Працягваем нашую інтымную рубрыку «Голас цела». Сённяшнія героі – Паліна і Федзя – распавядаюць пра татуіроўкі, імпланты, мікрадэрмалы, спліты, пірсінгі і тунэлі і як да іх ставіцца, калі ты трохі кібарг.
Паліна:
– Мяне раздражняе мая крохкасць – праз гэта людзі часта не ўспрымаюць мяне ўсур’ёз. Думаю, мне не зусім пасуе гэтае цела, таму што я сябе так не адчуваю. Я б хацела быць кібаргам – верагодна, таму і займаюся мадыфікацыямі цела. Гэта зусім не значыць, што я сябе не люблю ці што ў мяне ёсць нейкія комплексы, наадварот: я раблю гэта таму, што хачу быць яшчэ лепш для сябе, адпавядаць свайму ўнутранаму адчуванню.
Планую зрабіць сабе эльфійскія вушы і цалкам забіцца татухамі, але наогул усе ідэі прыходзяць спантанна, у мяне няма дакладнага плана трансфармацыі свайго знешняга выгляду. І калі з’яўляюцца новыя задумкі, я імкнуся іх тут жа ўвасабляць. Страшныя не самі аперацыі па мадыфікацыях, а іх чаканне. Калі іголка праколвае скуру, усё астатняе становіцца ўжо ўсё роўна.
Наогул мне цяжка зразумець людзей, якія дрэнна ставяцца да эксперыментаў над сваім целам. Па сутнасці, ты можаш і павінен быць такім, якім табе цікава быць. Галоўнае – не зацыклівацца толькі на знешнім выглядзе, бо важней тое, што ўнутры, незалежна ад таго, ёсць у цябе татуіроўкі або пірсінг ці няма. Камусьці падабаецца ўдасканальваць сваё цела пры дапамозе фізічных практыкаванняў, камусьці – скакаць у палонку або хадзіць па вуглях, а хтосьці знаходзіць сябе ў тым, каб забівацца татухамі і рабіць сабе мадыфікацыі. І гэта выдатна, што ўсе такія розныя і выяўляюць сябе па-рознаму.
Федзя:
– Маё стаўленне да ўласнага цела наўрад ці адрозніваецца ад стаўлення любога адэкватнага, свядомага чалавека да свайго. Па сутнасці, гэта абалонка.
Цяпер складана каго-небудзь здзівіць такімі мадыфікацыямі, як у нас: большасць людзей такое ўжо бачылі. Гадоў пяць таму ўсё было па-іншаму: менскіх чувакоў з простымі тунэлямі ў вушах можна было па пальцах пералічыць. У мяне ўжо гады тры не пытаюцца ні пра пірсінгі, ні пра татуіроўкі. Я часам забываю аб тым, што ў мяне ўсё гэта ёсць, – успамінаю толькі ў душы і каля люстэрка.
«Маё стаўленне да ўласнага цела наўрад ці адрозніваецца ад стаўлення любога адэкватнага, свядомага чалавека да свайго. Па сутнасці, гэта абалонка»
Першая мадыфікацыя – самастойны пракол губы. Затым праколваў усё, што можна было пракалоць у хатніх умовах, а потым ужо пайшоў да майстроў рабіць тунэлі ў вушах і пірсінг у шчоках.
Твар
Паліна
Мне было 12 гадоў, калі я пракалола сабе губу, а потым стала цягнуць вушы. Гэта не падабалася дырэктару школы, мяне пастаянна выклікалі на розныя педсаветы, дзе ўсяляк псіхалагічна ціснулі і казалі, што я палохаю дзяцей. Яны не маглі прыняць таго, што камусьці ў галаву прыходзяць новыя ідэі. Гэтымі размовамі настаўнікі нанеслі мне велізарную траўму. А яшчэ кожны раз, калі я прыходжу ў паліклініку, дактары гавораць са мной не пра тое, чаго я прыйшла, а навошта я размалявала сябе. Гэта стамляе. Я ж не пытаюся, навошта вам хімічная фрызура фіялетавага колеру. Аднойчы ў мяне збіўся цыкл, і доктарка сказала, што гэта праз тое, што ў мяне пірсінг у лбе, які быў праколаты ў раёне трэцяга вока. Паўтаруся, гэта сказала ўрач.
«Я б хацела быць кібаргам – верагодна, таму і займаюся мадыфікацыямі цела»
Пірсінг на пераноссі самы свежы – яму літаральна пару тыдняў. У асноўным упрыгожванні я нашу прыкладна год. У мяне была праколатая перагародка носа, на лбе быў мікрадэрмал. Яго я любіла больш за ўсё, але яго прыйшлося выдаліць, калі мы надоўга паехалі з намётамі ў падарожжа. Я падумала, што ў дарозе будзе вельмі складана знайсці майстра, які зможа дапамагчы, калі штосьці здарыцца з гэтым імплантам.
