20669 0

Халопам па Еўропам

Адзін з самых авангардных беларускіх тэатраў «Крылы Халопа» адчыніў у цэнтры Берасця ўласную творчую «Прастору». Мы прыехалі ў галоўны перавалачны пункт ва Усходняй Еўропе, каб заканспектаваць гісторыю дагэтуль не вядомых шырокай публіцы культурных змагароў.

 

«Свабодны тэатр»

У канцы мінулага года ў Берасці адчыніла свае дзверы «Прастора КХ» – памяшканне ў жылым доме на вуліцы Халтурына. Халтурыць тут, аднак, ніхто не збіраецца. За некалькі месяцаў гэтае месца з прыязнай атмасферай абрасло культурніцкімі і адукацыйнымі ініцыятывамі: моўныя курсы, дзіцячыя ўоркшопы і лекцыі – і гэта яшчэ не ўвесь расклад. У будучыні «Прастора» можа з лёгкасцю пераўтварыцца ў невялікую мастацкую галерэю.

Ідэя яе адкрыцця належыць берасцейскаму незалежнаму тэатру «Крылы Халопа» – адсюль і абрэвіятура ў назве. За мінулыя чатырнаццаць гадоў гэтыя культурныя партызаны зладзілі на заходняй ускраіне Беларусі некалькі вулічных святаў, фестываль у лесе, два дзясяткі мастацкіх акцый у пленэры і паставілі каля дзесяці спектакляў. На фоне аднаго драматычнага і аднаго лялечнага тэатраў, што працуюць у Берасці, альтэрнатыва даволі буйная. Але нягледзячы на гэта тэатр пакуль вядомы толькі ў вузкіх колах.

 

 

У 2001 годзе трупа пачала працу пад назвай «Свабодны тэатр» – не блытаць з іншым «Свабодным тэатрам». Сутнасць іх дзейнасці можна звесці да формулы «неабыякавае мастацтва». «Мяне ніколі не вабіў забаўляльны тэатр, – распавядае Аксана Гайко, рэжысёрка «КХ». – Нам хацелася ў сваіх спектаклях падымаць пытанні, важкія і актуальныя для грамадства, тыя, што адлюстроўвалі б рэчаіснасць. Станаўленне тэатра было нашым адказам на тое пачуццё апатыі і нават аморфнасці, якое панавала на пачатку нулявых. Зрэшты, да сённяшняга дня мала што змянілася».

З таго часу незалежны берасцейскі тэатр эксперыментуе з жанрамі і формамі. Як прызнаюцца стваральнікі, гэта і вулічны, і сацыяльна-палітычны тэатр. Магчыма, вызначэнне нішы для іх будзе нават лішнім, бо ў «Крылаў Халопа» змест перамагае над формай. Трупа звяртаецца да тэкстаў Янкі Купалы, Хармса, Пражко і Франца Кафкі, а разам з тым – да клаўнады ды пантамімы. Яны ставяць дакументальныя спектаклі, працуюць з дзецьмі, у якіх у выніку атрымліваецца ўласны тэатр ценяў.

«Недзе ў 2009-м мы далі пачатак берасцейскаму тэатральнаму фестывалю “Белая Вежа”, паказаўшы вулічны спектакль-парад “Малефіцыум”. На афішах наш тэатр нават не быў згаданы, гараджане думалі, што гэта палякі прыехалі, – успамінае Аксана. – Але відовішча было сапраўды моцнае, і таму праз некалькі гадоў нам дазволілі паўтарыць спектакль на Дзень горада. У гэтым шэсці разам з акторамі, барабаншчыкамі і фаершчыкамі па галоўнай вуліцы ішло літаральна паўгорада». Калі трупа канчаткова стамілася тлумачыць, што не мае нічога агульнага з іншым «Свабодным тэатрам», рабяты сабралі гледачоў і абвясцілі «Маніфест канца». Гэтак у 2011-м з’явіліся «Крылы Халопа».

