«22 спробы»: анімацыйны фільм пра бежанцаў у Берасці
- 06.07.2018
- 11885
Галандскі аніматар Ян Пол стварыў праект Clear, каб праз анімацыю распавядаць, як працуюць беларускія НДА. Ён адшукаў мастакоў і мастачак і з гэтай ідэяй прыехаў у Беларусь. Галандска-беларуская калабарацыя абсталявала на месяц студыю ў каворкінгу Imaguru, з’ездзіла ў Берасце, сустрэлася з Human Constanta, валанцёрамі і бежанцамі і ў выніку стварыла анімацыйны фільм «22 спробы». Напярэдадні прэзентацыі мы завіталі ў майстэрню і пагутарылі з камандай.
Хто ў камандзе?
Ян Пол Дабельман
дырэктар, аніматар, рэжысёр фільма, супрацоўнічае з Домам Ганны Франк у Амстэрдаме
Даша Сазановіч (aka Sheeborshee)
арт-дырэктарка, мастачка
Райнір Пірсман
3D-аніматар, жыве ў Амстэрдаме
Наталля Сурыновіч
2D-аніматарка, працавала ў «Союзмультфильме»
Пра Clear
Ян Пол: Я даўно супрацоўнічаю з Домам Ганны Франк у Амстэрдаме. Гэта не толькі музей, але і праваабарончая арганізацыя. Мы ствараем відэа пра гісторыю і правы чалавека. Звычайна ў НДА няма бюджэту альбо ідэі, альбо і таго і другога, але ў іх ёсць вялікі патэнцыял. Таму я стварыў анімацыйны праект Clear. Слоган праекта – візуалізацыя гуманнасці. Мы робім анімацыю не пра НДА, а для НДА. Так мы можам растлумачыць аўдыторыі, чым займаюцца гэтыя арганізацыі.
«22 спробы» – гэта першы праект Clear, які стартуе ў Беларусі і фінансуецца Амбасадай Нідэрландаў. Мы хацелі, каб людзі з Заходняй Еўропы без цяжкасцяў зразумелі мэсэдж, таму выбралі даступны спосаб камунікацыі – анімацыю.
Пра фільм
Ян Пол: У нідэрландскай амбасадзе мне выдалі спіс беларускіх арганізацый. Я прапанаваў Human Constanta паўдзельнічаць у праекце, і яны вельмі хутка пагадзіліся. Да таго ж тэма бежанцаў актуальная і ў Заходняй Еўропе.
Даша: Спачатку мы даследавалі тэму: прачыталі ўвесь кантэнт, які змаглі знайсці, з'ездзілі ў Берасце, сустрэліся з каардынатарам місіі Human Constana, валанцёрамі, бежанцамі. Для пяціхвіліннага сцэнара мы выціснулі з гэтай тэмы ўсё, што маглі. Тыдзень мы пісалі сцэнар усёй камандай, а для стварэння музычнай кампазіцыі падключылі Вову Патапенку.
Пра лірычнага героя
Ян Пол: Асноўныя катэгорыі бежанцаў – сям'я альбо самотны мужчына, якія часцей за ўсё бягуць ад катаванняў або кроўнай помсты.
Даша: У якасці лірычнага героя мы абралі мужчыну. Яго завуць Руслан. Ён траўмаваны падзеямі, якія адбыліся ў яго на радзіме. Па нашым сцэнары ён падвяргаўся катаванням і зараз знаходзіцца ў стане параноі.
У Берасці бежанцы знаходзяцца ў стане часавай пятлі. Жывуць у хостэлах, выпісваюцца, потым а сёмай раніцы садзяцца на электрычку да Цярэспаля, едуць, атрымліваюць штамп адмовы, вяртаюцца назад. Увесь трып доўжыцца 15 хвілін. Людзі захрасаюць у Берасці на некалькі месяцаў і сутыкаюцца з ксенафобіяй у Беларусі.
Ян Пол: Мы не хацелі паказваць сумную стэрэатыпную сям'ю. Гэты фільм не пра сум, а пра асабісты досвед, які глядач можа перажыць, гледзячы фільм. Па сутнасці, мы ўвасобілі чалавечую гісторыю, якую пачулі ад Human Constanta.
Наста Лойка
праваабаронца арганізацыі Human Constanta
– Ян Пол хацеў зрабіць анімацыйныя ролікі менавіта для беларускіх праваабарончых арганізацый. Амбасада Нідэрландаў дала кантакты розных арганізацый, і па выніку камунікацыі з нашай спецыялісткай па сувязях Янай Ганчаровай ён вырашыў пачаць такую супрацу з нас. Для нас гэта было вельмі важна.
У Берасці ўсё яшчэ ёсць людзі, якіх мы называем «транзітнымі бежанцамі» – гэта тыя, каму пагражае небяспека ў краіне паходжання, але для якіх Беларусь не з’яўляецца бяспечнай краінай таксама. Па выніках нашага даследавання за лістапад-красавік каля 90% бежанцаў – выхадцы з Чачні.
На пачатку ліпеня 2018-га штодзень спрабуюць патрапіць у Польшчу ад 5 да 20 сем’яў ці асобных людзей. З іх прапускаюць толькі аднаго чалавека ці адну сям’ю.
Усяго зараз у Берасці прыблізна каля 150 чалавек.
Людзі часта ўспрымаюць усё эмацыйна. У тэме міграцыі гэта найбольш заўважна і праз тое, што моцна працуе тэлепрапаганда. Большасць людзей у Беларусі ніколі не сутыкаліся з тымі замежнікамі, але ўжо маюць негатыўны вобраз. Такая анімацыя, як і любыя іншыя мастацкія прадукты, могуць выклікаць іншыя эмоцыі – спачуванне, цікаўнасць ці банальную чалавечую эмпатыю. Бо людзі не заўжды гатовыя слухаць факты.
Мяне вельмі закрануў ролік. Мы не ацэньваем прычыны ўцёкаў гэтых людзей: лічым, што гэта не наша задача. Аднак такі візуальны напамін пра страшныя рэчы ў Чачні і іншых кутках свету выклікаюць трывогу, боль і жаданне штосьці з гэтым зрабіць. Нават праз дапамогу гэтым людзям тут. Спадзяюся, ролік дапаможа паглядзець на людзей на берасцейскім вакзале трошкі інакш, з больш чалавечнага пункту гледжання, як на людзей са сваёй няпростай гісторыяй.
Для новых праектаў Ян Пол шукае прафесіяналаў у крэатыўнай сферы: дызайнераў, ілюстратараў, аніматараў, сторытэлераў. Калі ты маеш досвед працы і хочаш займацца карыснай справай, пішы Ян Полу.
Фота – Віялета Саўчыц
КАМЕНТАРЫ (1)
очень круто