Падкаст дня: «Іншыя гісторыі»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 03.05.2024
- 2239
У сеціве можна паслухаць ужо чатыры выпускі падкасту «Іншыя гісторыі», у якім беларускі і беларусы дзеляцца ўнікальным жыццёвым досведам. У іх гісторыях шмат цяжкага і амаль невыноснага, але таксама яны могуць мець падтрымальны эфект.
Слухаючы падкаст, можна пазбавіцца розных стэрэатыпаў, адчуць сябе не сам-насам са сваімі праблемамі і атрымаць адказы на пытанні, задаць якія самім было б сорамна або няёмка. Вядоўца «Іншых гісторый» Дар’я Гардзейчык шчыра і далікатна распытае пра ўсё.
Сярод гераінь падкасту – Аксана, якая перажыла згвалтаванне ў 13 гадоў і жудасны гвалт у сям’і, з 15 гадоў выхоўвае дачку, а зараз намагаецца даць рады складанасцям жыцця ў эміграцыі; Таня, якой адна лекарка прарочыла хуткую смерць, а іншая сказала, што людзі з ВІЧ жывуць доўга, і накіравала яе да суполкі, дзе Таня знайшла сваё пакліканне; Пані Мыш, якая жыве з шызаафектыўным разладам, займаецца псіхаасветай і дапамагае іншым людзям супрацьстаяць стыгме і абясцэньванню.
Перад праслухоўваннем варта звяртаць увагу на трыгер-ворнінгі, бо згадкі пра некаторыя падзеі могуць нагадаць аб траўме.
«Іншыя гісторыі» можна паслухаць на YouTube, Spotify, Mave, Castbox, Apple Podcasts, Google Podcasts.