае патэнцыйныя сваякі;
– інфармацыю аб ахвярах Халакоста ты зможаш адшукаць на сайце цэнтра Яд Вашэм;
– сайты obd-memorial.ru, pamyat-naroda.ru i podvignaroda.ru карысныя ў тым выпадку, калі хто-небудзь з тваіх сваякоў удзельнічаў у Другой сусветнай або Савецка-фінскай вайне;
– калі твае продкі былі рускімі, то каштоўную інфармацыю ты можаш адшукаць на сайце «Усерасійскага Генеалагічнага дрэва»;
– калі ж яны былі габрэямі – на дапамогу прыйдзе партал «Jewish gen»;
– продкаў з Польшчы можна адшукаць у архівах сэрвісу «Szukaj w Archiwach» або на сайце «Archiwum Zabużańskie»;
– аб ахвярах рэпрэсій ты зможаш даведацца ў базе дадзеных «Ахвяры палітычнага тэрору ў СССР», на сайце «Асабістая справа кожнага» і ў базе дадзеных праекта «Апошнi адрас»;
– патрэбная інфармацыя можа хавацца ў віртуальных нетрах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.
Помні аб тым, што з-за пастаяннай транслітарацыі прозвішча тваіх продкаў магло змяніцца – спрабуй уводзіць розныя варыянты лацінкай, кірыліцай і беларускай лацінкай.
Трэба быць уважлівым(-ай) з датамі нараджэння – замест іх могуць быць запісаныя даты хрышчэння.
Таксама варта быць гатовым(-ай) да таго, што пошукі, праведзеныя на вышэйпералічаных сайтах, не дадуць вынікаў – менавіта ў такіх выпадках варта звяртацца ў архіў.
А які архіў мне выбраць?
У Беларусі знайсці звесткі пра сваіх продкаў можна ў двух архіўных установах: у Нацыянальным гістарычным архіве Горадні і ў сталічным Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.
Першы архіў утрымлівае дакументы па тэрыторыі Гарадзенскай губерні, другі – матэрыялы па тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай і Менскай губерняў, а таксама па Вілейскім і Дзісненскім паветах.
Усе патрэбныя дакументы сабраны – як трапіць у архіў?
Для пачатку трэба напісаць заяву на імя дырэктара архіва – узор можна знайсці на сайце Нацыянальнага гістарычнага архіва.
Гэтая заява разглядаецца на працягу некалькіх дзён, пасля чаго перадаецца ў чытальную залу, куды трэба прыйсці з пашпартам і фатаграфіяй для афармлення чытацкага білета.
Паказвай чытацкі білет на ўваходзе ў залу і працуй у спакойнай абстаноўцы.
За працу ў архіве прыйдзецца плаціць?
Не, працаваць у чытальнай зале ты можаш бясплатна, аднак за капіяванне матэрыялаў і заказную кансультацыю давядзецца аддаць сімвалічную суму.
У архіве горы рарытэтных дакументаў – з чаго мне пачаць свае пошукі?
Пазнаёмся з навукова-даведачным апаратам архіва – з ім ты не заблукаеш у гістарычным лабірынце і знойдзеш тыя фонды, у якіх могуць хавацца патрэбныя табе дакументы.
Калі знойдзеш патрэбны фонд, афармляй заказ на бланку, які табе выдадуць у чытальнай зале, з указаннем нумара фонду, вопісу і справы, – неабходныя дакументы табе даставяць на наступны дзень.
А дзесьці, акрамя Нацыянальнага архіва, можна знайсці падобныя дакументы?
Калі ў тваіх продкаў было крымінальнае мінулае, ты можаш даследаваць архівы КДБ – там можна атрымаць пратаколы допытаў і паглядзець матэрыялы спраў.
Як і ў выпадку з Нацыянальным архівам, тут прыйдзецца пісаць заяву – да таго ж зрабіць гэта можа толькі прамы(-ая) сваяк(-чка) таго, пра каго запытваецца інфармацыя, або яго/яе прадстаўнік па даверанасці.
Увага: адзін запыт у Камітэт дзяржаўнай бяспекі абыдзецца ў 26 BYN.
У мяне ёсць грошы, але зусім няма часу – хто зможа зрабіць за мяне ўсю працу па пошуках?
У тым жа Нацыянальным гістарычным архіве і яго філіяле ў Горадні пры перадаплаце ў 288 BYN архівісты адновяць адну галіну твайго сямейнага дрэва за суму да 1 440 BYN.
Па нормах генеалагічнае даследаванне доўжыцца не больш за 30 дзён – у выніку ты атрымаеш архіўную даведку ўстаноўленага ўзору, куды будуць уключаны вытрымкі з дакументаў, у якіх маюцца звесткі аб запытаных асобах і іх продкаў па мужчынскай лініі.
Таксама ты можаш звярнуцца ў праект VEHA, які правядзе інтэрв'ю з усімі членамі тваёй сям'і, запіша метрычныя дадзеныя ўсіх сваякоў і ператворыць знойдзеныя табой фатаграфіі ў друкаваную кнігу з гісторыямі твайго роду. Заплаціць за такую працу прыйдзецца як мінімум 1500 BYN.
Я сабраў(-ла) акіян інфармацыі – як мне стварыць генеалагічнае дрэва?
Існуе мноства рознакалібернымі сэрвісаў, у якіх можна візуалізаваць свой радавод – «Дрэва жыцця», «Family Tree Builder», «Geni», «GenoPro».
Са схематычным дрэвам можна звярнуцца да дызайнераў – яны створаць паўнавартасную карціну, годную самай раскошнай залы.
За дапамогу ў складанні матэрыялу дзякуем Лесі Пчолцы, арганізатарцы праекта VEHA, які, дарэчы, нядаўна заняў другое месца ў намінацыі «Выстава/праект года» ў рамках Прэміі Бюро «Месяца фатаграфіі ў Мінску».
Iлюстрацыя by Sheeborshee
КАМЕНТАРЫ (2)
Калі вашыя продкі жылі у межах колішняга Вілейскага павету, то мноства дакументаў па гэтай і не толькі тэррыторыі адшукаеце на www.vilejski-uezd.by
Яшчэ ёсць:
www.nobility.by/forum форум былога згуртавання шляхты
helper.archonline.by пошук вёсак і мястэчак у Беларусі
www.radzima.net адміністрацыйны падзел Расыйскай імперыі, ВКЛ, з картамі