 

 

«Крылы Халопа»

 

Актывісты жартуюць, што на доўгім творчым шляху самымі адданымі іх гледачамі былі гопнікі з мікрараёна Вулька, дзе калісьці месцілася першая рэпетыцыйная база тэатра. У тамтэйшым доме культуры, дарэчы, рэпетаваў свой «20-сантыметровы» альбом і гурт «Дай Дарогу!». Дык вось, гопнікі ў спартовых касцюмах завіталі неяк на рэпкропку ў надзеі навешаць каму-небудзь п*здзюлей, але канфлікту ўдалося пазбегнуць дзякуючы дыпламатыі, а мясцовая братва зрабілася заўсёднікамі сярод гледачоў. Хуліганы наведвалі нават прагоны спектакляў, а калі тэатр пераязджаў, падарылі трупе сувенірны ровар на развітанне. На Вульцы тры гады запар акторы ладзілі «Свята вуліцы Падгародскай» – гэткі фестываль для мясцовых, з ўоркшопамі, спектаклямі ды канцэртамі. Акрамя таго, актывісты паспелі папрацаваць з дзецьмі з дзіцячых дамоў і нават з чачэнскімі бежанцамі, лагер для якіх створаны пад Варшавай.

Лена, акторка і менеджарка «Прасторы», расплываецца ў шырокай усмешцы, успамінаючы былыя часы росквіту, калі і трупа была чалавек пад 25, і зімы былі больш снежныя. Галоўным быў пастаянны рух. «Неяк мы Каляды святкавалі, нарабілі страшных масак, узялі баян і пайшлі калядаваць па сябрах. Аксанін брат, які быў адным з пачынальнікаў тэатра, граў казу. Я бачыла шмат добрых акторскіх працаў, але лепшай казы я не сустракала», – жартуе Лена. Пазней на фундаменце каляднага чылінгу і самаробных масак паўстаў спектакль «Як каза за сонцам хадзіла». Яго тэатр і паказваў у дзіцячых дамах.

Творчыя палёты «Крылаў Халопа» дасягнулі замежных фестываляў, напрыклад, у Даніі ды Украіне. У 2010 годзе за спектакль «Працэс» яны атрымалі Галоўны прыз журы на міжнародным тэатральным фэсце Drabyna ў Львове. Берасцейскі тэатр – жаданы госць амаль на кожным фестывалі ў суседняй Польшчы, дзе гэты від мастацтва, дарэчы, бурна развіваецца. На фоне частых выступаў на замежных пляцоўках паказваць «наватарскія» пастаноўкі ў родным горадзе да гэтага часу даволі складана.

 

Некалькі гадоў таму, калі было вырашана зладзіць чытку п’есы Паўла Пражко «Трусы», прадстаўнікі мясцовых уладаў запрасілі тэатр прадэманстраваць яе спачатку адмыслова скліканай мастацкай радзе. На «перадпрэм’еру» сабраліся гарадскія начальнікі ды творчая інтэлігенцыя. Прэзентаваць п’есу яны не дазволілі, спаслаўшыся на неэстэтычнасць пастаноўкі. Асабліва неэстэтычнымі камісіі падаліся якраз жаночыя майткі ў якасці дэкарацый. На спробы аспрэчыць рашэнне прагучаў жалезны аргумент: «Калі вам наш Уладзімір Уладзіміравіч ужо сказаў, што не трэба гэта ставіць, хто вам лепш за яго скажа?» Шанцаў знайсці іншую сцэну амаль не было, і тады «Крылы Халопа» зладзілі анлайн-трансляцыю спектакля – яго і сёння можна адшукаць у сеціве.

Гісторыя паўтарылася з дакументальнай пастаноўкай «Чарнобыль» – акторам адмовілі ў памяшканні за некалькі дзён да прэм’еры. Спектакль, тэма якога і сёння баліць кожнаму беларусу, паказалі на сцэне «Прызбы» ўлетку, і пасля ляснога фэсту тэатр вырашыў узяць паўзу. Аднак перапынак не азначае поўны штыль.

Цяпер тэатралы займаюцца ўласнай арт-прасторай, не забываючы пра стары дэвіз: «Калі хочаш свята – зрабі яго сам». Падаецца, дзякуючы такім ініцыятывам горад чыгункі і памежнікаў робіцца people-friendy.

«Калі хочаш свята – зрабі яго сам»

 

    FACEBOOK  | VK.COM

Фота by aleksasha і teatrkh.com


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.