Паўнавартаснае святкаванне Дня Волі сёлета адбудзецца ў Горадні
- Рубрыка: УЛОЎ
- 19.03.2019
- 6431
Арганізатары свята БНР100 не атрымалі дазволу паўтарыць вялікую імпрэзу ў Менску і запрашаюць усіх жадаючых на канцэрт у Горадню.
Летась гадавіну стварэння БНР паспяхова святкавалі каля Опернага тэатра, але ў 2019-м улады не дазволілі беларусам памахаць бчб-сцягамі дзесьці акрамя традыцыйнага «гета» каля плошчы Бангалор. Арганізатараў свята такі расклад не задавальняе. «Бангалор не адпавядае маштабу і характару імпрэзы, і прапанова святкаваць незалежнасць сваёй краіны там – гэта знявага для беларусаў, для якіх важныя каштоўнасці свабоды і незалежнасці», – заявілі яны.
Было вырашана зладзіць імпрэзу ў Горадні, дазвол ужо атрыманы. 23 сакавіка ў Каложскім парку, з 13:00 па 17:00, адбудзецца святочны мітынг і канцэрт. За музычную частку адказваюць Лявон Вольскі, «Дай Дарогу!», Dzieciuki, «Крама», Зміцер Вайцюшкевіч. Таксама будуць кірмаш, фуд-корт, дзіцячая пляцоўка. Уваход вольны.
Тым, хто не плануе ці не можа наведаць другую сталіцу БНР, прапануюць далучыцца да дэцэнтралізаванага святкавання 25 сакавіка: вывесіць бчб-сцяг на сваім балконе, упрыгожыць сімволікай БНР асабісты аўтамабіль, запусціць у 21:00 феерверк ці ў любы час прынесці кветкі да дома на Валадарскага, 9, у Менску, дзе была падпісаная трэццяя ўстаўная грамата БНР.
34mag таксама падкідвае аж чатыры адмысловыя варыянты святкавання 101-годдзя незалежнасці.