«Кожны раз, калі я прыходжу ў паліклініку, дактары гавораць са мной не пра тое, чаго я прыйшла, а навошта я размалявала сябе. Гэта стамляе. Я ж не пытаюся, навошта вам хімічная фрызура фіялетавага колеру»
Паліна
Спліт рабіў мой майстар па мадыфікацыях – мы з ім працуем разам. Ён таксама прабіваў мне смочкі. Разразанне языка – гэта самае балючае з усіх маіх мадыфікацый, проста 10 з 10. Спачатку трэба было высунуць язык, каб яго заціснулі і абязболілі, потым майстар зрабіў доўгі разрэз – ледзь не да асновы языка – і стаў зашываць. Паўсюль цякла кроў, быў чутны пах – так сабе адчуванні. Праз хвілін 40 сышоў эфект абязбольвальнага – і тады пачаўся самы замес. За першыя пяць сутак пасля аперацыі я прайшла праз усе колы пекла і думала, навошта я гэта зрабіла. Я не магла ні есці, ні піць, ні гаварыць. Першыя тры дні мне ў рот пастаянна цякла кроў – толькі гэтым я і кармілася. Сядзела на абязбольвальных таблетках, мозг стаў працаваць павольней, разбухлі лімфавузлы. Але калі знялі швы, усё зноў стала выдатна, і больш я не сумнявалася ў сваім рашэнні. Мне зусім не перашкаджае новы язык, ён не паўплываў ні на гаворку, ні на адчуванне густаў. Праўда, першы час гаварыць можна было толькі падшапётваючы. Падумваю яшчэ аброць пад языком выдаліць.
Федзя
Разрэз – гэта на ўсё жыццё, ён наўрад ці зрасцецца. Таму, калі ёсць якія-небудзь сумневы, лепш не раздвойваць язык. Але мне здаецца, што з раздвоеным стала нават зручней, хоць я ні за што не паўтарыў бы гэтую аперацыю.
«Разразанне языка – гэта самае балючае з усіх маіх мадыфікацый, проста 10 з 10»
Імплант
Федзя
Імплант ужыўлялі каля гадзіны. Было не вельмі балюча, таму што ўсё адбывалася пад анестэзіяй. Зрабілі надрэз, сталі адслойваць скуру ад мяса – атрымалася кішэня, куды і ўклалі гэты сіліконавы кастэт, а потым зашылі разрэз. Потым гэтая вобласць цела апухла і пасінела, трэба было вельмі асцярожна абыходзіцца са сваім целам, не перагравацца і не насіць цяжару. Зажываў імплант каля месяца, а ідэальна зросся з целам дзесьці праз год.
Калі я рабіў гэтую мадыфікацыю, не было асаблівай разнастайнасці сярод формаў імплантаў. Былі папсовыя трыкутнічкі, зорачкі і ўсякія сардэчкі. Я абраў кастэт – гэты вобраз лёгка чытаецца.
Паліна
Чым больш на мне татуіровак, тым лепш я да сябе стаўлюся – лічу, што гэта сапраўды ўпрыгожвае, чыстае цела здаецца нейкім голым. Татуіроўка – гэта вельмі магутны абмен энергіяй, штосьці сакральнае і амаль святое, ты ў кожным малюнку ўвекавечваеш адбітак самой сябе. Гэта мастацтва, асаблівая каштоўнасць якога ў тым, што яно памрэ разам з носьбітам. Можа быць, мае мадыфікацыі цела – гэта спроба зрабіць з яго жывы арт-аб’ект?
У мяне ёсць тату, якія проста спадабаліся візуальна, але большасць маіх татух аўтабіяграфічныя, я ўкладвала свае сэнсы і гісторыі ў іх малюнкі. Каток – гэта партрэт майго ката, які нядаўна памёр. Год таму ён захварэў, а мне хацелася, каб ён жыў заўсёды, таму такім чынам я яго ўвекавечыла.
На правай назе я нядаўна зрабіла новую татуіроўку, яе пастаянна трэба змазваць, таму яна і блішчыць. Татуіроўку на спіне мне рабіла адна дзяўчынка, але потым яна з’ехала, і цяпер гэты малюнак дарабляе іншы майстар. Гэтая праца яшчэ не скончаная, таму спіну я стараюся не паказваць.
Федзя
Па асобнасці мае татуіроўкі наўрад ці нясуць нейкі сэнс. Але ў спалучэнні яны ўтвараюць канцэпцыю майго погляду на жыццё: я стараюся быць пазітыўным і ўсюды шукаць яркія фарбы. Гэта адлюстроўваецца на левай руцэ, а на правай, наадварот, усё больш змрочнае – для раўнавагі. У татуіроўках для мяне важней за ўсё стылістыка.
Як набіваць тату, якую выбраць машынку і на кім лепш трэніравацца – пяць парадаў для татуіроўшчыкаў-пачаткоўцаў.
Запускаем серыю інтымных інтэрв’ю, у якіх за герояў кажуць іх уласныя целы.
У наступным выпуску самай вуаерыстычнай рубрыкі «Голас цела» разглядаем худзізну, шнары і смочкі Ягора Кіпы.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Адсочвай маніфлоў, адкладай на мару, пампуй добрыя звычкі.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
Гутарка пра прызы, фестывалі, магчымасці і мары.
КАМЕНТАРЫ (1)
шэсьць гадоў навучаньня, інтарнатура і ўсё дзеля таго, каб сказаць што ўсё з-за пірсінгу ў ілбе. Гэта гамон канешне.
а так абаім лайк)