
Здзекі і цкаванне ў школе сустракаюцца не толькі ў галівудскіх моладзевых фільмах. Нядаўна сталі вядомыя новыя падрабязнасці самагубства баранавіцкага школьніка: мама загінулага падлетка прад’явіла следству фотаздымкі, дзе бачна, як з яго здзекуецца невядомы раўналетак. У гэтым выпуску тлумачальнай рубрыкі «Працэс» разгортваем тэму булінгу і як з ім змагацца. Узбройвайся!
«Bullying» і «hazing» як тэрміны з’явіліся ў ЗША, дзе школам уласцівая моцная сегрэгацыя. Ёй прысвечаны не адзін галівудскі фільм пра моладзь у старэйшай школе. Напрыклад, Easy A ці серыял Glee.
У англамоўнай практыцы хэйзінг больш звязаны з вербальным цкаваннем, а булінг – з гвалтам.
Дзедаўшчына крыху адрозніваецца ад традыцыйнага цкавання. Гэта прыярытэт старэйшых, якія могуць дазволіць сабе нейкія льготы за кошт маладых. Дзедаўшчына існуе не толькі ў войску. Напрыклад, на працы самаму маладому супрацоўніку могуць даць найгоршы камп’ютар.

Яно бывае вербальным: прыдумванне мянушак, пастаянныя абразы і знявагі. Галоўная зброя тут – словы.
Пры цкаванні таксама магчыма ізаляцыя ахвяры: ад часовага байкоту да поўнага адмаўлення камунікаваць з ізгоем.
Фізічны гвалт – гэта і збіццё ахвяры, і псаванне ці адбіранне рэчаў, і ўдары час ад часу.
Кібербулінг – цкаванне ў інтэрнэце. Ён праяўляецца і праз ананімныя пагрозы, і праз узлом асабістых старонак, і нават праз публікацыю ролікаў з ахвярай здзекаў.
Як правіла, усе віды гвалту ідуць у сукупнасці адно з адным.

У Беларусі сітуацыя больш спакойная, калі параўноўваць з ЗША: ці то піянерскія летнікі зрабілі сваю справу, ці бульба робіць усіх больш спакойнымі, але ў Беларусі цкаванне ў школах пакуль што не стала агульнанацыянальнай праблемай.
Найбольш верагодна, так адбываецца, таму што ў Беларусі няма такой колькасці навучэнцаў розных этнасаў і сацыяльных статусаў.
Яшчэ адна з версій: у Беларусі не створана сістэма, калі адзін з вучняў быў бы радыкальна круцейшы за іншых. Напрыклад, гуляў бы за школьную футбольную каманду.
Часцей у Беларусі цкаванне датычыцца рэдкіх дзяцей, якія чымсьці вылучаюцца: фізічна, ці не вельмі камунікабельныя, або са складанасцямі ў навучанні. Звычайна гэта два-тры чалавекі ў класе.

Калі ўважліва сачыць за паводзінамі класа, то можна заўважыць, хто часцей смяецца з іншых, а таксама хто падхоплівае гэтую тэндэнцыю. Менавіта яны ў першую чаргу схільныя да гвалту і цкавання.
На жаданне цкаваць часта ўплываюць эканамічныя, сацыяльныя ці нават кліматычныя абставіны. Калі дзіця мае складанасці ў сям’і ці знаходзіцца ў неспрыяльных умовах, ёсць верагоднасць, што ён (яна) будзе спаганяць свае праблемы на іншых. Але калі гэта караецца, то яму (ёй) з гэтай агрэсіяй прыйдзецца працаваць.
Яшчэ адна з прычын – недахоп увагі. Праз свае агрэсіўныя паводзіны школьнік(-ца) нібыта гаворыць: «Заўважце мяне!»
Часта агрэсарамі становяцца дзеці з лідарскімі якасцямі, якія не могуць рэалізаваць іх іншым чынам: праз вучобу ці спорт. Ім застаецца толькі цкаванне іншых, больш слабых дзяцей.
Агрэсарамі могуць быць як хлопцы, так і дзяўчаты. Праз сацыялізацыю часцей за ўсё мужчынская агрэсія пераўтвараецца ў дракі, а жаночая агрэсія становіцца здзекамі, плёткамі і зневажаннямі.

Настаўнік(-ца), як толькі заўважае прыкметы булінгу ў класе, мусіць спыніць гэта. Трэба звяртаць увагу на агрэсара. Важна паведаміць бацькам абодвух бакоў пра гэтую сітуацыю.
Бацькі могуць не ведаць, што іхняе дзіця здзекуецца з іншых дзяцей у класе. Часта агрэсары ў школе вядуць сябе адным чынам, а на вуліцы – зусім іншым.
Часцей за ўсё з цягам часу агрэсары мяняюць свае паводзіны. У падлеткаў у прамым сэнсе мозг яшчэ выспявае, і некаторыя яго зоны яшчэ могуць быць несаспелымі.

