Выйшла «ласачка босачка» – кніга-эксперымент па раскансервацыі беларускіх замоў

Ула Кароткі (якога ты можаш ведаць па праекце «забі зяпу») выпусціў самвыдавам кнігу «ласачка босачка». Гэта вынік калектыўнага эксперыменту з замоўнымі тэкстамі яго прабабулі.

Пад куратарствам Улы 15 аўтарак і аўтараў у розных складах дзевяць разоў збіраліся ў зуме, каб чытаць замовы, якія дваццаць гадоў прыхоўвала ў нататніку Улава цётка з Масквы. Прабабуля Улы – баба Маня – жыла ў вёсцы Рухава Старадарожскага раёна і шэптам лекавала тамтэйшых людзей. Атрымаўшы тэксты ад цёткі, Ула вырашыў разабрацца, як працуюць гэтыя замовы, – так паўстала ідэя калектыўнай супрацы над тэкстамі, якія традыцыя трактуе як сакральныя, пераўтвараючы ў гэткі музейны экспанат. Новае прачытанне замоў прабабулі – гэта намаганне адмовіцца ад застылага погляду, спроба напоўніць замоўныя тэксты эмоцыямі і патрэбамі сучаснага чалавека.

Падчас чытанняў тэксты змяняліся, дадаваліся новыя сказы, знікалі старыя, змяняліся структура і рытм. У выніку на паперу трапілі зусім новыя тэксты, створаныя па сваіх правілах. У творчым эксперыменце бралі ўдзел тоні лашдэн, Ганна Комар, Цімур Кудзеліч, Слава Кміт, Вікця Удовіна і іншыя маладыя аўтаркі ды аўтары са сваімі ўнікальнымі стылямі.

Пад вокладкай чытачы і чытачкі знойдуць 15 замоўных тэкстаў і тры асабістыя Улавы эсэ: пра ўласна эксперымент, пра ідэю прызначэння, пра савецкі ўплыў на вёску, дзе жыла прабабуля Маня.

 

 

Ула Кароткі, аўтар


«Тэма беларускіх замоў звычайна разглядаецца выключна ў гістарычным кантэксце. Нягледзячы на тое, што ў Беларусі ўсё яшчэ ёсць шаптухі ды шаптуны, калі мы – жыхары сучасных буйных гарадоў – звычайна чытаем пра замовы, у нас ёсць вялікая дыстанцыя. У гэтай кнізе мы з паэтамі і паэткамі спрабуем яе паменшыць, убачыць у тэкстах маёй прабабулі не старажытную гісторыю, а адбітак жывой практыкі. І гэтую практыку зрабіць актуальнай зноў. З павагай і асцярожнасцю.

За савецкім часам беларускія традыцыі пачалі ўспрымацца як частка гісторыі. Восеньскія песні, пахавальныя абрады і шэпты для маёй прабабулі не былі гісторыяй, яна гэтым жыла. Савецкі чалавек для мяне  – гэта гарадскі працоўны, не беларус, а грамадзянін СССР. Культура яго – “Ирония судьбы”, піянерства ды хрушчоўкі. Гэтая кніга – спроба дэкаланізаваць традыцыю беларускіх замоў, зрабіць іх зноў карыснымі і жывымі. Спроба падняць дыскусію пра тое, што ёсць беларуская гісторыя, а што – беларуская сучаснасць».

 

  Замовіць кнігу ў Беларусі можна праз гугл-форму, а ў іншых краінах свету – праз cэрвіс ko-fi. Можна на паперы, а можна – у электронцы.