Чаму закрылася прастора Moving Art Factory?
- Рубрыка: УЛОЎ
- 16.03.2021
- 5406
Сёння, 16 сакавіка, стала вядома, што менская прастора MAF канчаткова закрываецца, а фестываль Moving Art Festival, што колькі разоў пераносіўся, так і не адбудзецца. Спыталі ў дырэктаркі MAF Яўгеніі Арловай, што здарылася.
Да фестывалю былі датычныя тры бакі: арэндадаўца – ЗАТ «Гарызонт Белінвест-Дэвелапмент» у асобе Іны Кавалёвай, уладальнік – заснавальнік MAF Эцьен Вацье, працаўнікі і арганізатары фэсту. Напрядадні адкрыцця фестывалю паміж арэндадаўцам і ўладальнікам прасторы ўзнік канфлікт. У выніку ўдзельнікі фестывалю не змаглі трапіць на пляцоўку, а некаторыя арт-аб’екты і па сёння знаходзяцца за зачыненымі дзвярыма на «Гарызонце». У дзень запланаванага адкрыцця, 6 сакавіка, арганізатары Moving Art Festival заявілі пра перанос на 20 сакавіка, але і гэтым планам спраўдзіцца было не наканавана.
Яўгенія Арлова, дырэктарка MAF
«Па арэндзе ў нас была адтэрміноўка да 20 студзеня, уладальнік павінен быў пагасіць запазычанасць, але крыху спазніўся, таму што трапіў у бальніцу і знаходзіўся ў цяжкім стане (ёсць даведка). Ён быў на сувязі з “Гарызонтам” увесь гэты час. Спярша дамовіўся з дырэктарам, каб яны пачакалі яго прыезду. Яны далі згоду, але з таго моманту ў маім жыцці пачалося пекла, бо трымаць дзверы адчыненымі “Гарызонт” пагадзіўся толькі на пэўных умовах, і гэтых умоў было шмат. Аж да таго, каб я ўзяла на сябе даручальніцтва сваёй асабістай маёмасцю за ўсе даўгі інвестара за ўсе перыяды. Даціснулі мяне амаль да згоды аддаць у заклад машыну.
Але фінчастка – гэта не ўсё: мяне прымусілі падаваць пашпартныя дадзеныя ўсіх, хто праводзіць мерапрыемствы ў MAF, прадастаўляць усе дамовы, апавяшчаць пра сумы, якія нам плацяць, перадаваць кантактныя нумары тэлефонаў супрацоўнікаў і ўдзельнікаў. Потым яшчэ папрасілі ў мяне сцэнары ўсіх мерапрыемстваў – нават трэніровак, і нарэшце сказалі прыбраць з праграмы палову артыстаў.
Пад рызыкай адмены фэсту я рабіла ўсё, але ў нейкі момант, калі інвестар даведаўся пра гэта, ён катэгарычна выказаўся супраць такіх умоў – сказаў, што хоча скасаваць дагавор з “Гарызонтам”, бо праводзіць фэст там небяспечна, а далей знік з сувязі са мной і з “Гарызонтам”. У мяне былі парывы арандаваць пляцоўку ад сваёй асобы, абы правесці фэст. Там спачатку пагадзіліся, але праз тыдзень адмовіліся і таксама перасталі выходзіць на сувязь.
Я хацела перанесці фэст на Кальварыйскую, 21, але я не магу гэта зрабіць праз тое, што “Гарызонт” не аддае рэчы, якія не належаць ні яму, ні MAF’у: карціны, гук, святло, дакументы арганізацыі, стэнды для выставы, абсталяванне бара. Да таго ж фестываль быў адаптаваны пад гэтую пляцоўку (у якую за тры гады, дарэчы, было ўкладзена 250 000 даляраў), пад гэтыя даты і пад гэтых артыстаў. Новая пляцоўка не вырашае праблемы ўзгаднення новых дат і праграмы. Гэта праца з нуля, па сутнасці, новы фестываль.
Закрыць MAF, да якога мы ставіліся як да свайго роднага дому, было не рашэннем, а вымушанай мерай. І калі б зараз з'явіўся хоць нейкі шанец некуды перанесці фэст і прастору, я б гэта зрабіла. Усё яшчэ мару пра тое, што новае месца знойдзецца».
Прадстаўніца «Гарызонта» Інна Кавалёва дала парталу TUT.BY сціслы каментар: «Мае месца факт парушэння з боку МАФ дамоўных адносін, у тым ліку фінансавых абавязацельстваў. Гэта асноўныя прычыны абмежавання доступу».
Каб вярнуць грошы за квіток, трэба запоўніць форму.