Калі ты падазраеш, што тваё дзіця стала ахвярай булінгу ў школе, – асцярожна пагавары з ім (ёй) пра гэта. Запытайся пра справы, пра стасункі з аднакласнікамі. Пры даверлівай атмасферы ў сям’і дзіця не будзе хаваць інфармацыю пра здзекі.
Калі кожную раніцу дзіця плача, кажа, што не хоча ісці ў школу, сціскаецца пры размовах пра школу – гэта адна з прыкмет цкавання. Як і шарканне нагамі. Яно сведчыць пра некантралюемы стрэс, які і спрыяе бездапаможнасці перад гвалтам.
Дзіця, якога цкуюць, таксама часта становіцца эмацыйна няўстойлівым, часта мяняецца настрой, а таксама звычкі і паводзіны па-за школай.
Ахвярам булінгу ўласцівы высокі ўзровень трывогі, які выклікае парушэнне сну, апетыту. Могуць з’явіцца заіканне і нервовы цік.
Пры фізічным гвалце на целе могуць быць сінякі ці іншыя пашкоджанні або парваная вопратка.

Калі з цябе пачалі здзекавацца аднакласнікі, самае важнае – сказаць пра гэта бацькам. Калі ў вас даверлівыя стасункі, яны дапамогуць разабрацца з праблемай: пагавораць з настаўнікам(-цай) пра сітуацыю і, калі ў гэтым будзе неабходнасць, памяняюць клас ці школу.
Калі цкаванне збольшага вербальнае – не паддавайся на правакацыі. Не трэба адказваць грубасцю на грубасць. Калі цябе спрабуюць абвінаваціць у тым, што ты не рабіў(-ла), – стой на сваім і даказвай сваю невінаватасць.
Яшчэ адзін добры прыём – так званыя «фразы-рыкашэты». Напрыклад, калі цябе спрабуюць закрануць праз тваю знешнасць ці звяртаюцца выключна па мянушцы, то можна адказаць крыўдзіцелям: «А я з табой размаўляю ветліва», «Я буду называць тваё імя нягледзячы на тое, што і ты маеш мянушку».
Калі ты бачыш, што твайго сябра(-оўку) цкуюць, то абавязкова падтрымлівай яго (яе). Для ахвяры вельмі важна адчуваць, што ён (яна) не адзінокі(-ая) і мае блізкіх людзей, якія яго (яе) цэняць і любяць.
Калі вы вучыцеся ў адным калектыве, абараняй свайго сябра(-оўку) ад крыўдзіцеляў. Асабліва калі твой аўтарытэт вышэй, чым ягоны (ейны).

Цкаванне не трэба цярпець. Калі яго не атрымліваецца спыніць з дапамогай настаўнікаў, то трэба не чакаць цудаў, а тэрмінова забіраць дзіця са школы.
Падбадзёрвай яго, павышай яго самаацэнку. Пасля булінгу не трэба крытыкаваць дзіця ні ў якім разе. У дзіцяці не павінна ўзнікнуць адчування, што яно чымсьці заслужыла кепскае стаўленне наваколля.
Калі ў дзіцяці ўзнікла псіхалагічная траўма праз здзекі, неабходна адправіць яго на кансультацыю да псіхатэрапеўта.

Адзін з найбольш гучных выпадкаў апошняга часу – самагубства 15-гадовага хлопца з Баранавічаў Улада Зялёнага. Ён не вытрымаў здзекаў з боку аднакласнікаў і павесіўся ў студзені 2016 года.
Яшчэ адна страшная гісторыя адбылася тры гады таму, зноў у Баранавіцкім раёне. 5-класнік праз канфлікты з аднакласнікамі хацеў павесіцца на турніку на школьным стадыёне. Хлопчыка ўратавалі дактары.
Адзін з найбольш вядомых прыкладаў кібербулінгу ў Расіі – гісторыя Дыяны Шурыгінай, якая стала гераіняй не толькі перадачы на тэлебачанні, але і шматлікіх мемаў. Вобраз дзяўчыны нават выкарыстоўвалі ў рэкламнай кампаніі Burger King.
Дзякуй псіхолагу Паўлу Зыгмантовічу за кансультацыю пры падрыхтоўцы матэрыялу.
Ілюстрацыя by Sheeborshee
Важная памятка на выпадак, калі раптам табе давядзецца афіцыйна пагутарыць са следчым.
Некалькі парадаў пра тое, як атрымліваць задавальненне ў сеціве, не рызыкуючы свабодай.
Перад пачаткам сезону пікнікоў разбіраемся, дзе можна паслаць плед, каб пасмажыць сала на вогнішчы, а бакі – на сонцы. І выпадкова не парушыць закону.
Набыць абновачкі, паслухаць музыку, патусіць.
Ноч паміж агнём, лесам і музыкай.
Як даследаваць сваю сям’ю не праз дакументы, а праз эмоцыі.