У Менск едзе stand-up комік Дылан Моран
- Рубрыка: УЛОЎ
- 30.01.2019
- 8439
Дачакаліся: 15 красавіка ў Менск заруліць адзін з круцейшых stand-up комікаў свету, акцёр і пісьменнік Дылан Моран. Ірландзец з ідэальным пачуццём гумару прэзентуе ў ДК «МАЗ» праграму «Доктар Космас».
Калі ты глядзеў(-ла) серыял «Кнігарня Блэка» («Black Books»), то далейшы тэкст для цябе не мае асаблівага сэнсу. Напісаны і сыграны Моранам персанаж – уладальнік кніжнай крамы, мізантроп з катастрафічна нямытымі валасамі, які больш п'е і чытае, чым кіруе бізнесам, – напэўна ўвайшоў у твой асабісты спіс любімых сітком-герояў. Калі ж ты не знаёмы(-ая) з гэтым ТБ-шоу, то вось табе выпадковы паказальны эпізод.
Акрамя кіношнай дзейнасці Дылан Моран шмат гадоў робіць стэндап здаровага чалавека, распавядаючы пра ўсё на свеце з забойным сарказмам. Выданне Evening Standard справядліва называе яго «master of grumpiness» («майстар бурчання»).
Са стэндапам Моран прыязджае ў Менск упершыню, але ў горадзе ўжо бываў: падчас падарожжа з Санкт-Пецярбурга ў Кіеў акцёр заходзіў у блаславёны «Цэнтральны». Праўда, ці зацаніў слойку са шпінатам – хто яго ведае.
Квіткі на «Доктар Космас» ужо ў продажы. Кошт: ад 43 да 88 BYN.