Дзіна Даніловіч – куратарка, фатографка, візуальная падтрымка ўсіх выступленняў Яўгена Горана. Праз 4 месяцы ёй будзе 40 гадоў, і яна не надта баіцца старэць.
Дзіна:
– Маё цела не ідэальнае, але мяне гэта не прыгнятае. І наогул я не лічу, што нейкая ідэальная фізічная форма – гэта залог шчасця. Калі ты хочаш быць няшчасным, то прасцей за ўсё знайсці заганы менавіта ў знешнасці. Маё разуменне прыгажосці – гэта не 90-60-90 і еўрапейскі тып асобы. Прыгажосць – паняцце неадназначнае. Як бы банальна ні гучала, але проста цела без унутранага зместу не можа быць прыгожым. Цела – гэта ж не прадмет. Тое, як чалавек выглядае, залежыць ад многіх фактараў: гены, лад жыцця і нават кнігі, якія ён чытае.

Я не хацела б зноў быць дваццацігадовай. Цяпер я лепш разумею сваё цела і яго механізмы, не баюся старэць. Адзінае, што дрэнна, – гэта тое, што цела пачынае падводзіць, баліць, хутчэй стамляецца, не дае жыць у звычайным рытме. Але ж упэўненасць у сабе і яго прыняцце значна цікавейшае за юнацкую гарачку. Я не лічу, што сэксуальнасць – у ідэальных прапорцыях.
У 12 гадоў я выглядала гэтак жа, як цяпер, толькі плюс дзесяць кілаграм. Я была абсалютным дзіцем, але выглядала як дарослая дзяўчына. Я расла ў Віцебску, і ў перыяд маёй маладосці мясцовыя мужчыны не адрозніваліся асаблівай выхаванасцю. Мне пастаянна даводзілася адбівацца ад іх жаданняў пазнаёміцца, прычым часцяком яны выказваліся ў даволі грубай форме.
Дысананс паміж унутраным і вонкавым застаўся. Мая фактура дыктуе пэўнае ўспрыманне мяне іншымі людзьмі: мяне лічаць брутальнай, жорсткай, той, якая любіць дамінаванне, але гэта ўсё не так. У мяне іншае адчуванне сябе. Я высокая, але мне здаецца, што ў сусвеце я займаю менш прасторы, чым на самай справе. Мой рост – 172 сантыметры, вага – 70 кг. Я заўсёды была прыкладна ў адной вазе, ніколі не была худой. Два гады займалася шэйпінгам і спынілася, калі трэнерка сказала, што трэба ўзважваць ежу.
Можа прагучаць дзіўна, але ў мяне вельмі моцная энергія. Я эмацыйны чалавек і моцна перажываю як добрае, так і дрэннае. Часта даводзіцца стрымлівацца. Калі моцна нервуюся, то паветра пачынае ледзь не вібраваць. І калі я перастаю сябе кантраляваць, то маё цела атрымлівае фізічныя траўмы, пачынаючы ад простага падзення і скончваючы пажарам у маёй віцебскай кватэры. Аднойчы ледзь не патанула, у іншы раз рукамыйнік адваліўся ад сцяны, калі я была вельмі злая. Разумею, што гучыць дзіўна, але такая заканамернасць ёсць.
«Тое, як чалавек выглядае, залежыць ад многіх фактараў: гены, лад жыцця і нават кнігі, якія ён чытае»
Твар
Гадоў да пяці ў мяне быў абсалютна такі ж твар, як на маміных дзіцячых фотаздымках. У тыя ж пяць гадоў я ў апошні раз бачыла свайго бацьку. Мама пайшла ад яго, яшчэ калі была цяжарная мной, і мы з ім толькі некалькі разоў бачыліся потым. Але чым старэйшай я станавілася, тым больш падабенства ў нас з'яўлялася – і зараз у мяне яго твар. Я зусім яго не памятаю, але калі захачу ўявіць, то дастаткова проста паглядзець у люстэрка.
«Я не хацела б зноў быць дваццацігадовай»

Грудзі
Не хачу быць нейкай іншай, не хачу быць мужчынам. Але, магчыма, калі б у мяне былі фінансавыя магчымасці, я паменшыла б грудзі. Хех, складана жыць з чацвёртым памерам.


Ногі
Ёсць стэрэатып, што калі чалавек прыгожы, то ў яго ўсё прыгожа. І наадварот. Многім людзям складана ўявіць, што ў чалавека з жыватом могуць быць прыгожыя рукі, напрыклад. Але ў любым чалавеку ёсць свая прыгажосць.
Мне пашанцавала з нагамі, дзякуй маміным генам і танцам. Я рэдка нашу кароткія шорты, але калі ўсё ж апранаю іх, то часта чую здзіўленыя фразы тыпу: «А ў цябе ногі прыгожыя, аказваецца». Як быццам гэта другая галава. Чаму ў мяне не можа быць прыгожых ног? Чаму гэта выклікае такое здзіўленне?
Татуіроўкі
Ну так, у мяне ёсць татуіроўкі. Яны нічога не азначаюць. Не думаю, што варта надаваць ім нейкае сакральнае значэнне, але і занадта легкадумна ставіцца да іх таксама не варта. Раней я сама набівала сябрам татуіроўкі, але аднойчы сябар сказаў: «Пакуль у цябе самой няма татуіровак, ты не можаш зразумець увесь працэс. Калі думаеш, што мне становіцца лягчэй падчас перапынкаў, то ты памыляешся. Лепш бі хутчэй».
Усе тату я набіла пасля 30 гадоў. Адзін працэс быў даволі пацешным: я ляжала ў крэсле каля незашторанага акна і думала: «Ой, што ж суседзі падумаюць?» Павярнула галаву – а там у доме насупраць людзі я*уцца прама на падваконніку.
«Мне пашанцавала з нагамі, дзякуй маміным генам і танцам»


Тэкст і фота – Таня Капітонава
Запускаем серыю інтымных інтэрв’ю, у якіх за герояў кажуць іх уласныя целы.
«Калі раптам застанешся без нагі, табе давядзецца прабегчы марафон». Фотабіяграфія гукарэжысёра без рук.
Разглядаем целы, слухаем гісторыі самай бачнай пары ў менскай хіп-хоп тусоўцы.
Што рабіць, калі чалавек нарадзіўся не таго полу, якім хацеў бы быць? Гісторыя транссэксуалкі Дыяны.
Агляд цікавостак, якія ўплываюць на наша жыццё.
Агляд цікавостак, якія ўплываюць на наша жыццё.
Заснавальнік Accidental Point прэзентуе альбом «Krope».
Калі гастраномія выходзіць за межы кухні.