Дата тыдня: 20 чэрвеня – Дзень бежанцаў
- Рубрыка: УЛОЎ
- 17.06.2019
- 6367
20 чэрвеня – дзень, калі ў свеце адзначаюць мужнасць і стойкасць мільёнаў людзей, якія былі вымушаныя пакінуць свой дом і шукаць паратунку недзе за межамі радзімы. Ты можаш салідарызавацца з імі, паслухаўшы іх няпростыя гісторыі і нават пагуляўшы ў футбол. Івэнты ладзіць праваабарончая арганізацыя Human Constanta.
Калі: 18 чэрвеня.
Дзе: Менск, «Пясочніца».
Што: Будуць паказваць кароткаметражны анімацыйны фільм «22 спробы». Тут жа адбудзецца публічная чытка жывых гісторый пра досвед розных людзей, чыё жыццё кардынальна змянілася ў адзін момант. Чытаць будуць праваабаронцы, актывісты, журналісты, а яшчэ спявачка Руся (Shuma). Тут жа зладзяць экспазіцыю партрэтаў бежанцаў у Берасці ад Аляксандра Васюковіча «Крэпасць Еўропы. Усходні бастыён». Усё, што пабачыш, пачуеш і адчуеш, можна будзе абмеркаваць.
Калі: 19 чэрвеня.
Дзе: Парк Горкага, Менск.
Што: Аматарскі футбольны клуб «Аўтазак» запрашае ўсіх жадаючых паганяць мяч. Сэнс у тым, каб паказаць, што футбол – гэта насамрэч гульня для ўсіх, і ў ёй няма месца дыскрымінацыі і нянавісці (нават калі камусьці падаецца, што ё). Тут можна не ўмець даваць віртуозных пасоў: проста бяры спартыўны абутак і думай сабе, што ты Антуан Грызман ці Хоўп Сола.
Калі: 19 чэрвеня.
Дзе: Прастора КХ, Берасце.
Што: Тут таксама будуць чытаць жывыя гісторыі пра досвед бежанцаў і абмяркуюць тэму міграцыі, якая для Берасця – кашуля, да цела блізкая. У чытцы паўдзельнічаць акторы і акторкі Тэатра «Крылы Халопа». Візуальна івэнт падкрэпіць выстава партрэтаў бежанцаў у Берасці ад Аляксандра Васюковіча.
Уваход на ўсе мерапрыемствы прынцыпова бясплатны.